Работа выхавальніка групы прадоўжанага дня часам непрыметная для навакольных. Ён працуе ў цені іншых педагогаў, але для многіх навучэнцаў сустрэча менавіта з ім — самая доўгачаканая. Як зрабіць так, каб кожны дзень стаў для малодшых школьнікаў адкрыццём, ведае Інеса Курбека, выхавальніца групы прадоўжанага дня з 30-гадовым стажам, якая працуе ў гімназіі № 1 Баранавіч. Яна дзеліцца ўласнымі напрацоўкамі, выдаючы іх асобнымі дапаможнікамі, а таксама падчас курсаў павышэння кваліфікацыі для выхавальнікаў ГПД.
Слухайце сваіх дзяцей
“Просты разлік часу, які мае ў распараджэнні выхавальнік групы прадоўжанага дня для работы з дзецьмі, паказвае, якімі велізарнымі рэзервамі ён валодае. У тыдзень на выхаваўчую работу ў кожнай групе прадугледжана 30 гадзін, за год гэта каля 1050 гадзін. Гэта значна больш, чым затрачвае настаўнік на ўрокі, і прыкладна ў 3 разы больш, чым класны кіраўнік праводзіць са сваім класам, — гаворыць Інеса Вячаславаўна. — Калі на ўроках навучэнцы асвойваюць вучэбную праграму, то падчас работы з групай выхавальніку можна абапірацца на тое, што дзецям цікава, чым яны хочуць займацца, чым жывуць цяпер, у цяперашні момант. Выхавальніку нельга быць сухім рэалістам, пазбаўленым фантазіі і здольнасці да апраўданай рызыкі. Яго вочы павінны гарэць, бо гэтыя вочы кожны дзень бачаць дзеці”.
Што ж павінен улічыць выхавальнік ГПД, плануючы сваю работу? Чым ён павінен напоўніць свае заняткі, каб быць цікавым дзецям?
“Абавязкова трэба ўлічваць узрост вучняў: у дзяцей 6—7 і 8—9 гадоў інтарэсы розныя. Варта ўлічваць і колькасны склад хлопчыкаў і дзяўчынак. Напрыклад, у мяне неяк была група з 18 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак. Мы больш гаварылі на тэмы, цікавыя для хлопчыкаў, — аўтамабілі, веласіпеды, хто іх прыдумаў і г.д. Але і 6 дзяўчынак таксама не павінны сумаваць. Таму я, напрыклад, калі даю дзецям размалёўкі, то для хлопчыкаў падбіраю малюнкі аўтамабіляў з мноствам дробных дэталей, а дзяўчынкам прапаноўваю варыянты, дзе можна праявіць сваю фантазію, творчасць, штосьці аздобіць. У той жа час рэзка дзяліць тэмы на “хлапчуковыя” і “дзявочыя” няправільна. Часам дзяўчынкі цудоўна разбіраюцца ў тэхніцы, а хлопчыкі не на жарт захапляюцца кветкамі. Тут кожны педагог павінен сыходзіць з інтарэсаў менавіта яго навучэнцаў. Вось чаму планаванне для выхавальнікаў гібкае, можна мяняць месцамі тэмы, замест адных смела браць іншыя і г.д.
Дрэнна, калі выхавальнікі складуць планаванне і карыстаюцца ім без змен. Карэктывы ўносіць трэба абавязкова, бо дзеці мяняюцца, як і іх інтарэсы. Да таго ж, мы плануем сваю работу ў жніўні, калі мы яшчэ не ведаем, хто да нас прыйдзе на прадоўжанку ў верасні. Я бяру ў сваю групу другакласнікаў і таму загадзя пытаюся ў першакласнікаў, якія тэмы былі б ім цікавыя, калі яны прыйдуць да мяне”, — гаворыць Інеса Вячаславаўна.
Работа выхавальніка — працэс творчы, руцінным, нецікавым яго не назавеш. У залежнасці ад абставін выхавальнік — гэта і настаўнік, які ўсё ведае і ўсяму навучыць, і таварыш або сапернік у гульні, і блізкі чалавек, які ўсё зразумее, дасць слушную параду і дапаможа ў цяжкую хвіліну.
Так, тэмай дня ў яе прадоўжанцы становяцца першацветы, птушкі, насякомыя… Неяк дзеці выбралі тэму “Смаката” і прапанавалі пагутарыць пра іх любімыя ласункі і прадукты харчавання. Тэма была актуальнай 2 тыдні, штодзень яны бралі для абмеркавання адзін прадукт — цукеркі, шакалад, колу, чыпсы (куды ж без іх?). Нядаўна гутарылі пра валасы — пра тое, як яны растуць, як падабраць расчоску, хто і калі прыдумаў першую цырульню. А пра тое, якія бываюць хваробы валасоў і як іх пазбегнуць, вучні паглядзелі міні-фільм.
“Я ніколі не бяру гатовыя распрацоўкі заняткаў. Іх у інтэрнэце шмат, але ў іх то загадкі занадта простыя для маіх дзяцей, то вершы незразумелыя. Дарэчы, найчасцей выхавальнікі выкарыстоўваюць вершы класікаў — А.Пушкіна, А.Блока, М.Лермантава. Я на практыцы пераканалася, што іх дзеці не ўспрымаюць, пакуль такія малыя. З гэтымі вершамі трэба працаваць — тлумачыць значэнне многіх слоў, іх афарбоўку і г.д. Дзецям куды прасцей успрымаць простыя сучасныя вершыкі, якія раз-другі прачытаў — і ўжо вывучыў на памяць”, — гаворыць педагог.
Прагулкі — усяму аснова
Самае любімае ў дзяцей — тэматычныя экскурсіі і прагулкі. У сваёй групе І.В.Курбека іх праводзіць кожны тыдзень. Прычым яны не паўтараюцца ў 2 і 3 класе. А тыдняў у навучальным годзе ажно 36, таму Інеса Вячаславаўна стварыла картатэку прагулак, на што ў яе пайшло гады чатыры. Гэтыя напрацоўкі запатрабаваны ў калег — яны з задавальненнем іх таксама выкарыстоўваюць. Напрацоўкі педагога двойчы выдаваліся асобным дапаможнікам “Экскурсіі і прагулкі ў рэжыме групы прадоўжанага дня”.
“Калі я складаю планы прагулак, то заўсёды закладваю ў іх матэрыялу куды больш, чым паспяваем зрабіць за адведзены на прагулку час. Раблю гэта для таго, каб калегі, калі возьмуць іх для работы, маглі б выбраць тое, што будзе цікава менавіта іх дзецям, а астатняе адсеяць. Або падзяліць вывучаны матэрыял на першы і другі год”, — гаворыць педагог.
Калі паназіраць за яе групай, можа здацца, што ні выхавальнік, ні дзеці нічым не заняты. Насамрэч, тлумачыць Інеса Вячаславаўна, гутарка доўжыцца 10—15 хвілін, а потым яна дае дзецям заданні па тэме. Напрыклад, пасля дажджу ў іх было назіранне за лужынамі. Яны пагутарылі, якімі бываюць лужыны, чаму ў адным месцы яны ўтвараюцца, а ў іншым — не, як яны высыхаюць і г.д. Потым падзяліліся на групы і кожная з іх выконвала сваё заданне: адна група шукала самую вялікую лужыну на ўчастку, другая — з дапамогай палкі вымярала самую глыбокую, трэцяя — глядзела, якія прадметы адлюстроўваюцца ў лужынах і інш. Потым усе разам сабраліся і дзяліліся ўбачаным.
“Дарэчы, дождж для нас ніколі не быў перашкодай. Калі дождж вялікі, мы назіраем за ім са школьнай веранды, правяраем народныя прыметы. Напрыклад, калі на лужынах утвараюцца бурбалкі — до ждж будзе ісці яшчэ доўга, а калі ад кропель ідуць кругі, то дождж хутка скончыцца. Калі ёсць парасоны, мы з задавальненнем прагульваемся пад імі, — расказвае Інеса Вячаславаўна. — Зрэшты, для цікавай прагулкі дастаткова фантазіі і немудрагелістага рэквізіту. Так, нядаўна мы ўзялі на прагулку мыльныя бурбалкі і правялі мноства цікавых конкурсаў: высвятлялі, хто выдзьме самую вялікую бурбалку, чыя бурбалка далей праляціць, а чыя даўжэй не лопне, хто за раз выдзьме найбольш бурбалак і г.д. А колькі эмоцый мы атрымалі ад зімовых прагулак! Асабліва гэтай зімой, калі было столькі снегу! Любімым нашым заняткам стала маляванне на снезе. Для гэтага ў нас у групе стаялі бутэлькі з разведзенымі акварэльнымі фарбамі ці гуашшу, і каляровымі струменьчыкамі праз дзірачкі ў накрыўках мы малявалі.
Раз на месяц бываюць прагулкі-адпачынкі, калі дзеці проста гуляюць у мячыкі, скакалкі, плятуць вянкі, збіраюць букеты, назіраюць за аблокамі ці машынамі. Увогуле, любая прагулка павінна быць адпачынкам для дзяцей, нават калі прадугледжваюцца пэўныя заданні. Дзеці прыходзяць у прадоўжанку пасля ўрокаў, а многія і пасля факультатываў. І знаходжанне ў ГПД павінна быць для іх максімальна камфортным, дзецям павінна быць весела, без усялякіх “ты павінен чытаць, пісаць, выконваць складаныя заданні”. Інакш дзеці проста не захочуць сюды прыходзіць”.
Дарэчы, нават выхавальнікі часам блытаюць прагулкі і экскурсіі. Але розніца паміж імі істотная.
Выхавальнік ГПД умее рабіць многае: шыць і маляваць, вязаць і займацца кветкаводствам, валодаць акцёрскім і рэжысёрскім майстэрствам, спяваць, танцаваць, мець мастацкі густ, выразную дыкцыю, ведаць правілы добрага тону, пастаянна займацца самаадукацыяй. Выхавальнік павінен свабодна арыентавацца ў самых розных сферах ведаў: школьнай педагогіцы і псіхалогіі, узроставай фізіялогіі, дзіцячай літаратуры, методыцы выкладання асобных дысцыплін, ведаць асновы працоўнага заканадаўства, правілы і нормы аховы працы і пажарнай бяспекі.
“Падчас прагулкі мы ставім канкрэтныя мэты — паназіраць за лужынай, за дзьмухаўцамі, за птушкамі, якія прыляцелі да кармушкі, за пупышкамі, якія распускаюцца вясной. Прагулкі найчасцей ладзяцца па прышкольнай тэрыторыі. Экскурсія ж прадугледжвае выхад за тэрыторыю школы і мае больш шырокую тэму. Напрыклад, прыметы вясны. Тут мы гутарым і пра аблокі, і пра насякомых, жывёл, і пра дрэвы, дождж, сонца. Акрамя таго, у адрозненне ад прагулак, якія найчасцей накіраваны на спазнанне прыроды і атрыманне асалоды ад яе, экскурсіі бываюць грамадазнаўчымі — у магазін, школьную майстэрню, кабінет інфарматыкі, на рынак, у лес, на возера, што знаходзіцца побач са школай і дзе мы любім назіраць за лебедзямі і карміць іх. У нас ёсць на што паглядзець у мікрараёне —вуліцы з цікавай гісторыяй, мемарыяльныя дошкі, помнікі, кніжны магазін, гадзіннікавая майстэрня… Па папярэдняй дамоўленасці з мамай аднаго нашага выхаванца, якая разводзіць коз, мы хадзілі да яе пазнаёміцца з яе гадаванцамі.
Праўда, згодна з новымі санітарнымі патрабаваннямі, экскурсіі маюць свае абмежаванні. Больш за 13—14 чалавек я не маю права выводзіць, а ў мяне мінімум 23—24 чалавекі. Раней у суправаджэнне я магла запрасіць бацькоў, цяпер жа гэта павінен быць выключна педагог. Я ўжо не пералічваю ўсе дакументы, распісаныя маршруты, якія я павінна падрыхтаваць і ўзгадніць з адміністрацыяй. Яшчэ і пандэмія накладвае свае абмежаванні”.
Бацькі — удзельнікі, а не назіральнікі
“У нас ужо сталі традыцыяй фота- і відэаздымкі. Я часта здымаю дзяцей, каб гэтыя кадры заставаліся на памяць. Асабліва ўдзячны за іх бацькі. У нас з імі ёсць чат у вайберы, куды я пішу аб’явы і скідваю фатаграфіі іх дзяцей з заняткаў, прагулак, нават са сталовай. Як яны кажуць, гэта для іх магчымасць бачыць, як растуць іх дзеці — калі зранку да вечара дзеці ў школе, хочацца іх бачыць”, — дзеліцца педагог.
Калі Інеса Вячаславаўна прыходзіць на бацькоўскі сход у пачатку верасня, заўсёды робіць на аснове гэтых фота прэзентацыі. У выніку да яе запісваюцца ў ГПД нават тыя, хто не збіраўся туды ісці, і ўдзельнікамі самых цікавых мерапрыемстваў становяцца і самі таты і мамы вучняў.
“Мы стараемся далучаць да нашых мерапрыемстваў бацькоў не ў якасці гледачоў, а якраз у якасці ўдзельнікаў. У пачатку года мамы і таты, як правіла, стрыманыя, але хутка раскрываюцца, разнявольваюцца і далучаюцца да нас з дзецьмі. І самае галоўнае, што самі дзеці ад гэтага ў захапленні. Яны потым доўга яшчэ ганарацца сваімі бацькамі, якія сыгралі на гітары, выканалі запальны танец”, — дзеліцца Інеса Вячаславаўна.
Напрыклад, навагоднія святы ў прадоўжанцы ладзяцца не ў выглядзе ранішнікаў, а самі бацькі рыхтуюць тэатральнае свята для сваіх дзяцей, выконваючы ролі Дзеда Мароза, Бабы Ягі, Снягуркі і іншых персанажаў. І яны прызнаюцца, што чакалі не столькі само свята, колькі канца працоўнага дня, каб вечарам зноў сустрэцца ўсім разам у гімназіі на рэпетыцыі. Каб дзецям цікавей было вывучаць тэму “Насякомыя”, бацькі падрыхтавалі для іх мюзікл “Муха-Цакатуха”. Успомніць вядомыя і забытыя песні дапамагае аўтарская распрацоўка Інесы Вячаславаўны — гульнявое шоу “Угадай мелодыю”. Пералічваць можна доўга.
Ламаць стэрэатыпы нам па сілах
“Мне крыўдна, што, калі я чытаю лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі і дзялюся сваім вопытам, слухачы часам шчыра не разумеюць, навошта наладжваць такую актыўную работу ў групе прадоўжанага дня. І нават прыжылося меркаванне, што ГПД — гэта “камеры захоўвання для дзяцей” і што нешта ўкладваць у іх — зусім неабавязкова. Ды і ў бацькоў такое ж меркаванне: гэта тое месца, дзе іх дзіця пакормяць і ў лепшым выпадку разам зробяць урокі. І ўсё на гэтым. Таму кожны раз яны здзіўляюцца, што ў ГПД праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы. Мне шкада, што такое меркаванне бытуе. Значыць, дзесьці гэта небеспадстаўна. Але я ўпэўнена, што гэты стэрэатып можна і важна мяняць”, — пераканана выхавальніца.
Выхавальнік — прафесія творчая. Творчы педагог не зможа з году ў год працаваць па адным і тым жа каляндарным плане або праводзіць заняткі па адным сцэнарыі. Прымяненне новых метадаў і прыёмаў, асваенне сучасных адукацыйных тэхналогій выклікаюць цікавасць і прыносяць задавальненне ў штодзённай рабоце.
У гэтым дапамагае ў тым ліку і яе вучэбна-метадычны дапаможнік “Арганізацыя работы выхавальніка групы прадоўжанага дня. 2—4 класы”. У ім Інеса Вячаславаўна пастаралася дапамагчы выхавальнікам у арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групе прадоўжанага дня, раскрыць спецыфічныя ўмовы работы групы, сарыентаваць у разнастайнасці адукацыйных тэхналогій і іх практычным выкарыстанні. Тут жа выкладзены варыянты перспектыўнага, каляндарна-тэматычнага і штодзённага планавання ў ГПД, прапанаваны тэматычныя распрацоўкі экскурсій, прагулак, спартыўных гадзін, фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў і інтэрактыўных заняткаў з навучэнцамі і бацькамі.
На маю просьбу даць параду, наказ для тых педагогаў, якія шчыра лічаць, што прадоўжанка — гэта камера захоўвання, Інеса Вячаславаўна сказала: “Атрымлівайце асалоду ад уласнай работы. Гэта страшна, калі чакаеш вечара, выхадных, канікул і ніякай асалоды менавіта ад сённяшняга дня не атрымліваеш. Жыццё — гэта тут і цяпер. А з дзецьмі заўсёды вельмі шмат эмоцый — у гэтым перавага педагогаў. Кожны раз, калі мне даводзіцца забегчы ў бухгалтэрыю, шкадую яе супрацоўнікаў: гэта ж, мабыць, так сумна працаваць у цішыні з паперамі, рабіць падлікі. А наша работа — гэта драйв. Паспрабуйце, як і я, кожны дзень ісці на работу ў прадчуванні новай цікавай сустрэчы”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены Інесай Курбека.