З музыкай па жыцці

Музыка… Яна супакойвае і абуджае, весяліць і засмучае. Без яе няма радыё, тэлебачання, кіно, музыкай напоўнены канцэртныя залы. Мы чуем яе ў дзіцячых садах і школах, на стадыёнах, у цырку, у месцах для адпачынку, у парках, дома, у цягніках, у самалётах… Яе любілі, любяць і будуць любіць заўсёды, бо музыка — гэта частка нашага жыцця. Сённяшні наш герой — той, хто гэтую частку нашага жыцця сам і стварае. Гукарэжысёр і кампазітар Уладзімір Сукалінскі 20 гадоў займаецца гэтым у сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка”.

Калі для большасці людзей музыка толькі частка жыцця, то для Уладзіміра Яўгенавіча яна і ёсць само жыццё. Колькі ён сябе памятае, столькі спявае і іграе. З першых гадоў школьнага жыцця іграе на акардэоне, а трэцякласнікам паступіў у музычную школу па класе баяна і ўжо ў 8-м яе скончыў. Прафесійныя шляхі ў іншых сферах нават не разглядаў і працягнуў адукацыю ў Гомельскім музычным вучылішчы, дзе атрымаў спецыяльнасць педагога па класе баяна і кіраўніка аркестра народных інструментаў.

— Так музыка ўвайшла ў маё жыццё даволі шчыльна. Нават служба ў радах Узброеных Сіл была звязана з музыкай, бо мы сталі ансамблем песні і танца групы савецкіх войскаў у Германіі, дзе я атрымаў каласальны вопыт работы на сцэне. Тады і зразумеў, што музыка — не такая ўжо простая сфера, як мне падавалася. Быў план — 220 канцэртаў у год, таму большую частку сваёй службы мы правялі на сцэне, на рэпетыцыях і ў аўтобусах. Мы ж былі тварам нашай арміі, прадстаўляючы яе за мяжой, — гаворыць Ула¬дзімір Сукалінскі.

Пасля арміі быў інстытут культуры, а пасля — работа ў клубе па месцы жыхарства “Вясёлка”. І малады таленавіты выкладчык, і створаны ім жа ў клубе маладзёжны гурт прымусілі сталіцу гаварыць пра сябе: без іх выступленняў не абыходзілася ні адно свята ў раёне.

— Нам хутка стала нецікава спяваць чужыя песні, танцаваць пад чужую музыку, і мы сталі ствараць сваё. На той момант мы ўжо набылі ўсё неабходнае абсталяванне, апаратуру. Гэта так захапіла, што жаданне было ўжо не спыніць. Калі клубы па месцы жыхарства сталі закрывацца, мяне запрасілі ў “Эўрыку” загадчыкам аддзела мастацкай творчасці, але музыка ўзяла сваё. Гэта куды цікавей, чым займацца любой кіраўніцкай дзейнасцю, і я пакінуў гэтую пасаду, — успамінае Уладзімір Яўгенавіч.

Так ён узяў на сябе музычныя пытанні: рыхтаваў музычныя мерапрыемствы, да ўсіх свят пісаў песні. Рэпертуар “эўрыкаўцаў” быў багаты — ад спартыўных песень да гімна раёна. Тады ён адным з першых у Мінску стварыў гурт з ліку старшакласнікаў — “Группу риска”, і разам яны працавалі па поўнай праграме:

— Улічваючы, што мастацкі аддзел у “Эўрыцы” вельмі вялікі, уключаў і харэаграфічныя гурткі, і тэатральныя, і вакальныя і інш., то работы хапала заўсёды. Ім усім для свят, для спектакляў патрэбны песні. Работа цікавая, заўсёды новая. Ды і для мяне як для музыканта ёсць магчымасці рэалізоўваць уласныя задумы.

Так, за 12 гадоў работы на студыі Уладзімір Сукалінскі напісаў больш за 300 песень (і словы, і музыку). На тры яго песні ў выкананні Мікалая Скорыкава (“Ты мяне палюбі”, “Рассветы — закаты” і “Граніца”) былі зняты кліпы. Ды і кіраўніцтва раёна заўсёды добра ставіцца да яго ідэй і падтрымлівае іх. Работа з дзецьмі таксама засталася.

— Дзеці прыходзяць да мяне, мы нешта прыдумваем, яны прапануюць, мы пішам, развучваем розныя партыі, раскладваем на галасы. Вынік сваёй працы яны могуць убачаць, пачуць, адчуць, што было так, а дзе можна было выканаць лепш. На гэтым яны вучацца.

На маё пытанне “Якую ролю для сучаснага падлетка адыгрываюць музыка, спевы, ігра на музычных інструментах?” Уладзімір Сукалінскі адказвае:

— Гадоў 6—7 назад я на гэтае пытанне сказаў бы, што гэта ўсё ўвогуле страчвае актуальнасць для дзіцяці, становіцца яму нецікавым, што музыкі стала шмат, яна лёгкадаступная: у інтэрнэце ёсць музыка ўсіх кірункаў. Нават быў такі час, калі ігра на музычных інструментах успрымалася ў лепшым выпадку як нешта звыклае і нецікавае іншым. Цяпер жа прэстыжнасць аўтарства, уласнай музыкі, адыход ад фанаграм вяртаецца. Няхай дзіця сыграе пакуль яшчэ не прафесійна, можа, нават прымітыўна, але яно іграе само, а не пад гатовую музыку. Гэта цэніцца куды больш. Ды і выхаваўчыя задачы ніхто не адмяняў. Ад таго, што мы ім прапануем і як гэта падаём, залежыць іх погляд на музыку як на від мастацтва. Яна становіцца для многіх палачкай-выручалачкай у жыцці.

Ва Уладзіміра чацвёра сыноў, і асабліва любяць музыку двое малодшых (хоць татава выхаванне сцэнай старэйшыя таксама прайшлі). Яны таксама спра­буць свае сілы на сцэне. Напрыклад, Жэня ўжо ў 2,5 года спяваў гімн Беларусі.

— Час ідзе, цікавасць мяняецца, але, калі чалавек у дзяцінстве займаўся музыкай, гэта не прахо­дзіць і пакідае след на ўсё жыццё, — абгрунтоўвае сваю думку наконт выхавання музыкай музыкант. — Мне неяк прывялі 6-гадовую дзяўчынку Эвеліну Лашук. Яна была спецыфічным дзіцем, надта сарамлівым, нават па-за сцэнай баялася слова сказаць, не кажучы пра спевы. Але наша супрацоўніцтва было даволі плённым: за 5 гадоў мы напісалі з ёй больш за 30 песень, яна нават прымала ўдзел у адборы на дзіцячае “Еўрабачанне” (не хапіла літаральна аднаго кроку).

Дарэчы, менавіта ў студыі Уладзіміра Яўгенавіча, пад яго кіраўніцтвам рабілі свае першыя і наступныя крокі Аляксей Хлястоў, Б’янка і іншыя студыйцы, навучэнцы “Эўрыкі”, якія потым сталі артыстамі эстрады. Першыя свае песні ў яго запісвалі Дзмітрый Калдун, Іна Афанасьева, Галіна Шышкова, Мікалай Скорыкаў, гурт “СССР”. Тут была запісана і песня “Мы разам” для Ксеніі Сітнік, з якой яна перамагла на дзіцячым “Еўрабачанні”.

Галоўнае правіла кампазітара — не спыняцца на знойдзеным у музыцы і пастаянна яе маніторыць:

— Праходзіць год-два, і, калі ты не робіш нечага новага, не разбіраеш пласт новай музыкі, — ты ўжо адстаў. Няхай сучасную музыку і не ўсе лю­бяць: нехта ганьбіць, не разумее ўвогуле, але ўсё роўна яе трэба прапусціць праз сябе, зразумець, што ж моладзь у ёй знаходзіць, якія сэнсы ўкладвае ў тэксты, чым яна яе зачапіла. І калі ты не ў гэтай абойме, то з моладдзю вельмі складана працаваць, ды і на цябе яна глядзіць як на дапатопную істоту. Ледзь не з 5 гадоў дзеці ўжо сочаць за музычнымі навінкамі: песня яшчэ нідзе не гучала, а яны ўжо ведаюць яе на па­мяць. Таму хочаш ты ці не — ты таксама абавязаны быць у курсе ўсяго ў музычнай сферы, каб не прапагандаваць дзецям нешта аднабока. Гэта таксама падкупляе дзяцей. Яны ж цябе сканіруюць, як рэнтген. Калі ты адносішся да сваёй справы як да работы, то ніколі не будзе карысці. Так, яны прыйдуць да цябе раз-другі, і на гэтым усё. Толькі калі ты ўкладваешся ў кожнае дзіця, тады ёсць і аддача.

Не паспела я загарнуць блакнот, студыю напоўніла новая мелодыя — ну не можа мой суразмоўнік дарэмна і хвілінку патраціць. Час — вось чаго яму пастаянна не хапае.

— Заўсёды хочацца зрабіць больш, чым паспееш. Заўсёды падаецца, што нешта ўпускаеш, — усміхаецца ён.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.