Азеляненне прышкольнай тэрыторыі мае вялікае значэнне ў эстэтычным, экалагічным і патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Асабліва калі на ёй ствараюцца кампазіцыі, якія нясуць пэўнае сэнсавае значэнне. Плошча тэрыторыі Верхнядзвінскай гімназіі Віцебскай вобласці дазваляе ствараць незвычайную прыгажосць з кветкавых кампазіцый розных жыццёвых форм раслін, перш за ўсё ў даследчых і эстэтычных мэтах.
Традыцыйна ў гімназіі ў маі праходзіць мерапрыемства па прадстаўленні навучэнцамі ўласна распрацаваных праектаў “Будуем, будуем новы дом!”. Гэта своеасаблівае планаванне работы вучнёўскага самакіравання на будучы навучальны год. І кожны год прадстаўляюцца праекты па добраўпарадкаванні тэрыторыі гімназіі.
Цікавай была ініцыятыва навучэнцаў 7-8 класаў “Карта Беларусі”, заснаваная на ідэі выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Людмілы Уладзіміраўны Шасцітка. “Картай Беларусі” стаў невялікі ўчастак зямлі, на якім групамі былі высаджаны дэкаратыўныя расліны, іх межы сімвалізавалі шэсць абласцей нашай краіны.
* Вось так стваралася “Карта Беларусі”
Размяшчэнне абласных цэнтраў на клумбе суправаджаецца іх гербамі. Межы акрэслены белым каменем у спалучэнні з чырвонай трэскай. Разнастайнасць раслін паказвае, наколькі прыгожая наша краіна.
Для стварэння клумбы выкарыстоўваліся самыя звычайныя і непатрабавальныя ў доглядзе кветкі. Гэта тагецес адхілены (аксаміткі), цынерарыя прыморская, алісум скальны, агератум блакітная норка, лабелія каскадная, пеларгонія занальная (герань), колеус Блюма.
Ствараючы такую кветкавую кампазіцыю, дзіця наглядна запомніць размяшчэнне абласных цэнтраў Беларусі, пазнаёміцца з выявай гербаў і, галоўнае, захавае ў сэрцы нашы квітнеючыя палі і лясы.
* Незвычайна і прыгожа выглядае кветкавая карта з вышыні птушынага палёту
У бягучым навучальным годзе вучні 7 “Б” класа пад маім кіраўніцтвам распрацавалі праект стварэння цікавай ландшафтнай кампазіцыі з дэкаратыўных кветнікаў, якая была б не толькі прыгожая, цешыла вока гімназістаў і гасцей, але і вучыла, мела сімвалічны сэнс. Ідэя заключаецца ў стварэнні клумбы ў выглядзе Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, акружанага нашымі галоўнымі багаццямі: рэкамі, азёрамі і лясамі, выкананымі з кветкавых кампазіцый. Расліны — зноў самыя даступныя: сальвінія, хоста, асака і алісум. А што ў нас атрымаецца, мы зможам расказаць ужо ў наступным навучальным годзе.
Вось такім незвычайным спосабам мы выхоўваем у нашых гімназістаў любоў і павагу да сваёй зямлі, сваёй Радзімы.
Святлана РЫНЦЭВІЧ,
настаўніца біялогіі Верхнядзвінскай гімназіі.