Паспрабаваць сябе ў ролі картынгіста ў вялікім горадзе можа амаль кожны. Купіў білет, атрымаў інструкцыю і гані. Але ёсць тыя, для каго картынг — гэта не забаўка на выхадныя, а занятак жыцця (ці дзяцінства і маладосці). Адзін з такіх людзей — Канстанцін Баргер, які да 15 гадоў займаўся ў Жлобінскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.
Гурток картынгістаў быў створаны ў 1970 годзе. Ініцыятарам і першым кіраўніком быў Мікалай Фёдаравіч Грышчанкаў. Да яго ў 8 гадоў прыйшоў Дзмітрый Лемке, які потым змяніў свайго настаўніка на пасадзе трэнера.“Я жыў побач з цэнтрам і пастаянна чуў гукі машын, на якіх ездзілі картынгісты. Мне таксама захацелася ганяць — запісаўся ў секцыю, займаўся, выступаў на спаборніцтвах. Потым пайшоў у армію, а пасля вяртання зразумеў, што цяга да картынга засталася. Уладкаваўся ў цэнтр трэнерам. Спачатку нас было двое: мой настаўнік і я, але потым Мікалай Фёдаравіч даручыў усю секцыю мне”, — узгадвае Дзмітрый Валер’евіч. Яго першымі выхаванцамі сталі тры маленькія хлопчыкі 5 гадоў. Атрымлівалася ўсё не адразу, але чым больш было вопыту, тым лепшыя вынікі паказвалі спартсмены. Каб ацаніць свае старанні, трэнер і выхаванцы пачалі выязджаць на спаборніцтвы. Спачатку хлопчыкаў ніхто не ўспрымаў сур’ёзна, думалі: “О, новенькія прыехалі”. Калі ж яны паказалі, на што здольныя, у іх адчулі сапернікаў.
Картынгісты выраслі: хтосьці больш не займаўся, у кагосьці не хапала сродкаў і часу для паездак, але дасягненні засталіся са спартсменамі на ўсё жыццё. Жан Гірыловіч чатыры разы выйграваў кубак Беларусі, неаднаразова перамагаў на чэмпіянаце краіны і стаў кандыдатам у майстры спорту. Кірыл Пяшэвіч не раз браў “золата” нацыянальнага чэмпіянату і ў 8 гадоў атрымаў званне кандыдата ў майстры спорту. Аднак далей за ўсіх прайшоў наперад новы выхаванец Дзмітрыя Лемке — Канстанцін Баргер, які прыйшоў займацца ў спартыўна-тэхнічны клуб “Віраж” у 2010 годзе.
Лічыцца, што картынг прыдумалі ваенныя лётчыкі ў ЗША пасля Другой сусветнай вайны. Яны ладзілі гонкі на лётным полі, а сродкамі іх перамяшчэння былі цялежкі, на якіх раней падвозілі авіябомбы. Былы пілот і механік кампаніі па зборцы гоначных аўтамабіляў Арт Інглс у 1956 годзе на гонках прадставіў першы карт. Ён быў не вельмі складанай канструкцыі і называўся, як прабацька, цялежкай. У 1957 годзе ў Каліфорніі прайшлі першыя афіцыйныя заезды на картах, з таго часу спорт пачаў набіраць абароты.
“Спачатку бацька прывёў Косцю ў 3 гады. Яны пасядзелі ў карце, паразмаўлялі са старэйшым пакаленнем. Займацца хлопчык пачаў, калі яму было пяць. Мы з бацькам адразу вызначыліся, што будзем трэніравацца для выніку, для выступлення на спаборніцтвах. Пачалі збіраць карт і рыхтавацца. На першы чэмпіянат Беларусі Косця паехаў, калі яму яшчэ не было і шасці. Прыйшлося нават дамаўляцца, каб нас пусцілі, бо па рэгламенце самая малодшая група якраз з 6 гадоў”, — узгадвае Дзмітрый Валер’евіч.
На першых спаборніцтвах вынікі былі не вельмі добрыя, бо не хапала практыкі, як прафесійна кажа Дзмітрый Лемке: “Не было накату”. Дзякуючы пастаянным трэніроўкам і назапашванню вопыту, усё пачало атрымлівацца. Ужо на другім годзе навучання Косця змог трапіць у пяцёрку лепшых на чэмпіянаце Беларусі. “На пачатковым этапе я саджу дзяцей за карт, ён на падстаўцы і не заведзены. Вучу, як кіраваць машынай, пытаюся, дзе якая педаль знаходзіцца і за што яна адказвае, як трэба тармазіць і г.д., — расказвае Дзмітрый Валер’евіч. — Потым ужо выходзім на вуліцу і пачынаем правяраць тэорыю на хаду. Пакуль рухавік не завядзецца, дзеці сябе нармальна адчуваюць, але калі яны чуюць гэты шум, то пачынаюць губляцца”. Калі шум становіцца чымсьці звыклым — можна ехаць. Для падрыхтоўкі да спаборніцтваў трэнер выбірае картадром у Гомелі, бо ў Жлобіне свайго няма. Яшчэ дзве трасы ёсць у Брэсце і Мінску. Паўдня заняткаў — і можна вяртацца: трэба памыць хадавую частку карта, паправіць, калі нешта пачало працаваць не так.
“Картынг у наш час спорт дарагаваты. Асноўныя выдаткі ідуць на машыну. Добры аўтамабіль і матор у сярэднім каштуюць каля 13 000 рублёў. Плюс абслугоўванне. Гуму можна купіць прыкладна за 500 рублёў і яе трэба мяняць на кожную гонку, на трэніроўках можна абысціся той, на якой ездзіў раней. Звычайна мы мянялі нешта ў карце, калі адбывалася аварыя. Тады вырашалі, можна яшчэ адрамантаваць дэталь ці не. Быў у нас адзін выпадак, — прыгадвае педагог, — калі Косця ў сярэдзіне сезона трапіў у ДТЗ. Гоншчык не пацярпеў, але рама сагнулася, прыйшлося мяняць. Мы ж працавалі на вынік, а са зламаным аўтамабілем дасягнуць яго не атрымаецца”. Таксама мяняць элементы карта трэба пры пераходзе ў новы клас (класы адрозніваюцца мадэллю рухавіка), гэта прыкладна раз на 3—4 гады.
Калі вы глядзелі “Формулу-1” ці фільм “Ford супраць Ferrari”, то з лёгкасцю ўявіце, як адбываецца падрыхтоўка да гонкі. Перад кожным заездам абавязкова праходзіцца тэхніка-медыцынскі кантроль. Правяраюць экіпіроўку і стан гоншчыка (наяўнасць шлема, пальчатак, ахоўных элементаў) і машыну (у якім стане рулявое кіраванне, матор, гума, ці адпавядае вага машыны заяўленаму класу і г.д.). У канцы спаборніцтваў карт заганяюць на спецыяльны паркінг, куды спартсмену, трэнеру або механіку заходзіць нельга, і там правяраюць, у якім стане машына паехала, ці не было парушэнняў. Напрыклад, калі падчас заезду ў гоншчыка памяўся або адваліўся бампер, трэба заехаць у спецыяльную “кішэню”, дзе механік заменіць ці паправіць патрэбны элемент, з няспраўнасцямі ганяць нельга. За кожнае парушэнне назначаюцца штрафныя ачкі. Карты на прамой могуць разганяцца прыкладна да 120 км/г, на паваротах хуткасць яны амаль не скідваюць. Дзмітрый Валер’евіч сустракаўся з сітуацыямі, калі ў паўналетніх гоншчыкаў з-за нагрузкі ламаліся рэбры: карт падскочыць на якім-небудзь каменьчыку, а пры такой хуткасці цяжэй за ўсё прыходзіцца гоншчыку.
Аднымі з самых запамінальных і незвычайных спаборніцтваў для Дзмітрыя Лемке сталі міжнародныя спаборніцтвы ў Літве. Тады Косцю было 9 гадоў. “Сваю машыну мы туды не павезлі, вырашылі на месцы арандаваць у адной з мясцовых каманд па картынгу. Наладзілі сядзенне і педалі, каб Косця да ўсяго даставаў, і паехалі пакатацца па трасе. На спаборніцтвах было шмат гоншчыкаў, у нейкі момант паўстала пытанне: па трасе могуць гнаць 32 картынгісты, а заяўкі падалі 36 чалавек, што рабіць? Вырашылі адсеяць лішніх удзельнікаў шляхам дадатковых гонак. Косця фінішаваў 15-м, а спартсмены каманды, у якой мы бралі аўтамабіль, 18-м і 19-м. Яны былі вельмі здзіўлены: мы прыехалі з іншага горада, узялі чужы аўтамабіль, з якім мясцовыя і вазіцца не хацелі з-за дадатковых настроек, ды яшчэ і праехалі лепш за іх. Потым гоншчыкі гэтай каманды нават прыходзілі і глядзелі, як мы трэніруемся, як працуем з машынай, як размаўляем адзін з адным. Па выніках спаборніцтваў Косця заняў 5-е месца”.
Тактыка ў камандзе Косці і Дзмітрыя Валер’евіча часта выпрацоўвалася па ходзе сезона. Калі відаць, як выступае твой сапернік, як ён будуе заезд, можна прадумаць свой адказ. “У нас у асноўным была тактыка такая: выкладаемся на поўную з самага пачатку. Таму што раней на першых гонках мы маглі дазволіць сабе расслабіцца, а потым набіраць форму, але лепш зарабляць ачкі з пачатку сезона”. За кожны заезд гоншчык атрымлівае балы (у залежнасці ад месца), якія падлічваюцца па ходзе сезона. Здаралася, што Косця ў турнірнай табліцы доўгі час трымаўся на першым месцы, але з-за механічнай паломкі павінен быў зняцца з турніру. “Усе гонкі для цябе асаблівыя: і добрыя, і дрэнныя, але з часам больш успамінаеш тыя, якія былі ў пачатку кар’еры. Пераглядаеш фатаграфіі, і такая настальгія агортвае”, — гаворыць Дзмітрый Лемке.
Зараз Косці 15 гадоў. 24 лютага гоншчык атрымаў добрыя весткі аб прысваенні звання майстра спорту. Да таго ж італьянская завадская каманда Intrepid прапанавала хлопцу выступаць у сваім складзе. “Поспех у картынгу залежыць ад трох складнікаў: спартсмена, трэнера і бацькоў, — лічыць Дзмітрый Валер’евіч. — Важна, як гоншчык разумее трэнера, якая ў яго сіла волі, ці ёсць упартасць. Настаўнік жа павінен укладваць у свайго выхаванца максімум і весці яго да перамог. Бацькі — гэта падтрымка, прычым і духоўная, і матэрыяльная. Калі бацькі хочуць, каб дзіця гэтым займалася і выйгравала, то спартсмену будзе значна прасцей сябе рэалізаваць”.
Цяпер да Дзмітрыя Лемке на заняткі ходзяць 12 дзяцей 6—14 гадоў. Пакуль гоншчыкі вывучаюць карт унутры: што штурхае поршань, як матор узаемадзейнічае з хадавой часткай, работу рулявой сістэмы і г.д. Калі з тэорыяй скончана, выхаванцы з трэнерам выязджаюць на палігон недалёка ад цэнтра, расстаўляюць пакрышкі і пачынаюць практыкавацца. “Вельмі добра, калі дзеці прыходзяць да цябе маленькімі, гадоў у пяць. З такімі прасцей знайсці агульную мову. З дзецьмі гадоў 9 — 12 гэта зрабіць цяжэй, таму што ў іх ужо свой вопыт, ты для іх чужы чалавек. Для мяне галоўнае — пасябраваць з выхаванцамі і выклікаць давер. Тады лягчэй ім усё растлумачыць, дамовіцца з імі”.
Заняткі картынгам развіваюць дзяцей у розных напрамках. Выхаванцы шмат даведваюцца пра тэхніку, становяцца больш працавітымі і цярплівымі, развіваюць свае рэфлексы, зараджаюцца адрэналінам і новымі эмоцыямі. Дарэчы, усе гэтыя плюсы могуць адчуць на сабе і дарослыя людзі.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва герояў матэрыялу.