Усміхніся вясне ў адказ

Вясёлыя провады зімы, гуканне вясны, дружныя карагоды, народныя песні і скокі, духмяныя і смачныя бліны — усё гэта Масленіца. 12 сакавіка Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі прымаў гасцей, якія пажадалі сустрэць адно з самых доўгачаканых, народных і “смачных” свят у жыццярадаснай кампаніі і з добрым настроем падчас праграмы “Шырокая Масленіца”.

Для сваіх наведвальнікаў кіраўніцтва ўстановы дадатковай адукацыі арганізавала пляцоўкі не толькі перад палацам, але і ў самім будынку, дзе ўсе госці маглі знайсці сабе заняткі па душы. У палацы для самых маленькіх быў адкрыты мультсалон, з цікавасцю дзеці заходзілі і ў Цэнтр экалагічнага выхавання “Экасвет”, дзе была арганізавана выстава жывёл, падоўгу затрымліваліся перад клеткамі і тэрарыумамі. У фае размясцілася незлічоная колькасць творчых майстэрань, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў маглі намаляваць казачны горад, змайстраваць з кардону каляровага коціка з доўгім хвастом ці яркую вясеннюю папяровую птушачку, якая адпачывае на галінцы дрэва, альбо скласці пяшчотную кампазіцыю з пластылінавых кветак. Зацікаўленых дзетак, якія схіліліся над сваімі вырабамі, было шмат. Яны ўважліва слухалі педагогаў, а калі зробленая рэч была ўжо гатова, беглі да бацькоў падзяліцца сваёй радасцю.На працягу свята каля будынка палаца вялася канцэртна-забаўляльная праграма творчых калектываў Цэнтральнага раёна Мінска, побач размясцілася зона спартыўных спаборніцтваў для ўсёй сям’і. Тут актыўныя таты, мамы, бабулі, дзядулі разам з дзецьмі выконвалі практыкаванні на лоўкасць, меткасць, вынослівасць, а самыя спрытныя атрымлівалі прыемныя прызы. Яшчэ крыху далей юнакі і дзяўчаты ў гістарычных касцюмах запрашалі гасцей прыняць удзел у старадаўніх беларускіх танцах пад чароўнае музычнае суправаджэнне. Натанцаваўшыся ўволю, госці перамяшчаліся наперад. У цэнтры пляцоўкі хлопчыкі і дзяўчынкі, перапэцканыя мукой, старанна працавалі качалкай каля стала, дзе праходзіў конкурс на самы вялікі блін, які трэба было раскачаць з кавалка цеста. З задавальненнем дзеці і дарослыя ўдзельнічалі ў эстафеце, падчас якой гульцам прапаноўвалася з закрытымі вачамі зрэзаць нажніцамі прывязаныя да нітак цукеркі і атрымаць ласунак у падарунак. Многія прысутныя выпрабоўвалі хадулі.Творчая майстэрня прываблівала і конкурсам на лепшае пудзіла, якое ўдзельнікі свята майстравалі з дрэва, тканіны, паперы. Пасля ўсе разам пазначалі на аркушах паперы свае негатыўныя якасці, ад якіх хацелася б пазбавіцца, і прымацоўвалі да пудзіл. А ўзамен ад супрацоўнікаў палаца атрымлівалі пазітыўныя пажаданні, якія павінны абавязкова спраўдзіцца. Напрыканцы свята ўсе пудзілы разам з “нядобрымі” аркушамі гарэлі полымем, разведзеным у спецыяльнай яме.З усмешкамі сустрэлі госці галоўную гераіню свята. Вясна, якую гучна віталі прысутныя, нарэшце, завітала: на кані прыехала прыгожая дзяўчына ў зялёным кветкавым убранні і з вянком на галаве, а на небе праз аблокі стала праглядваць сонейка.

Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.