Гісторыя арганізаванага Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя штогадовага Рэспубліканскага конкурсу на лепшага грамадскага эколага пачынаецца з 2013 года, і штогод пераможцамі становяцца прадстаўнікі Віцебскай вобласці. Прычым з чатырох лідараў трое — настаўнікі біялогіі, а трое жывуць і працуюць на Шаркаўшчыне. Пачала трыумфальную эстафету Марына Фёдарава з Германавіцкай сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна. Праз год першынство пацвердзіў яе знакаміты зямляк фатограф Валерый Кавалёнак. Трэці конкурс выйграла Таццяна Куратнік з Коханаўскай сярэдняй школы імя І.П.Кожара Талачынскага раёна. Летась пераможцай зноў была прызнана шаркаўчанка, Аксана Пачэпка з сярэдняй школы № 2 райцэнтра.
На нядаўняй нашай сустрэчы, якая адбылася падчас лютаўскага пашыранага пасяджэння калегіі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Аксана Паўлаўна падзялілася прыемнай навіной: якраз у той дзень педагог даведалася пра перамогу ў конкурсе па падтрымцы мясцовых ініцыятыў, што праводзіцца за кошт сродкаў, прадастаўленых Дзярждэпартаментам Злучаных Штатаў Амерыкі (праграма малых грантаў Пасольства ЗША) у рамках праекта “Добры сусед”. Крыху раней, у студзені, была перамога ў абласным дыстанцыйным інтэлектуальна-творчым конкурсу “У імя захавання Зямлі”, арганізаванага ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама і абласным інстытутам развіцця адукацыі.
— У вобласці функцыянуюць 1924 аб’яднанні з экалагічным профілем: экалагічныя атрады, патрулі, школьныя лясніцтвы, клубы, аграшколы, якія ахопліваюць больш за 24 тысячы чалавек, — інфармуе начальнік аддзела арганізацыйнай, прававой і кадравай работы камітэта Людміла Капранава. — Мы плённа супрацоўнічаем з установамі вышэйшай адукацыі. Так, з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава, Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй заключаны дагаворы аб правядзенні вытворчай і пераддыпломнай практыкі на базе камітэта, гарадскіх і раённых інспекцый. На цяперашні момант такія практыкі паспяхова прайшлі 18 студэнтаў.
Лепшы грамадскі эколаг 2017 года — выпускніца біялагічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава. Сімвалічна, што на тым жа пасяджэнні пасведчанні грамадскіх эколагаў былі ўручаны студэнткам 4 курса ВДУ Юліі Новікавай і Вользе Курносавай. Ва ўніверсітэце з 2005 года дзейнічае група грамадскіх эколагаў, работу якой каардынуе дацэнт кафедры экалогіі і аховы прыроды Іна Ліцвянкова. На сёння калектыў аб’ядноўвае каля 40 чалавек, на грамадскіх эколагаў студэнты стажыруюцца на базе Віцебскай гарадской інспекцыі. Факультэт актыўна ўдзельнічае ў экалагічных конкурсах. Група пад кіраўніцтвам Іны Аляксандраўны нярэдка выступае ініцыятарам конкурсаў і акцый, да якіх потым далучаюцца віцебскія студэнты і навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Двойчы, у 2013 і 2017 гадах, прадстаўнікі факультэта станавіліся пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу “Моладзь — за чысціню гарадоў і вёсак” у намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад”.
Аксана Пачэпка атрымала пасведчанне грамадскага эколага ў снежні 2013 года. Пасля заканчэння ВДУ малады спецыяліст вярнулася на бацькаўшчыну. На працягу двух дзясяткаў гадоў настаўніца працавала ў роднай сярэдняй школе № 1 Шаркаўшчыны, пяць гадоў назад перайшла ў сярэднюю школу № 2. Гэта ўстанова адукацыі з эстэтычным ухілам, але апошнім часам усё больш увагі тут удзяляецца пытанням экалагічнага выхавання і асветы. А ў рабоце настаўніка біялогіі прафесійны і грамадскі складнікі сталі не проста дапаўняць адзін аднаго — яны перапляліся непадзельна.
— Калі прыйшла ў школу, то рабіла ўсё, каб дзеці палюбілі прыроду, захацелі больш даведацца пра яе, пачалі больш беражліва да яе ставіцца, — расказвае педагог. — У далейшым цікавіцца пытаннямі экалогіі сталі не толькі навучэнцы і педагогі, але і мясцовыя жыхары. Разам мы прымаем удзел у экалагічных акцыях і тэматычных мерапрыемствах. У нашай школе працуюць экалагічныя клубы “Зялёны патруль” і “Крылаты дазор”, створаныя пры падтрымцы грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, а таксама грамадскі пост № 2 Шаркаўшчыны (іх кіраўніком з’яўляюся я). Мы ўдзельнічаем у праектах Еўрапейскага саюза (Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь) “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь” і “Малыя рэкі — вялікія праблемы: працуем разам над абаронай і будучыняй малых рэк басейна ракі Дзісны”. Паспяховае выкананне пастаўленых задач дазволіла нам атрымаць статус “зялёная школа”.
Унікальным вынікам праведзенай шаркаўчанамі работы стала падрыхтоўка першых у Беларусі пашпартоў малых рэк. На аснове даных, якія збіраліся падчас шматлікіх рачных экспедыцый, удалося падрыхтаваць падрабязнае апісанне ракі Янкі і прадумаць, як абараніць басейн ракі Дзісны. Падрабязней з гэтым можна азнаёміцца на сайце (http://reka-disna.org/) і ў групе “УКантакце” — “Эко-ЯВКА” (https://vk.com/club108784349). Названыя інфармацыйныя рэсурсы аб’ядноўваюць тых, хто турбуецца за прыроду Беларусі і гатовы прыкласці сілы для яе захавання.
З 2015 года Аксана Паўлаўна — мясцовы арганізатар рэспубліканскай акцыі “Зробiм”. У рамках рэалізацыі праграмы Spare шаркаўчане ажыццявілі праект “Энергаэфектыўная школа, або Лічым кілаваты” (дыплом III ступені ў абласным конкурсе “Энергія і асяроддзе пражывання”). Цікавы факт: калі ўстанова адукацыі пачала энергаацэнку па схеме, прапанаванай спецыялістамі МГА “Экапартнёрства”, па выніках аўдыту атрымалася, што школьны будынак па вода- і энергазберажэнні мае самы высокі клас эфектыўнасці. У 2016 годзе школа атрымала міжнародны сертыфікат.
У спісе дасягненняў настаўніцы, яе вучняў і аднадумцаў — перамогі ў абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу “Зялёная школа”, міжнародным дзіцячым экалагічным форуме “Зялёная планета”, абласных акцыях “Дзень Зямлі”, “Берагчы прыроду — значыць любіць Радзіму”, “Зберажом зялёную елку”, конкурсе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на лепшую публікацыю на экалагічную тэму. Школьны валанцёрскі атрад заняў 2-е месца на рэспубліканскім этапе конкурсу “Моладзь — за чысціню гарадоў і вёсак”.
Дзейнасць лепшага грамадскага эколага цесна звязана з грамадскім аб’яднаннем “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Еўрапейскія восеньскія і зімовыя дні назіранняў за птушкамі, улік жураўлёў на восеньскай міграцыі на ТВП (тэрыторыя, важная для птушак. — Заўвага аўтара) “Балота Ельня”, удзел у кампаніі “Птушка года”, штогадовая школьная акцыя “Птушкі на кармушцы” — пералік добрых і карысных калектыўных спраў велізарны. А яшчэ школьнікі з задавальненнем майструюць шпакоўні і сінічнікі, штучныя гняздоўі для соў і іншых драпежных птушак, якія потым развешваюць у лесе.
— Пад эгідай Сусветнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLifeInternational мы праводзім міжнародны перапіс белага бусла, — адзначае Аксана Пачэпка. — Уключыліся ў адукацыйную праграму “Бусел”, якую распрацаваў навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах, выканалі шэраг заданняў і выйшлі ў прызёры гэтай праграмы. Разам з грамадскімі эколагамі нашага раёна Марынай Фёдаравай і Валерыем Кавалёнкам не раз ездзілі на балота Ельня. Вынік гэтай сумеснай дзейнасці — удзел у абследаванні і рамонце плацін на каналах, якія ідуць з азёр Вялікае, Бярэжа, Плоскае і Яжгіня, на рацэ Яльнянцы. Ганаруся тым, што ў 2015 годзе стала захавальнікам ТВП “Балота Ельня”. Гэта мяне да многага абавязвае. Свет не стаіць на месцы, і таму кожны павінен уносіць свой уклад у павышэнне экалагічнай культуры. Я імкнуся прыцягнуць у экалагічны рух як мага больш людзей, каб павысіць іх экалагічную свядомасць, дапамагчы на месцах вырашыць праблемы рэгіёнаў, паказаць, што ахова прыроды і назіранне за ёй могуць быць стылем жыцця.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.