У апошнія гады сярод устаноў адукацыі неаднойчы праводзіліся конкурсы па складанні экскурсійных маршрутаў. Навучэнцы разам з педагогамі распрацавалі сотні цікавых, разнастайных маршрутаў па малой радзіме; выдадзены зборнікі, складзены спіс экскурсійных маршрутаў, якія рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі для наведвання вучнёўскімі групамі. Здаецца, распрацоўваць новыя маршруты ўжо няма сэнсу. Усё складзена, усё ўключана. Застаецца толькі сабрацца ў дарогу і адправіцца спазнаваць родны край. Аднак гэта не так.
Добрага, як вядома, многа не бывае, асабліва калі гэтае добрае з’яўляецца яшчэ і актуальным. Добры экскурсійны маршрут на актуальную тэму ніколі не будзе лішнім, асабліва сёння, калі вядзецца актыўная работа па прыцягненні ў Беларусь замежных турыстаў, актывізавалася развіццё ўнутранага турызму. Таму і правядзенне Рэспубліканскага конкурсу экскурсійных маршрутаў “Пазнаем Беларусь разам”, вынікі якога падводзяцца ў гэтыя дні ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, з’яўляецца важнай справай.
— Конкурс экскурсійных маршрутаў “Пазнаем Беларусь разам” праходзіць па намінацыях “Маршрутамі пазнання”, “Сцежкамі прыроды”, “Культурная спадчына майго краю”, “Зямля, дзе пашчасціла нарадзіцца” (фотанамінацыя). Ва ўстановах адукацыі пад кіраўніцтвам педагогаў былі створаны экспедыцыйныя групы, якія прынялі ўдзел у конкурсе. Удзельнікі гэтых груп вывучалі пералік экскурсійных аб’ектаў, рэкамендаваных для наведвання навучэнцамі ў рамках правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў, сабралі матэрыял для складання культурна-пазнавальных, эколага- і турыстычна-экскурсійных маршрутаў адпаведна намінацыям, даследавалі гісторыка-культурныя і прыродныя аб’екты, традыцыі народнага мастацтва, абрадавага фальклору на маршруце з мэтай магчымага ўключэння іх асобных элементаў у маршруты, — паведаміла загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Яўгенаўна Кравец.
Канкурсантам можна па-добраму пазайздросціць. Кожны з іх не толькі тэарэтычна распрацаваў той ці іншы маршрут, але і замацаваў тэорыю на практыцы, прайшоў маршрут ад а да я: пераадолеў дзясяткі кіламетраў ляснымі і палявымі сцяжынкамі, праехаўся на веласіпедзе ўздоўж рэк і азёр і нават прагуляўся па родным краі ўздоўж чыгуначнага палатна, любаваўся з акна вагонаў помнікамі архітэктуры і прыроды пад грукат колаў цягніка. Членам журы таксама можна па-добраму пазайздросціць. Удзельнікі конкурсу настолькі вобразна апісалі маршруты, прадставілі ў іх настолькі падрабязную інфармацыю пра адметнасці роднага краю, што здавалася, знаходзячыся ў сталіцы сярод чатырох сцен і гартаючы конкурсныя работы, ты здзяйсняў няхай і завочнае, аднак не менш эмацыянальнае і запамінальнае, чым рэальнае, падарожжа па ўсіх рэгіёнах краіны.
Па словах метадыста Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Хрысціны Аляксандраўны Борбут, работы, прадстаўленыя на фінальны этап у намінацыі “Маршрутамі пазнання”, з’яўляюцца пераможцамі рэгіянальных этапаў. Усяго на заключны этап конкурсу паступіла 70 работ. Тэматыка маршрутаў надзвычай разнастайная. Акрамя маршрутаў гісторыка-краязнаўчай тэматыкі, на конкурс былі прадстаўлены спартыўныя, прафарыентацыйныя маршруты, маршруты экскурсій па прамысловых аб’ектах. І першымі нас запрашаюць у падарожжа па Кацярынінскім шляху члены гуртка “Гісторыкі-краязнаўцы” Шматпрофільнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гомеля.
— У канцы ХVIII стагоддзя, пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі, па ініцыятыве генерал-фельдмаршала Захара Рыгоравіча Чарнышова пачалося будаўніцтва новых дарог, якія ў народнай памяці захаваліся як Кацярынінскія. Адзін з участкаў старой Кацярынінскай дарогі прайшоў па тэрыторыі сучаснага Гомельскага раёна. Колькі знакамітых людзей праехала па гэтай дарозе! Гэта і Аляксандр Пушкін, і Мікалай Гогаль, і Тарас Шаўчэнка, і Напалеон Орда, і Францішак Багушэвіч, і многія іншыя. У 1850 годзе праз Гомельскі павет была пракладзена шаша Пецярбург — Кіеў. Кацярынінскі шлях застаўся ўбаку, і яго значэнне зменшылася. Сучасны ўчастак дарогі мала чым нагадвае шлях ХVIII стагоддзя, але да сённяшняга часу захаваліся прыродныя і архітэктурныя сведкі мінулых часоў, якія даюць магчымасць стварыць унікальны для Гомельшчыны турыстычна-экскурсійны маршрут, — дзеляцца аўтары маршруту Аляксей Мяжэйнікаў і Дзмітрый Прыскока.
Маршрут пачынаецца з Гомеля і пралягае праз вёскі Каранёўку, Пясочную Буду, Хутаранку, Грабаўку, Рагі, Маркавічы, Гадзічава, пасёлак Ілецкі. Ён дазваляе пазнаёміцца з гістарычным участкам былога Кацярынінскага шляху, убачыць старадаўнія бярозы, якія калісьці сустракалі падарожнікаў шапаценнем лістоты, наведаць эксперыментальную навуковую базу Інстытута лесу НАН Беларусі і старадаўні Грабаўскі парк, пабываць на радзіме Кірыла Трафімавіча Мазурава, даведацца пра гісторыю бітвы 984 года часоў радзімічаў. Калі адправіцца на веласіпедзе або аўтатранспарце па маршруце, то яго можна пераадолець за адзін дзень. Актуальнасць маршруту яшчэ і ў тым, што ён можа выкарыстоўвацца для сямейнага адпачынку.
— Для папулярызацыі маршруту сярод насельніцтва неабходна выканаць некалькі задач. Па-першае, устанавіць адзіныя інфармацыйныя стэнды і знакі. Па-другое, развіваць турыстычную індустрыю ў населеных пунктах, праз якія праходзіць маршрут, больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці населеных пунктаў для прыцягнення турыстаў, зацікавіць мясцовае насельніцтва ў размяшчэнні гасцей, арганізацыі харчавання, вырабу сувеніраў для турыстаў. Па-трэцяе, правесці інфармацыйную рэкламную кампанію маршруту, уключыць маршрут “Кацярынінскі шлях” у пералік маршрутаў, рэкамендаваных для наведвання навучэнцамі ў рамках правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў, стварыць турыстычны кластар “Кацярынінскі шлях”, — паведаміла кіраўнік праекта педагог дадатковай адукацыі Людміла Віктараўна Прыскока.
У кожным маршруце, прадстаўленым на конкурс, абавязкова сустракаюцца аб’екты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Экспедыцыйная група Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 5 Быхава пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Сяргея Пятровіча Кулаева таксама звярнулася да ваеннай тэматыкі. Аднак за аснову маршруту былі ўзяты аб’екты не Вялікай Айчыннай, а так званай халоднай вайны.
Па словах Сяргея Пятровіча, Быхаўшчына з’яўляецца ўнікальным раёнам у плане развіцця турызму. Маляўнічая прырода, шмат гісторыка-культурных славутасцей, унікальных месцаў могуць прыцягнуць увагу турыстаў. Сярод гэтых славутасцей вылучаецца і былы ваенны гарнізон, аэрадром і рамонтна-тэхнічныя базы, дзе ў свой час захоўвалася ядзерная зброя. Гэтыя месцы таксама могуць прыцягнуць увагу турыстаў, стаць візітнай карткай раёна, як і замак Сапегаў, сінагога, рэшткі абарончых збудаванняў старога горада, Баркалабаўскі манастыр, сядзіба Талстых у вёсцы Грудзінаўцы.
— Перыяд халоднай вайны — вельмі цікавая тэма ў гісторыі нашай краіны. Беларусь знаходзілася на заходніх рубяжах Савецкага Саюза, на тэрыторыі краіны неслі баявую вахту перадавыя віды ўзбраення таго часу. І цяпер уражваюць сваімі памерамі аэрадром з прылеглай інфраструктурай, сховішчы ядзернай зброі, грандыёзныя пабудовы, якія знаходзяцца каля вёскі Выгоды. Аднак руйнуецца ўзлётна-пасадачная паласа, расцягваюць на будматэрыялы капаніры. Літаральна за дваццаць гадоў усё змянілася да непазнавальнасці. Мы абавязаны захаваць памяць аб гэтым аб’екце халоднай вайны і прыцягнуць сюды турыстаў, даць другое жыццё Быхаўскаму аэрадрому. Тут можна стварыць музей авіяцыйнай тэхнікі, які будзе прыцягваць увагу турыстаў не толькі з блізкага, але і далёкага замежжа. У папулярызацыі гісторыі халоднай вайны трэба пераймаць вопыт нашых суседзяў, якія ўжо даўно на такіх аб’ектах зарабляюць грошы. Гэта добрая падтрымка для бюджэту раёна і яго іміджу, што актуальна ў цяперашні час, паколькі нядаўна Беларусь увяла пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін. Гэтым трэба карыстацца. У нас ёсць куды прыехаць і што паглядзець, — упэўнены Сяргей Пятровіч.
Будзем спадзявацца, што маршрут, які распрацаваў Сяргей Пятровіч Кулаеў разам з навучэнцамі, знойдзе належную падтрымку і будзе карыстацца папулярнасцю сярод гасцей Быхаўскага раёна. А ваенна-гістарычнаму музею 57-й Смаленскай Чырванасцяжнай марской ракетаноснай авіяцыйнай дывізіі, які з 5 мая 2005 года дзейнічае на базе ліцэя, жадаем як мага больш наведвальнікаў.
Добрага сапраўды многа не бывае. Добры экскурсійны маршрут на такую актуальную тэму, як прафарыентацыя, ніколі не будзе лішнім. Гэта цудоўна разумеюць прадстаўнікі творчай групы навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Музеязнаўства” Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна, якія пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Марыі Мікалаеўны Леўкавец і метадыста Валянціны Іванаўны Мацюшонак распрацавалі маршрут “Мой выбар — прадпрыемствы Міханавіч”. Маршрут садзейнічае прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў праз азнаямленне з гісторыяй развіцця прадпрыемстваў Мінскага раёна.
— У час экскурсіі па распрацаваным маршруце адбываецца знаёмства з рознымі відамі працоўнай дзейнасці на прадпрыемствах, з прафесіямі, патрабаваннямі да ўзроўню ведаў, стану здароўя, маральна-псіхалагічных якасцей. У прадстаўленых матэрыялах даследвання прааналізавана запатрабаванасць прадпрыемстваў у кадрах, звернута ўвага на значэнне пэўных прафесій для развіцця Мінскага раёна і краіны ў цэлым. Падчас экскурсійнага маршруту можна азнаёміцца з работай чыгуначнай станцыі Міханавічы, адкрытага акцыянернага аб’яднання “Мінскаблаграсэрвіс”, торфапрадпрыемства “Міханавічы”, Мінскага ўпраўлення магістральных газаправодаў, прафесіямі і рабочымі спецыяльнасцямі аграпрамысловага комплексу, — паведаміла Марыя Мікалаеўна.
Працягваючы тэму прафарыентацыйнай работы, хочацца перафразаваць знакамітае выслоўе “ўсе прафесіі добрыя — выбірай на любы густ”. Усе з 70 прадстаўленых маршрутаў у намінацыі “Маршрутамі пазнання” конкурсу “Пазнаем Беларусь разам” з’яўляюцца добрымі, тэма кожнага маршруту цікавая, таму выбірай на любы густ. Больш падрабязна пра тэматыку гэтых маршрутаў і канчатковыя вынікі конкурсу можна будзе даведацца ў найбліжэйшы час на сайце аддзялення краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Выбірайце маршруты! Пазнавайце Беларусь!
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.