Каб было чыста і ўтульна

У адным з цэнтральных двароў Магілёва знаходзіцца сярэдняя школа № 21 імя Пятра Аляксеевіча Лярскага. Праўда, калі я там вучылася, яна была проста 21-й, але ўжо тады мы стараліся падтрымліваць прыгажосць і чысціню нашага другога дома. Цяпер з гэтай мэтай у школе дзейнічае працоўны атрад.

Усё лета ў школе будзе функцыянаваць працоўны атрад, у які ўваходзяць вучні 5—10 класаў. Іх задачай будзе акультурваць тэрыторыю школы: паліваць кветкі, афармляць клумбы, вырываць пустазелле і збіраць яблыкі. Калі надвор’е будзе не на баку юных працаўнікоў, для іх знойдзецца справа ў школьных кабінетах і бібліятэцы.

Мне стала цікава, што матывуе дзяцей прыходзіць у школу на канікулах. Амаль усе з апытаных адказвалі, што не жадаюць сядзець дома, уткнуўшыся ў экран тэлефона. “Лепш весела правесці час з аднакласнікамі, чым сядзець дома”, — лічыць пяцікласніца Даша.

Але працоўны атрад — гэта не толькі магчымасць весела правесці час, але і дапамога ў падтрыманні чысціні ўсяго горада. Менавіта настаўнікі могуць змяніць стаўленне дзяцей да ўборкі, зрабіць яе прыемнай і простай, а таксама даць магчымасць дзецям крыху падзарабіць.

Юлія СПІЧАКОВА.
Фота аўтара.