Я з роду ганчароў

“Тата, а што за гаршкі ты збіраеш у сваю калекцыю?”. Тады Хрысціна Вячорка яшчэ не ўяўляла, што бацькаў адказ так кране яе і стане пачаткам і экскурсу ў мінулае, і, хутчэй за ўсё, крокам у будучыню. Бо якраз вывучаючы сямейную гісторыю ганчарства, 4-класніца загарэлася стаць яе прадаўжальніцай. А работа дзяўчынкі, якую яна рабіла пад кіраўніцтвам свайго бацькі Алеся Вячоркі і Аксаны Цярэнцьевай, настаўніцы сярэдняй школы імя Янкі Купалы № 19 Мінска, стала пераможцай у намінацыі “Захаванне традыцый: беларуская народная творчасць”.

“З маленства бацька расказваў мне, што нашы продкі былі выдатнымі ганчарамі і жылі ў мястэчку Гарадная, што ў Столінскім раёне. Ведаючы гэта, я зацікавілася сваёй сямейнай гісторыяй і гісторыяй мясцовасці. Аказалася, што паселеныя там вольныя майстры з усяго Пінскага павета забяспечвалі посудам значную тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. А Вячорка, ад якога і пачаўся род маіх продкаў, быў прызначаны там войтам. Былі войтамі і сыны першага Вячоркі, а потым сем’і Вячоркаў памножыліся і іх сыны таксама сталі займацца ганчарствам. Пра ўсё гэта я даведалася з успамінаў гараднянскага настаўніка Фамы Ільіча Вячоркі, траюраднага брата майго пра­дзеда Івана Каленікавіча Вячоркі, якія былі выдадзены ў 2008 годзе. Дзякуючы гэтай публікацыі, мне сталі вядомы каштоўныя падрабязнасці жыцця майго далёкага продка Вакулы Вячоркі. І мне вельмі захацелася навучыцца рабіць знакаміты гараднянскі посуд”, — расказвае Хрысціна.

Дзяўчынка з галавой пагрузілася ў гісторыю мястэчка Гарадная і ганчарнага рамяства, склала радавод Вячорак, на якім адзначыла майстроў-ганчароў аж да шостага калена, даследавала традыцыйныя мясцовыя тэхналогіі і віды ганчарных вырабаў, наведвала майстар-класы і вырашыла з татавай дапамогай авалодаць рамяством сваіх продкаў, каб захаваць і прадоўжыць традыцыю, якая, дарэчы, унесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Яна ўжо навучылася сама рабіць гаршчок “мамзэль”.

Сёння дзяўчынка з захапленнем расказвае гісторыю: і пра гліняныя шахты, дзе “городэнцы” вякамі здабывалі гліну, і пра прымітыўны “станок”, на якім рабіліся некалі першыя гаршкі, і пра старажытны горан, які быў знойдзены ў 30-х гадах мінулага стагоддзя і які, як сцвярджаюць інжынеры-керамісты, быў зроблены 2000 гадоў назад, і пра тое, чаму гараднянскія гаршкі былі жоўта-зеленаватыя і чаму знакамітая гараднянская форма і ангобны стыль не мяняліся стагоддзямі. Хрысціна з заплюшчанымі вачыма не пераблытае гара­днянскі мамзэль і сямак, пу­дзлівач і злівач, пудодынэц і одынэц, паляк і нэрознак, баньку, слой, слоік, макош, макотру, вазонніцу…

“Вось, напрыклад, мой бацька, калі працуе па гаспадарцы (у вёсцы, вядома ж), налівае чыстую халодную ваду ў глечык і бярэ з сабой, бо кажа, што вада з яго вельмі смачная. Я каштавала, і праўда, смачная! А сакрэт просты: глечык пры вырабе зазнаў толькі сушку і адзін абпал у горне, але ж яго не апрацоўвалі палівай і другі раз не абпальвалі. Вось і адчуваецца смак нібы жывой вады з крыніцы”, — дзеліцца дзяўчынка.

Дарэчы, хоць у сям’і калекцыя гаршкоў і багатая — каля 40, яна не пыліцца на паліцах: гэта самы хадавы посуд. У ім Вячоркі і сёння гатуюць і захоўваюць ежу. Ды і для сяброў гэтай сям’і гаршкі — самы каштоўны падарунак.

“Мяне ўвесь час турбавала думка, ці змагу я стаць майстрам-ганчаром? Бо ў традыцыі вырабу глінянага посуду гэтай справай займаліся мужчыны, а жанчыны толькі дапамагалі ім. І ці не будзе парушэннем традыцыі, калі дзявочыя рукі будуць мясіць гліну і тачыць гаршкі? Але я вырашыла, што галоўнае ў гэтай справе — захаванне форм, а чые рукі, мужчынскія ці жаночыя, гэтыя формы будуць зберагаць, не так ужо і важна”, — гаворыць Хрысціна.

Упэўнена, мара юнай ганчаркі здзейсніцца. Як і мара яе баць­кі Алеся Вячоркі, які хоча зрабіць пад Мінскам “Хату ганчара”, дзе б кожны мог дакрануцца да гісторыі, надзець фартух і зрабіць свой уласны гаршчок на ганчарным коле. А пакуль хата напаўняецца экспанатамі, Хрысціна бу­дзе знаёміць з ганчарнай справай свайго роду сваіх равеснікаў у роднай школе падчас майстар-класаў.

Святлана НІКІФАРАВА.