Умець выказвацца і слухаць іншых

Як навучыць дзяцей мець паважлівыя зносіны? Наталля Куракова, выхавальніца групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 18 Магілёва, прапаноўвае зрабіць гэта праз калектыўную творчую справу. Пагутарылі з ёй пра адметнасці сучасных дзяцей, этапы КТС і дзіцячую ініцыятыву.

— Назіраючы за выхаванцамі ў 1 класе, я звярнула ўвагу, што некаторыя неахвотна маюць зносіны са сваімі аднагодкамі, ім лепш прынесці цацку з дому або знайсці гульню, з якой можна гуляць аднаму. У многіх не атрымліваецца па ўласнай ініцыятыве звярнуцца да іншага, падтрымаць размову, узгадніць свае дзеянні з аднагодкамі, адэкватна выказаць ім сваю сімпатыю, суперажыванне. Вельмі важна, наколькі дзеці ўмеюць будаваць зносіны, таму што ў гэтым узросце яны засвойваюць правілы, якімі будуць карыстацца далей, — гаворыць Наталля Мікалаеўна.

З заняткаў “Птушкі ляцяць у вырай” па дзіцячай ініцыятыве нарадзілася акцыя “Дапаможам птушкам”, дзе выхаванцы з бацькамі рабілі кармушкі. З гутаркі пра сям’ю — сямейная спартландыя, якая стала ўжо традыцыяй. З аднаго вырабу — цэлая выстава “Цуды сваімі рукамі”, куды падключылі і суседнюю прадоўжанку.

Праблема вызначана, трэба пераходзіць да вырашэння. Любыя зносіны часцей за ўсё пачынаюцца і развіваюцца ў нейкіх відах дзейнасці, што вельмі выйгрышна ў выпадку дзяцей: яны любяць сумесную работу. Нават малюнак, які робіцца разам, выглядае больш яркім і эмацыянальным.

— Я паглядзела, што калектыўная творчая справа прыносіць выхаванцам задавальненне, і вырашыла дзейнічаць. У 1 класе разбіла дзяцей па парах і выкарыстоўвала розныя гульні, дзе яны супрацоўнічалі адно з адным. Напрыклад, “Сляпы і павадыр” — аднаму дзіцяці завязваем вочы, другое яго вядзе. Трэба перамяшчацца па памяшканні і ні з кім не сутыкнуцца. Ці можна даць выхаванцам дзве папяровыя рукавічкі і папрасіць размаляваць іх так, каб атрымалася пара. Пара атрымаецца, калі яны будуць аднолькавымі, таму дзецям неабходна дамовіцца пра колер, узоры, упрыгажэнні і інш.

Потым Наталля Мікалаеўна аб’яднала дзяцей у групы па 4—6 чалавек. Яны ляпілі казкі і рабілі тэатралізаваныя пастаноўкі: дзеці абмяркоўвалі, якую казку паставяць, хто якога персанажа злепіць. Яшчэ адно заданне — групавы малюнак. Выхаванцы садзіліся за стол, у кожнага — ліст паперы з алоўкамі. Па сігнале выхавальніка дзеці пачынаюць маляваць нейкі сюжэт. Пасля новага сігналу яны перадаюць малюнкі наступнаму чалавеку, той дадае нешта сваё.

— Гэта быў падрыхтоўчы этап. Калі мы перайшлі непасрэдна да калектыўнай творчай справы, я старалася прытрымлівацца яе этапаў: папярэдняй работы, калектыўнага планавання, падрыхтоўкі справы, правядзення яе, падвядзення вынікаў і стадыі найбліжэйшага паслядзеяння. На першым этапе любая экскурсія, любая гутарка маглі паслужыць штуршком да таго, што мы будзем рабіць. Напрыклад, мы правялі класную гадзіну, прысвечаную Дню маці, — нарадзілася ідэя правесці спартландыю з удзелам мам. Пасля таго як мы схадзілі ў бібліятэку і ўбачылі, што некаторыя кнігі парваны, размаляваны, нам захацелася іх “вылечыць”. Так з’явілася акцыя “Кніжчына бальніца”.

На другім этапе Наталля Мікалаеўна дамаўлялася з выхаванцамі, як, калі і дзе пройдзе мерапрыемства. Напрыклад, для конкурсна-гульнявой праграмы “На арбіце добрага настрою” дзеці падзяліліся на мікрагрупы па інтарэсах (танцы, вершы, конкурсы) і стваралі свае нумары. Калі ўсё аб’ядналі, атрымалася праграма. Далей пераходзім да этапу падрыхтоўкі справы: хтосьці вучыць вершы, хтосьці рэпеціруе танец, дамаўляецца пра касцюмы, хтосьці прыдумляе конкурсы, рыхтуе падарункі пераможцам. Затым ідзе правядзенне КТС. Для падвядзення вынікаў можна выкарыстоўваць розныя методыкі. Наталля Куракова вылучае “Ланцужок жаданняў”, дзе кожнае дзіця жадае іншым і сабе чагосьці па выніках мерапрыемства, “Рэфлексіўны круг”, дзе ўсе дзеляцца сваімі пачуццямі, расказваюць, як яны рыхтавалі мерапрыемства, як ацэньваюць свой удзел у ім, як яно прайшло, што дзеці даведаліся новага. Этап паслядзеяння — што можна яшчэ зрабіць, што добрага з гэтага мерапрыемства спатрэбіцца далей.

— У працэсе падрыхтоўкі, правядзення стараюся зрабіць так, каб пасіўныя дзеці праявілі большую ініцыятыву, падтрымліваю іх прапановы. І наадварот: тых дзяцей, якія хочуць зрабіць сваю ідэю галоўнай, супакойваю, кажу, што трэба пачакаць, саступіць, паслухаць іншых. Дзякуючы гэтаму, мы вучымся выказвацца, адстойваць свой пункт гледжання, дамаўляцца і не перапыняць іншага.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Н.М.Кураковай.