Зацікавіць дзяцей народнай творчасцю сёння няпроста. Каб не страціць таго, што маем, папаўняць скарбніцу народнага мастацтва, прадаставіць педагогам пляцоўку для абмену творчымі ідэямі, каб ім натхняцца адно ад аднаго, Міністэрства адукацыі Беларусі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі правялі II Рэспубліканскі педагагічны форум “Стварэнне этнакультурнай прасторы як умова выхавання і сацыялізацыі навучэнцаў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.
Майстры — дзецям
Форум на тры дні, з 15 па 17 кастрычніка, аб’яднаў педагогаў, якія разам са сваімі навучэнцамі вывучаюць народную дэкаратыўную творчасць, музычны фальклор, фальклорны тэатр і інш., саміх навучэнцаў, а таксама спецыялістаў і навукоўцаў з устаноў вышэйшай адукацыі. У рамках форуму прайшла рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя, рэспубліканскі фестываль праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый” (творчая прэзентацыя вынікаў конкурсу) і Рэспубліканскі конкурс юных майстроў па саломапляценні і кераміцы ў рамках Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Між зямлёй і сонцам”.
“Прыемна бачыць у гэтай зале столькі людзей, аб’яднаных ідэяй пошуку сучасных інавацыйных падыходаў да выхавання дзяцей і моладзі, далучэння дзяцей да вывучэння нацыянальнай культуры ў беларускіх традыцыях. Правядзенне педагагічнага форуму асабліва актуальна сёння, у Год малой радзімы”, — адзначыла, адкрываючы форум, Таццяна Васільеўна Драпакова, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, і выказала спадзяванне, што ўсё тое, што будзе прадстаўлена ў рамках форуму — і ідэі, і вопыт, атрымае працяг на практычных семінарах у рэгіёнах, у метадычных распрацоўках педагогаў, ва ўкараненні ва ўстановах адукацыі.
Надзея Васільеўна Васільчанка, дырэктар НЦМТДіМ, прадаставіла карціну зацікаўленасці народнай творчасцю сярод дзяцей і моладзі ў лічбах: “Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на студзень бягучага года дзейнічаюць 1724 аб’яднанні па інтарэсах у галіне народнай творчасці, што складае больш за 12 працэнтаў ад агульнай колькасці аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага профілю. У іх займаюцца амаль 25 тысяч навучэнцаў і працуюць 879 педагогаў”.
Вольга Аляксандраўна Лабачэўская, прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат культуралогіі, дацэнт, засяродзілася на канкрэтных прыкладах, калі вопытныя майстры Беларусі знаходзяць спосабы падзяліцца сваімі ведамі ў кірунку беларускага народнага тэкстылю як нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Гэта і традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна, традыцыі простага двухнітовага ткацтва Ваўкавыскага раёна, белаўзорчатае ткацтва Панямоння, ткацкія тэхнікі вырабу шматколерных посцілак і дываноў у аграгарадку Пагародна Воранаўскага раёна, тэхналогіі ажурнага ткацтва Гарадоцкага раёна і неглюбская народная тэкстыльная традыцыя ў Веткаўскім раёне. Усё гэта можна засвоіць у аб’яднаннях па інтарэсах ва ўстановах дадатковай адукацыі і ў мясцовых цэнтрах ткацтва, у дамах рамёстваў. У Неглюбцы веткаўскім музеем у традыцыйным цэнтры ткацкага рамяства ў жніўні быў нават праведзены дзіцячы летнік па традыцыйным ткацтве “Кросенцы”.
А ў Гусявіцкім цэнтры ткацтва, што ў Буда-Кашалёўскім раёне, у верасні адбылося III раённае свята-конкурс “Фэст ручнікоў на Буда-Кашалёўшчыне”.
Рэгіянальная панарама
Панараму-прэзентацыю этнавыхавання ў сваіх рэгіёнах прадставілі прадстаўнікі абласных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.
Так, на Гродзеншчыне самай яркай апошняй падзеяй стаў мюзікл “Зямля бацькоў — жыцця крыніца”, прэм’ера якога адбылася на сцэне абласнога драматычнага тэатра. Яго артыстамі сталі больш за 230 навучэнцаў і настаўнікаў. Кожны эпізод мюзікла — творчае падарожжа па Гродзенскім краі і знаёмства з яго гісторыка-культурнай спадчынай і народнымі традыцыямі. Падчас відовішча гледачы змаглі пабываць на Зэльвеншчыне, на Ганненскім кірмашы, які з XVIII стагоддзя збірае рамеснікаў і гандляроў з усёй Беларусі і замежжа. Сюды завіталі і юныя музыкі са сталіцы абаранкаў са сваім брэндам і з сімвалам краю мядзведзем — артыстам славутай Смаргонскай акадэміі. Тут раскруцілася кола побытавых танцаў Прынёманскага краю. Раз у два гады на Гродзеншчыне праходзіць абласны фестываль юных дызайнераў і мадэльераў “Жывіца”, дзе прадстаўляюцца іх калекцыі на аснове традыцый народнага касцюма. Традыцыйнымі сталі і абласны фестываль мастацкай цацкі “Святочныя забавы”, і абласны “Фэст народнага танца”, дзе ўдзельнікі спалучаюць традыцыйныя тэхналогіі выканання і сучасныя падыходы ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, і інш.
“Палешукі — асаблівая каста”, — пажартавала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай і метадычнай рабоце Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Аляксандраўна Беладзедава. Яна прадставіла ўсю палітру народных свят, абрадаў, рамёстваў, якія і сёння жывуць, амаль не змяніўшыся за стагоддзі. Фестываль “Кліч Палесся”, які праходзіць у Петрыкаўскім раёне, фестываль народнага гумару “Аўцюкі”, які ладзіцца ў Калінкавіцкім раёне і стаў вядомы далёка за межамі Беларусі. У Малааўцюкоўскай сярэдняй школе створаны музей гумару і пакой “Чараўніца”, дзе можна азнаёміцца з відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, народнымі промысламі, беларускай музыкай, абрадамі. Конкурс фальклорных калектываў “Шануем спадчыну сваю”, заснаваны Гомельскім дзяржаўным абласным палацам творчасці дзяцей і моладзі, 15 гадоў запар падштурхоўвае яго ўдзельнікаў да новых творчых эксперыментаў.
Вольга Сяргееўна Баршчова, метадыст аддзела мастацкай творчасці Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, агучыла самую вострую праблему ў рэгіёне: “На жаль, у сувязі з дэмаграфічнай сітуацыяй, аптымізацыяй устаноў дадатковай адукацыі, а таксама недахопам спецыялістаў па фальклоры ідзе зніжэнне колькасці фальклорных калектываў вобласці. Але, нягледзячы на гэта, бачны творчы рост і ўзровень выканання тых калектываў, якія працягваюць дзейнасць. Напрыклад, у вобласці дзейнічаюць 12 калектываў са званнем “узорны”. Гордасць нашага рэгіёна і музей каляндарна-абрадавых традыцый беларусаў пры Палатоўскім дзіцячым садзе — базавай школе Полацкага раёна.”
Наглядна паказаць аўтэнтыку творчасці дапамаглі майстар-класы. У секцыі “Музычны фальклор, тэатральная творчасць” сваё майстэрства прадэманстравалі ўдзельнікі этнаграфічнага аб’яднання “Гарэзы” Клічаўскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Магілёўскай вобласці (кіраўнікі Ж.Я.Ачыновіч і Л.І.Счыслёнак), якія паказалі рэканструкцыю традыцыйнага абраду. Фальклорную харэаграфічную спадчыну Брэстчыны прадставілі настаўніца і кіраўнік узорнага ансамбля танца “Мацейка” Т.І.Варашылава, кіраўнік ансамбля народных інструментаў “Вясёлыя музыкі” В.В.Фянько і настаўніца сярэдняй школы № 13 Баранавіч Брэсцкай вобласці Т.Э.Васількова.
Гаспадарамі на секцыі “Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” былі сталічныя творцы — ажно сем педагогаў дадатковай адукацыі з Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, якія навучылі калег з усёй краіны ствараць упрыгажэнні для “Дрэва жыцця” — плеценыя паяскі, распісаных керамічных птушак, саламяныя сонейкі, палатняныя сурвэткі, аздобленыя ў тэхніцы набойкі.
Набойку ў больш прыродным яе ўвасабленні — з дапамогай адбіткаў агароднінай — прадставіла В.М.Кашкурэвіч, кіраўнік узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Нашчадкі традыцый
Галоўнай падзеяй форуму стаў фестываль праектаў навучэнцаў у рамках Рэспубліканскага конкурсу “Нашчадкі традыцый”. Конкурс аб’яднаў дзяцей, настаўнікаў, педагогаў дадатковай адукацыі, бацькоў у агульнай справе — вывучэнні, аднаўленні і асэнсаванні традыцый беларускай спадчыны, культурных здабыткаў малой радзімы.
На заключны, рэспубліканскі, этап конкурсу былі прадстаўлены 82 праекты па розных кірунках беларускага народнага мастацтва. Гэта і вышыўка, і кераміка, і саломапляценне, і лозапляценне, і ткацтва, і стварэнне дызайнерскіх лялек і адзення, разьба па дрэве, выцінанкі, маляванкі, песенная, танцавальная, абрадавая і харэаграфічная творчасць.
Адным з самых яркіх праектаў-пераможцаў стаў праект “Каб вярталіся птушкі дамоў…”, які прадставіў калектыў узорнай студыі саломапляцення і выцінанкі “Добры настрой” сярэдняй школы № 3 Мінска. Як расказалі ўдзельнікі калектыву, іх школа знаходзіцца ў новым мікрараёне горада, дзе была вёска Грушаўка. Каб вызваліць месца пад забудову шматпавярховак, вясковыя хаты сталі зносіць. Але школьнікі заўважылі, што ў многіх хатах над вокнамі былі выявы птушак. Сфатаграфаваць перад самым зносам паспелі толькі апошнюю хату. Гэта і стала пачаткам даследавання. Дзеці высветлілі ў старажылаў, чаму яны выбіралі менавіта выявы птушак, што абазначала, калі птушкі глядзяць у адзін бок ці адна на адну, якія птушкі былі сімвалам кахання, якія — зычаннем гаспадарам хаты дабрабыту, якія — багацця, дзяцей і інш. Пад кіраўніцтвам Валянціны Васільеўны Паздняковай яны стварылі калекцыю птушак у тэхніцы саломапляцення. Непаўторную афарбоўку падчас прадстаўлення праекта аўтарам забяспечыў іх былы настаўнік музыкі Сяргей Пятровіч Ярок: пакуль дзяўчаты расказвалі пра розных птушак, ён выбіраў з дзясяткаў аўтарскіх міні-інструментаў, заткнутых за пояс, самыя розныя і з іх дапамогай імітаваў спевы ўсіх птушак, пра якія ішла размова.
Навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Кераміка” ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка” НЦМТДіМ прадставілі ўвазе гледачоў “Казку пра чароўны збанок”. Гэтая мультыплікацыйная гісторыя можа з лёгкасцю навучыць рабіць гаршчок любога ахвочага, бо ў ёй паказаны ўвесь творчы працэс.
Вікторыя Прыходзька і Валерыя Харашун, навучэнкі аб’яднання па інтарэсах “Народная лялька” Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнікі І.В.Прыходзька і А.А.Пархоменка), прадставілі ўвазе залы дэкаратыўны беларускі народны каляндар, дзе галоўныя святы года ўказалі мовай рэгіянальнага арнаменту.
А вось Яна Дзям’яненка, навучэнка студыі “Вышыванкі” гімназіі № 1 Стоўбцаў (кіраўнік Р.М.Малахава), распрацавала ўласны арнамент, у аснове якога — аўтарскія сімвалы. Дзяўчынка ўпэўнена, што арнамент павінен не проста капіравацца, узнаўляцца, але і набываць новыя рысы. Вынікам эксперымента стала калекцыя сучасных ручнікоў.
Спалучыць традыцыі з крэатыўным сучасным бачаннем адзення прапанавалі і навучэнцы сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Крываноса Клічава. Яны стварылі сучасную дызайнерскую калекцыю адзення ў нацыянальных матывах.
Пра музычную творчасць нездарма кажуць: “З песні слоў не выкінеш”, таму ўвазе гледачоў была прадстаўлена фальклорная палітра розных раёнаў і рэгіёнаў.
У асобнай намінацыі разглядалася беларуская батлейка — як захаванне ў ёй традыцый, так і яе сучасная інтэрпрэтацыя. Гэта новая намінацыя, і арганізатары ставілі сваёй мэтай надаць штуршок у развіцці гэтага ўжо, на жаль, рэдкага мастацтва. Экспертам была Ганна Альбертаўна Выгонная, член Беларускага саюза мастакоў, мастак-рэстаўратар, кіраўнік “Школы батлейкі” міжнароднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”, рэжысёр народнага тэатра “Мірская батлейка”. Яна адзначыла: “Мяне парадавала канцэпцыя конкурсу, бо насамрэч батлейка — гэта не проста выступленні. Гэта сінтэз усіх мастацтваў. І рыхтаваць адно выступленне можна год, нават гады, ствараючы лялек, скрыню, ставячы саму пастаноўку. І тут быў якраз паказаны не столькі спектакль (мы ўбачылі толькі ўрыўкі), колькі сам працэс працы над ім, працэс пошуку і знаходак. У гэтым плане мяне проста ўразіў праект Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі: артысты са сваім кіраўніком Наталляй Мікалаеўнай Вайцяхоўскай аб’ехалі ўвесь рэгіён, вывучаючы батлейку. Прычым, у адрозненне ад Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, дзе над праектам працавалі вялікім калектывам прафесіяналаў, у Ашмянах няма такой магчымасці — ні кадравай, ні матэрыяльнай, але праект мала ў чым саступаў віцяблянам. Таму адраджэнне батлейкі ў вёсках і гарадах мае вялікую каштоўнасць”.
Цяпло саломы і гліны
Рэспубліканскі конкурс юных майстроў па кераміцы і мастацкай апрацоўцы саломкі захапіў апошні дзень форуму і стаў творчым спаборніцтвам для дзясяткаў школьнікаў і навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны. На працягу трох гадзін на вачах журы і гледачоў яны стваралі свае вырабы: саламяных павукоў і лялек, пано і аксесуары. Керамісты пахваліліся сваім майстэрствам у вырабе свістулек, сувеніраў і цацак.
Адна з самых дасканалых работ была ў 14-гадовай Дар’і Купрыч з узорнай студыі саломапляцення і выцінанкі “Добры настрой” сярэдняй школы № 3 Мінска (педагог В.В.Пазднякова) — той самай, якая перамагла са сваім калектывам і саламянымі птушкамі ў фестывалі праектаў. Тут Дар’я таксама ўзяла дыплом I ступені — на гэты раз за ляльку, прафесійна сплеценую ў розных, даволі складаных тэхніках.
Перамога ў малодшай намінацыі дасталася таксама мінчанцы — Марыі Кір’як са студыі “Вытокі” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” (кіраўнікі АА.Таляронак і А.П.Захарэвіч).
А вось у кераміцы перамогу ў абедзвюх узроставых групах заваявалі хлопчыкі: 10-гадовы Назар Бярговін з Лёзненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (педагог І.А.Варона) і 15-гадовы Яўген Чайкоўскі з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна (педагог М.А.Пратасеня).
Якраз гэтай гендарнай роўнасці рада Людміла Багданаўна Церах, старшыня журы, дацэнт па спецыяльнасці “Мастацтва”, член Беларускага саюза дызайнераў, бо, гаворыць, апошнім часам хлопчыкі адышлі ад прыкладной мастацкай творчасці.
“Хоць у нас была намінацыя “Традыцыйная кераміка”, не хацелася бачыць простае капіраванне. Ці прыём, ці традыцыйную функцыю, ці персанажную лінію — хоць нешта хацелася ўбачыць ад аўтараў. І амаль усе з гэтым справіліся. Канкурсанты пераважна стваралі свістулькі — гэта тое, чым гістарычна займаліся дзеці: калі бацька-ганчар рабіў посуд, убок адкідваў лішнія абрэзкі. Дзеці і рабілі такія свістулькі, якія заўсёды добра прадаваліся на кірмашах: за адну свістульку плацілі адно яйка. Прычым не ў кожнага прафесійнага майстра свістулька адразу свісціць, у дзяцей жа так набіта рука, што свіст атрымаўся адразу. Ды і прыёмы арганічныя, лагічныя для гліны. Нам хацелася ўбачыць не проста ляпніну, як з пластыліну, а менавіта паглядзець, як дзеці разумеюць гліну”, — адзначыла Людміла Багданаўна.
Імёны ўсіх пераможцаў можна знайсці на сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Аляўціны ЯЦУТА.