Як гаварыць пра ахову прыроды, каб цябе пачулі і пачалі дзейнічаць? Як клапаціцца пра родныя рэкі, лясы? Як зрабіць адносіны да навакольнага асяроддзя адказнымі? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся днямі ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства падчас міжведамаснага семінара “Сучасныя падыходы да экалагічнай асветы дзяцей і моладзі: вопыт і інавацыі”. Яго ўдзельнікамі сталі супрацоўнікі міністэрстваў адукацыі і прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, педагогі і кіраўнікі навучальных устаноў з усіх рэгіёнаў і сталіцы, прадстаўнікі грамадскіх экалагічных арганізацый і інш.
Новыя рашэнні вядомых задач
Адкрываючы семінар, Эдуард Тамільчык, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, адзначыў ролю экалагічнай асветы і важнасць пераемнасці паміж установамі адукацыі, а таксама магчымасць паглыбленай і профільнай падрыхтоўкі ў галіне навакольнага асяроддзя ў межах як абавязковых вучэбных праграм, так і факультатыўных курсаў, праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Кацярына Кузняцова, начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, падзялілася ініцыятывамі, якія ўжо рэалізавала Мінпрыроды разам з Міністэрствам адукацыі і грамадскімі арганізацыямі. Гэта і рэалізацыя праекта “Зялёныя школы”, правядзенне міжнародных і рэспубліканскіх навукова-практычных мерапрыемстваў, рэспубліканскага рэгіянальнага конкурсу, экалагічных акцый і кампаній “Моладзь за чысціню гарадоў і сёл”, “Чысты вадаём”, “Тыдзень лесу”, “Час Зямлі” і інш.
— Але наша задача — не спыняючыся на дасягнутым, шукаць новыя эфектыўныя, нетрадыцыйныя падыходы ў галіне экалагічнай адукацыі і выхавання, фарміраваць у навучэнцаў навуковыя веды, погляды і перакананні, якія б забяспечылі ў іх адказнае стаўленне да навакольнага асяроддзя, здольнасць прымаць экалагічныя рашэнні, фарміравалі экалагічнае мысленне, спрыялі рэалізацыі ідэй устойлівага развіцця, — адзначыла Кацярына Уладзіміраўна.
Сваім вопытам у інавацыйным кірунку падзяліліся педагогі. Так, Жанна Цехановіч,дырэктар Лідскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, прадставіла прысутным некаторыя лакальныя адукацыйныя практыкі сваёй установы, якія найбольш актуальныя для рэгіёна. У першую чаргу гэта падрыхтоўка будучых прафесіяналаў. У цесным супрацоўніцтве з прыродаахоўнымі арганізацыямі, упраўленнем па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, установамі адукацыі ў экалагічным цэнтры наладжваюцца прафарыентацыя, прафесійныя пробы, дапрафесійная падрыхтоўка. З 2014 года тут кожнае лета 30 падлеткаў робяць першыя крокі ў прафесію рабочага зялёнага будаўніцтва.
Каб яны не пераходзілі да практыкі без тэорыі, у гэтым навучальным годзе ў школах Ліды была ўведзена прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў старшых класаў у межах “працоўнага навучання”, якая па ініцыятыве экалагічнага цэнтра ажыццяўляецца на яго базе і па распрацаванай праграме прафпадрыхтоўкі.
Дадаткова была створана праграма перадпрофільнай падрыхтоўкі, якая ўключыла ў сябе навучанне па праграмах аграбіялагічнага кірунку “Асновы садаводства”, “Асновы ландшафтнага азелянення”.
Інавацыйны акцэнт мае тут і музейная педагогіка эколага-этнаграфічнага профілю. На базе цэнтра адкрыта выстава гаючых траў і водараў роднай прыроды. Штуршком стаў багаты вопыт па вырошчванні лекавых траў у аптэкарскім агародзе (больш за 50 відаў), выкарыстанне іх у рабоце аб’яднанняў па інтарэсах, пры правядзенні экскурсій, даследчых работ па вырошчванні і выкарыстанні ў быце і для ўмацавання здароўя старажыламі Лідчыны. Экспазіцыя ўключае ў сябе 7 тэматычных раздзелаў, і ў кожным з іх тут вучаць берагчы народныя традыцыі і разумець каштоўнасць роднай прыроды.
Дзелячыся планамі сваёй установы, Жанна Мікалаеўна сказала, што з верасня 2019 года тут адкрыецца ўніверсітэт “Менеджмент сацыяльных праектаў”, студыя здаровага жыцця GreenLine, лабараторыя жывой прыроды па гідрапоніцы і арганічным земляробстве, школа геаэкатурызму і інш.
Пра развіццё экалагічнай культуры ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі расказаў яго дырэктар Дзмітрый Андрэеў. Прыярытэтны кірунак — даследчая дзейнасць навучэнцаў. Юныя вучоныя прымаюць удзел у алімпіядзе “Крок да інавацый”, юніёрскім водным конкурсе, злёце юных эколагаў Саюзнай дзяржавы “Экалогія без меж”, Міжнародным дзіцячым экалагічным форуме “Зялёная планета”, Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Сахараўскія чытанні” і інш. Толькі за апошні год лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў і студэнтаў сталі 10 навучэнцаў устаноў адукацыі вобласці, з іх 9 — Віцебскага палаца дзяцей і моладзі. З новага навучальнага года тут плануецца адкрыццё вучэбнай лабараторыі “Крокі ў навуку”, якая дазволіць далучыць да даследчай дзейнасці каля 900 школьнікаў горада.
Пра экалагічныя ініцыятывы ў сваёй школе расказала Алена Лабачэўская, дырэктар сярэдняй школы № 3 Пінска. Адзін з апошніх рэалізаваных праектаў — “З адходаў у даходы”.
— У нашай школьнай сталовай пры гатаванні ежы ўтвараюцца пярвічныя арганічныя адходы ад перапрацоўкі агародніны і садавіны: ачысткі морквы, бульбы, буракоў і інш. За год — тона. З усіх школ Пінска — 20 тон у год. Калі іх проста выкінуць на сметнік, яны будуць утвараць парніковы эфект. А Пінск у 2018 годзе падпісаў пакт мэраў, далучыўшыся да ініцыятывы па зніжэнні выкідаў парніковых газаў. І таму мы стварылі бізнес-кампанію, заснаваную на арганічнай перапрацоўцы адходаў чарвякамі ў біягумус, — расказала Алена Мікалаеўна.
У школе ўжо 10 вермікампосцераў, у якіх перыядычна ўтвараецца каля 12 літраў біягумусу. На ім дзеці ставяць эксперыменты: укараняючы чаранкі самшыта, туй, ядлоўцу, вырошчваючы кветкі, даказваюць карысць біягумусу. У планах школьнікаў — набыць гідрафільную ўстаноўку, якая б дазваляла вырабляць з чарвяка спецыяльную бялковую муку для вытворчасці амаладжальнай касметыкі. Ёсць і задумка наладзіць здабыванне цукру са стэвіі, вырашчанай на біягумусе.
Вопытам у інавацыйнай рабоце са студэнтамі падзяліліся супрацоўнікі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ. Пра сэрца Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства — аранжарэі і міні-заапарк, дэманстрацыйныя пляцоўкі і, канечне, вучэбныя лабараторыі — расказалі яго педагогі і прадэманстравалі ўсё падчас экскурсіі.
“Пластыкавая” бяда
Вялікую цікавасць у прысутных выклікалі і выступленні прадстаўнікоў грамадскіх экалагічных арганізацый, у прыватнасці, Яўгена Лабанава, дырэктара ўстановы “Цэнтр экалагічных рашэнняў”. Увагу калег ён акцэнтаваў на тых інструментах, выкарыстоўваючы якія школьнікі могуць паспрыяць дасягненню Мэт устойлівага развіцця.
Так, больш за 30 школ Беларусі ўдзельнічаюць у праекце “Назіранне за рэкамі”. Гэтая праграма дазваляе далучаць школьнікаў да нефармальнага маніторынгу за воднымі аб’ектамі падчас экспедыцый і летнікаў для школьнікаў і пры выяўленні забруджванняў вучыць ліквідаваць іх.
Яшчэ адзін інструмент — экалагічныя сцежкі. Гэта інтэрактыўныя аб’екты, на стэндах якіх паказваюцца птушкі, жывёлы, расліны, якія жывуць і растуць у гэтай канкрэтнай мясцовасці, з другога боку — у інтэрактыўнай форме праз QR-коды, размешчаныя на стэндах, людзі могуць паслухаць птушыныя галасы, паглядзець відэа. Іх у Мінску і не толькі супрацоўнікі ЦЭР зрабілі нямала і далей гатовы дапамагаць усім зацікаўленым ствараць такія экасцежкі ў сябе.
Не менш важная тэма, якой шчыльна займаюцца на працягу апошніх 3—4 гадоў, — аднаразовага пластыку. Яўген Аляксандравіч паказаў слайд з выявамі тых прадметаў, з якімі мы сутыкаемся кожны дзень і, мабыць, выкідваем у асобную сметніцу для пластыку: ПЭТ-бутэлькі, ПЭТ-пакеты, пластыкавыя стаканчыкі, лыжачкі і відэльцы, кантэйнеры для яек, саломка для кактэйляў і інш. І на пытанне да аўдыторыі “Што, на ваш погляд, з гэтага перапрацоўваецца ў Беларусі?” сам даў нечаканы адказ: толькі (!) ПЭТ-бутэлькі. І то, калі яны чыстыя, а не з-пад кефіру, ёгурту ці шампуню. Гэта было адкрыццём для ўсіх. Аказваецца, наладжаная па ўсёй рэспубліцы работа па асобным зборы пластыку амаль марная: у лепшым выпадку 10% пластыку з жоўтых кантэйнераў у нашых дварах перапрацоўваецца, астатняя частка адпраўляецца на палігоны. Таму ЦЭР у рабоце са школьнікамі арыентуецца не столькі на асобны збор пластыку, колькі на адказны падыход да выбару пакупак яшчэ ў магазіне.
Так, многія ініцыятывы ЦЭР накіраваны якраз на тлумачэнне, што традыцыя пакупак пластыкавых кветак на Радаўніцу прыводзіць да тон нераскладальнага смецця на звалках, што паветраныя шары, выпушчаныя ў неба на выпускным, наносяць непапраўны ўрон здароўю і жыццю птушак. (З ініцыятывай абмежаваць запускі паветраных шароў у неба выступіла Мінпрыроды ў гэтым годзе.)
“Літаральна днямі ў Еўрасаюзе была канчаткова прынята стратэгія, згодна з якой, пачынаючы з 2021 года, будзе забаронены продаж шэрага аднаразовых пластыкавых прадметаў (амаль усё тое, што на нашым слайдзе), — падзяліўся Яўген галоўным вынікам Х Форуму стратэгіі Еўрасаюза па Балтыйскім моры, які праходзіў у Гданьску. — Акрамя таго, у Еўропе сёння актыўна абмяркоўваецца цыркулярная эканоміка, ці эканоміка замкнёнага цыкла. Гэта пра тое, як зменшыць колькасць адходаў, як перабудоўваць эканамічную мадэль. І тут роля экалагічнага выхавання — вызначальная, а тыя экалагічныя пытанні, якімі мы з вамі займаемся, — гэта пытанні выжывання”.
Анатоль Уладзіміравіч Мураўёў, дырэктар гімназіі № 19 Мінска, таксама закрануў у сваімі выступленні “пластыкавую” праблему:
— Мы павінны радавацца не таму, што сабралі 200 тон пластыку, а таму, што не купілі столькі, замяніўшы яго шматразовым посудам.
На адказ аўдыторыі і яе заўвагі, што гэта, маўляў, нерэальна, што, пакуль вытворца не прыдумае альтэрнатыву пластыку, праблема не вырашыцца, Анатоль Уладзіміравіч прывёў такі прыклад: “Скажам, у вас у школе 750 навучэнцаў. У кожнага з іх ёсць дзённік і на кожны дзённік трэба на пачатку года купіць поліэтыленавую вокладку. А вы правядзіце акцыю ў пачатку верасня, і няхай кожны пашые сабе вокладку, скажам, з ільну. Так вы не купіце гэтыя 750 вокладак. І як вынік: падыход — іншы, разуменне — іншае, уключанасць у гэтыя працэсы — іншая”.
У гэтых адносінах, па перакананні А.Мураўёва і не толькі, вельмі ўдалы праект “Зялёныя школы”, які працуе комплексна, ахопліваючы работу па самых розных экалагічных кірунках не толькі ў сярэднеадукацыйных школах, але і ў дашкольнай адукацыі, УВА, дарослых, у тым ліку і педагогаў падчас павышэння кваліфікацыі. Пра дасягненні ў межах праекта “Зялёныя школы” расказалі яго ініцыятары і кіраўнікі.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, Анатоль Мураўёў, сказаў: “Увогуле, сёння трэба, каб ужо быў адпрацаваны механізм узаемадзеяння навучальных устаноў з некамерцыйнымі аб’яднаннямі, якія таксама маюць вялікі вопыт у экалагічнай адукацыі і выхаванні, лігітымізаваць выкарыстанне тых адукацыйных прадуктаў, якія яны ўжо распрацавалі, каб педагогі змаглі іх смела выкарыстоўваць”.
Рэзюмуючы пачутае на семінары, Кацярына Кузняцова з задавальненнем адзначыла: “Нам спатрэбілася толькі адно пакаленне, каб перастаць пераконваць адно аднаго, што пытанні экалогіі важныя. Так, правільна было сказана: пытанні экалогіі — пытанні выжывання. І нягледзячы ні на што, эканамічны рост павінен адбывацца, не наносячы ўрон навакольнаму асяроддзю. Мы абмеркавалі вопыт, пачынаючы ад дашкольнікаў да адукацыі дарослых і павышэння кваліфікацыі, а таксама распаўсюджванне гэтых ведаў для шырокай грамадскасці. Нават ва ўдзельнікаў нашага семінара, якія працуюць у галіне экалагічнай адукацыі, карцінка з пластыкам, які не перапрацоўваецца ў нас, выклікала такі інтарэс. Гэта гаворыць пра тое, што мы самі таксама маем патрэбу ў інфармацыі і ролю распаўсюджвання экалагічных ведаў тут немагчыма пераацаніць. Гэта тое, чаму Мінпрыроды ўдзяляе вялікую ўвагу, але тут мы ў многім спадзяёмся на грамадства, грамадскія арганізацыі і навучальныя ўстановы. Гэта добры прыклад сінергіі, калі разам можна дасягаць вынікаў. І добрым вынікам стала і тое, што мы ад пытання “Што трэба рабіць?” перайшлі да абмеркавання “Як канкрэтна дзейнічаць”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены Лідскім РЭЦДіМ.