“Беларуская і сусветная гісторыя і культура: глядзець, слухаць, чытаць”, — слоган пляцоўкі Wir.by. Тут беларускія навукоўцы і даследчыкі расказваюць пра гісторыю, лінгвістыку, літаратуру, мастацтва і міфалогію. Што зручна — на сайце публікуюцца не толькі тэкставыя артыкулы, але і падкасты і відэалекцыі. Можна паслухаць у дарозе ці паглядзець за вячэрай, а яшчэ — параіць вучням, выкарыстаць на ўроках і пазакласных занятках. Матэрыялы даступныя на беларускай і рускай мовах.
Пра ідэю, гісторыю і планы праекта мы пагутарылі з яго каардынатарам Марыяй Бадзей.
— Марыя, першае пытанне традыцыйна банальнае. Як узнікла ідэя праекта?
— Ідэя нарадзілася ў мяне даволі даўно, яшчэ ў студэнцтве. Я вельмі любіла навуковыя праекты, кшталту Arzamas, “ПостНауки”, TED. І мне было шкада, што няма чагосьці такога пра беларускую культуру. Але я разумела, што ніхто, акрамя нас саміх, нам пра нас не раскажа.
Я адчула, што ёсць такая неабходнасць, і пачала думаць, як гэта рэалізаваць. Аказалася, што ўсе неабходныя рэсурсы ў мяне былі — гэта кантакты з лектарамі і людзьмі, якія маглі дапамагчы з сайтам і з тэхнікай.
Рабілі праект мы доўга. Час патрэбен на тое, каб запусціць сайт, адзняць, а пасля як след дапрацаваць шэраг лекцый. Трэба было прыдумаць і намаляваць лагатып, вызначыцца з назвай. Напрыканцы студзеня 2020 года мы запусцілі Wir.by і пачалі рэгулярна выкладаць матэрыялы.
— Як вы вызначылі тэмы, якія асвятляюць лектары?
— Мы адштурхоўваліся ад таго, што Wir.by павінен быць менавіта праектам пра культуру і гуманітарныя веды.
Браць дакладныя і прыродазнаўчыя навукі мы не планавалі. Па-першае, праекты па хіміі, біялогіі, матэматыцы ўжо існуюць (напрыклад, лекторый “Массаракш”). А па-другое, негуманітарныя навукі даволі ўніверсальныя. Не існуе нейкай “беларускай біялогіі” ці “беларускай хіміі”. А вось беларуская культура ёсць, і гэта тое, пра што не расказваецца ў свеце.
Зараз на сайце больш за ўсё, канечне, літаратуры і гісторыі, папулярнасцю карыстаецца лінгвістыка. Таксама можна пачытаць пра жывапіс, міфалогію, кіно. І крышачку пра архітэктуру і музыку.
— Калі вы задумвалі Wir.by, каб з’явілася больш кантэнту пра беларускую культуру, як пачалі публікаваць лекцыі пра сусветную? Чаму на сайце з’явіліся лекцыі пра Далі, Джойса, Камю?
Ёсць на Wir.by вось такая інтэрактыўная карта. Кожны смайлік на ёй — гэта легенда. Можна націснуць на свой горад ці вёску — і пачытаць звязаную з ім легенду.
“У гэтым годзе распрацоўваўся новы падручнік па грамадазнаўстве — і мы ў яго трапілі! У адным з параграфаў ёсць спасылка на карту легенд у якасці задання, а ў іншым — спасылка на wir.by як на дадатковы рэсурс!” — расказвае Марыя.
— Беларуская культура часам успрымаецца ізалявана ад сусветнага кантэксту. Ёсць Кузьма Чорны, а ёсць Эрнэст Хемінгуэй — яны не ўсведамляюцца як людзі, што пісалі ў адзін час, узнімалі адны і тыя ж тэмы. Больш за тое, беларуская культура можа падавацца нечым другасным. Ёсць у нас нейкі нацыянальны комплекс лічыць сваё горшым, нават калі яно з’яўляецца лепшым, цікавейшым, ды яшчэ і пра нас.
Таму нам было цікава паказаць беларускую культуру ў сусветным кантэксце: Уладзімір Дубоўка і побач Сальвадор Далі — абодва ствараюць у часы мадэрнізму.
— Напэўна, галоўнае адрозненне Wir.by ў тым, што пра культуру можна не толькі чытаць. Раскажыце пра фарматы, з якімі працуеце.
— Мы ствараем артыкулы, запісваем падкасты і відэа.
Відэа — галоўны і самы папулярны фармат. Артыкулы пра беларускую культуру — звычайная гісторыя: вы можаце пачытаць іх у розных часопісах. А вось у відэа і падкастах мы першапраходцы, бо ў Беларусі ніхто да нас не запісваў кароткія навукова-папулярныя лекцыі з цікавымі лектарамі, настаўнікамі, даследчыкамі. Хаця зараз гэта пачынаецца.
— Пры гэтым вашы лекцыі — гэта не складаныя акадэмічныя даведкі. Чытаю загалоўкі: “Як прыгатаваць мову ВКЛ”, “Дзе жывуць душы беларусаў” — і разумею, што на гэта спакусіцца нават незацікаўлены чытач. Як шукаеце мяжу паміж забаўляльнасцю і якасцю?
— Нам вельмі важна захаваць баланс паміж акадэмічнасцю і даступнасцю. Мы хочам, каб матэрыял быў цікавым і лёгка ўспрымаўся, але каб у ім падавалася важная і карысная навуковая інфармацыя.
З аднаго боку, лектар або аў тар артыкула павінен разбірацца ў тэме і мець адпаведную адукацыю. З іншага — тэкст павінен быць неакадэмічным, гэта не мова курсавой ці дыпломнай работы, навуковага артыкула. Мы імкнёмся, каб у тэксце былі жарты, ілюстрацыі. Бывае, дадаём мемы — але даўгачасавыя, якія не знікаюць за тыдзень.
— Але вашы аўтары — супрацоўнікі музеяў і выкладчыкі. Як рэдагаваць тэкст за такімі адукаванымі людзьмі?
— Мы дасылаем аўтарам рэдпалітыку, дзе падрабязна распісана, як павінен выглядаць ідэальны тэкст Wir.by. А ўжо напісаны тэкст трапляе ў рукі рэдактараў.
— Як знаходзіце аўтараў?
У Беларусі шмат цікавых, класных людзей. І мне вельмі пашанцавала быць з імі знаёмай або мець нахабства ім пісаць: “А ці не хочаце вы паўдзельнічаць у такой авантуры? Вы за гэта нічога не атрымаеце, мы за гэта нічога не атрымаем, але давайце запішам лекцыю!”.
Ёсць людзі, захопленыя сваёй справай. Але гэтая справа можа быць закансерваванай ва ўніверсітэце, у музеі. У нас ёсць нейкая звышзадача зрабіць гэтых людзей вядомымі і даць ім пляцоўку, каб расказаць пра тое, што яны любяць, больш шырокай аўдыторыі.
— Калі ніхто нічога не атрымлівае, як вам удаецца не кідаць праект? Раскажыце пра сваю каманду і яе работу.
— Я вучылася ў Ліцэі БДУ. Там у нас сфарміравалася суполка класных людзей з прыкладна аднолькавымі каштоўнасцямі, з вельмі падобным светапоглядам. І калі ў мяне з’явілася гэтая ідэя, я стала размаўляць пра яе з сябрамі. Таму касцяк — гэта выпускнікі ліцэя, пасля ўжо далучылася яшчэ некалькі чалавек — і зараз нас у камандзе 17.
Сур’ёзнага пачуцця “кінуць усё” ў нас не было. Спачатку — таму што было шмат энтузіязму, быў новы выклік. А пасля — таму што было ўжо шмат чаго зроблена. Куды гэта — выкідаць? Была адказнасць перад аўтарамі, перад лектарамі і перад людзьмі, якім мы пра праект расказалі. Мы проста не маглі яго не запусціць — было б вельмі сорамна.
Што пачытаць на Wir.by
Мы папрасілі Марыю назваць яе любімыя матэрыялы Wir.by і параіць, з чаго пачаць.
“Зразумела, гэта ўсё відэа, але з іх складана вf5fcffыбраць. Вельмі люблю лекцыі Антона Соміна пра лінгвістыку — іх, дарэчы, можна слухаць па-руску і па-беларуску. Люблю лекцыі Наталлі Ламека пра еўрапейскую літаратуру: пра Кафку, Джойса, Камю і нямецкі экспрэсіянізм. Таксама лекцыі Жанны Некрашэвіч-Кароткай пра старажытнабеларускую літаратуру ад Асветніцтва да сярэднявечча.
Далей раю выбіраць па інтарэсах. Калі цікавы жывапіс — паглядзіце што-небудзь з матэрыялаў, запісаных сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем, напрыклад, лекцыю Наталлі Сяліцкай “Май Данцыг і яго Мінск”. Калі цікавая лінгвістыка, то раю лекцыю Антона Соміна “Что такое родной язык” — ён спрабуе адказаць на пытанне, на якое — спойлер! — нельга адказаць.
Увогуле на сайце ўсё разбіта па рубрыках. Я раіла б чалавеку шукаць матэрыялы па асноўных тэмах, асобах, перыядах і лакацыях. Можна знайсці ўсе матэрыялы, дзе ўзгадваецца Янка Купала, можна даведацца пра нешта ў ХХ ці ў XVI стагоддзі, а можна паглядзець пра тое, што адбывалася ва Усходняй Еўропе”.
Да таго ж мы многім расказалі пра сайт. У мяне як у каардынатара, торгалася вока, бо знаёмыя па чатыры разы на тыдзень пыталіся, як там Wir.by, — гэта здорава стымулявала і бянтэжыла.
— Я ведаю, што вы ўдзельнічалі ў мінулым конкурсе Social Weekend. Што даў гэты досвед?
— Social Weekend дапамог дакладна сфармуляваць, чаго мы чакаем ад праекта і як будзем яго прэзентаваць. А галоўнае — гэта файная пляцоўка для таго, каб наладзіць новыя кантакты. Людзі, з якімі мы пазнаёміліся падчас конкурсу, вельмі цікавыя. Увогуле Social Weekend стварае супольнасць актыўных людзей.
Акрамя таго, мы выйшлі ў фінал і атрымалі фінансавую падтрымку, на якую змаглі набыць відэатэхніку.
— Якія найбліжэйшыя мэты праекта і чым вам можна дапамагчы?
— Зараз наш наступны крок — дайсці да слухача-гледача. Таму да настаўнікаў у мяне вялікая просьба расказаць пра гэты праект сваім вучням — паказаць, што ёсць такі рэсурс, дзе можна лепш падрыхтавацца да ўрокаў і пашырыць свае веды. Нашы матэрыялы можна дэманстраваць у адукацыйных мэтах у школах.
А восенню мы плануем запісаць новыя лекцыі з выкладчыкамі літаратуры. Ёсць такая ідэя: лепшыя выкладчыкі краіны расказваюць пра свае любімыя творы школьнай праграмы. Нехта раскажа пра “Дзікае паляванне караля Стаха”, нехта — пра “Сотнікава” ці “Роднае карэнне”. Калі знойдуцца людзі, якія хацелі б паўдзельнічаць, то мы вельмі зацікаўлены.
— Дзякуй за запрашэнне. Будзем сачыць за развіццём праекта і глядзець-слухаць-чытаць новыя лекцыі!
Гутарыла Мар’я ЯНКОВІЧ.