Сучасная бібліятэка: гаманіць не забаронена!

Для сучасных чытачоў існуюць анлайн-бібліятэкі, электронныя кнігі, бясконцы кантэнт у блогах і СМІ. Таму ў дзяцей і падлеткаў усё менш прычын ісці ў звычайную бібліятэку па папяровую кнігу. Ды пакуль адны прарочаць свет без бібліятэк, іншыя пераасэнсоўваюць іх ролю ў жыцці новага пакалення, шукаюць спосабы заставацца актуальнымі і карыснымі. Што атрымліваецца, расказваюць супрацоўнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Баранавіч.

У ЦБС уваходзіць Цэнтральная гарадская бібліятэка імя В.Таўлая, Цэнтральная дзіцячая бібліятэка і 4 філіялы. Кожны з філіялаў адметны ўласнымі праектамі і падзеямі. Напрыклад, філіял № 1 вядомы краіназнаўчай спецыялізацыяй: праводзіць тэатралізаваныя паказы пра народную культуру, сімволіку, звычаі і, канечне, літаратуру розных краін. У бібліятэках працуюць лялечныя тэатры “Капрызка” і “Доктар Смех”, для якіх самі бібліятэкары рыхтуюць лялек і пішуць сцэнарыі.

— Мы пастаянна супрацоўнічаем са школамі, імкнёмся, каб нашы мерапрыемствы і заняткі былі карыснымі для настаўнікаў, — расказвае дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Баранавіч Таццяна Аляксандраўна Рудкоўская. — Напрыклад, каб дапамагчы малодшым школьнікам у вывучэнні прадмета “Мая радзіма Беларусь”, мы запусцілі праект “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” і расказваем пра нашых знакамітых землякоў.


Таксама ў дапамогу настаўнікам пачатковай школы праводзяцца гучныя чытанні “Чытаем па-беларуску”. Бібліятэкары рыхтуюць дзяцей да зацікаўленага слухання, чытаюць і абмяркоўваюць з імі творы на роднай мове. А пасля разам майструюць сувеніры на памяць і ладзяць тэматычныя фотасесіі. Фота ў касмічным стылі было зроблена пасля чытання казкі Алеся Бадака “Зорка для капрызы”. На здымку — адзін з вучняў 3 “Б” класа гімназіі № 4, якія з першага класа наведваюць чытанні.

Таццяна Аляксандраўна радуецца, што многія супрацоўнікі бібліятэкі маюць педагагічную адукацыю, якая дапамагае рыхтаваць цікавыя і карысныя праекты для школьнікаў. А яшчэ ўдзячная ім за энтузіязм і крэатыўнасць. Пра гэта і пагаворым.

Знаходзіць той, хто шукае

Загадчыца сектара літаратуры на замежных мовах Наталля Анатольеўна Станкевіч прыйшла ў бібліятэку больш за 20 гадоў назад, калі толькі пачынала супрацоўнічаць з Інстытутам імя Гётэ, а пасля і з Пасольствам ФРГ. Сёння Наталля Анатольеўна і яе каманда — бібліятэкары сектара літаратуры на замежных мовах Вольга Уладзіміраўна Якубовіч і Алена Уладзіміраўна Пасадская — праводзяць маштабныя тыдні Германіі для тых, хто цікавіцца культурай гэтай краіны. Тут і фотамарафон, і кулінарныя віктарыны, і майстар-класы, і здымкі відэароліка з вершамі нямецкіх аўтараў, і кірмаш з удзелам мясцовых майстроў.

Акрамя таго, бібліятэка з’яўляецца адной з 11 бібліятэк — партнёраў Інфармацыйнага цэнтра Пасольства ЗША. У рамках супрацоўніцтва сюды прыязджаюць музыканты, аўтары коміксаў, а таксама цэлыя выставы, падрыхтаваныя да кніжнага кірмашу. Мінулагодняя, напрыклад, была прысвечана сучаснаму мастацтву ЗША і расказвала пра стрыт-арт, графіці. Сярод экспанатаў — не толькі кнігі, але і плакаты, дыскі, настольныя гульні.

Падчас канікул у бібліятэцы праходзяць праекты “Нямецкае лета” і “Амерыканскае лета”. Яны пачыналіся з прагляду і абмеркавання фільмаў на замежнай мове, а выраслі ў насычаныя дыскусіямі тэматычныя тыдні, прысвечаныя кулінарыі, музыцы, навуцы, журналістыцы, экалогіі. Праекты набылі такую папулярнасць, што запіс пачынаецца задоўга да сустрэч, а замест груп па 10 чалавек бібліятэкары звычайна праводзяць заняткі для 20.

Дзякуючы падтрымцы Інфармацыйнага цэнтра Пасольства ЗША, у бібліятэцы з’явіўся цэлы Kids and teens tech centre — тэхнічны цэнтр, дзе дзеці і падлеткі могуць папрацаваць з тэлескопам і мікраскопамі, 3D-ручкамі і 3D-прынтарам. Напрыклад, гэтым летам любы жадаючы мог прынесці свае матэрыялы (цукар, паперу, зялёнае лісце) і паразглядаць структуру рэчыва праз мікраскоп.

Уважлівы чытач мог заўважыць на пярэднім плане здымку бульбу. Бібліятэкары са смехам тлумачаць, што такі рэквізіт застаўся пасля “Свята бульбы”. Вось такое спалучэнне сучаснасці і традыцый.

— Таксама мы наладзілі супрацоўніцтва з пасольствамі Польшчы, Францыі, Швецыі, — пералічвае Таццяна Аляксандраўна. — Пасол Швецыі асабіста наведала бібліятэку, каб расказаць пра культуру і гісторыю краіны. Польскае пасольства і Польскі інстытут у Мінску ладзяць для нас сустрэчы з пісьменнікамі, выязныя выставы. А зусім нядаўна нашы супрацоўнікі змаглі наведаць кніжны фестываль у Францыі.

Адным словам, каманда з цікавымі ідэямі і жаданнем іх рэалізаваць заўсёды знойдзе падтрымку.

Сучасныя чытачы

Каб гутарыць на адной мове з дзецьмі, бібліятэкары стварылі свае групы ў Facebook і “УКантакце” і сочаць за апошнімі тэндэнцыямі ў сацыяльных сетках. Яны ўжо прывыклі, што апоўначы ў групу можа звярнуцца школьнік, які хацеў бы наведаць мерапрыемства або ўдакладніць, ці можна ўзяць пэўную кнігу. Нават па простых пытаннях падлеткам прасцей напісаць, чым патэлефанаваць, таму бібліятэкары прывыклі хутка адказваць анлайн.

Сацыяльныя сеткі дапамагаюць не толькі ладзіць зносіны з гасцямі бібліятэкі, але і знаходзіць натхненне на старонках любімага фестывалю “Горад і кнігі” і замежных бібліятэк, у якіх заўсёды можна падгледзець цікавую ідэю.

— Так пачаліся нашы “Ночы Гары Потэра”, — узгадвае Наталля Анатольеўна. — Мы пабачылі пост англійскага выдавецтва Bloomsbury, якое прапанавала ўсім жадаючым матэрыялы для правядзення тэматычнага мерапрыемства. Трэба было толькі падаць заяўку, але дэдлайн даўно прайшоў. Ды мы ўсё адно звярнуліся. Нечаканаму лісту з Беларусі былі так рады, што даслалі нам усе матэрыялы! Цяпер мы штогод атрымліваем інструкцыю з ідэямі тэматычных гульняў і забаў для “Ночы Гары Потэра”.

Традыцыйных лекцый і семінараў у бібліятэцы не праводзяць: дзеці хутка губляюць цікавасць. Таму ў праграму любога мерапрыемства стараюцца ўключыць элементы сумеснай творчасці. Дзеці майструюць, гатуюць простыя стравы.

— Каб зрабіць шакаладнае фандзю ці ліманад у спёку, асаблівай падрыхтоўкі не трэба. Таксама мы можам замясіць цеста, каб пасля дзеці запяклі яго дома і падзяліліся з намі фота таго, што атрымалася, — гаворыць Наталля Анатольеўна.

Гэта дапамагае вывучаць кухні розных краін, прыцягваць увагу да кулінарных кніг, якіх багата ў фондах бібліятэкі, і ўзнаўляць рэцэпты страў з літаратурных твораў.

Папулярнасцю ў бібліятэцы карыстаюцца коміксы і настольныя гульні (у калекцыі — каля 200). Нават падчас мерапрыемстваў можна прыйсці, узяць гульню і пасядзець з кампаніяй у фае.

Самыя актыўныя дзеці хочуць мець дачыненне і да арганізацыі мерапрыемстваў, вакол бібліятэкі ўжо сабралася кола зацікаўленых валанцёраў.

— Гэта важна і для нас, і для іх, — падкрэслівае Наталля Анатольеўна. — Сучасныя падлеткі не заўсёды адчуваюць сябе пачутымі, зразумелымі, патрэбнымі, і валанцёрства гэта дае.

Валанцёры з добрымі моўнымі навыкамі дапамагаюць Вользе Уладзіміраўне на занятках па карэкцыі навыкаў чытання на англійскай мове ў малодшых школьнікаў. Падчас вялікіх мерапрыемстваў яны сустракаюць гасцей, праводзяць квесты, мадэрыруюць гульні. А калі ў бібліятэку з лекцыяй прыязджаюць замежныя госці, іх знаёмства з Баранавічамі таксама можна даверыць валанцёрам — вопытным экскурсаводам.


“Чамадан гісторый” — чытанні для самых маленькіх. Бібліятэкары падбіраюць з фонду казкі замежных пісьменнікаў (калі трэба — перакладаюць з іншых моў), якія ўрачыста дастаюць з “Чамадана гісторый” і чытаюць уважлівым слухачам.

Больш дарослыя (7—9 гадоў) і самастойныя наведвальнікі бібліятэкі чытаюць самі і разам абмяркоўваюць кнігі на сур’ёзныя тэмы — напрыклад, пра экалогію, навуку.

— Дзеці сёння класныя! — упэўнена Наталля Анатольеўна. — Яны іншыя, не падобныя да ранейшых. У нечым вельмі прасунутыя і разумныя, у нечым — наіўныя і ранімыя. Мы не разумеем, як у іх атрымліваецца адначасова рабіць дамашняе заданне, адказваць на званок, праглядаць здымкі і г.д. А яны могуць рабіць шмат спраў адразу, і ні адну — доўга.

— А яшчэ гэтыя дзеці вельмі талерантныя, — далучаецца да дыскусіі Вольга Уладзіміраўна. — Яны гатовы ўспрымаць усё новае, з павагай ставяцца да тых, хто ад іх адрозніваецца.

Вольга Уладзіміраўна можа разважаць пра думкі і каштоўнасці моладзі з поўнай адказнасцю, бо добра ведае, што іх цікавіць. Бібліятэкар арганізавала ўдзел баранавіцкіх падлеткаў у амерыканскім праекце Teen Press. Яе выхаванцы вучацца тэлежурналістыцы — праводзяць і афармляюць відэаінтэрв’ю. Праект не толькі развівае мысленне і пашырае светапогляд, але і дапамагае атрымаць моўную практыку з носьбітам, бо інтэрв’ю вучні праводзяць не толькі на роднай мове, але і на англійскай і польскай.

— А я больш за ўсё люблю працаваць з малышамі: адразу бачны прагрэс, — дзеліцца Алена Уладзіміраўна. — Зусім нядаўна маці прыносіла дзіця на руках, за кампанію са старэйшым братам, а сёння яму ўжо тры гады, і яно слухае кнігі гэтак жа ўважліва і ўсвядомлена, як 7-гадовыя Бібліятэкары ладзяць новыя праекты пастаянна, але нагадваюць, што галоўнае ў іх працы — кніга!

— Дзеці прыходзяць на мерапрыемствы, бачаць на паліцах кнігі і цягнуцца да іх, — падсумоўвае Наталля Анатольеўна. — Заўважце, гэта кнігі на замежных мовах, якія складана чытаць! Таму асабліва радуе, калі многія сыходзяць з нашых сустрэч і майстар-класаў з кнігамі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва герояў.