З любоўю пра Пятрэвічы

Калі б на фінале Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ўручаўся спецыяльны прыз за найбольш актыўнае праслаўленне малой радзімы ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках, то гэты прыз, безумоўна, атрымаў бы калектыў Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна. Пра аграгарадок Пятрэвічы, яго ініцыятыўных, энергічных жыхароў ведаюць супрацоўнікі не толькі “Настаўніцкай газеты”, але і нашы калегі з іншых рэспубліканскіх, абласных і раённых выданняў.

З любоўю, Пятрэвічы… Гэтае арыгінальнае тэлефоннае вітанне ад пятрэвіцкіх настаўнікаў азначае для нас, журналістаў, не што іншае, як чарговы цікавы матэрыял, які пазаштатныя аўтары гатовы даслаць на рэдакцыйную пошту. Можна нават не пытацца, пра што матэрыял. Канечне, пра родныя Пятрэвічы, пра іх адметнасці, пра тую работу, якая вядзецца ў школе па праслаўленні роднага краю ў рамках праекта “Малая радзіма. Пятрэвічы.by”. Дарэчы, у намінацыі “Мая вялікая малая радзіма” праект атрымаў дыплом І ступені.

Што ж уразіла журы і гледачоў? У першую чаргу арыгінальная прэзентацыя праекта. На сцэне былі і народныя строі, і фотаздымкі агра­гарадка, і своеасаблівая шахматная дош­ка з гульнявымі фігурамі, і нават палітычная карта свету (гэта невыпадкова, паколькі ўраджэнцы Пятрэвіч жывуць у розных кутках нашай планеты). Але самае галоўнае — гэта шчырасць, з якой настаўнікі і вучні расказвалі пра родныя мясціны.

Ідэя рэалізацыі праекта ўзнікла невыпадкова. Настаўнікі лічаць, што пакуль дзеці вучацца ў школе, ім трэба даць прышчэпку гордасці сельскімі каранямі, сфарміраваць жаданне вярнуцца маладымі спецыялістамі на малую радзіму. “Як мы лічым, асноўным сродкам эфектыўнай арганізацыі вольнага часу на сяле з’яўляецца праектная дзейнасць у рамках шостага школьнага дня. Ідэя праекта — услаўленне малой радзімы праз прыцягненне да аповеду пра дзейнасц­ь школы, жыццё Пятрэвіч шырокай аўдыторыі навучэнцаў, педагогаў, мясцовых жыхароў, а таксама прадстаўнікоў СМІ, у першую чаргу друкаваных”, — падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Іванаўна Засадзінская.

Чаму менавіта друкаваных СМІ? Сацыялагічнае апытанне паказала, што ў аграгарадку Пятрэвічы роля газет і часопісаў вялікая — іх чытаюць 67% насельніцтва ва ўзросце ад 7 да 75 гадоў. Прыемна, што сярод найбольш папулярных выданняў і “Настаўніцкая газета”. Актыўна задзейнічаны ў папулярызацыі ведаў пра малую радзіму і сацыяльныя сеткі.

Праект ініцыіраваны актывам школьнага вучнёўскага самакіравання, і ўзначальвае гэтую дзейнасць праектная каманда. Яе ўдзель­нікі так акрэслілі свае арыенціры: “Для каго трэба? У першую чаргу, для нас саміх! Для чаго трэба? Для таго, каб прыцягнуць увагу да сябе, сваёй малой радзімы, сваёй установы адукацыі! Для таго, каб не было сорамна за свае сельскія карані! Для таго, каб можна было з гордасцю сказаць: “Я з Пятрэвіч родам! Я ў гэтай школе вучыўся! Гэта мая школа!”. Як гэта ажыццявіць? Выкарыстоўваць сучасную інфармацыйную прастору з карысцю, развіваючы патэнцыял шостага школьнага дня”.

Для ажыццяўлення задуманага, асваення сучаснай інфармацыйнай прасторы, ролі ў праектнай камандзе размеркаваны наступным чынам: SEO-аптымізатар (Юлія Каляда, 10 клас), SMM-менеджар (Ангеліна Сабалеўская, 10 клас), брэнд-менеджар (Кацярына Гірыновіч, 9 клас), прэс-мене­джар (Юлія Маляўка, 10 клас), івэнт-мене­джар (Наталля Анатольеўна Юшкевіч, школьны бібліятэкар), кіраўнік праекта (Аксана Іванаўна Засадзінская).

Работа па праекце арганізоўваецца па­этапна. Першы этап уключае пошук партнёраў у друкаваных сродках масавай інфармацыі, стварэнне ўласнага стылю і іміджу для публікацыі матэрыялаў пра малую радзіму, вывя­дзенне на новы ўзровень якасці друку газеты “Школьны веснік”, правядзенне майстар-класаў для юных карэспандэнтаў выпускнікамі і студэнтамі факультэта журналістыкі БДУ. На другім этапе наладжваюцца сувязі з супрацоўнікамі тэлебачання. Трэці этап прадугле­джвае рэфлексію дзейнасці, падвядзенне вынікаў, абагульненне эфектыўнага вопыту работы па выкарыстанні інфармацыйнай прасторы ўстановы адукацыі, услаўленні малой радзімы з выкарыстаннем сучасных камунікацыйных тэхналогій, інфармацыйнай прасторы.

Пра эфектыўнасць работы сведчаць наступныя факты: у рамках рэалізацыі праекта з’явілася больш за 100 публікацый у друкаваных сродках масавай інфармацыі (у тым ліку ў “Настаўніцкай газеце”), зняты праграмы пра школу на тэлебачанні, створаны групы ў сацыяльных сетках. І, безумоўна, значным дасягненнем з’яўляецца 1-е месца на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.

“З любоўю, Пятрэвічы”, — так вітаюцца з журналістамі педагогі пятрэвіцкай школы. Мы ж ім шчыра адказваем: “Мы вас любім, Пятрэвічы”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.