У рынга станавіся!

Майстар-класы для навучэнскай моладзі і студэнтаў па новых і папулярных спартыўных дысцыплінах прайшлі ў МКСК “Мінск-Арэна” ў рамках рэспубліканскай акцыі “Тыдзень спорту і здароўя”.

Студэнты УВА і навучэнцы ССНУ на пляцоўках МКСК “Мінск-Арэна” змаглі паспрабаваць свае сілы ў новых гульнях — рынга і карфболе, наве­даць масавыя мерапрыемствы па бо­дзібілдынгу, катанні на каньках, спартыўным танцы.

Цікавая гульня рынга, якая сумя­шчае ў сваіх правілах валейбол, піянербол і нават тэніс, на пляцоўцы спартыўнага комплексу была прадстаўлена ўпершыню. Майстар-клас па ёй прайшоў 12 верасня для 100 студэнтаў сталічных устаноў вышэйшай адукацыі — Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Трэба адзначыць, што спаборніцтвы па новым спорце выклікалі захапленне і шчырую зацікаўле­насць у мола­дзі, многія захацелі працягнуць займацца ім і далей.

Сама гульня паходзіць з Польшчы і ўжо паспела ахапіць цэлы свет. У Беларусі яе папулярызацыяй займаецца Беларуская федэрацыя рынга на чале са старшынёй Іванам Іванавічам Колтунам, які па сумяшчальніцтве з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі рынга і Міжнароднай федэрацыі рынг-тэніса.

Правілы рынга не складаныя, між тым гульня захапляе сваёй дынамічнасцю, весялосцю і арыгінальнасцю. Можна іграць адзін на адзін, два на два, тры на тры чалавекі. Гульня вядзецца на пляцоўцы 9х18 м2 (або 8х18 м2 для індывідуальнага тура) і заключаецца ў лоўлі гумавага плоскага кальца дыяметрам 16 см і вагой 125 г, якое перакідваецца праз валейбольную сетку. Відовішча становіцца больш цікавым дзякуючы таму, што ў партыях 2:2, 3:3 перакідваюцца з двух бакоў адначасова два кальцы. Лавіць рынга можна стоячы, у скачку ці нават падаючы, аднак падача ажыццяўляецца толькі з месца стоячы. Кожны бок выконвае па тры падачы, як у тэнісе, лік вядзецца па партыях, якіх можа быць адна або ў асобных выпадках больш. Перамагае тая каманда, якая набірае 17 ачкоў. Для аб’ектыўнасці каманды мяняюцца палямі пасля 8 набраных адной з іх ачкоў.

“Адметнасць рынга ў тым, што яно трэніруе вынослівасць, лоў­касць, каарды­нацыю і не ўтрымлівае элементаў адзінаборства, як, напрыклад, футбол. У гульні мо­гуць быць змешаныя склады ўдзельнікаў (юнакі і дзяўчаты), яна можа праводзіцца на любой роўнай паверхні, на пляжы і нават на вадзе, што толькі спрыяе сяброўству і азда­раўленню”, — адзначыў Іван Іванавіч Колтун, які праводзіў майстар-клас.

Нагадаем, што тыдзень спорту і здароўя праводзіцца з мэтай папулярызацыі сярод дзяцей і моладзі ў тым ліку і новых спартыўных дысцыплін, далучэння да здаровага ладу жыцця, кансалідацыі работнікаў сфер фізічнай культуры, спорту і турызму, адукацыі, аховы здароўя.

Кацярына ШЧАСНАЯ.