Выклiк прыняты!

Сёння ўсё большую папулярнасць у інтэрнэце набываюць чэленджы — заданнi­выклiкi, якiя ставяць перад удзельнiкам новыя нечаканыя задачы. Днямі былі падведзены вынiкi рэспублiканскай экалагiчнай акцыi па пытаннях паасобнага збору адходаў і іншых другасных матэрыяльных рэсурсаў “Хто, калі не мы!” у намiнацыi “Challenge “ЭкаКрок”. Выконваючы заданні, прысвечаныя простым дзеянням у штодзённым жыцці, удзельнікі зразумелi, як знiзiць свой экаслед і навучылiся “разумнаму” абыходжанню з адходамі.

Сёння мы накiруемся ў Церахоўку, каб сустрэцца з фiналiстам акцыi, васьмiкласнiкам Яраславам Канцавым, а таксама кiраўнiком яго праекта Iрынай Вiктараўнай Канiнай, настаўнiцай пачатковых класаў Церахоўскай сярэдняй школы № 2 Добрушскага раёна Гомельскай вобласцi.

За час, што мiнуў з лета (на якое i прыйшоўся чэлендж), у жыццi Яраслава адбылiся вялiкiя змены: ён перавёўся ў iншую школу, змянiў месца жыхарства, аднак сувязi са сваёй самай першай настаўнiцай не парваў. Менавiта яна ўжо двойчы станавiлася кiраўнiком яго экалагiчных iнiцыятыў.

У мінулым годзе Яраслаў таксама ўдзельнiчаў у акцыi “Хто, калi не мы!” у пары з Iрынай Вiктараўнай. I сёлета яны зноў не змаглi адмовiцца ад выклiку. Праўда, на гэты раз заданнi занялi больш часу. Самым лёгкiм было першае: кожны ўдзельнiк павiнен быў на час змянiць сваё фота са старонкі ў сацыяльнай сетцы на заклік аб важнасці паасобнага збору адходаў.

Другое заданне патрабавала абсталя­ваць у сваiм доме месца для збору паперы, пластыку i шкла i зрабіць справаздачу з фота. Гэта аказалася вельмi актуальным пытаннем, бо ў аграгарадку Чырвоная Буда, дзе Яраслаў жыў у той час, кантэйнераў для паасобнага збору i пунктаў прыёму другаснай сыравіны не было. Смеццявоз туды прыязджаў раз на два тыднi. Таму на сямейным савеце было вырашана вывозiць адсартаванае смецце ў суседнi гарадскi пасёлак Церахоўка самастойна.

Некаторыя конкурсы становяцца нашай мэтай: абавязкова выйграць, атрымаць першае месца. А ёсць акцыі, у якіх мы запамінаем сам працэс. 

Заданне № 3 заклiкала зняць кароткае крэатыўнае відэа пра тое, як выратаваць смецце ад звалкі і перадаць яго на перапрацоўку. Чацвёрты экакрок-выклiк — зрабiць экападарунак іншаму чалавеку, з дапамогай якога ён зможа зрабіць свет лепшым… На сумесным савеце Яраслава i Iрыны Вiктараўны было вырашана стварыць дыдактычны матэрыял для першакласнiкаў: мазайкi, шашкi, кеглi для фiзкультхвiлiнак, падстаўкi для алоўкаў i ручак. У ход пайшлi пластыкавыя накрыўкі, бутэлькi, гузiкi, музычныя дыскi, капсулы з-пад “кiндараў” i г.д. I хоць зроблена было шмат, менавiта з-за гэтага чэленджа Яраслаў хваляваўся больш за ўсё. Падарунак атрымаўся карысным у першую чаргу для кiраўнiка праекта. Ён дапаможа Iрыне Вiктараўне ў рабоце з першакласнiкамi, але цi не палiчыць журы гэты крок меркантыльным? Выйсце было знойдзена хутка — зрабiць яшчэ адзiн падарунак — вазу з газетных трубачак для любiмай мамы.

I, нарэшце, заданне № 5. Стварыць арт-аб’ект са смецця. Калiсьцi, да нараджэння маленькага брацiка, з рэшткаў ламiнатнай дошкі Яраслаў з татам зрабiлi метрыку для Мацвея, якая ўпрыгожыла дзiцячы пакой. А нядаўна ў аднакласніцы Яраслава Насці нарадзілася маленькая сястрычка, і хлопец зрабіў яшчэ адну метрыку, толькі для дзяўчынкi Дар’і, на памяць.

— Некаторыя конкурсы становяцца нашай мэтай: абавязкова выйграць, атры­маць першае месца. А ёсць акцыi, у якiх мы запамiнаем сам працэс, — дзелiцца Iрына Вiктараўна. — Пяць экалагiчных чэленджаў аб’ядналi ўсiх нас: мяне, Яраслава, яго бацькоў, зрабiлi нашы адносіны больш трывалымi, цёплымi i, вядома ж, пакiнулi мноства цудоўных успамiнаў… І карысных у гаспадарцы прадметаў…

Матэрыялы Вiталiны НЕСЦЯРОВIЧ.
Фота з архiва героя.