Яшчэ не так даўно большасць людзей, пачуўшы слова “парламентарый”, уяўляла сталага чалавека ў строгім касцюме і са скураным партфелем у руцэ. У апошнія гады гэты стэрэатып паціху сціраецца, у тым ліку і дзякуючы ініцыятыве ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Сёння, каб зрабіць свой горад лепшым, дзецям не трэба чакаць сталасці, неабавязкова і мяняць любімыя джынсы на касцюм, а рукзак — на партфель. Галоўнае, мець ініцыятывы і дарослых паплечнікаў, якія б дапамаглі іх рэалізаваць.
Некалькі гадоў назіраючы за развіццём маладзёжнай палітыкі, ездзячы з горада ў горад, адзначаючы кардынальныя змены ў іх, размаўляючы і з юнымі парламентарыямі, і з іх старэйшымі калегамі, я крыўджуся, калі сёння некаторыя называюць супрацоўніцтва паміж дзецьмі і ўладамі горада фармальным, а ўсе іх сумесныя праекты — толькі на паперы сумеснымі (маўляў, рэалізуюцца толькі тыя дзіцячыя ініцыятывы, якія ўжо даўно ўнесены ў план па развіцці горада). Тым, хто сумняецца, хочацца расказаць, як сотні дзіцячых і маладзёжных праектаў і ініцыятыў знаходзяць падтрымку і рэалізуюцца на месцах, як у выніку будуюцца спартыўныя пляцоўкі і дзіцячыя кафэ, адкрываюцца новыя зручныя для школьнікаў аўтобусныя маршруты, маладзёжны адпачынак набывае новыя кірункі (ад дыскатэк на вадзе да дзіцячых рок-фестываляў) і многае іншае.
У Навагрудку маладзёжны парламент пачаў дзейнічаць з 2012 года, але на адной мове ўлады і дзеці навучыліся гаварыць вельмі хутка. Як доказ таму, што тут словы знаходзяць увасабленне, — мноства дзіцячых ініцыятыў, рэалізаваных у горадзе. Першай ластаўкай быў праект “Адпачывай актыўна”, які падняў праблему недахопу месцаў для правядзення вольнага часу, культурнага адпачынку. У выніку з’явіліся хакейныя пляцоўкі на стадыёнах сярэдніх школ № 5 і № 7 і міні-футбольная спартыўная пляцоўка круглагадовага выкарыстання ў гімназіі № 1. Пазней члены парламента сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама рэалізавалі праект “Графіці”, у выніку якога старую бетонную сцяну ў пераходзе, які злучае дзве вуліцы горада, аматары графіці з розных раёнаў Гродзенскай вобласці і мясцовыя дзеці ператварылі ў твор мастацтва. У праекце “Мой горад” паднялі праблему чысціні і асвятлення Навагрудка, было прапанавана выкарыстоўваць аўтаномныя сістэмы асвятлення на аснове фотаэлектрычных батарэй, прадстаўлены эскіз асвятлення гарадской плошчы. Дзеці стварылі летапіс свайго горада для азнаямлення на ўроках, класных гадзінах і ў пазакласнай дзейнасці, вывучалі гістарычныя аб’екты горада, распрацавалі экскурсійныя маршруты па горадзе і раёне, у якіх экскурсаводамі з’яўляюцца самі навучэнцы, арганізоўваюць і праводзяць катэгарыйныя водныя паходы пры падтрымцы мясцовага турыстычнага агенцтва і турыстычнага цэнтра аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Вельмі актыўна валанцёрамі-інструктарамі з маладзёжнага парламента вядзецца работа па прафілактыцы наркаспажывання і камп’ютарнай залежнасці. У 2016 годзе з’явіўся і развіваецца праект “Музей у чамадане”, а перасоўная выстава “Азбука правоў” стала вынікам міжведамаснага ўзаемадзеяння па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Сумесна з ЖКГ рэалізаваны першы этап праекта “Стары парк па-новаму”, у выніку якога ў гарадскім парку добраўпарадкаваны зоны адпачынку для дзяцей і бацькоў, зменены дызайн клумб.
Спачатку ў сярэдняй школе № 1, а цяпер і ў іншых, праект “Дынамічны перапынак: лёгка і цікава” шум і гам на перапынках замяняе на музыку, а бегатню па калідорах — на танцы. Навучэнцы сярэдняй школы № 7 у межах праекта па буккросінгу, ідэя якога ў рэкламе і абмене прачытанымі кнігамі праз інтэрнэт, ствараюць “віртуальныя паліцы” на сайтах школ.
Новы погляд на школьныя перапынкі з’явіўся ў навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Пінска. Іх праект “У рытме перапынкаў” — гэта правядзенне для равеснікаў арыгінальных і займальных міні-мерапрыемстваў на перапынках: танцавальныя зарадкі, флэш-мобы, фота-кросінг, дэманстрацыя відэаролікаў і інш. Сучасная матэрыяльная база новай сярэдняй школы № 10 знайшла сваё прымяненне ў праекце вучняў па стварэнні школьнага тэлебачання.
У Пінску штогод у кастрычніку адзначаюць Дзень горада. Апошні раз да яго была прымеркавана гарадская акцыя “Падары ўсмешку”. На працягу месяца ў школах горада члены дзіцячага парламента арганізоўвалі мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду пазітыўнага настрою і здароўя: аперацыі “Смайлік”, “Абдымкі ў абмен на ўсмешку”, міні-конкурсы на лепшую фатаграфію “Усмешка маёй мамы”, “Горад усміхнула”, гасцёўня “Настройся на пазітыў”.
— Для мяне парламент вельмі шмат значыць. Я палюбіла рабіць нешта для горада. І мы шмат робім. Мы заводзім новыя знаёмствы па ўсёй Беларусі, аб’ядноўваемся, дзелімся ідэямі, усімі сіламі стараемся зрабіць наша жыццё больш насычаным, а нашу маладосць — яркай.
Мне падабаецца, што работа гарадскога дзіцячага парламента праходзіць у насычаным і плённым рэжыме, заняткі жывыя, інтэрактыўныя. Сустрэчы з цікавымі людзьмі, прадстаўнікамі мясцовай улады, удзел у гарадскіх мерапрыемствах, арганізацыя і рэалізацыя сваіх праектаў — такі рэжым работы дзіцячага парламента. Мы “гарым” і хочам запаліць справай сваіх сяброў, аднагодкаў.
Кацярына Астрэйка,
старшыня маладзёжнага парламента,
навучэнка сярэдняй школы № 16 Ліды.
Асаблівую ролю юныя пінчане адводзяць сваім інклюзіўным праектам. Так, гімназія № 2 адзначылася правядзеннем незвычайнага сацыяльнага эксперымента сумесна з Беларускім таварыствам інвалідаў па зроку. Гімназісты прапанавалі равеснікам пражыць адзін дзень з жыцця чалавека з парушэннем зроку. Удзельнікі эксперымента выконвалі звычайныя справы з павязкай на вачах. Навучэнцы сярэдняй школы № 1 актыўна супрацоўнічаюць з фізкультурна-аздараўленчым клубам інвалідаў “Ветразь”. Фішка ў тым, што ў валейбол з маладымі інвалідамі Брэсцкай вобласці яны гуляюць седзячы — каб быць на роўных. Штогод у гарадскім парку культуры і адпачынку яны ладзяць фестываль “Бэзавая ластаўка”, а ў яго межах — конкурс малюнка на асфальце і канцэрт.
— Мы цесна ўзаемадзейнічаем з дзецьмі з сацыяльнага прытулку, а таксама і з інтэрната для дзяцей, якія не чуюць. Мы займаемся на курсах, дзе вывучаем мову жэстаў. 14 лютага праводзілі для іх майстар-клас па стварэнні валянцінак. Прыемна правялі час. Цяпер рыхтуемся да дня адкрытых дзвярэй, які адбудзецца 21 сакавіка. На гэтым свяце мы хочам “зняць бар’еры” паміж звычайнымі школьнікамі і, скажам так, унікальнымі дзецьмі. Разглядаем варыянты форм правядзення.
Настасся Касянік,
старшыня гарадскога дзіцячага парламента,
навучэнка сярэдняй школы № 14 Пінска.
Ва ўсіх установах адукацыі Ліды па ініцыятыве маладзёжнага парламента арганізавана дзейнасць па рэалізацыі сацыяльна значных праектаў “Разам думаць пра будучыню” (вывучэнне гісторый прафесійных дынастый у Лідскім раёне і стварэнне прафарыентацыйных прэзентацый), “Мой край беларускі” (стварэнне відэа пра родны край), “Горад майго дзяцінства” (сустрэчы са знакамітымі людзьмі Лідчыны), “Каб усміхаліся дзеці” (акцыя па размалёўванні сцяны ў цэнтральнай раённай бальніцы), “Сувязь пакаленняў” (вывучэнне ваеннай гісторыі сваіх сем’яў і сем’яў гараджан для стварэння летапісу), “Планета сяброў” (спартыўныя конкурсы з асаблівымі дзецьмі), “Зялёны горад” (пасадка ў школьных дварах яблынь, падораных старшынёй Лідскага райвынкама), “Вуліцы нашага горада” (складанне і правядзенне экскурсій), “Падары фарбы вясёлкі” (стварэнне карціннай галерэі дзіцячага аўтарства для цэнтральнай раённай бальніцы), “Атлас прафесій” (стварэнне прэзентацый аб прафесіях). Праводзяцца акцыі “Крылы надзеі, міру і мары” (збор пажаданняў роднаму гораду ад выпускнікоў падчас раённага выпускнога вечара і афармленне стэнда), “Для сябе, для іншых, для грамадства” (святочныя праграмы для асаблівых дзяцей), “Пазітыў праз аб’ектыў” (стварэнне матывацыйный сцяны), “Місія — жыць” (прапаганда здаровага ладу жыцця) і інш.
— У межах акцыі “Місія — жыць” мы шукалі шляхі, каб дапамагчы маладым людзям, якія памыліліся, прыахвоціўшыся да тых рэчаў, што губяць іх жыццё. Адным са шляхоў быў гумар: наша каманда КВЗ, у якую ўвайшлі цяжкія падлеткі, летась стала лепшай на рэспубліканскай акцыі “Асенні марафон”. І вопыт зносін з гэтымі дзецьмі вельмі каштоўны не толькі для іх, але і для нас. Мы ладзілі сумесныя спаборніцтвы па плаванні, баскетболе, валейболе. І мы пасябравалі, не звяртаючы ўвагі на тое, у якой складанай жыццёвай сітуацыі некаторыя з нас знаходзіліся, — гаворыць Кацярына Астрэйка, старшыня маладзёжнага парламента Ліды.
— Мы прапануем дарослым тое, што ім, магчыма, не так відавочна. Так, нядаўна мы сустрэліся з аўтарамі падручнікаў па матэматыцы, фізіцы і рускай мове і прапанавалі ўнесці некалькі змен у заданні. Усе мы памятаем задачы, дзе з пункта А ў пункт Б выехала машына і рухаецца з пэўнай скорасцю. Мы прапанавалі замяніць літары назвамі рэальных гарадоў. Так школьнікі ўжо ў 5 класе будуць ведаць, што ад Масквы да Мінска 700 кіламетраў, а ад Вашынгтона да Нью-Ёрка 320. Дзеці запомняць, дзе знаходзяцца гарады і як яны пішуцца. А гэтая інфармацыя ў будучыні спатрэбіцца ім на ўроках геаграфіі і рускай мовы. Яшчэ адно новаўвядзенне, за якое выступілі юныя парламентарыі Маладзечна, — размяшчэнне QR-кода ў падручніках біялогіі, фізікі, хіміі і іншых прадметаў. Цяпер школьнікі могуць бачыць будову сэрца толькі з аднаго боку. Але ўявіце, што вучань зможа навесці тэлефон або планшэт і з дапамогай такога кода ўбачыць 3D-мадэль любога органа. Гэта, упэўнены, значна павысіць цікавасць да прадмета.
Мікіта Андрыевіч,
старшыня маладзёжнага парламента,
навучэнец гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна.
Мне падаецца, каб разабрацца, наколькі фармальнае партнёрства паміж уладамі горада і дзецьмі, дастаткова пагутарыць з дзецьмі. І калі яны пачынаюць расказваць пра тое, як разам імкнуцца змяніць свой горад і не могуць спыніцца, думаю, ім можна верыць. І, урэшце, дастаткова ўпэўніцца, што дзецям самім падабаецца быць запатрабаванымі.
Святлана НІКІФАРАВА.