Паэтычныя змаганні пакалення Z

Яшчэ з часоў антычнасці дарослыя-кансерватары лічылі бессэнсоўнай і заганнай маладзёжную культуру. Толькі за апошнія дзесяцігоддзі, напрыклад, у музыцы бацькам і настаўнікам давялося змагацца з рокам, папсой, рэпам. Апошні стыль і сёння ў модзе. Мала таго, што дзесяцігадовыя дзеці адрозніваюць Lil Peep ад Lil Pump, ведаюць на памяць тэксты пра наркотыкі і насілле, яны яшчэ і збіраюцца разам на батлах, каб на словах даказаць, чаму адзін круцейшы за іншага. Ужо некалькі гадоў мода на батлы не сыходзіць, таму прытрымлівацца пазіцыі “не глядзеў, але асуджаю” ўжо сорамна. Паспрабуем змяніць пункт погляду.

Калі вы ўпэўнены, што рэп-батлы — гэта там, у Амерыцы ці Расіі, то ў мяне для вас навіна: толькі ў Мінску існуюць 2 батл-пляцоўкі, якія рэгулярна арганізоўваюць турніры. Акрамя таго, “батліць” можна ў любым абласным цэнтры, нават анлайн.

Звычайна, каб паўдзельнічаць у турніры, неабходна даслаць сваю відэазаяўку. Члены журы выбіраюць найбольш харызматычных, цікавых і таленавітых удзельнікаў і ставяць іх супраць адно аднаго. Студэнт журфака БДУ Косця Баяндзін, арганізатар Minsk Independent Battle (MIB), расказвае, што дзеці таксама прысылаюць свае відэа на турнір. І звычайна гэта вельмі смешна. Нядзіўна: падлеткі часта бяздумна капіруюць стыль і нават радкі сваіх куміраў, не ўкладваючы ў гэта ні свайго ўнікальнага паслання, ні арыгінальных тэхнік і прыёмаў (так, у батлах яны ёсць!).


Тым не менш у мінулым годзе на MIB удала выступаў 16-гадовы хлопец пад нікам Lastend. 16 гадоў — гэта мінімальны ўзрост, з якога арганізатары дапускаюць і да ўдзелу ў батле, і да прагляду ўжывую. На некаторыя сустрэчы цэнз падымаюць да 18+. Пра гэта паведамляюць загадзя, на ўваходзе патрабуюць дакументы. Але кантраляваць аўдыторыю, якая глядзіць відэазапіс батла на Youtube, складана, таму кожны пачынаецца з папярэджання:

Пасля праходзяць 2 ці 3 раўнды, у якіх кожны ўдзельнік даказвае, чаму яго апанент нецікавы, несапраўдны, няшчыры і г.д. Чым больш арыгінальныя метафары, смешныя і балючыя панчы (“удары” па саперніку), тым вышэйшыя шансы на перамогу. Рэпераў ніяк не абмяжоўваюць ні ў лексіцы, ні ў тэмах, таму выказванні могуць быць вельмі балючымі для апанента.

— Але ў стасунках паміж удзельнікамі праблем і канфліктаў яшчэ ніколі не было, — тлумачыць Косця. — Усе добра разумеюць, што гэта барацьба за прыз. Яны прыходзяць, каб сабе штосьці даказаць, каб неяк прасунуцца.

Калі батл-рэпер гатовы развівацца, з цягам часу ў яго заўважаецца прагрэс.

— Рост праяўляецца ва ўнікальных аўтарскіх фішках, выпрацоўваецца свой стыль, — адзначае Косця. — І ўпэўненасці ў сабе становіцца больш, удзельнікі выступаюць больш ярка.

Відэа батлаў MIB збіраюць па некалькі тысяч праглядаў, але Косця ўпэўнены, што мода на такія батлы праходзіць, а што будзе далей — пытанне адкрытае.

Ад сябе дабаўлю: што б гэта ні было, наўрад ці яно спадабаецца старэйшаму пакаленню. Хутчэй за ўсё, новы павеў будзе занадта шумным/грубым/безгустоўным (патрэбнае падкрэсліць), але варта будзе пазнаёміцца з ім хаця б для таго, каб гутарыць на адной мове са сваімі дзецьмі і вучнямі.

— Калі б настаўнік вырашыў выкарыстаць элементы батла на ўроку, мы дакладна не ўспрымалі б гэта як нейкае ўмяшанне ў культуру. Рэп-батл і так ужо збітая тэма, таму калі гэта можа прастымуляваць дзяцей нешта падвучыць ці запомніць, то чаму б не? — усміхаецца Косця. — Наадварот, крута выкарыстоўваць такія сучасныя метады ў адукацыі!


— “Хлеба і відовішча”! — так тлумачыць папулярнасць батлаў педагог і коўч Настасся Рудзянкова. — Батлы — новыя гладыятарскія баі. Гэта спосаб выліць агрэсію, атрымаць вострыя эмоцыі. Падлеткам і юнакам такі рух асабліва блізкі, бо якраз у гэтым узросце яны адчуваюць патрэбу паказаць сябе — перамагчы ворага, прадэманстраваць сваё станаўленне.


На яе думку, неразумна біць трывогу, калі дзіця захапляецца батламі. Не так важна думаць пра тое, з чым дзіця сутыкнецца ў інтэрнэце (ад усяго не абароніш), колькі падрыхтаваць яго да адэкватнага ўспрымання гэтай інфармацыі. Відэаролік не зробіць хулігана з выхаванага і адукаванага падлетка, таму варта прыглядзецца да асяроддзя — сям’і, школы, сяброў: які прыклад падаюць, што ўхваляюць і што, наадварот, асуджаюць. Калі закладваюцца правільныя каштоўнасці, батл можа быць вельмі карысным інструментам.

— Самі па сабе рэп-батлы не маюць ні знака “+”, ні знака “−–”, — разважае Настасся. — Гэта толькі форма самавыяўлення. Канкрэтнае выступленне можа быць напоўнена розным зместам у залежнасці ад інтэлектуальнага ўзроўню ўдзельніка, яго эмацыянальнай сталасці.

Па першай адукацыі Настасся — настаўніца рускай мовы і літаратуры, таму яна праводзіць паралель паміж батламі і паэтычнымі змаганнямі паэтаў сярэбранага веку.

— Цалкам упэўнена, што выступленні некаторых рэпераў можна з усёй сур’ёзнасцю аналізаваць на ўроках рускай літаратуры. Там ёсць і гістарычныя, і філасофскія, і літаратурныя адсылкі, — тлумачыць педагог. — У знакамітым батле Славы КПСС і Oxxxymiron (35 млн праглядаў на YouTube. — Заўв. аўт.) апошні прысвяціў цэлы раўнд выдатнай кнізе Д.Кэмпбела “Герой з тысячай абліччаў” — а гэта такое паглыбленне ў псіхалогію, нават псіхааналіз!

“Суть проста: во всех мифологиях,

всех религиях, сколько найти,

И в основе любой истории

есть один и тот же мотив.

Кто-то слышит далекий голос,

он выходит из дома один.

Он идет по дороге из города,

в темный лес, где полно паутин.

[…]

Путь героя — чудовищ фигачить,

брать сокровища, строить капища.

Он герой не потому, что качок и боец,

а потому, что не может иначе”.

Сама кніга прызначана для падрыхтаванага чытача і, хутчэй за ўсё, будзе складанай для старшакласніка, але патлумачыць пэўныя ідэі з яе будзе вельмі карысна і для літаратурнага аналізу мастацкіх твораў, і для агульнага развіцця. Аднак галоўнае ў тым, што такое некласічнае хобі, як рэп-батл, знаходзіць канструктыўнае рэчышча.

— Важна пагутарыць з дзіцем, зразумець, чаму яно цікавіцца гэтай культурай і чым яна можа быць карыснай, — працягвае Настасся. — Твой кумір Oxxxymiron? Цудоўна! А ты ведаеш, што ў яго два дыпломы Оксфарда? Ты ведаеш, колькі ён чытае? А яшчэ ён кінуў курыць, каб не задыхацца падчас выступленняў! Калі бацькі і настаўнікі “ў тэме”, ім прасцей зразумець і мякка накіраваць сваіх дзяцей.

Часта падлетак глядзіць батлы яшчэ і для таго, каб абмяркоўваць іх з сябрамі. Забараніць прагляд — значыць зрабіць дзіця “некрутым”, пакінуць без важнай тэмы для камунікацыі. А ў яго вачах гэта сапраўдная здрада.

— Забараніць тут і зараз — гэта, здавалася б, зручны і просты шлях, але забаронены прадмет выклікае яшчэ большую цікавасць, — папярэджвае Настасся. — А што, калі дзіця захоча само выступіць на батле? Добра, дапамажыце яму і падкажыце найбольш рацыянальны спосаб пачаць!

У выхаванні заўсёды важна думаць пра канчатковую мэту. Імкняцеся выгадаваць паслухмянага і безыніцыятыўнага — забараняйце! Хочаце ўбачыць сваіх дзяцей і вучняў самастойнымі, адказнымі — дазвольце ім спрабаваць! Нават калі вы не падзяляеце іх захаплення батламі ці іншым “несапраўдным” заняткам, дайце ім права на памылку, не падразайце крылы.

— Калі дзіця расказвае пра сваю мэту, а вы бачыце, што ў яго не хапае пэўных якасцей і навыкаў, каб яе дасягнуць, не гаварыце пра гэта адразу, дайце яму пачаць шлях і дапамажыце самому заўважыць гэтыя недахопы. І так, у імкненні да самастойна выбранай мэты, дзіця будзе цярпліва і ўсвядомлена працаваць над сабой.

Калі вы ўсё ж упэўнены, што дзіця збіраецца зрабіць шкодны крок, лепш уключыць дыпламатыю: расказаць пра ўласны вопыт і звязаныя з ім пачуцці і з пазіцыі сябра засцерагчы ад паўтарэння памылак. Неабавязкова гуляць у прагрэсіўнага і дэмакратычнага настаўніка, каб заваяваць любоў падлетка. У кожнага дарослага свая лінія паводзін, і гэта правільна.

Такая інструкцыя тычыцца не толькі рэп-батлаў, але і іншых маладзёжных захапленняў, якія існуюць сёння ці з’явяцца заўтра. Таму захавайце і перачытайце яе, калі адчуеце, што “моладзь пайшла не тая” і “ў наш час усё было зусім інакш”!

Мар’я ЯНКОВІЧ.

P.S. “Але ж у батлах выкарыстоўваюць нецэнзурныя словы!” — скажа ўважлівы чытач, прагледзеўшы ролік ці больш. Так, выкарыстоўваюць. І стаўленне да іх — гэта яшчэ адна тэма, якую варта абмеркаваць з падлеткам, далучыўшыся да прагляду відэа, інакш ён можа памылкова падумаць, што крутасць выступленняў вымяраецца ў нецэнзурных словах.