Мэта: сістэматызацыя і пашырэнне ведаў аб нацыянальных традыцыях беларусаў на аснове пазнавальных магчымасцей матэрыялу і самастойнай творчай работы вучняў, якая будзе садзейнічаць умацаванню жадання далучыцца да захавання традыцый.
Задачы: пашырыць веды аб каляндарна-абрадавым свяце “Гуканне вясны”; растлумачыць значэнне свята на аснове абрадавых дзей; стварыць умовы для развіцця творчых здольнасцей дзяцей; спрыяць выхаванню павагі да нацыянальных традыцый, садзейнічаць умацаванню жадання далучыцца да іх захавання.
Папярэдняя падрыхтоўка: стварэнне вучнёўскай мастацкай рады для распрацоўкі сцэнарыя, выбар аргкамітэта; вывучэнне літаратуры па тэме свята; распрацоўка сцэнарыя; падрыхтоўка касцюмаў; падбор аксесуараў, рэквізіту; развучванне песень, гульні, танцаў; выраб папяровых птушак (выразаць з кардону птушку, намаляваць вочкі, можна ўпрыгожыць арнаментам, адступіўшы зверху прыкладна 1 см, зрабіць нажніцамі невялікую адтуліну, уставіць у адтуліну гармонік з каляровай паперы, прымацаваць да птушкі вяровачку з дапамогай іголкі); печыва з цеста (для цеста на 10 птушак патрэбна 3 ст. мукі, 1,5 ст. солі, 1 ст. вады; да солі дадаць ваду, усыпаць муку, замясіць цеста; раскатаць з цеста невялікую доўгую каўбаску і звярнуць яе ў вузел, расплюшчыць адзін канец і нарэзаць у прыгожы хвост, другі канец выцягнуць, сфарміраваць галаву і дзюбу, вочы зрабіць з чорнага перцу, удаўліваючы яго ў цеста з двух бакоў галавы; перад пасадкай у духавую шафу даць крыху расстаяцца (прыкладна 5 хвілін), каб птушкі атрымаліся прыгожага карычневага колеру; затым змазаць іх падсалоджанай вадой; змясціць у разагрэтую духавую шафу, выпякаць прыкладна 20 хвілін; птушкі, зробленыя з салёнага цеста, захоўваюцца доўга).
Рэквізіт: нацыянальныя касцюмы, вяночкі, хустачка для гульні, жаваранкі з паперы і цеста, каляровыя стужкі, веснавое кола, музычнае суправаджэнне (свістулькі, трашчоткі, званочкі), радзюшка, гаршчок з кашай.
Ход мерапрыемства
*Дзеці (прэзентуюць свой гурток і абрад). Мы любім нашу спадчыну, паважаем традыцыі! // Мы ведаем, што многаму трэба вучыцца нам! // Мы танцуем, гуляем і песні спяваем! // Фальклор беларускі мы ўсе паважаем! // Нам добра, утульна ў вольнай краіне, // Дзе родная мова, саспелыя нівы! // Нам весела, дружна ў школе жывецца! // А гурт наш лагодна “Несцеркай” завецца! // Давайце ўсе дружна будзем гуляці, // З намі разам Вясну гукаці!*1-ы вучань. Выходзьце з хаты людзі, // Вясну гукаць будзем!
*2-гі вучань. Каб быў хлеб і да хлеба ў хаце, // Будзем разам Вясну гукаці!
*3-ці вучань. Свята песенькай сустракаем, // Вясну-матухну гукаем!
(Праход да месца абрадавых дзей пад музычны акампанемент, упрыгожванне птушкамі дрэва пад песню “Жавароначкі”.)
*1-я вучаніца. Жавароначак-жаваронак, пташачка вясенняя, чаму ж ты так рана з выраю прыляцела? А там, у далёкай даліне, ляжаць снежныя крыгі, а там, на далёкім полі, марозы суровы.
(Рытуальнае падкідванне птушак пад песню “Хадзі, Вясна”. Дзяўчаты кладуць на радзюшку птушак з цеста, становяцца па крузе, беручыся рукамі за краі радзюшкі. Хлопцы акампаніруюць дзяўчатам на музычных інструментах. Ідуць па крузе па гадзіннікавай стрэлцы.)
*Дзеці. Хадзі, Вясна, двору, // Хадзі, Вясна, двору. // У-у-ух! (Спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы, ідуць па крузе супраць гадзіннікавай стрэлкі.)
Нясі ключ за сабой, // Нясі ключ за сабой. // У-у-ух! (Спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы, ідуць па крузе па гадзіннікавай стрэлцы.)
Зіму замыкаці, // Зіму замыкаці. // У-у-ух! (Спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы, ідуць па крузе супраць гадзіннікавай стрэлкі.)
Вясну адмыкаці, // Вясну адмыкаці. // У-у-ух! (Спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы, ідуць па крузе па гадзіннікавай стрэлцы.)
Зіму ў замочак, // Зіму ў замочак. // У-у-ух! (Спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы, ідуць па крузе супраць гадзіннікавай стрэлкі.)
Вясну ў чаўночак. // Вясну ў чаўночак. // У-у-ух! (Спыняюцца, падкідваюць птушак на радзюшцы.)*4-ы вучань. Да нас абяцала завітаць і сама Вясна, маладзенькая ды прыгожая. Ходзіць па палях-лугах, будзіць прыроду. Дзе Вясна ступіць — там трава зелянее, кветкі распускаюцца, галінкі квітнеюць. Наладжвайце карагод, гукайце Вясну!
(Дзяўчаты вядуць карагод пад песню “Вясна-красна”.)
*Вучаніцы. Вясна-красна наставала (Ідуць парамі адна за адной, трымаючыся за каляровыя стужкі, прывязаныя да рукі суседкі.) // Снягі з поля саганяла. // Ой, наставала! (Спыняюцца, падымаюць змацаваныя рукі ўгору, утвараючы тунэль.) // Ой, саганяла! // Звесяліла зямля воду (Пачынаючы з апошняй пары, праходзяць уперад праз тунэль, заводзяць пары на кола.) // І мяне малоду. // Ой, зямля воду // І мяне малоду! (Утвараюць кола, ідуць па гадзіннікавай стрэлцы.) // Там, дзе горы-даліначкі, // Там дзевачкі, парабачкі. // Ой, гуляючы! // Ой, спяваючы! (Спыняюцца, падымаюць змацаваныя рукі ўгору, упускаюць у сярэдзіну кола Вясну.) // Ой, гуляючы! // Ой, спяваючы!
*2-я вучаніца. Што прынесла нам, Вясна-весенька?
*Вясна. Я прынесла вам песні-песенькі, // Каб спявалі іх з году ў год, // Каб вадзілі вы карагод.
*3-я вучаніца. Што падорыш нам, Вясна-весначка?
*Вясна. Падару я вам шмат пралесачак. // Будуць красачкі ўсюды расцвітаць. // Будуць пташачкі звонка шчабятаць. // Я, Вясна-красна, вам прынясла // Хлопчыкам па кіёчку, а дзевачкам па вяночку.
(Вясна надзявае дзяўчатам вяночкі.)
*Вясна. Але засумавалі мы, засмуткавалі. Давайце пагуляем!
*Дзяўчаты. Давайце, давайце!
*4-я вучаніца. Хлопцы, гайда да нас!
(Гульня “Хустачка” пад акампанемент “Беларускай полькі” на гармоніку. Хлопцы і дзяўчаты ўтвараюць кола. Адна з дзяўчынак выбягае на сярэдзіну кола, падкідвае хустачку і крычыць: “Хустачка!” Хлопцы выбягаюць, каб падхапіць хустачку. Той, хто зловіць яе, запрашае дзяўчыну на польку. Пара выходзіць у сярэдзіну кола і танцуе. Далей хустачка перадаецца наступнай дзяўчыне. Гульня працягваецца, пакуль самі гульцы не вырашаць яе спыніць.)
*1-я дзяўчынка. Ой, замарыліся ўжо! Хопіць гуляць.
*2-я дзяўчынка (выносіць кашу ў гаршку). А зараз, даражэнькія, накормім смачнай кашай нашу зямельку-маці. Яна ж згаладалася за зіму, праўда?
*Дзеці. Накормім, накормім!
(Гаршчок перадаецца хлопцу. Наладжваецца шэсце да месца закопвання кашы. Наперадзе ўрачыста хлопец з дзяўчынай нясуць кашу. Гаршчок закопваецца ў зямлю хлопцамі. Дзяўчаты ў гэты час спяваюць песню “Благаславі, Божа”, выконваючы рытуальныя дзеянні.)
Благаславі, Божа. (Паклон да зямлі.) // Зіму замыкаці. // Благаславі, Божа. (Паклон да зямлі.) Вясну красну пеці. // На ціхае лета, // На буйнае жыта. (Паднятымі ўгору рукамі імітуюць жыта, якое хіліцца з боку ў бок.) // Каб нашае жыта // У трубы павілося, // На бок схілілося. (Кладуць левую руку на пояс, хіляцца ў левы бок.) // На полі снапамі. (Імітуюць сноп рухамі рукамі ўверх-уніз паралельна.) // А ў гумне тарпамі. // А ў млыне прыполна. (Прысядаюць.) // А ў дзяжы падходна. (Устаюць.) // А ў пячы пячыста, // На стале краіста. // Усім добрым людзям — // Добрага здароўя! (Паклон да зямлі.)
*1-ы вучань. Дай вам Божа, добрыя людзі, доўга жыці, вясёлымі быці!
*1-я вучаніца. Хай вашы дзеткі будуць, як у полі кветкі!
*2-гі вучань. Хай ваша ніва будзе ўрадліва!
*1-я вучаніца. Дай вам Божа жыці, быці, унукаў, праўнукаў пажаніці!
*3-ці вучань. Даём гэтыя манеткі на добрыя дзеткі!
*1-я вучаніца. А птушыныя перцы кожнаму дорым ад сэрца!
*Разам. Каб увесь год, як птушкі ляталі, Вясну-красну сустракалі-праважалі!
(Наладжваецца адыход з месца правядзення абраду пад песню “Жавароначкі”.)
Падрыхтавала Наталля СТУПЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Зэльвы,
кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея.
Фота аўтара.