У эпіцэнтры школьных падзей

Мы жывём у век бурнага развіцця сучасных інфармацыйных тэхналогій. Выкарыстоўваць іх для фарміравання высокаадукаванай, пісьменнай асобы, здольнай да самастойнай пазнавальнай і творчай дзейнасці, — задача педагогаў. Таму ў Бучацінскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Капыльскага раёна вырашылі стварыць школьны тэлеграм-канал.

Telegram — бясплатны дадатак, з дапамогай якога можна мець зносіны, дасылаць адно аднаму паведамленні, устаўляць у тэкст забаўныя стыкеры, ствараць групавыя чаты, наведваць каналы і выкарыстоўваць ботаў. Упершыню гэты месенджар убачыў свет у 2013 годзе. Распрацоўка адразу ж пачала заваёўваць карыстальнікаў. Тэлеграм-канал “БучатиноШкола” стварыла дырэктар Святлана Іванаўна Сташаніна. Ён адлюстроўвае асноўныя падзеі школьнага жыцця. Адміністратары канала — педагогі і навучэнцы. Яны маюць права выкладваць і рэдагаваць матэрыялы.

Нягледзячы на тое, што канал быў створаны 3 верасня 2020 года, ён паспеў асвятліць шматлікія важныя па­дзеі з жыцця школы. Самае першае —святкаванне Дня ведаў з традыцыйнай урачыстай лінейкай, букетамі кветак і добрымі пажаданнямі. А далей закруцілася і панеслася. Тут і спартыўная гадзіна ў першую суботу верасня “Мой вясёлы звонкі мяч”, дзе вучні ўдзельнічалі ў эстафетах з выкарыстаннем баскетбольных, валейбольных і футбольных мячоў, і гадзіна творчасці “Мая прыгожая Беларусь”, на якой навучэнцы стваралі вобраз нашай краіны.

Таксама ў школе праходзіла акцыя “У новы навучальны год — бяспечных усім дарог”. Кожнае дзіця склала свой індывідуальны маршрут руху “школа — дом — школа”. А з сустрэчы з прадстаўніком рай(гар)газу ніхто з вучняў не пайшоў з пустымі рукамі — кожны атрымаў у падарунак “Азбуку бяспекі”.

Педагогі шмат робяць для развіцця індывідуальнасці асобы дзіцяці. Так, напрыклад, другакласнікі вырашылі паспрабаваць сябе ў ролі мадэлей, а фонам выбралі школьны двор. Ну, а любімы занятак хлопчыкаў малодшых класаў — робататэхніка. Ёсць магчымасць накіраваць усю сваю неўтаймоўную фантазію ў справу. А звычайны школьны перапынак у добрае надвор’е ператвараецца ў пасядзелкі на прызбе, у коле сяброў і аднакласнікаў. Добра, што такіх зацішных куткоў у школе нямала. Не забываюць нашу школу і былыя выпускнікі. Віншаванні ад іх да Дня настаўніка таксама публікуюцца ў телеграм-канале.

Пра гэтыя і многія іншыя падзеі вы можаце даведацца на нашым канале. Прамая спасылка: http://t.me./buchatino. Таксама для падключэння можна загрузіць Telegram на вашай прыладзе, стварыць запыт у радку пошуку “БучатиноШкола” і далучыцца.

Ігнараваць папулярнасць тэлеграм-каналаў ужо немагчыма. Яны даюць выдатную магчымасць накіраваць увагу бацькоў, настаўнікаў і вучняў на цудоўныя школьныя гады, якія так хутка ля­цяць…

Алена ВОЎНА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Бучацінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Капыльскага раёна.