Знайсці сябе і сваю прафесію

Па выніках сваёй дзейнасці Рэчыцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі на працягу апошніх трох гадоў знаходзіцца ў пяцёрцы лепшых устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці. Толькі за гэты год праца калектыву адзначана больш як паўсотняй дыпломаў рознага ўзроўню. Тое, што Цэнтр творчасці з’яўляецца флагманам выхаваўчай, творчай, культурна-масавай, прафарыентацыйнай работы з моладдзю, стала нагодай яго дырэктару Святлане Чыгрынёвай прадставіць свой вопыт на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Выхаваўчы патэнцыял устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: вопыт, праблемы, перспектывы”.

У цэнтры — герой

Рэчыцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі — гэта больш за тысячу навучэнцаў, 45 педагогаў і 8 профіляў дзейнасці. Аднак найбольш яркія і выніковыя кірункі — сацыяльна-педагагічная і прафарыентацыйная работа з моладдзю.

Цэнтр адным з першых звярнуў увагу на абнаўленне форм работы з падлеткамі. У 2014 годзе педагогі ўстановы вырашылі прыдумаць для падлеткаў 14—16 гадоў, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку, нешта новае і арыгінальнае. І так на свет з’явіўся сацыяльна-педагагічны праект “ЦЭНТРальны герой”. Гэта было рэаліці-шоу, падчас якога падлеткі ўключаліся ў сацыяльныя акцыі і праекты, гульні, трэнінгі, адпраўляліся ў паходы, выезды, экскурсіі, ладзілі квесты, знаёміліся з вулічнымі і прафесійнымі відамі спорту, выпрабоўвалі сябе ў турнірах па боўлінгу, пейнтболе і інш.

Удзельнікамі праекта сталі тры каманды вучняў з трох школ горада, трэнерамі якіх выступалі сацыяльныя педагогі. На працягу года падлеткі зараблялі балы, якія запісваліся ў назапашвальныя кніжкі. Была распрацавана спецыяльная сістэма налічэння балаў у якасці заахвочвання і іх зняцце за розныя парушэнні. Кожны месяц меў сваю тэматыку і накіраванасць: творчыя мерапрыемствы перамяжоўваліся прафілактычнымі, прафарыентацыйная работа — прапагандай здаровага ладу жыцця. У канцы кожных заняткаў падлеткі галасавалі за галоўнага героя сваёй каманды, таго, хто прыцягнуў да сябе найбольш увагі станоўчымі ўчынкамі, — “ЦЭНТРальнага героя”.

Адчыненыя дзверы

Праект стаў толькі першым крокам па атрыманні вопыту работы з падлеткамі. Другім жа стаў хобі-клуб для падлеткаў “Адчыненыя дзверы” — нетрадыцыйнае аб’яднанне па інтарэсах сацыяльна-педагагічнага профілю. Гэтая ініцыятыва стала пераможцай І конкурсу мясцовых ініцыятыў у межах праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Для рэалізацыі ініцыятывы была аказана міжнародная тэхнічная дапамога ў памеры больш за 10 700 еўра.

Ініцыятыва па стварэнні незвычайнага хобі-клуба была адзначана і ў конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, “Конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй” бізнес-школы ІПМ, рэспубліканскім конкурсе матэрыялаў па ажыццяўленні сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і аказанні псіхалагічнай дапамогі навучэнцам.

Зараз хобі-клуб — гэта месца пазітыўных зносін моладзі, дзе можна з карысцю і цікавасцю правесці вольны час, пагутарыць з аднагодкамі і пры гэтым у ненадакучлівай форме атрымаць карысную інфармацыю па здаровым ладзе жыцця, прафілактыцы правапарушэнняў, негатыўных з’яў.

— У рабоце хобі-клуба асноўны акцэнт мы робім на прапанову падлеткам вялікай колькасці відаў дзейнасці: тэматычныя вечарыны з выхаваўчай асновай, вечарынкі, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця, прафілактычныя трэнінгі, квесты, ролевыя гульні, конкурсы, прафарыентацыйныя гульні, майстар-класы, творчыя майстэрні і многае іншае, што стала добрай альтэрнатывай негатыўным з’явам і правапарушэнням. Сумна тут дакладна не бывае! — гаворыць Святлана Мікалаеўна.

Прафесійны вектар

Не менш паспяхова Рэчыцкі цэнтр творчасці ладзіць і прафарыентацыйную работу. Як адзначыла яго дырэктар, выпускнікі штогод паступаюць па профілі аб’яднанняў па інтарэсах. А некаторыя з іх ужо вярнуліся ў цэнтр педагогамі дадатковай адукацыі.

Пра эфектыўную дапамогу падлеткам і моладзі ў прафесійным самавызначэнні сведчаць і перамогі навучэнцаў у прафарыентацыйных конкурсах “Марачы аб прафесіі”, “Праз творчасць у прафесіі жыцця” і інш.

А ў гэтым годзе асабліва ярка склаўся прафарыентацыйны шлях выхаванак майстэрні моды і стылю “Шый дэ Пары” (кіраўнік Алена Шаўчэнка), якія сталі абсалютнымі пераможцамі Гомельскай вобласці на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkills Belarus у намінацыі “Дызайн і мадэляванне адзення”: тры прызавыя месцы аказаліся ў навучэнак цэнтра. А на рэспубліканскім этапе Хрысціна Сцепаненка стала ўладальніцай дыплома III ступені. Адна з дзяўчат ужо стала навучэнкай Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці па спецыяльнасці “Закройшчык, кравец”.

Пра тое, у якія навучальныя ўстановы вядуць дарожкі з аб’яднанняў па інтарэсах, дзе можна працягнуць навучанне па профілі гуртка і якую кваліфікацыю атрымаць, расказваюць прафарыентацыйныя пашпарты ў кожным кабінеце. Летам жа прымераць на сябе абраную прафесію навучэнцы могуць падчас арганізаваных тут жа прафарыентацыйных лагераў.

Дарэчы, дапамагае вызначыцца з прафесіяй цэнтр не толькі сваім навучэнцам, але і падлеткам, і моладзі ўсяго горада і раёна. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе гэта адбывалася ў межах праекта “Турагенцтва шостага дня” ва ўзаемадзеянні з установамі агульнай сярэдняй адукацыі. Адным з пунктаў падарожжа па планеце шостага дня была “PR — прафесійная рэспубліка”, мерапрыемствы ў якой былі разлічаны на падлеткаў ва ўзросце 10—14 гадоў. Асноўная ідэя гэтага праекта — пазнаёміць вучняў з прафесіямі. Для старэйшых быў рэалізаваны праект “Акадэмія ўніверсальных прафесіяналаў” у межах абласнога праекта “Творчыя суботы”.

— “Акадэмія ўніверсальных прафесіяналаў” — гэта наша ўласная распрацоўка па ўдасканаленні работы ў шосты школьны дзень з навучэнцамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — тлумачыць сутнасць праекта Святлана Мікалаеўна. — Акадэмія прапаноўвала моладзі, якая ўжо вызначылася з выбарам прафесіі і атрымлівае спецыяльнасць, не проста стаць прафесіяналам у сваёй справе, але і імкнуцца авалодаць навыкамі, якія могуць спатрэбіцца ў любой сферы дзейнасці. На першым этапе падлеткі прымалі непасрэдны ўдзел у прафесійных майстар-класах ад вопытных педагогаў цэнтра, якія давалі ўяўленні аб спецыфіцы сваіх прафесій, навучалі элементарным прафнавыкам. На другім этапе ўдзельнікі дэманстравалі атрыманыя ўменні і навыкі навучэнцам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па прынцыпе “роўны навучае роўнага”.

Водгуку не прыйшлося доўга чакаць. Пасля спецкурса “Remesla.by — мой рукатворны свет” па просьбе моладзі была адкрыта студыя творчага развіцця “Хамелеон” для навучэнцаў 14 гадоў і старэйшых.

Прафарыентацыйная работа вядзецца таксама асобнымі педагогамі дадатковай адукацыі і ў межах сваіх аб’яднанняў па інтарэсах, а таксама выкарыстоўваецца ў хобі-клубе. Яна можа праходзіць у форме прафарыентацыйнага маскараду, гульнявога трэнінгу, з дапамогай мабільнага дадатку Kahoot! і інш.

Люстэрка для маладых

— Мы часта гаворым, што новы час патрабуе ад адукацыі новых форм, метадаў, прынцыпаў, заснаваных на адпаведнасці запытаў сучаснага вучня, бацькоў, грамадства. Але адна справа — накіраваць на правільны прафесійны шлях навучэнца, а зусім іншая — спецыялісту дапамагчы не сысці з яго, пераканаць у правільна зробленым выбары і даць магчымасць раскрыць усе свае здольнасці. І гэта не менш важная задача, якую мы вырашаем пры рабоце з маладымі спецыялістамі. Таму мы распрацавалі праект “Люстэрка”, накіраваны на ўкараненне новых метадаў навучання як для педагогаў, так і для навучэнцаў. Люстэрка адлюстроўвае тое, што знаходзіцца перад ім. І як жа выдатна, калі людзям падабаецца тое, што яны бачаць у люстэрку! — зазначае Святлана Мікалаеўна.

Праект “Люстэрка” — гэта работа як з асобным чалавекам, так і з калектывам па пастаноўцы ўласных мэт і максімальна хуткім іх дасягненні. Ён заснаваны на сучасных метадах навучання і развіцця персаналу, якія ўжываюцца ў сферы менеджменту і прадпрымальніцтва: бадынг і коўчынг.

Адным з вынікаў узаемадзеяння маладых і актыўных педагогаў з метадыстам стала стварэнне лэпбука. Лэпбукі дапамагаюць хутка і эфектыўна засвойваць новую інфармацыю і замацоўваць вывучанае ў займальна-гульнявой форме.

На аснове коўч-прыёмаў педагогаў вучылі ствараць уласны лэпбук. У выніку быў створаны лэпбук па энергазберажэнні, які ўдастоены дыплома I ступені на абласным этапе Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі ў намінацыі “Сродкі навучання”. І менавіта гэтая форма работы была абагульнена ў праекце “Чатыры сезоны энергазберажэння” для Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”, на якім педагогі цэнтра атрымалі дыплом II ступені.

У новым навучальным годзе пошук новых форм па азначаных і новых кірунках абавязкова працягнецца.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.