У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адкрылася рэспубліканская выстава-конкурс мастацкіх праектаў “КраЯвід”. Сваё бачанне беларускіх пейзажаў прадставілі 45 калектываў выяўленчага мастацтва ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія маюць званне “народны”, “узорны”, “заслужаны”, з усіх рэгіёнаў краіны.
Натхненне юныя мастакі чэрпалі з палотнаў мастакоў XIX—XX стст.: Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Фернанда Рушчыца, Антона Бархаткова, Паўла Масленікава, Віталя Цвіркі, Мая Данцынга, з фантастычна-наіўных карцін Язэпа Драздовіча, Алены Кіш, з краявідаў сучаснікаў: Леаніда Шчамялёва, Васіля Сумарава і інш. Творчасць знакамітых мастакоў стала крыніцай натхнення для стварэння ўнікальных дзіцячых мастацкіх праектаў. Усяго тут іх прадстаўлены 61. Работы, выкананыя ў розных відах выяўленчага мастацтва (жывапісныя, графічныя, змешаная тэхніка) і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, ацэньваліся ў намінацыях: “Пленэрная Беларусь”, “Авангардная Беларусь”, “Сучасная Беларусь”, “Фантастычная Беларусь”, “Эксперыментальная Беларусь”.
Не мог адарвацца ад дзіцячых работ, абыходзячы іх па некалькі разоў, Рыгор Сямёнавіч Сітніца, член Беларускага саюза мастакоў, старшыня журы. Гэта ён патлумачыў так:
Вугаль, абпаленыя карані і палачкі, вапняк, сажа — нашы продкі выкарыстоўвалі ўсе прыдатныя падручныя рэчы, каб адлюстроўваць прыгажосць навакольнага свету. Сучасныя мастакі працягваюць справу сваіх творчых продкаў ужо новымі, сучаснымі інструментамі, але ўсё з тым жа імпэтам, талентам і густам. Дзеці беражліва захоўваюць і рамёствы сваіх прадзедаў, іх музыку і абрады, іх песні і традыцыі. Побач з імі — такія ж улюбёныя ў народную творчасць і мудрасць педагогі. Пра тое, як працягваецца гэтая нітка паміж стагоддзямі, паміж пакаленнямі, і пойдзе гутарка ў нашым сённяшнім дадатку.
— Я шмат разоў быў членам журы розных конкурсаў, якія ладзіў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, але сёння ў мяне ці не найлепшыя ўражанні ад таго, што я пабачыў. Бо гэта настолькі пазітыўна, настолькі прыгожа, асабліва на фоне нашых будняў! Я з вялікім задавальненнем, з радасцю перагледзеў усе конкурсныя работы. Хочацца падзякаваць і арганізатарам конкурсу, і настаўнікам, якія працуюць з гэтымі дзецьмі. І хочацца падкрэсліць важнасць нацыянальнай тэматыкі і нацыянальнай стылістыкі гэтага конкурсу, тое, што дзецям прапаноўвалася вывучыць спадчыну іншых мастакоў: Алены Кіш, Язэпа Драздовіча, Леаніда Шчамялёва, Міколы Пушчы. Я пазнаю ў гэтых дзецях шмат каго з калег. І тое, што дзецям прапаноўваецца натхніцца і пераасэнсаваць творчасць нашых знакамітых мастакоў і зрабіць свае, так бы мовіць, рэмейкі ці лёгкія рэфлексіі паводле гэтых твораў — правільная арыентацыя. Якраз так трэба выхоўваць дзяцей. Калі яны малююць славутыя помнікі нацыянальнай архітэктуры, свой горад, яго мінуўшчыну, сённяшні дзень і нават будучыню — гэта вельмі хораша. І ў мяне не можа быць ніякіх заўваг і прэтэнзій. Хіба толькі ў адным выпадку: калі дзіця пасля прагляду страшных мульцікаў намалявала нейкіх пачвар. Не трэба дзіцяці паказваць такія мульцікі, і такую фантастычную Беларусь я не хацеў бы бачыць.
Салідарная з калегам Наталля Рудольфаўна Жыгамонт, педагог-мастак, кіраўнік студыі “Анёлак” Свята-Елісавецінскага манастыра, член Беларускага саюза мастакоў і член журы:
— Сённяшні дзень мы правялі ў атмасферы прыгажосці і любові. Як у англійскай мове ёсць цяперашні прадоўжаны час, так і мне хацелася б гэтую рэальнасць працягнуць і ў ёй жыць, бо дзеці паказалі нам свет сваімі, больш чыстымі вачыма. І сёлетні конкурс для мяне стаў адкрыццём. Раней мяне больш уражвалі работы, якія дасылалі канкурсанты з Арменіі, Малдовы, Грузіі, — я заўсёды радавалася, што мы можам паглядзець на новыя колеры, новыя вобразы. А цяпер я ўсё гэта ўбачыла ў нашых дзяцей. Яны разам са сваімі настаўнікамі мабілізаваліся і максімальна пастараліся — і ў графіцы, і ў жывапісе. Неяк адна з маіх вучаніц на пытанне “Што на ваш погляд — прыгажосць?” адказала: “Тое, на што можна глядзець доўга”. Дык вось на гэтыя праекты хацелася глядзець доўга. Хацелася прайсціся і па намаляваных палях, лясах, вулачках… Я вельмі ўдзячна юным мастакам за гэтае свята. І няхай яно стане стартавым пунктам у новым дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя, якое пачалося, і няхай яно будзе такім, якім нам яго паказалі дзеці.
Як бы ні захапляліся літаральна ўсімі мастацкімі праектамі эксперты, усё ж яны змаглі вызначыць сярод іх лепшыя. Падрабязней з вынікамі рэспубліканскай выставы-конкурсу “КраЯвід” можна азнаёміцца на сайце цэнтра. А ў самой установе можна да 13 сакавіка на свае вочы ўбачыць мастацкія шэдэўры і адчуць атмасферу дзіцячага асэнсавання мінулага, сучаснага і будучыні нашай Беларусі.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.