Для педагогаў-краязнаўцаў Год малой радзімы — выдатная нагода падзяліцца вопытам работы, паведаміць пра цікавыя знаходкі, выказаць думкі адносна развіцця краязнаўчай справы. Менавіта ў Год малой радзімы “Настаўніцкая газета” пачынае рубрыку “Педагогі ў краязнаўстве”. Яе героямі стануць як мэтры айчыннага краязнаўства, так і маладыя даследчыкі роднага краю. І першы суразмоўца — загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Яўгенаўна Кравец, якая без перабольшання ведае ўсіх педагогаў-краязнаўцаў краіны, усе тэндэнцыі ў сучасным краязнаўстве.
Без перабольшання, і Аляксандру Яўгенаўну ведаюць усе педагогі-краязнаўцы. Арганізацыя і правядзенне рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсаў, акцый, семінараў, форумаў, папулярызацыя вопыту педагогаў па даследаванні роднага краю — усё гэта сфера прафесійнай адказнасці нашай гераіні і яе калег з аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання РЦЭіК. “Калегі з іншых аддзелаў часта жартуюць, маўляў, колькі можна ўзвялічваць і хваліць сваіх краязнаўцаў. А я і далей буду іх узвялічваць і хваліць, — смяецца Аляксандра Яўгенаўна. — Хаця лепш сказаць так: “Буду і далей гаварыць пра краязнаўцаў шчырую праўду”. Краязнаўцы — незвычайныя, адкрытыя людзі. З імі заўсёды цікава. У іх шырокі кругагляд. Яны цікавяцца ўсімі аспектамі жыцця, а не толькі краязнаўствам. Педагогі — найбольш актыўная частка грамадства, а педагогі-краязнаўцы самыя актыўныя сярод сваіх калег. Дык чаму ж не гаварыць пра іх добрыя словы?”
Дык чаму б і самім краязнаўцам не гаварыць пра сябе добрыя словы? “Краязнаўцам трэба гучна заяўляць пра сябе, бо тое, чым мы займаемся, — аснова выхавання”, — лічыць суразмоўца. Педагогам трэба актыўней папулярызаваць сваю краязнаўчую работу, сваё імя. І не толькі сярод калег. А то даводзіцца чуць, што ў школах мала ўвагі ўдзяляецца вывучэнню роднага краю. “Пачакайце! Дык краязнаўчая работа, прычым вельмі актыўная, вядзецца ва ўстановах адукацыі ўжо дзесяцігоддзямі”, — заўважае Аляксандра Яўгенаўна. Сапраўды, у краіне дзейнічаюць сотні аб’яднанняў па інтарэсах турысцка-краязнаўчага профілю, у якіх займаюцца тысячы навучэнцаў, ва ўстановах адукацыі працуюць амаль паўтары тысячы музеяў, дзе аснову экспазіцый складае мясцовы краязнаўчы матэрыял. Аднак гэтыя лічбы людзям не з сістэмы адукацыі амаль невядомы.
“Педагогаў, якія цікавяцца адметнасцямі малой радзімы, трэба скіраваць, падштурхнуць да вывучэння роднага краю, але ні ў якім выпадку не прымушаць займацца краязнаўствам”.
“Не трэба саромецца. Варта актыўней папулярызаваць краязнаўчую справу, вынікі сваёй дзейнасці. Як гэта зрабіць? Ды вельмі проста! Узяць, напрыклад, YouTube. Няўжо складана той жа відэаролік пра малую радзіму, створаны ў рамках рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, размясціць на папулярным сайце? Ніхто не гаворыць, што ён за дзень адразу збярэ тысячы лайкаў і праглядаў. Аднак хаця б першы крок будзе зроблены. Дарэчы, калі ролік дынамічны, пазнавальны, прафесійна зняты, то цалкам верагодна, што яго паглядзіць вялікая колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў. Не трэба, як кажуць, варыцца ў сваім саку. Свае набыткі, веды пра малую радзіму неабходна актыўней папулярызаваць не толькі сярод калег, вучняў, але і сярод іх бацькоў, землякоў, расказваць пра родную зямлю, родную Беларусь усяму свету”, — лічыць Аляксандра Яўгенаўна.
Большасць краязнаўцаў краіны — педагогі. Гэты факт бясспрэчны і ён невыпадковы. Жаданне ведаць свой край, на думку Аляксандры Яўгенаўны, павінна быць у кожнага свядомага чалавека. Аднак грунтоўна вывучаць малую радзіму можа не кожны. Штодзённыя клопаты гасяць гэтую цікавасць, перашкаджаюць сур’ёзна займацца краязнаўствам. У педагогаў для такой дзейнасці больш магчымасцей. Наколькі эфектыўна гэтыя магчымасці будуць рэалізоўвацца, залежыць ад адміністрацыі ўстановы.
“Краязнаўства — гэта пастаянны рух, пастаяннае самаўдасканальванне. Яшчэ ніводны краязнаўца не сказаў, што пра малую радзіму ён усё даведаўся, таму яе ўжо нецікава вывучаць. Заўсёды знаходзіцца нешта новае”.
“Педагогаў, якія цікавяцца адметнасцямі малой радзімы, трэба скіраваць, падштурхнуць да вывучэння роднага краю, але ні ў якім выпадку не прымушаць займацца краязнаўствам. Краязнаўчыя акцыі, конкурсы, праекты якраз даюць настаўнікам цудоўную магчымасць дзяліцца сваімі набыткамі. Я, напрыклад, настаўніца і цікаўлюся радаводам, ведаю шмат фактаў пра сваіх продкаў, аднак калі ў мяне няма нагоды скласці радавод, то я гэта і не раблю. А калі б мне прапанавалі паўдзельнічаць у адпаведным краязнаўчым конкурсе, абараніць тым самым гонар школы на раённым, абласным і, магчыма, рэспубліканскім узроўні, то чаму б не? Калі магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе супадае з тваім жаданнем, будзе плён”, — падзялілася А.Я.Кравец.
Для развіцця краязнаўчай справы вельмі важна падтрымліваць педагогаў. Выдатна, калі гэта матэрыяльнае заахвочванне. Аднак не менш важна сказаць добрае слова ці хаця б проста не замінаць рабіць сваю справу. Развіццё школьнага краязнаўства падтрымліваецца з боку Міністэрства адукацыі, іншых міністэрстваў і ведамстваў, з боку органаў мясцовай улады. Пацвярджаюць гэта, напрыклад, рэспубліканскія краязнаўчыя форумы. Яны заўсёды праводзяцца на высокім узроўні, ладзяцца або ў ратушах, або ў іншых велічных гістарычных будынках і абавязкова з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў, кіраўніцтва абласных або раённых выканаўчых камітэтаў. Робіцца ўсё магчымае, каб педагогі-краязнаўцы адчувалі клопат пра сябе, важнасць сваёй справы.
“Для развіцця краязнаўчай справы вельмі важна падтрымліваць педагогаў. Выдатна, калі гэта матэрыяльнае заахвочванне. Аднак не менш важна сказаць добрае слова ці хаця б проста не замінаць рабіць сваю справу”.
Краязнаўству падуладны ўсе ўзросты. Да вывучэння роднага краю далучаецца шмат актыўнай, крэатыўнай моладзі. Аднак і педагогі старэйшага пакалення не ўступаюць маладым калегам ні ў актыўнасці, ні ў крэатыўнасці. Старэйшыя вучацца ў малодшых, малодшыя пераймаюць вопыт старэйшых калег. Наогул, краязнаўства — гэта пастаянны рух, пастаяннае самаўдасканальванне. Яшчэ ніводны краязнаўца не сказаў, што пра малую радзіму ён усё даведаўся, таму яе ўжо нецікава вывучаць. Заўсёды знаходзіцца нешта новае, потым яшчэ новае і яшчэ. Краязнаўчыя конкурсы, акцыі, праекты — цудоўная магчымасць падзяліцца вынікамі пошукаў.
“У краіне створана эфектыўная сістэма школьнай краязнаўчай работы, радзімазнаўства. Вывучэнне настаўнікамі і вучнямі малой радзімы вялося і ў савецкі час, аднак найбольш эфектыўна пачалося ў 1992 годзе са старту Усебеларускай турысцка-краязнаўчай экспедыцыі навучэнцаў “Наш край”. У 2006 годзе па ініцыятыве Аляксандра Міхайлавіча Радзькова пачалася рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Сёння яе працягам стала акцыя “Я гэты край Радзімаю заву”. Сутнасць названых акцый не мяняецца: яны накіраваны на вывучэнне малой радзімы, папулярызацыю ведаў пра яе. Іншым становіцца толькі ўнутранае напаўненне, якое адпавядае сучасным патрабаванням, сучаснаму жыццю. Актуальнымі застаюцца конкурсы экскурсаводаў, у гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў праводзяцца конкурсы музеяў баявой славы, працягваецца вывучэнне духоўнай спадчыны, легенд і паданняў, тапанімікі роднага краю. Наперадзе нас чакае цікавы рэспубліканскі конкурс на лепшую краязнаўчую знаходку. Будзе працягвацца практыка сустрэч нашых краязнаўцаў, кіраўнікоў музеяў на форумах, семінарах. Як бачым, сумаваць няма калі”, — паведаміла Аляксандра Яўгенаўна.
“Краязнаўцы — незвычайныя, адкрытыя людзі. З імі заўсёды цікава. У іх шырокі кругагляд. Яны цікавяцца ўсімі аспектамі жыцця, а не толькі краязнаўствам”.
Краязнаўцы і не сумуюць. Яны жыццярадасныя людзі, таварыскія, ахвотна дзеляцца сваёй любоўю да роднага краю. А яшчэ гэта людзі шырокага кругагляду, таму што краязнаўства не толькі гісторыя або геаграфія. Каб цудоўна ведаць родны край, неабходна цікавіцца і яго культурай, і эканомікай, і біялагічнай разнастайнасцю. Нядзіўна, што сярод педагогаў-краязнаўцаў шмат не толькі гісторыкаў і географаў, але і філолагаў, фізікаў, астраномаў, матэматыкаў, біёлагаў. Так што ў рубрыцы “Педагогі ў краязнаўстве” нас чакае шмат цікавых сустрэч і гутарак.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.