Запаведныя маршруты

Беларусы заўсёды былі гасцінным народам. Мы з гонарам прадстаўляем нашу краіну наведвальнікам, расказваем пра яе прыроду, славутыя мясціны і самі з дзяцінства вывучаем іх. У гэтыя ліпеньскія дні прэзентацыя аднаго з сімвалаў Беларусі — Бярэзінскага біясфернага запаведніка — і яго вывучэнне праходзіла падчас VII злёту юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без меж”.

Запаведнік кліча

Магчымасць “зляцецца” ў запаведнік атрымалі пераможцы біёлага-экалагічных конкурсаў, алімпіяд, рэгіянальных, абласных, федэральных і рэспубліканскіх злётаў — па 35 чалавек ад Расіі і ад Беларусі. Хоць у эколагаў, нават пачаткоўцаў, не вітаюцца спаборніцтвы — маўляў, прыродзе неабходны аб’яднаныя намаганні, сярод іх усё ж знайшліся лепшыя. Яны вызначыліся ў індывідуальным заліку падчас тэарэтычнага тура з пытаннямі па агульнай біялогіі і экалогіі і практычнага, які складаўся з работы палявых лабараторый па 5 галінах: глебазнаўства, гідрабіялогія, геабатаніка, энтамалогія і арніталогія — і абароны выкананых экалагічных даследаванняў.


Але, як прызнаюцца самі ўдзельнікі злёту, экалагічнае спаборніцтва не было галоўным. Як сапраўдных вучоных іх прыцягваў сам запаведнік, яго некранутая прырода, векавыя дрэвы, магчымасць убачыць на свае вочы тое, што вядома толькі па малюнках і здымках з Чырвонай кнігі, пахадзіць яго сцежкамі і правесці свае даследаванні. І, дарэчы, гэта няпростая справа.

Арнітолагі-сплюшкі

Самымі напружанымі дні злёту аказаліся для арнітолагаў. Іх вызначалі не столькі чырвоныя гальштукі, колькі тое, як напрыканцы злёту арнітолагі змагаліся са сном: большасці з іх удавалася спаць усяго толькі па гадзіне ў суткі!


“Мы прачыналіся ў 4 гадзіны раніцы, а ў палове пятай уся група арнітолагаў ужо была ў лесе, полі, іншых біятопах — чым раней, тым больш птушак пачуеш, яны больш актыўныя і галасістыя, — гаворыць Наталля Белая, дзесяцікласніца з Калінінграда. — Самая складаная задача — унесці ўсіх птушак, якіх мы сустрэлі, у дзённікі, апісваючы кожны від. А толькі за першы ўлік у нас іх было 40 відаў! Таму мы пісалі да 3 гадзін ночы, лажыліся спаць на гадзінку, а ў 4 ізноў ішлі на ўлік. У другі раз быў ужо 61 від! Мне цяжка ўявіць, колькі б птушак атрымалася, каб злёт праходзіў раней: цяпер ужо ў большасці з іх гнездавы перыяд закончыўся, але, тым не менш, колькасць нас уразіла. Мы ледзь паспявалі іх фіксаваць: бачым жа птушку не больш за 10 секунд. Проста было хіба толькі з дзятламі, якія дзяўбуць сабе дрэвы, не звяртаючы на нас увагі. Таму мы спакойна зрабілі здымкі чырванакніжнікаў — стракатых і беласпінных дзятлаў.


А вось па галасах вызначаць было больш праблематычна. Цяпер птушкі пяюць толькі пазыўкамі, якія ў іх вельмі падобныя, у асноўным гэта адно кароценькае “цынь”, і таму без дапамогі экспертаў мы часта не маглі абысціся. Ды і то 2 птушкі засталіся нявызначанымі”.

Дзеці прасіліся і на начныя ўлікі — мала хто з іх раней быў у лесе, а перспектыва пачуць савіных заварожвала. Аднак ім не дазволілі: запаведнік з яго безліччу драпежных жывёл ноччу небяспечны.


А вось для Данііла Ісаева, навучэнца Эколага-біялагічнага цэнтра Гомеля, начныя ўлікі сталі натуральнай з’явай. Дома разам са сваёй настаўніцай біялогіі ён хадзіў часцей менавіта на вячэрнія ўлікі, бо юнак спецыялізуецца не столькі на арніталогіі, колькі на хіраптэралогіі — вывучэнні рукакрылых, і часта, расставіўшы сеткі, праседжвае ноч у чаканні кажаноў. Менавіта так ён вызначае відавую разнастайнасць рукакрылых Гомельшчыны ці Беларусі ўвогуле.

“Гэта незабыўна — убачыць кажана, патрымаць яго ў руках. І ў Расіі, і ў Беларусі яны — чырванакніжнікі, таму нячаста іх сустрэнеш, — дзеліцца ўражаннямі юнак. — Калі ж трапляюць да нас у сетку (дарэчы, сеткі адмысловыя, апутваюць быццам павуціна, імі немагчыма пашкодзіць крылы), мы не толькі запісваем, да якога віду кажан адносіцца, але і робім ветэрынарны агляд. Часта бываюць знясіленыя кажаны, трапляюцца з паламанымі крыламі — калі крыло няправільна зрастаецца, то кажан ужо не паляціць. Калі і не загіне, то без палётаў будзе не жыццё, а існаванне. Акрамя таго, часта ў кажаноў на крылах бываюць клапы і кляшчы. Кажаны — каланіяльныя істоты, збіраюцца па 20—30 асобін і таму часта заражаюць усіх астатніх. Пры магчымасці мы аказваем ім неабходную ветэрынарную дапамогу”.


Таксама Данііл дапамагае і птушкам — лечыць і вызваляе з рыбацкіх сетак. Асабліва небяспечнае жыццё ў бакланаў — яны ловяць у рацэ рыбу і часта трапляюць у рыбацкія сеткі, гінуць там. Праводзіць хлопец і ўлікі птушак, што становіцца карыснай інфармацыяй для дарослых калег.

“Ад нашага Гомельскага экацэнтра часта праводзяцца злёты, сплавы па рэках. Сплаўляліся мы і па рэках Бярэзінскага запаведніка, дзе падлічвалі зімародкаў, спыняліся нанач на берагах. Часта праводзілі начныя ўлікі на вадаёмах, бо многія птушкі спяваюць менавіта вечарам, напрыклад, бугай.

У Беларусі шмат пералётных птушак, а таксама тых, якія многа вандруюць, ляцяць, напрыклад, з ЗША ў Афрыку праз нашу тэрыторыю. Нядаўна ў Беларусі быў заўважаны пелікан”, — гаворыць Данііл.

Дарэчы, для юнака арніталогія — не проста захапленне. Ён марыць у будучыні працаваць на адзінай у Беларусі базе кальцавання птушак у Тураве. У крайнім выпадку разгледзіць як варыянт арніталагічную станцыю “Фрынгіла” на Куршскай касе, што ў Калінінградзе.

Пазнай прыроду з сачком і рыдлёўкай

Крыху менш напружанымі, але не менш цікавымі дні злёту былі для энтамолагаў. Такія людзі ў лесе заўважаюць толькі камароў, асабліва калі тыя іх таксама заўважылі. Гэтыя ж юнакі і дзяўчаты факусіруюць зрок на самых маленькіх насельніках лесу.


“Мне трапіўся вельмі цікавы клоп Jalla dumosa L (з-за ўнікальнасці для нашых шырот ён не мае назвы на рускай мове), які нават для вучоных быў нечаканасцю, — хваліцца знаходкай Ратмір Зарыпаў, гімназіст з Казані (Рэспубліка Татарстан). — Убачылі мы і вясновага навозніка, які некалі быў у Чырвонай кнізе Беларусі, але цяпер адтуль выключаны. Прыемнай была сустрэча з махаонам. Гэта вельмі прыгожы высакародны матыль з планіруючым палётам — жоўты і з арыгінальным узорам. Вывучэнню іх жыццядзейнасці не так даўно была прысвечана мая работа”.

Для далейшых даследаванняў Ратмір сабраў калекцыю. Частку ён пакіне для сваіх навуковых кіраўнікоў, каб тыя маглі па стане насякомых вызначаць экалагічны стан мясцовасці і тое, ці неабходна тут праводзіць мерапрыемствы па захаванні ўнікальнасці. Але штук пяць насякомых хлопец забярэ з сабой на памяць.

Павязе юнак дадому і іншыя матэрыялы — лісцікі беларускіх традыцыйных раслін, якіх няма на яго радзіме, фотаздымкі рэдкіх птушак, бо традыцыйна ўдзельнікі злёту хоць і дзеляцца для больш грунтоўнай працы на палявых практыках па секцыях, усё ж дзеці добра разбіраюцца ва ўсіх пяці галінах. І якраз шырыню гэтых поглядаў журы правяралі падчас выніковай экспедыцыі, у якую адправіліся тыя, хто паказаў лепшыя веды ў тэорыі. Дзеці праходзілі палявыя лабараторыі-станцыі, на кожнай з якіх члены журы, у лік якіх увайшлі лепшыя вучоныя-эколагі Беларусі і Расіі, задавалі ўдзельнікам пытанні па ўсіх галінах, акрамя іх секцый.


“Так вучоныя правяралі, наколькі ў нас шырокія веды ў экалогіі, бо засяроджвацца толькі на сваёй тэме нельга, інакш нічога новага свету не скажам, — гаворыць Ратмір Зарыпаў. — Прычым цікавіцца трэба не толькі іншымі сферамі экалогіі, але і іншымі навукамі — фізікай, хіміяй і г.д. Усе адкрыцці робяцца на стыку навук. Напрыклад, разбіраючыся ў фізіцы і біялогіі, ведаючы, як працуюць механізмы фізічныя (у механіцы), і прыродныя (арганізмы), чалавек можа прыўнесці вопыт пабудовы арганізма ў механізм”.

Бадай, самым ненапружаным злёт аказаўся для глебазнаўцаў.

“Маім падапечным трэба было рыдлёўкай зрабіць зрэз, апісаць слаі глебы, вызначыць асноўныя праблемы ў яе выкарыстанні, — гаворыць А.А.Карпічэнка, дацэнт кафедры глебазнаўства зямельных інфармацыйных сістэм геаграфічнага факультэта БДУ. — Але без добрай падрыхтоўкі гэтае заданне правільна не выканаеш. Вопыт паказвае, што, хоць у Расіі і Беларусі сельская гаспадарка мае вялікае значэнне, веды пра глебазнаўства і ў школьнікаў, і ў дарослых — мінімальныя. У школе глебазнаўства праходзяць толькі мімаходам у курсе геаграфіі, а навучыцца дыягнаставаць глебу, вызначаць яе экалагічныя функцыі не даводзіцца. І нават па студэнтах 1 курса я бачу, што ўзровень іх ведаў нізкі. А тут, на злёце, куды лепш падрыхтаваныя дзеці. Для расійскіх удзельнікаў было шмат новага, бо глебы сустракаюцца і падобныя, а ў некаторых рэгіёнах няма, напрыклад, дзярнова-падзолістых глеб. І для іх нашы глебы былі адкрыццём”.


Для Андрэя Лямазіна з Казані чыстая глеба — бальзам на душу. “Бронзу” на Усерасійскай алімпіядзе школьнікаў па экалогіі яму прынесла работа па вывучэнні фітатаксічнасці глеб ва ўмовах нафтавага забруджвання, якую ён вядзе ўжо 3 гады. “У нас нават на тэрыторыях, прызначаных для вядзення сельскай гаспадаркі, шмат нафтавых разліваў. Таму для нашага рэгіёна вельмі важная распрацоўка нарматываў дапушчальнага рэшткавага ўтрымання нафты ў глебах, пры якім магчыма вырошчваць сельскагаспадарчыя культуры, і спосабаў ачышчэння забруджаных тэрыторый”.

Трыумф тэарэтыка і практыка

Па выніках злёту свае ўзнагароды і прызы, якія спатрэбяцца юным эколагам у далейшым (спальнікі, рукзакі, тэрмасы і інш.), атрымалі ўсе ўдзельнікі. Але пераможцаў было толькі двое — па адным удзельніку ад краіны.
Ад Беларусі пераможцам стаў Дзмітрый Матач, дзевяцікласнік з гімназіі № 1 Баранавіч. Тое, што на любое пытанне, нават не задумваючыся, даваў разгорнуты адказ, — яго ўласная заслуга. Доўгі час хлопец сам вывучаў біялогію паглыблена, чытаючы ўсе кнігі па экалогіі, якія толькі траплялі да яго ў рукі.


“Большасць годных грунтоўных работ па біялогіі, экалогіі — на англійскай мове, а я не так яе добра ведаю, каб чытаць у арыгінале, таму шукаю добрыя пераклады. Мая настаўніца біялогіі ўбачыла, што мяне гэта цікавіць, і стала даваць мне чытаць Тэйлара, Грына, Скаўта”, — гаворыць Дзмітрый. Дадае, што асабліва любіць чытаць пра энтамалагічныя даследаванні: “У свеце колькасць толькі жукоў пераўзыходзіць па колькасці ўсе жывыя віды, разам узятыя. І ахапіць іх і іншых насякомых, дасканала іх вывучыць нашым вучоным-энтамолагам не пад сілу — іх не так шмат. Некаторыя групы насякомых увогуле не вывучаны, і гэта — вялікае поле для будучай работы, магчыма, і маёй таксама”.

Пакуль жа першай спробай на практыцы сутыкнуцца са светам насякомых, папрацаваць у палявых умовах стаў злёт. Прычым Дзмітрый прынцыпова не збірае калекцыю насякомых — ён перакананы, што жукамі, матылямі, стракозамі трэба любавацца на лузе ці ў лесе. Таму замест сачка ён бярэ ў поле фотаапарат, і замест прышпіленых іголкамі да пенапласта насякомых складае фотакалекцыю.

Пераможца ад Расіі Настасся Нагаева — чалавек з багатым вопытам. Да гэтага яна стала пераможцай Усерасійскага злёту юных эколагаў. Расійскія вучоныя часта бяруць дзяўчыну ў свае экспедыцыі па вывучэнні флоры Расіі, называюць “малым навуковым супрацоўнікам”.

“Кожны год у нас праходзяць дзіцячыя экспедыцыі ад Цэнтра адораных школьнікаў у Кастраме, але гэта мне нецікава, бо там больш забаў, чым навукі. Куды цікавей хадзіць у экспедыцыі з вучонымі.


Цяпер я працую над праектам “Відавы склад расліннасці Нерпскага раёна Кастрамской вобласці”, але работа пакуль не завершана, бо на злёт мяне вырвалі літаральна з палаткі, дзе я была ў экспедыцыі па рацэ Саланчыха. Таму замест месяца паспела пабыць толькі 10 дзён. Але і за гэты час шмат цікавага знайшлі. Напрыклад, гарлачык белы. Раней мы толькі па непацверджаных даных лічылі, што ён у нас сустракаецца. Цяпер жа мы ў гэтым пераканаліся”.

Але хоць Настассі і не хацелася прыпыняць экспедыцыю на радзіме, пашкадаваць дзяўчыне не прыйшлося — Бярэзінскі запаведнік прыемна здзі-віў юнага батаніка. “Тут шмат рэдкіх відаў раслін. Я была здзіўлена, што ў вас столькі пячоначніцы. У нас яна ў Чырвонай кнізе, і ва ўсёй нашай вобласці ўсяго адна папуляцыя. Парадавала разнастайнасцю і сямейства архідных, напрыклад, будаера паўзучая. Шкада, што мы мала вывучалі запаведнік. Хацелася б убачыць больш. У нас пераважаюць хвойныя лясы, тут жа — дробна- і шыракалістыя, таму склад флоры адрозніваецца працэнтаў на семдзесят. Напрыклад, парасонавыя і складанакветныя ў нас зусім іншыя”.

Менавіта гэтыя фларыстычныя адрозненні сталі асновай яе гербарыя, які яна зрабіла за дні злёту.

“У маім гербарным прэсе — каля 100 відаў раслін, а ў спісе 260 відаў, — гаворыць дзяўчына. — Некаторыя расліны я забяру ў свой гербарый. Гэта і наперстаўка круглакветкавая, лісток пячоначніцы, дазволілі мне ўзяць і расянку круглакветкавую, нівянік, крастоўнік Якава, целарэз, раскавыя, гарлачыкавыя, сэрцаліст, вадакрас — тое, чаго ў нас амаль няма. Гэта будзе матэрыял на некалькі заняткаў у нашым клубе “Юны эколаг” Кастрамы. Бо гербарый я раблю не столькі для сябе, колькі для вучняў 4—5 класаў, якія толькі пачынаюць вывучаць батаніку. Як некалі вучылі мяне, цяпер я буду дапамагаць вучыць малодшых”.

Тое, што ў 7—8 класе дзеці ходзяць у сапраўдныя экспедыцыі і супрацоўнічаюць з вучонымі, нас можа здзівіць, але, гаворыць Настасся, яна ўжо “старэнькая” сярод сваіх калег-школьнікаў: “У нашым Цэнтры дадатковай адукацыі біёлагаў рыхтуюць з 4 класа. Я ж прыйшла толькі ў 7 і шмат чаго прапусціла, прыйшлося наганяць. У тым ліку ў фізічнай падрыхтоўцы, бо вучоныя, перш чым прапанаваць супрацоўніцтва, наладжваюць дзіцячыя экспедыцыі і сочаць, наколькі сур’ёзна захоплены дзеці і ці здольныя яны шмат хадзіць. Для батаніка гэта вельмі важна, бо ў адрозненне ад энтамолагаў ці арнітолагаў, да нас нічога само не прыляціць — нам прыходзіцца шмат хадзіць і шукаць. За дзень мы з лёгкасцю праходзім кіламетраў 40. Часта мы з маім навуковым супрацоўнікам выходзім зрання і вяртаемся толькі на вячэру, за што на нас, праўда, сварацца. Але навука — важней за ўсё”.

Гэты прынцып дзяўчына прымяняе і да выбару прафесіі. “Пакуль не ведаю, ці ўплятаць у прафесію і сваю любімую хімію і быць арганікам, ці ўсё ж ісці ў батаніку. Але тое, што я буду вучоным, гэта дакладна”, — гаворыць Настасся.

Дарэчы, як сапраўдны вучоны-батанік дзяўчына не хоча марнаваць летні час.

“Літаральна праз тыдзень мы будзем сплаўляцца па рацэ Вятлузе. Гэта ўжо будзе мая другая палеанталагічная экспедыцыя “У пошуках Вятлугазаўра”. Праўда, асабіста я еду туды за белемнітамі, ці, як іх называюць у нас у вобласці, ведзьмінымі пальцамі. Гэта вымерлыя галаваногія малюскі палеазойскай эры, вельмі старажытныя кальмары, — дзеліцца планамі дзяўчына. — Хачу паспець папрацаваць і з архіднымі — маім любімым сямействам. У маім Шырыінскім раёне ёсць невялічкае, але даволі цікавае балотца. Па ўсёй вобласці ўсяго 26 відаў архідных, 20 занесены ў Чырвоную кнігу, і менавіта на гэтым балотцы большасць з іх можна вывучаць. Прыедзе мой навуковы кіраўнік, і мы туды сходзім у экспедыцыю, паглядзім, як звычайна, зробім геабатанічнае апісанне, складзём спіскі відаў. І пасля гэтага можна будзе гаварыць пра наданне балотцу ахоўнага статусу”.

Навука нон-стоп

Сур’ёзнасць і амаль прафесіяналізм захаплення ўдзельнікаў сёлетняга злёту адзначалі і вучоныя, і арганізатары. Так, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства А.У.Ануфровіч сказала: “У маім жыцці было тры злёты, і кожны з іх меў сваё аблічча. І менавіта гэтая група самая матываваная на навуковую работу, на даследаванні. Я не бачыла яшчэ дзяцей, якіх не выцягнуць было на гадзінку адпачыць ці патанцаваць. Любую вольную хвіліну яны чыталі, нешта абмяркоўвалі, хапалі вучоных за рукі, гутарылі з імі. І большага шчасця для іх не прыдумаеш”.

Гаворачы ўвогуле пра ролю злёту, Г.В.Філіповіч, старшыня камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, зазначыла: “У межах Саюзнай дзяржавы праекты, якія праводзяцца для моладзі, фарміруюць той рэзерв, які спатрэбіцца нам заўтра. Як бы мы сёння не імкнуліся быць лідарамі ў тэхнічным прагрэсе, інавацыйных дасягненнях, без аглядкі на захаванне прыроды, разумення тых працэсаў, якія адбываюцца сёння ў навакольным асяроддзі, паспяховай дзяржава наўрад ці зможа быць”.

Наступны злёт па традыцыі зменіць краіну правядзення. Ён пройдзе праз 2 гады ў Прыокска-Тэрасным дзяржаўным прыродным біясферным запаведніку імя М.Заблоцкага. І, дарэчы, І.А.Міхееў, намеснік дырэктара дэпартамента дзяржаўнай палітыкі ў мэтах выхавання дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, прапанаваў у наступны раз павялічыць колькасць удзельнікаў злёту, аргументуючы гэта тым, што і саміх дзяцей, і іх інтарэсаў у галіне экалогіі, біялогіі ў нашых дзяржавах куды больш.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Сяргея ГАПОНА.