І там душою спачываю

Наш родны кут, які нам мілы, куды мы ў думках залятаем і дзе душою спачываем, у эпоху імклівага развіцця камп’ютарных тэхналогій забыць амаль немагчыма. Дзякуючы сацыяльным сеткам, можна кожны дзень здзяйсняць завочныя прагулкі па малой радзіме: некалькі клікаў мышкай або некалькі рухаў пальцам па экране смартфона — і калі ласка, глядзі-любуйся фотавыявамі любых мясцін. Аднак гэта віртуальная сувязь. На рэальную, паўнацэнную ў нас, на жаль, не заўсёды хапае часу. Клопаты дарослага жыцця, штодзённая мітусня — апраўданне заўсёды можна знайсці. Як не страціць сувязь з малой радзімай? Чаму гэтую сувязь нельга страчваць? Па адказы звернемся ў сярэднюю школу № 215 Мінска. Настаўнікі, бацькі вучняў гэтай сталічнай установы адукацыі надзейна трымаюць сувязь з малой радзімай.

Невядомая сіла

Дзіўныя атрымліваюцца рэчы. Пра той куточак, дзе мы нарадзіліся, дзе прайшло наша дзяцінства, юнацтва, мы можам бясконца расказваць самымі ўзвышанымі словамі, аднак рэалізаваць сябе ў асабістым і прафесійным жыцці часцей за ўсё імкнёмся не на малой радзіме. Дасягнулі пэўных жыццёвых вяршынь — і невядомая сіла пачынае цягнуць нас на малую радзіму. Што гэта? Покліч продкаў? Настальгія? Успаміны? Душэўная стомленасць? Пры кожнай нагодзе імкнёмся хаця б на дзянёк-другі прыехаць у бацькоўскі край і падыхаць яго гаючым паветрам, адпачыць, набрацца сіл. Навошта тады было пакідаць родную зямлю? Дзіўныя атрымліваюцца рэчы…

Сталічная прапіска

“Люблю наведваць родныя мясціны, // Сюды так цягне кожны раз. // На могілкі зайсці да продкаў // І павітацца з роднай хатай, // Што больш за сто гадоў // Хавае ў сабе гісторыю для нас… // Ніколі не забуду сваіх родных // І хаты той утульнай, векавой, // Рачулкі звон, лясоў маўчанне // І памяць, што застанецца са мной”, — гэтыя словы напісала мама лаўрэата нядаўняга Рэспублікан­скага конкурсу “Мой род, мая сям’я” вучня 9 класа 215-й сталічнай школы Уласа Пісарыка Маргарыта Мікалаеўна. Навуковым кансультантам конкурснай работы “Мая сям’я — маё багацце” стала загадчык школьнага музея Марына Чаславаўна Макаранка. Хоць ужо не адзін дзясятак гадоў жанчыны жывуць у вялікім горадзе, аднак сувязь з малой радзімай не губляюць, ды і мінчанкамі яны сябе не лічаць. “У Мін­ску я толькі пражываю, у мяне тут прапіска, у душы і характарам я — іўяўчанка”, — адзначае Марына Чаславаўна. “А я — саўцавіцкая дзяўчына, хоць і нарадзілася ў Мінску. Вёска Саўцавічы — ёсць такая ў Баранавіцкім раёне”, — дадае Маргарыта Мікалаеўна.

Дома лепш

У 1989 годзе пасля заканчэння Іўеў­скай сярэдняй школы Марына Чаславаўна паступіла на геафак БДУ і паехала з малой радзімы. Хаця слова “паехала” гучна сказана, бо жанчына заўсёды лічыла і лі­чыць і пры кожнай нагодзе з гонарам заяўляе, што яна іўяўчанка. У 1988 годзе старшакласніцы Марыне, якая ішла на залаты медаль і была актывісткай школьнага жыцця, прапанавалі па праграме абмену студэн­тамі працягнуць пасля заканчэння школы вучобу ў Польшчы. “Гэта ж прэстыжна. Ты годна прадставіш Беларусь за мяжой”, — гаварылі дзяўчыне родныя і сябры. “На роздум адвялі ўсяго суткі. Іншы б і абрадаваўся, а ў мяне пачалася істэрыка. Канечне, цікава вучыцца за мяжой, знайсці там новых сяброў. Але ж родная Беларусь… Як я яе пакіну? Можа, для кагосьці гэта прагучыць дзіўна і банальна, але ад заманлівай прапановы адмовілася. Сказала, што я па­трыётка і Радзіму люблю”, — падзялілася педагог. Дарэчы, школьным настаўнікам Марына Чаславаўна Макаранка стала толькі ў 45 гадоў. Ці то характар такі (па­чаць педагагічную дзейнасць у сталым узро­сце, пагадзіцеся, вырашыць не кожны), ці то прозвішча абавязвае.

— У Іўі жывуць мае бацькі і сястра. Я там бываю амаль кожныя выхадныя, для мяне там найлепшы адпачынак, бо больш роднага і салодкага месца на зямлі ў мяне няма. Я часта наведваю родную школу, сябрую з аднакласнікамі сем’ямі, падтрымліваю сувязь з настаўнікамі. Пра Іўе магу гава­рыць вельмі доўга. Іўе — гэта ўнікальны гарадок у Гродзенскай вобласці. У Іўі дзейнічае музей нацыянальных культур, узвышаецца адзі­ны на Беларусі помнік канфесіям. На працягу стагоддзяў у маім родным мястэчку ў згодзе жывуць мусульмане, яўрэі, каталікі, праваслаўныя. Як можна не любіць гэтую зямлю, як можна забываць пра яе? Добра памятаю, як мая бабуля, якая жыла ў вёсцы Збойск, што непадалёк Іўя, на беразе Нёмана, перад смерцю гаварыла: “Хатка мая, цябе ж прададуць, я памру, каму ты патрэбна будзеш?” Дарэмна бабуля хвалявалася. Гэты дом мы не прадалі і выкарыстоўваем як дачу. Не ведаю, што павінна такое здарыцца, каб наша сям’я адмовілася ад гэтага дома, ад гэтых мясцін, дзе я часта ў бабулі праводзіла школьныя канікулы. Гэта такое шчасце, калі ёсць куды ехац­ь, калі малая радзіма ёсць не толькі ў тваіх успа­мінах і тваім сэрцы, — гаворыць Марына Чаславаўна.

Вепрынскія бярозы

Жыццёвыя абставіны бываюць розныя. А калі ехаць няма куды, калі шлях на малую ра­дзіму для цябе закрыў Чарнобыль? Муж Марыны Чаславаўны Аляксандр Яўгенавіч і хацеў бы часцей прыязджаць у родную вёску Вепрын, што ў Чэрыкаўскім раёне, аднак Чарнобыль крута змяніў жыццё яго землякоў. Пасля аварыі на ЧАЭС жыхарам Вепрына давялося развітацца з роднымі мясцінамі і нала­джваць жыццё ў іншых населеных пунктах. Дарэчы, для такіх перасяленцаў і будаваўся ў канцы 80-х — пачатку 90-х сталічны мікрараён Малінаўка, у якім і знаходзіцца 215-я школа.

Вёска Вепрын калісьці была самай вялікай і заможнай у Чэрыкаўскім раёне. Калі пачыналася высяленне, тут пражывала 386 сем’яў і больш за тысячу чалавек. Лічаныя гадзіны — і вёска абязлюднела. Толькі 13 сем’яў не захацелі з’язджаць, хаця і яны з часам пакінулі Вепрын. Кропка ў жыцці вёскі была пастаўлена пасля таго, як бульдозеры закапалі драўляныя дамы. Цяпер на месцы сядзіб толькі асірацелыя яблыні і грушы, а таксама бярозы. Адна з такіх прыгажунь расце на былым падворку бацькоўскай хаты мужа. Кожную вясну на гэтых дрэвах з’яўляецца маладзенькая лістота, і кожную вясну на Радаўніцу вепрынская зямля напаўняецца людскімі галасамі. З розных мясцін, з усяго свету з’язджаюцца вепрынцы на зямлю продкаў. Актыўны арганізатар гэтых сустрэч — цётка Аляксандра Яўгенавіча Галіна Адамаўна Курачкіна, якая жыве ў Іспаніі, але пра малую радзіму не забывае і нават стварыла ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” групу “Вепрын — вёска майго сэрца”.— Калі мы прыязджаем у Вепрын, муж абавязкова падыходзіць да бярозы і прытуляецца да яе. Дрэва з’яўляецца нібыта саломінкай, якая звязвае яго з роднымі мясцінамі, далёкім дзяцінствам, маладосцю, маладосцю яго бацькоў. Вепрын калісьці быў перспектыўнай вёскай. Цэнтр калгаса, школа, клуб, магазін — жыццё тут струменіла. І раптам — Чарнобыль. Мясцовыя жыхары неаднойчы гаварылі мне, што калі б ведалі пра аварыю, то загадзя ўзвялі б над вёскай саркафаг, каб ні адна ядзерная пылінка не змаг­ла ўпасці на іх родную зямлю. Асабліва цяжка было пакідаць абжытыя месцы старым. Некаторыя катэгарычна адмаўляліся выяз­джаць, гаварылі, калі і паміраць, то на малой радзіме. Бабуля майго мужа пражыла ў Мінску некалькі гадоў. Але ні камфортныя гарадскія ўмовы жыцця, ні адсутнасць цяжкай працы яе не радавалі. Яна ўсё прамяняла б, каб вярнуцца ў родны Вепрын, пакаштаваць яблычак са свайго саду. Апошняе яе жаданне мы выканалі — пахавалі бабулю на зямлі яе продкаў. Чалавек без малой радзімы, што дзіця-сірата. Як гэта страшна, калі тое месца, дзе ты вырас, дзе жыла твая дружная сям’я, сцёртае з твару зямлі, — гаворыць Марына Чаславаўна Макаранка.

Няўрымслівыя землякі

Людзі, якія па сваёй ахвоце або па жыццёвых абставінах пакінулі малую радзіму, нярэдка робяць для землякоў карысныя справы. Доктар навук падарыў роднай школе… Вядомы бізнесмен ахвяраваў землякам… Ура­джэнец раёна пабудаваў на малой радзіме… Падобныя словы мы часта чуем, чытаем у сродках масавай інфармацыі.Заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі, акадэмік Расійскай акадэміі прэсы, намеснік галоўнага рэдактара “Расійскай газеты” Ядвіга Юферава неяк пісала, што з малой радзімай яе звязвае не столькі пачуццё настальгіі, колькі пачуццё ўдзячнасці. Жанчына заўсёды сочыць за навінамі жыцця роднага мястэчка і расказвае гэтыя навіны сваім расійскім сябрам і калегам. Удзячна за тое, што бацькі, жыццё ў Іўі прывучылі яе да працы. Дзякуючы намаганням Ядвігі Браніславаўны, была добраўпарадкавана іўеўская крыніца, жанчына актыўна дапамагае раённай бібліятэцы ў набыцці новых экзэмпляраў кніг. Віктар Шутаў, кандыдат эканамічных навук, намеснік дырэктара ЗАТ “Тэхналогія ГЕАСКАН”, кавалер ордэна Пашаны, уладальнік ганаровага знака Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага, таксама з радасцю вяртаецца ў роднае Іўе, ганаровым грама­дзянінам якога ён, як і Ядвіга Браніславаўна, з’яўляецца.

Іўяўчане захапляюцца актыўнасцю і няўрымслівасцю сваёй зямлячкі Тамары Барадач-Кошчар, каардынатара Міжнароднага цэнтра “Ізраіль — Беларусь”. Знакамітая іўяўчанка за 15 гадоў па праграме праекта “Карані” прывезла на зямлю продкаў амаль паўтары тысячы жыхароў Ізраіля. Многія з гэтых людзей знялі фільмы, напісалі кнігі-адкрыцці. Кожнаму яна стараецца дапамагчы знайсці не толькі магілы продкаў, але і суседзяў. Жанчына арганізоўвае “Маршы жыцця”, збірае дзяцей і ўнукаў эмігрантаў і прывозіць іх на зямлю продкаў.

— Штогод у Іўі праходзіць мітынг-рэквіем па нявінна забітых падчас Вялікай Айчыннай вайны яўрэях. Іх нашчадкі прыязджаюць з Ізраіля, ЗША, іншых краін. Мясцовыя жыхары да гэтага часу не могуць забыць спектакль, пастаўлены па ініцыятыве Тамары Барадач і аднаго вядомага амерыканскага харэографа, які расказвае пра жыццё дыяспары ў мірны час і гады вайны. Яго ўдзельнікамі тады сталі не толькі прафесійныя акцёры, але і ўсе, хто прысутнічаў на мерапрыемстве, — паведамляе Марына Чаславаўна.

“Дзеці розных нацыянальнасцей у адным маленькім мястэчку. Гэтая прышчэпка іх дзяцінства засталася на ўсё жыццё і многае ў жыцці вызначае. Яны спрабавалі кулічы, пірагі, мацу. Усім горадам чакалі Курбан-байрам, Каляды і Вялікдзень. Усіх прытуліла зямля іўеўская, кожны знайшоў сваё месца на зямлі пад белымі крыламі, куды буслы аднолькава ахвотна носяць дзяцей і беларусам, і татарам, і палякам, і рускім. Іўяўчанам, у якім бы кутку зямнога шара яны ні знаходзіліся, ёсць чым ганарыцца: іх малая радзіма — прыклад вялікай дружбы паміж рознымі народамі і талерантнасці”, — пісала супрацоўніца газеты “Іўеўскі край” Вера Гулідава.

Нераскіданае гняздо

“Ёсць на карце Беларусі маленькая кропка — вёска Саўцавічы каля мястэчка Моўчадзь Баранавіцкага раёна. Там наша радавое гняздо — дом, у якім жылі, нараджалі, сталелі і паміралі мае продкі па лініі матулі. Кожны год летам мы збіраемся ў роднай хаце, каб адпачыць, набрацца сіл і зарадзіцца жыватворнай энергіяй роднай зямлі. Наша з сястрой дзяцінства прайшло менавіта тут! Які шчаслівы быў гэта час — лета, сонца, рэчка недалёка! Сырадой з-пад каровы, курыныя яечкі з яркім жаўтком, смачныя бліны з печы, намазаныя падсоленым маслам. Як я рады, што гэта ў нас было. Вялікі дзякуй маім продкам за тое, што стварылі і збераглі для нашчадкаў тое маленькае месца на зямлі, дзе вольна дыхаецца і соладка спіцца, дзе спяваюць птушкі, шумяць лістотай дрэвы, дзе саграваюць цяплом і пяшчотай стагадовыя бярвёны дома ў Саўцавічах”, — не менш лірычна, чым мама ў сваім вершы, паведамляе пра зямлю сваіх продкаў Улас Пісарык.

Вучань ганарыцца тым, што яго мама стварыла ў доме сваіх бацькоў этнаграфічны музей і зберагла для нашчадкаў старыя валёнкі і збаны, калаўрот і “газоўку”, кошыкі і куфар, посуд і прасы, саматканыя ручнікі і дзяружкі. Кожная з гэтых рэчаў з’яўляецца сямейнай рэліквіяй, якая дасталася ў спадчыну ад папярэдніх пакаленняў. Самая галоўная рэліквія — невялікая Біблія ў металічнай вокладцы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыхары вёскі Саўцавічы часта хаваліся ў лясах. Прабабуля Уласа абавязкова брала з сабой святую кнігу, малілася за родных, за выратаванне Радзімы, за салдат. Аднойчы, вярнуўшыся з лесу, людзі ўбачылі на месцы вясковых хат папялішчы, аднак хата бацькоў Маргарыты Мікалаеўны ўцалела, уцалеў у чырвоным куце і абраз. “Калі я бяру ў рукі гэтыя рэчы, то адчуваю, што наш род працягваецца”, — адзначае Улас Пісарык.

Часцінкі памяці

Частка экспанатаў з прыватнага этнаграфічнага музея перададзена Маргарытай Мікалаеўнай Пісарык у музей 215-й мінскай школы. Усе 490 экспанатаў школьнага музея — гэта часцінкі той зямлі, пра шчаслівае жыццё на якой у настаўнікаў і бацькоў вучняў захаваліся цяпер толькі ўспаміны. Экспазіцыя прадстаўлена такімі раздзеламі, як “Ткацтва”, “Сельскагаспадарчыя прылады працы”, “Прадметы хатняга ўжытку”, “Пчалярства”. У музеі праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі (“Сімволіка ручніка”, “Дзяжа”, “Пра лён”, “Каляды”, “Вяселле”, “Вялікдзень” і інш.), ладзяцца музейныя заняткі па тэмах “Творчая экскурсія ў вершах”, “Майстэрня па стварэнні гістарычных гульняў”, “Віктарыны-даведнікі па экспазіцыях музея”, “Гісторыя аднаго экспаната”. Матэрыялы музея шырока выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання, выяўленчага мастацтва, у пазакласнай рабоце, у шосты дзень, на класных гадзінах, гадзінах інфармавання, пры правядзенні народных свят, пры сустрэчы з ганаровымі гасцямі.

Зямля радасці

“Мы ў Саўцавічах працуем, скачам, // А бывае так, што плачам. // Столькі ў нас пя­шчоты, руху. // У іншых не хапіла б духу…” — прадэкламавала на развітанне Маргарыта Мікалаеўна. Яшчэ б! На роднай зямельцы, на малой радзіме, у родным краі, на зямлі продкаў, у бацькоўскім куточку і скакаць весялей, і гора — не гора, і радасць удвайне.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва М.М.Пісарык.