Маршчынкі пакрываюць іх твары, а ў вачах — маладосць, якую ў іх калісьці адабрала вайна. Яны не саромеюцца слёз, калі перад імі выступаюць дзеці з вершамі, танцамі і песнямі пра вайну, але самі нячаста жадаюць пра яе ўспамінаць. Нягледзячы на ўзрост, яны вядуць актыўны лад жыцця: займаюцца спортам, вывучаюць замежныя мовы, з задавальненнем наведваюць экскурсіі, тэатры і гурткі, створаныя спецыяльна для іх у межах сацыяльнага праекта “Мост пакаленняў”. Усе яны ветэраны Вялікай Айчыннай, беларускія “арляняты”, вязні канцлагераў, якія цудам засталіся ў жывых у тыя незабыўныя, абпаленыя агнём саракавыя. Напярэдадні Дня Перамогі, 4 мая, былыя ўдзельнікі вайны сустрэліся з навучэнцамі сталічнай школы № 34 на ўрачыстым мерапрыемстве “Дыялог пакаленняў”.
Асаблівасцю сустрэчы стала тое, што ўсе выступленні, падрыхтаваныя дзецьмі для ветэранаў, былі ўласнага сачынення і, магчыма, таму так глыбока кранулі сэрцы гасцей. Вершы, сцэнічныя пастаноўкі, танцавальныя нумары падрыхтавалі пераможцы гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і алімпіяд, яны ж члены школьнага валанцёрскага атрада V.I.P., што значыць “вынослівыя, ініцыятыўныя і рашучыя”. Дарэчы, такі валанцёрскі атрад — маленькая, але неад’емная частка аўтарскага адукацыйнага праекта “ Будучыня — гэта мы”, кіраўніком якога з’яўляецца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Уладзіміраўна Котава. Па яе словах, праект дзейнічае з 2013 года і мае на мэце стымуляванне навуковай і метадычнай дзейнасці ў школе, умацаванне ў сацыяльным і выхаваўчым асяроддзі каштоўнасцей навукі, культуры і адукацыі, а таксама стварэнне ўмоў для творчых зносін, індывідуальнага развіцця кожнага навучэнца і прафесійнага развіцця педагога.
Дзеці-валанцёры аказваюць дапамогу ветэранам ваенных дзеянняў, удзельнікам працоўнага фронту, адзінокім людзям і ветэранам педагагічнай працы, добраўпарадкоўваюць могілкі і праводзяць шмат цікавых акцый і мерапрыемстваў.
— Трэба сказаць, што няма раўнадушных у гэтым кірунку. Калі ў спартыўных спаборніцтвах некаторыя часам могуць адмовіцца ад удзелу, бо не ўпэўнены ў сваіх сілах, то ў нашай валанцёрскай арганізацыі справы знаходзяцца для кожнага. Ва ўсіх ёсць родныя, якія прайшлі вайну, таму мы з хваляваннем адносімся да гэтага і з вялікай радасцю прымаем удзел у праектах, — растлумачыла намеснік камандзіра атрада валанцёраў 10-класніца Ніна Панцакова.
Дарэчы, юныя валанцёры сярэдняй школы № 34 актыўна ўключыліся ў сацыяльны праект “Мост пакаленняў”, заснаваны яшчэ ў 2012 годзе Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханеса Рау ў супрацоўніцтве з міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне”. Праект быў створаны для сацыяльна-псіхалагічнай падтрымкі былых вязняў канцлагераў і пажылых людзей, для іх інтэграцыі і сацыялізацыі ў грамадскае жыццё. Прасцей кажучы, ветэранам прапанавалі не толькі выйсці ў свет — наведаць музеі і тэатры, экскурсіі па Мінску і паездкі па гістарычных і памятных месцах краіны, разам святкаваць дні юбіляраў, але і пасадзілі іх за парты! Навучэнцы школы № 34, хлопчыкі і дзяўчынкі, з задавальненнем выкладаюць ім нямецкую і англійскую мовы. І такія сумесныя заняткі карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод былых удзельнікаў вайны, як і астатнія клубы — “Бісерапляценне”, “Чароўны клубок”, “Літаратурная гасцёўня”, кінаклуб “Фільмы нашай маладосці”. Акрамя таго, мастацкая майстэрня праекта праводзіць пастаянныя майстар-класы, а ў тэрапеўтычнай рабоце з пажылымі людзьмі выкарыстоўваецца метад псіхадрамы.
— Наша супрацоўніцтва пастаяннае: яны ведаюць, што мы ёсць, мы ведаем, што яны ёсць. Такіх сумесных сустрэч у нас шмат, бо мы вельмі глыбока ўвайшлі ў гэты праект, які з’яўляецца сімбіёзам выхавання і адукацыі, і ветэраны без пытанняў прыязджаюць да нас у госці. Сёння гэта не проста мост пакаленняў паміж 1945 і 2016 годам, сёння гэта дыялог пакаленняў, дзе ўсе разумеюць адно аднаго, падтрымліваюць і ідуць насустрач, — упэўнена Наталля Уладзіміраўна Котава.
Падчас урачыстага мерапрыемства дыялог паміж пакаленнямі сапраўды адбыўся. Дзеці не толькі прадэманстравалі сваю творчасць і расказалі пра школьныя праекты патрыятычнай накіраванасці, але і ўважліва слухалі ўспаміны ветэранаў, задавалі ім пытанні. Адчувалася, што ў зале сабраліся самыя зацікаўленыя людзі, не было адчування штучнасці і нейкай абавязалаўкі. Дзеці хваляваліся, дарылі кветкі і… слухалі — уважліва і шчыра. А госці толькі здзіўляліся: “Глядзіце, як яны слухаюць!”
Сярод ветэранаў на мерапрыемстве прысутнічала баец “Батальёна беларускіх арлянят” ганаровая піянерка сталіцы Ада Аляксееўна Чаркашчанка, а таксама Андрэй Іванавіч Маісеенка, былы вязень канцлагера “Бухенвальд”. Трэба сказаць, я была вельмі здзіўлена, калі даведалася, што гэтаму прыгожаму падцягнутаму мужчыне ў выгладжаным касцюме 1 мая споўнілася 90 гадоў! Пакуль дзеці яго віншавалі кветкамі і падарункамі, я думала толькі пра адно: якія ж яны малайцы, нашы ветэраны. Перамаглі і вайну, і свой узрост.
Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.