Калі вы спытаеце ў бацькоў школьнікаў, што для іх самае важнае, яны абавязкова адкажуць — здароўе іх дзяцей. Менавіта таму кожная школа краіны, дзе большую частку свайго жыцця праводзяць нашы дзеці, клапоціцца не толькі пра вучобу і выхаванне сваіх падапечных, але і пра іх самаадчуванне. Толькі кожная школа робіць гэта па-свойму. Паглядзім, у якую абгортку ўклалі сваю выхаваўчую работу ў шосты школьны дзень прызёры намінацыі “Здароўе — гэта здорава!”.
Чатыры крокі да мэты
Так, у базавай школе № 2 пасёлка Карма Гомельскай вобласці выхаванне здаровых дзяцей стала асноўным не толькі на ўроках фізкультуры. Па суботах тут таксама вучацца, але прывычныя школьныя прадметы набываюць “здаровае” гучанне. Менавіта гэтая акалічнасць і забяспечыла перамогу школе і аўтару праекта намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Але Уладзіміраўне Андрэевай.
“Мы знаходзімся ў Чарнобыльскай зоне, і тэма шматлікіх захворванняў у дзяцей у нас, бадай, самая актуальная, многія дзеці маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, чацвёра дзяцей маюць інваліднасць, — тлумачыць Ала Уладзіміраўна. — Акрамя таго, так склалася, што каля дваццаці выхаванцаў нашай школы са ста выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях”.“Два-тры гады назад многія старшакласнікі, як і іх бацькі, ужывалі алкагольныя напіткі, і як вынік — мноства правапарушэнняў, — працягвае дырэктар школы Алена Леанідаўна Лешчанок. — Таму першым этапам была работа з бацькамі, прымусовае лячэнне якіх мы ініцыіравалі. А суботні дзень для дзяцей пастараліся запоўніць разнастайнымі мерапрыемствамі. За апошні час не было ніводнага выпадку праблем ні з законам, ні з алкаголем у нашых дзяцей, зменшылася колькасць і нядобранадзейных сем’яў”.
Галоўную выхаваўчую формулу склалі 4 суботы — інтэлектуальная, творчая, спартыўная і субота вучнёўскага самакіравання, якія паўтараюцца кожны месяц на працягу года. Пазакласная работа па прадметах праводзіцца менавіта ў інтэлектуальную суботу. Дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў-прадметнікаў праводзяць свае даследаванні і прадстаўляюць іх на вучнёўскіх навукова-даследчых канферэнцыях. Напрыклад, пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Людмілы Міхайлаўны Фраловай навучэнцы даследавалі ўтрыманне шкодных рэчываў у паветры ў пасёлку і яго наваколлі і складалі экалагічна чыстыя маршруты для паходаў, арыентуючыся на стан лішайнікаў — індыкатараў забруджанасці.
На суботніх занятках па хіміі была праведзена серыя даследаванняў па вывучэнні карысных уласцівасцей прадуктаў, прайшлі інтэрнэт-канферэнцыі, дыскусіі, інтэрактыўныя дыялогі, ролевыя гульні: “Вітаміны — гэта сіла”, “Што трэба ведаць пра здароўе”, “Антырэклама шкодных звычак” і інш. Суботнія перапынкі насычаны забаўляльна-пазнавальнымі мерапрыемствамі. Ініцыятарамі іх часта выступаюць выпускнікі школы, якія школьныя дысцыпліны абралі сваёй спецыяльнасцю. Напрыклад, заўсёды жаданая госця на занятках па хіміі Яўгенія Клімава, студэнтка хімічнага факультэта БНТУ. Пры апошняй сустрэчы яна праводзіла для школьнікаў хімічнае шоу.
Тэму здаровага ладу жыцця працягваюць наступныя суботнія праграмы: творчая — заклікае ў школу дзяцей і іх бацькоў, для якіх праводзяцца разнастайныя конкурсы сямейнай творчасці, у спартыўную суботу спаборніцтвы вызначаюць самы спартыўны клас, праходзіць свята бегуна “Мурашнік”, спартыўна-ваенізаваная эстафета, спаборніцтвы па камандных відах спорту. І традыцыйна завяршае гэты дзень узнагароджанне салодкімі прызамі. Суботу вучнёўскага самакіравання праводзяць старшакласнікі пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Таццяны Валер’еўны Халецкай. У іх полі дзейнасці многія школьныя мерапрыемствы, у прыватнасці, для малодшых класаў яны распрацоўваюць і праводзяць экскурсіі па наваколлі і па славутасцях Чачэрска.
Спартыўны прыклад
Правамастоўская сярэдняя школа Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці ў спартыўным асяроддзі ўстанова вядомая. Яна часта гучыць падчас узнагароджвання пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, валейболе, міні-футболе, стрытболе на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, а цяпер яна стала ўладальніцай дыплома II ступені ў намінацыі “Здароўе — гэта здорава!” у фінале конкурсу праектаў шостага школьнага дня. У гэтай школе вучыліся знакамітыя спартсмены Беларусі. Сярод іх — чэмпіён Рэспублікі Беларусь, чэмпіён свету і Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ Алег Юрэня, майстар спорту па лёгкай атлетыцы Наталля Палоннікава, майстар спорту па біятлоне Іван Варцовіч, майстар спорту па кікбоксінгу Алена Богдзель і інш. Як адзначыла Людміла Станіславаўна Кавалевіч, аўтар праекта і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы, менавіта яны і сталі галоўнымі натхняльнікамі на спартыўныя дасягненні навучэнцаў: знакамітыя выпускнікі наведваюць школу, расказваюць школьнікам пра свае поспехі.
“Дзецям цікава пагутарыць са знакамітымі спартсменамі, пачуць ад іх гісторыі іх поспеху ў асабістай размове, — гаворыць Людміла Станіславаўна Кавалевіч. — Напрыклад, нядаўна ў нас быў Алег Юрэня, успамінаў, як у дзяцінстве яго бацька браў на прабежкі, як яны ўжо разам падключалі да спорту і маму Алега, як бацька загартоўваў сына: нават у моцныя маразы яны бегалі ў футболках”.
Для таго, каб навучэнцы больш ахвотна ішлі ў спорт, з імі актыўна праводзяць работу спецыялісты спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Мастоў і Цэнтра алімпійскага рэзерву Мастоўскага раёна і актыўна задзейнічаюць іх на сваёй базе. Педагогі ж у сваю чаргу імкнуцца насыціць кожную школьную суботу разнастайнымі мерапрыемствамі: віктарынамі, трэнінгамі, дыспутамі. Але галоўныя суботнія справы разгортваюцца на спартыўных пляцоўках — і на стадыёне, і ў спартзале, і ў трэнажорнай зале, абсталяванай сучаснымі трэнажорамі. Некаторыя з мерапрыемстваў, напрыклад, “Дзень здароўя”, праводзяцца на турбазе школы за горадам, дзе школьнікі на працягу дня арганізоўваюць самыя разнастайныя конкурсы, пачынаючы ад спартыўных да турысцкіх, напрыклад, на хуткаць расстаўляюць палаткі ці здабываюць агонь без запалак. Падключаюцца да школьных мерапрыемстваў і эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і юнацтва, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі раёна, Правамастоўскі цэнтр вольнага часу і культуры.
Прапаганда на новы лад
Педагог сталічнай гімназіі № 34 Ірына Міхайлаўна Радзівон з праектам “Стварэнне маладзёжнага цэнтра “Здароўе.by” — пляцоўкі сучасных форм і метадаў работы па фарміраванні здаровага ладу жыцця навучэнцаў” расказала, што ідэя аб’яднаць намаганні ўсіх тых, хто зацікаўлены ў здароўі дзяцей, сфарміраваць адзіную выхаваўчую прастору ў гімназіі наспявала даўно. Але зрабіць гэта менавіта праз маладзёжны цэнтр па фарміраванні здаровага ладу жыцця — ініцыятыва старшакласнікаў. Цэнтрам стала творчае аб’яднанне такіх гімназічных праектаў, як лабараторыя “Здароўе ў ONLINE”, кейс-студыя і “ЗА-ЗА тэатр”. Каб дапамагчы дзецям больш прафесійна ствараць дэкарацыі, ставіць харэаграфічныя і тэатральныя нумары, быў створаны экспертны савет, у які ўвайшлі бацькі навучэнцаў — спартсмены, дызайнеры, харэографы. Дзіўная назва “ЗА-ЗА тэатр” атрымалася таму, што яго ўдзельнікі выступаюць не супраць, а за: за жыццё, за здароўе, за крэатыўнасць і г.д. І аб’ядналіся ў ім франкафонны тэатр “Багатэль”, агітбрыгада “Дыялог” і дызайнерскі гурток “ХламАРТ”. Са стварэннем цэнтра іх творчасць набыла новыя фарбы. Так, за два гады існавання маладзёжнага цэнтра агітбрыгада прадставіла гледачам сваёй школы і іншых школ горада праграмы “Утрымайся на віражы”, “Мінск — здаровы чысты горад”, антыалкагольную тэатральную пастаноўку “Судны дзень, ці Госці з будучага” і праграму супраць курэння “Умей сказаць “Не!”. Праграма агітбрыгады “Рацыянальнае харчаванне” стала пераможцай у гарадскім конкурсе экалагічных агітбрыгад. Дзесяцікласнік Аляксей Кручкоў распрацаваў свой праект “Дзякуй, не куру!”, з якім паспяхова выступіў на гарадскім і рэспубліканскім конкурсах “Суперлідар”. У межах гэтага праекта ў школе прайшоў круглы стол “Уся праўда пра курэнне”. Маладзёжны цэнтр правёў у школе фестываль здароўя, у цэнтры якога быў конкурс “Старыя казкі на спартыўны лад”, тут жа прайшоў фестываль экалагічнай моды. Цяпер чакаецца прэм’ера спектакля “Як Вінні-Пух лес ратаваў”, завяршаецца стварэнне новых калекцый студыі “ХламАРТ”, плануецца стварэнне на сайце форуму “Здаровы лад жыцця”.
Галоўная сфера адказнасці кейс-студыі — здымкі і дэманстрацыя з дапамогай устаноўленай у холе
ТБ-сістэмы “Экран здароўя” ўсіх тэматычных падзей навучэнцаў. Сярод іх былі відэаролікі “Наш летні адпачынак на Браславах”, “Падарожнае захапленне”, “Турыстычнымі сцежкамі” і інш. Студыйцы рыхтавалі ўсе прэзентацыі для праграм агітбрыгады, актыўна прымалі ўдзел у раённых конкурсах фатаграфій, сацыяльных ролікаў і не раз станавіліся пераможцамі.
Лабараторыя “Здароўе ў ONLINE” пашырае сувязі гімназіі з замежнымі ўстановамі адукацыі. Так, традыцыйна гімназія прымае ўдзел у “Міжнародным фестывалі 79-х школ”, у якім прымаюць удзел школы Масквы, Кіева і Мінска, што некалі мелі нумар 79 (мінская гімназія № 34 таксама). За 6 апошніх гадоў прайшло ўжо 12 гэтых фестываляў. Падчас іх наладзілася цеснае супрацоўніцтва з іх удзельнікамі — са школамі № 79 Масквы і Кіева. Гэтыя ўстановы таксама захоплены тэмай здаровага ладу жыцця і яго прапагандай, таму з задавальненнем згадзіліся працягваць іх у анлайне. За мінулыя два гады навучэнцы гімназіі, якія па суботах заняты ў гэтай лабараторыі, правялі web-канферэнцыі “Моладзь і наркотыкі” і “Здароўе з дзяцінства”. У гэтым навучальным годзе плануецца web-канферэнцыя з навучэнцамі яшчэ аднаго даўняга сябра школы — ліцэя Жана Манэ з французскага горада Мартань-о-Перш.
Ірына Міхайлаўна, назіраючы, з якой ахвотай уключаюцца дзеці ў работу маладзёжнага цэнтра па прапагандзе здаровага ладу жыцця, упэўнена, што такая форма з поспехам заменіць традыцыйныя плакаты і школьныя газеты.
Так, перайначыўшы вядомую фразу, можна зрабіць выснову: у выхаванні ўсе сродкі годныя. Хочацца спадзявацца, што ўсе яны спрацуюць на агульную мэту — каб тэма здароўя школьнікаў перайшла з рангу “праблемы” ў “дасягненні”.
Святлана НІКІФАРАВА.