Падлеткі — народ цікавы, але часам яны прымушаюць сваіх педагогаў і бацькоў хапацца за галаву. Як не проста перажыць цяжкасці падлеткавага перыяду, а атрымаць асалоду ад гэтага часу і самім падлеткам, і тым, хто з імі побач, добра ведае Таццяна Кот — канструктар, дызайнер, майстар-кравец і педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Мінска. А дапамагае ў гэтым ёй і яе навучэнцам правільны падбор адзення. Падрабязней пра гэта — наша гутарка.
— Таццяна Андрэеўна, усе мы ведаем, што сустракаюць па адзежы. Дык пра што ж можа сказаць суразмоўніку наша адзенне? Якія высновы можна зрабіць пра чалавека, усяго толькі ацаніўшы яго касцюм?
— Невербальная інфармацыя складае каля 80% ад усёй, якую мы атрымліваем, убачыўшы чалавека ўпершыню. Калі правільна падабраць адзенне, яго стыль, колер, форму, то можна самому ўплываць на тое ўражанне, якое вы ствараеце. Гэта працуе не толькі на знешняе акружэнне, але і на сваё ўнутранае ўспрыманне і ўплывае на самаадчуванне. Таму навучыцца разумець мову адзення важна. Асабліва гэта тычыцца падлеткаў, якім часам не хапае ўпэўненасці ў сабе, якім так важна меркаванне сяброў пра іх імідж. Ім важна наладжваць камунікацыю, і правільна выбранае адзенне толькі дапаможа ім быць зразумелымі. Вось гэтаму мы і вучымся ў нашым аб’яднанні па інтарэсах “Модны кравец”. Арыентуюся я на падлеткаў 10—16 гадоў.
Навучэнцы Таццяны Андрэеўны стварылі мноства разнастайных калекцый: “Грайнэ”, “Добрае выхаванне”, “Стыхія дракона”, “Мае крылы” і інш. Іх прадстаўленне прынесла аўтарам перамогі на такіх творчых конкурсах, як “Блакітная пралеска”, “Гараскоп фантазій”, “Прывітанне, свет!”, “Млын моды” і інш.
— А хто вашы навучэнцы? Гэта людзі з асаблівым поглядам на стыль, тыя, хто не хоча апранацца так, як усе?
— Маіх навучэнцаў умоўна можна падзяліць на 2 катэгорыі. Першая — тыя, хто шукае сябе як дызайнера, любіць маляваць, прыдумваць і таму прыходзіць да мяне з алоўкамі. А другая катэгорыя — тыя, хто ідзе да мяне навучыцца шыць. Мне падабаецца працаваць са старэйшымі дзецьмі: яны ўжо ведаюць, чаго хочуць. Калі ім нечага не хапае ў гардэробе (гэта асаблівага крою рэч, магчыма, аздобленая нейкім лагатыпам ці красамоўнымі дэталямі, тое, што ім дапаможа быць падобнымі на канкрэтнага блогера ці селебрыці) і яны не могуць гэта купіць — мы ствараем гэта самі. Ім цікава рабіць тое, што яны самі захацелі ці прыдумалі.
Калі педагог — творца, ён проста не мае права спыняцца на дасягнутым. Са студэнцкай лаўкі і да сённяшняга дня Таццяна Кот паспяхова прадстаўляе ўласныя калекцыі на рэспубліканскіх і міжнародных выставах і конкурсах у сферы дызайну: “Млын моды”, Fashion Aids Line, “Моднае дзяцінства” і інш. Яна аўтар і кравец штодзённых, вясельных, гарсэтных і сцэнічных касцюмаў. Напрыклад, як педагог дадатковай адукацыі прымала ўдзел у здымках праграмы “Яшчэ танней”, дзе вучыла тэлегледачоў ператвараць даўно не модныя кашулі ў стыльныя.
— Акрамя таго, што вы ставіце мэтай навучыць дзяцей шыць, вы яшчэ і выхоўваеце сваім мастацтвам. Хочацца тут падрабязнасцей. Так, калі гаварыць пра падлеткаў, то часта яны, імкнучыся выглядаць “як дарослыя”, апранаюцца занадта шчыра, эпатажна. Як вы будуеце работу з такімі дзецьмі? Падтрымліваеце іх жаданне выдзеліцца ці імкняцеся прыблізіць іх гардэроб да ўмоўнай нормы?
— Нормы ў адзенні быць не можа, але ёсць правільнае апрананне згодна з нейкімі канкрэтнымі выпадкамі, акалічнасцямі, месцам. Гэта раўняецца дрэс-коду. Гэтаму я вучу: мы абмяркоўваем, як лепш апранацца ў школу, на алімпіяду, на выступленне на канцэрце. Я вельмі люблю, калі да мяне прыходзяць такія дзеці. Ім важна даць адчуць, што я дазваляю ім думаць па-свойму, што са мной не трэба змагацца, спрачацца. Тады ў іх знікае гэтая агрэсія, яны з задавальненнем праяўляюць сябе ў лепшым для іх кірунку і іх гардэроб перастае быць бунтам. Менавіта з такімі дзецьмі мы ствараем самыя прыгожыя рэчы — з асаблівымі прынтамі, з фота (тое, што сучасныя дзеці называюць “мерч”). Не варта забывацца і пра тое, што гэта падлеткавы ўзрост. Кажуць, дзіцячымі хваробамі трэба перахварэць у дзяцінстве. Гэта так. Многія рэчы (музыку, стылі, паводзіны) няхай яны пражываюць у сваім узросце. Не трэба іх чапаць. Тады яны лепш зразумеюць сябе, ім будзе лягчэй у дарослым жыцці. Многія свае захапленні яны перарастуць, а частку з іх пакінуць як софт-навыкі — тое, у чым яны будуць добра разбірацца і што, магчыма, спатрэбіцца ім у дарослым жыцці.
— Але, думаю, бывае і іншая крайнасць — калі падлеткі рэзка становяцца аматарамі закрытага, чорнага. Ці варта матываваць гэтых дзяцей разнявольвацца, быць больш смелымі ў сваім выбары? Або лепш проста чакаць таго моманту, калі з’явяцца яркія колеры ў іх гардэробе, калі яны адчуюць сябе больш свабодна?
— Так, ёсць і такія дзеці. І са свайго вопыту скажу, што, хоць яны бываюць і занадта сціплыя, закрытыя, калі пачынаеш з імі кантакт, разумееш, што яны вельмі цікавыя для суразмоўніка. Проста ў іх часта ёсць тыя захапленні, якія не супадаюць з захапленнямі большасці іх равеснікаў, таму яны проста саромеюцца самавыяўляцца. А чорная і закрытая вопратка — гэта таксама спроба схавацца. Я параіла б не штурхаць такіх дзяцей, не забараняць апранаць чорнае — гэта выклікае яшчэ большую агрэсію, яшчэ большае жаданне закрыцца. Трэба, наадварот, падлетка падтрымаць у яго выбары, каб ён адчуў сябе ўпэўнена. Гэта ж закрыццё — пра няўпэўненасць у сабе. Калі дзіця зразумее, што вы з ім не ваюеце, не змагаецеся, яно і не будзе абараняцца, будаваць сцены і стане больш раскаваным. І тады можа аказацца такім кладам! У мяне было некалькі такіх дзяцей — старанныя, ціхія, а раптам раз — і становяцца актыўнымі, гаваркімі, душой кампаніі.
— Вы вучыце дзяцей, як сваім вобразам данесці тую інфармацыю, якую яны хочуць пра сябе паведаміць. А як зрабіць так, каб гэты “выказаны” вобраз не спрачаўся з сапраўдным “я” чалавека?
— На гэты выпадак у дызайне ёсць добры прыём. Калі, напрыклад, ад вас патрабуецца выконваць дрэс-код, нават школьны, выконвайце яго ў сілуэце, у агульным наборы адзення. Часта школьная форма — гэта камізэлька з эмблемай установы і спадніца ці штаны. Але і ў аднолькавай форме можна праявіць сваю індывідуальнасць маленькімі аксесуарамі. Гэта могуць быць маленькія значкі ці нават завушніцы, удзетыя замест гузікаў на каўнерыку блузкі, значкі могуць быць на рукзаку, гэта могуць быць і любімыя бранзалеты, якія хаваюцца пад манжэт блузкі. Калі больш свабодны стыль, то нават класічная кашуля можа мець адметны прынт. Гэта ўсё дапамагае паказаць сваю індывідуальнасць у межах дрэс-коду.
— Падкажыце, як навучыць самога падлетка адчуваць сябе і свой гардэроб, а не проста слепа апранаць тое, што модна. Напрыклад, калі мая дачка ці навучэнка пухленькая, як ёй тактоўна падказаць, што ласіны ці скураныя штаны яе псуюць, ці дзяўчынцы з крывенькімі і худзенькімі ножкамі — што не варта насіць міні?
— Пасуе ці не пасуе адзенне — гэта меркаванне дарослых — настаўнікаў ці, часцей, бацькоў. Але для падлетка гэта не так важна: ім важна падабацца самім сабе і равеснікам. Калі гэтая дзяўчынка сярод сяброў і ў леапардавых штанах — зорка, то вы нічога не зробіце. А вось калі яе штаны не спадабаюцца равеснікам, яна пераапранецца. Таму ў мяне падыход такі. Калі гэта сапраўды дрэнна глядзіцца, то я пахвалю дзяўчыну за трэндавае і смелае рашэнне, але прапаную ёй, каб не адцягваць увагу леапардавым прынтам ад прыгожага твару, выкарыстаць яго ў аксесуарах: на сумачцы, бандане, завушніцах. Акрамя таго, мы з дзецьмі шмат гаворым пра іх захапленні. Нехта піша апавяданні, нехта малюе коміксы, нехта глядзіць пэўныя мультфільмы. І я магу прапанаваць абыграць у адзенні нешта з іх любімай сферы. Калі знешні выгляд, адзенне адпавядаюць унутранаму стану чалавека, гэта становіцца яго іміджам, чалавек адчувае сябе ў сваёй талерцы. Калі падлетак актыўны, спартыўны — не навязвайце яму гальштукі. Прапануйце яму ў межах дрэс-коду кашулю ці абутак спартыўнага стылю. Я за тое, каб не прымушаць, а дапамагчы дзіцяці знайсці той варыянт, які яму самому падыдзе, у якім яму будзе камфортна.
— Гледзячы на вашы калекцыі, гэтая ідэя вельмі адчуваецца. Раскажыце, калі ласка, як вы ствараеце з дзецьмі свае калекцыі. Як праходзіць абмеркаванне канцэпцыі, дэталей, вобразаў?
— У мяне ёсць свой брэнд адзення, для яго стварэння я доўга вывучала тэхналогіі, тэхнікі, якія выкладаюць у Італіі ў магістратуры для дызайнераў адзення. І многія гэтыя тэхнікі я перапрацоўваю і перадаю сваім навучэнцам. Напрыклад, у нас ёсць заняткі па скетчбуку — комплекс заданняў на раскрутку, развіццё фантазіі. Фантазія як мышцы ў спартсмена: чым больш ёй карыстаешся, тым лепш яна працуе. Не менш важная і напрацоўка навыкаў: маляванне, шыццё, мадэляванне. Калі прыходзіць час стварэння калекцый, мы выбіраем яе тэму. Наша калекцыя — не проста выява, а перадача пэўнай ідэі. Увогуле, дызайн — гэта заўсёды ідэя, перададзеная візуальна. Для гэтага мы разам складаем ментальную карту, абмяркоўваем яе. Пасля разам выбіраем той напрамак ідэй, які будзем распрацоўваць. На гэтую ідэю ствараем мудборды — наборы карцінак, крыніц натхнення. А з іх складаем калаж. Напрыклад, у нас была калекцыя на тэму драконаў. Мы ўзялі за ідэю беларускага Цмока. Мы шмат чыталі легенд пра Цмока. У кожнага было заданне — знайсці нешта цікавае і малавядомае пра гэтага персанажа і візуальна замаляваць ці запісаць. Усе гэтыя нататкі змясцілі на мудборд. Пасля кожны малюе каля 10—20 эскізаў, на якія натхнілі іх тыя здабыткі, якія мы знайшлі. Іх мы перапрацавалі і на іх аснове стварылі 7 мадэлей для калекцыі. Некаторыя рэчы падбіралі пад тканіны, што былі ў нас у наяўнасці, а пад некаторыя падбіралі тканіну. І ўжо адразу вызначаліся, хто будзе прадстаўляць на сцэне гэтую калекцыю, каб падагнаць па фігуры. І гэты момант таксама іх матывуе: яны адчуваюць датычнасць да пэўнага ўбору. Паралельна разам прыдумвалі пастаноўку, падбіралі музыку, рэпеціравалі харэаграфію, прыдумалі назву, прадумвалі галаўныя ўборы, абутак, аксесуары. Напрыклад, вобразы дапаўнялі сумачкі з выявамі дракона.
— Чым вы з навучэнцамі жывяце цяпер? Якія думкі і ідэі першымі перакладзяце на ментальную карту?
— Было б здорава стварыць яркую калекцыю верхняга адзення. Яно і на сцэне добра глядзіцца, і па фігурах добра садзіцца. Шыць, канечне, паліто і курткі складана, але і такія навыкі ў нашых навучэнцаў павінны быць.
— Дзякуй за размову.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Таццяны Кот.