100 ідэй для Беларусі і лета

Штогод дарослыя ламаюць галаву над пытаннямі: чым заняць дзяцей падчас летніх канікул? Што б такое прыдумаць, каб і ім было цікава, і час праходзіў з карысцю? Сёлета адказы на гэтыя пытанні бацькам, педагогам і прадстаўнікам галіновых міністэрстваў дапамаглі знайсці ўдзельнікі рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі”. У сотню лепшых інавацыйных ідэй у розных сферах сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны, цікавых для практычнай рэалізацыі, увайшлі і тыя, што так ці інакш маюць дачыненне да самай чаканай школьнікамі і студэнтамі пары года. У нашым аглядзе — тры самыя актуальныя летнія ідэі ад моладзі.

© БелТА

“Пошукі святыні”

Першая ідэя — арганізаваць маладзёжны археалагічны лагер “Пошукі святыні” на месцы, дзе некалі знаходзіўся Рагвалодаў камень — манументальны помнік славян­скай эпіграфікі ХІІ стагоддзя. Паводле гістарычных звестак, камень знаходзіўся каля вёскі Дзятлава Аршанскага раёна, у18 кмад Оршы. У 1171 годзе па загадзе князя Рагвалода Барысавіча на валуне вышынёй у тры метры быў высечаны 6-канечны крыж. Камень шанаваўся як праваслаўная святыня. Над ім у ХІХ стагоддзі была пабудавана царква. Побач з царквой мелася крыніца, вада з якой лічылася святой. Валун быў падарваны ў 1936 годзе нібы з мэтай будаўніцтва шашы Масква — Мінск, аднак яго абломкі яшчэ доўга ляжалі на сваім месцы.

Аўтар ідэі Максім Рабей прапанаваў не толькі арганізаваць маладзёжны археалагічны лагер па пошуку рэшткаў каменя, але і ўзнавіць царкву на месцы, дзе знаходзіўся Рагвалодаў камень, добраўпарадкаваць крыніцу, якая знаходзіцца паблізу ад гэтага месца і стварыць турыстычныя сцяжынкі ад чыгуначнага прыпынку Дзятлава і міжнароднай аўтатрасы Мінск — Масква да месца, дзе мяркуецца ўзвядзенне царквы.

— Рагвалодаў камень з’яўляецца адной са святынь беларускага народа, выбітным помнікам славянскай гісторыі і культуры. Яго знішчэнне з’явілася нечуваным актам вандалізму. Яго ўзнаўленне, па прыкладзе іншай найвялікшай святыні нашага народа — Крыжа Ефрасінні Полацкай, — у прынцыпе немагчыма. Але магчыма знайсці яго фрагменты, — расказвае аўтар. — Даследаванне тэрыторыі, дзе калісьці знаходзіўся помнік, можна ажыццявіць за некалькі археалагічных сезонаў. У іх могуць прыняць удзе­л студэнты Віцеб­скага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, навучэнцы Оршы і Аршанскага раёна пад кіраўніцтвам спецыялістаў-археолагаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Агульнае кіраўніцтва раскопкамі можа ажыццявіць доктар гістарычных навук прафесар Вольга Мікалаеўна Ляўко — спецыяліст па гісторыі паўночна-ўсход­няй Беларусі. У выніку раскопак павінен быць выяўлены падмурак царквы Святых Барыса і Глеба, пабудаванай над каменем і разабранай у 1930-я гады. Царква павінна быць узноўлена. Побач з ёй, знаходзіцца святая крыніца. Яе неабходна добраўпарадкаваць, забяспечыць да яе зручны спуск. Царква са знойдзенымі фрагментамі каменя і святая крыніца павінны стаць аб’ектам турызму і паломніцтва для праваслаўных хрысціян, усіх аматараў старажытнасці.

Экспертны савет праекта “100 ідэй для Беларусі” даў высокую ацэнку праекту, адзначыўшы, што ён своеасаблівым чынам накіраваны не толькі на патрыятычнае выхаванне, але і на захаванне і развіццё духоўных, гістарычных і культурных каштоўнасцей беларускага народа.

© БелТА

Рух — жыццё!

Другую летнюю ідэю пад агульнай назвай “Веласіпедны транспарт — будучае здаровай нацыі” прапанаваў студэнт механічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Аляксандр Кузьмянкоў.

— Галоўная станоўчая якасць веласіпеда — карысць для здароўя і экалогіі. Падчас руху на веласіпедзе задзейнічаны некалькі груп мышцаў — ног, спіны, жывата. Акрамя таго, гэта выдатны сродак для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. У нашай краіне веласіпед даўно папулярны менавіта таму, што да людзей прыходзіць усведамленне: язда на веласіпедзе не толькі ўмацоўвае здароўе, але і з’яўляецца танным сродкам праезду па горадзе і не наносіць шкоды экалогіі. Аднак адна з галоўных праблем, якая стрымлівае развіццё веласіпеднага транспарту ў краіне і ў Гомелі ў прыватнасці, — адсутнасць месцаў для паркоўкі веласіпедаў. У Гомелі ёсць велапаркоўкі, але іх колькасць можна пералі­чыць на пальцах рукі. Веласіпедысты вымушаны выкарыстоў­ваць для паркоўкі не прызначаныя для гэтага лаўкі, уваходныя дзверы, дрэвы і падобныя на іх аб’екты. Гэта стварае масу праблем як для саміх веласіпедыстаў, так і для астатніх жыхароў горада, бо веласіпедысты часам замінаюць іншым грамадзянам. Бываюць і канфлікты паміж пешаходамі і адміністрацыяй будынкаў з аднаго боку і веласіпедыстамі — з іншага.

Другая праблема — адсутнасць веласіпедных дарожак: ні на праезнай частцы, ні на тратуарах няма пазначанай ці вылучанай дарожкі для веласіпедаў. Веласіпедыстам даводзіцца або манеўрыраваць паміж пешаходамі, або ехаць па праезнай частцы, цалкам не абсталяванай для гэтай справы. Усё гэта негатыўна ўплывае на развіццё веласіпеднага руху, — расказвае аўтар. — Мая ідэя, дакладней мая прапанова, заключаецца ў тым, каб абсталяваць наш горад дарожкамі і паркоўкамі для веласіпедаў. Зрабіць паркоўкі не складзе вялікай праблемы: імі могуць паслужыць, напрыклад, асобна звараныя паміж сабой пруты арматуры, замацаваныя да падлогі. І не толькі пруты: тут можна выкарыстоўваць сапсаваныя покрышкі, дрэвы і г.д. Галоўнае — фантазія! Паркоўкі можна рабіць і як прадметы дызайну ў нашым і без таго прыгожым горадзе. Размясціць іх прапаноўваю каля вялікіх крам, клубаў, універсітэтаў і побач з усімі навучальнымі ўстановамі, а таксама ў іншых месцах, дзе шмат мола­дзі. Наконт веладарожак: можна правесці па гарадскіх дарогах, па тратуарах спецыяльную лінію пэўнага колеру, уздоўж якой і будуць ездзіць веласіпедысты. Пешаходы, ідучы па тратуары, будуць бачыць гэтую лінію і ведаць, што па ёй магчыма будзе ехаць веласіпедыст, абы­дуць яе ці будуць асцярожнымі. Як альтэрнатыву можна зрабіць асобную шырокую паласу для веласіпедыстаў і пешаходаў, так бы мовіць 50 на 50: з аднаго боку ходзяць пешаходы, з другога — ездзяць веласіпедысты. Усё гэта прыцягне дадатковую ўвагу і выкліча жаданне сесці на веласіпед, а ў каго яго няма, то набыць, бо аўтамабіль пазбаўляе чалавека мышачнай нагрузкі, свежага паветра і задавальнення ад сузірання навакольнай прыгажосці.

Займацца спортам бяспечна!

Аўтары трэцяй ідэі для Беларусі і лета — вучні гімназіі № 1 Горак Уладзімір Архіпцаў, Яўген Раманаў і Антон Халюкоў. Юнакі прапаноўваюць будаваць спецыялізаваныя пляцоўкі для заняткаў скейтбордзінгам і катаннем на ролікавых каньках з мэтай папулярызацыі і развіцця маладзёжных відаў спорту, далучэння моладзі да актыўнага адпачынку і зніжэння рызыкі траўматызму дзяцей і падлеткаў падчас катання ў непрыстасаваных для гэтага месцах.

— Напэўна, кожны з нас хаця б аднойчы бачыў юнакоў і дзяўчат, якія катаюцца на скейтбордах і роліках па дарогах, на плошчах і ў парках горада. Часам проста дзівішся, як яны выконваюць такія ашаламляльныя трукі на, здавалася б, звычайнай дошцы з коламі. Разнастайныя трукі выконваюцца на лаўках, парэнчах, прыступках і бардзюрах. Масавае захапленне скейтбордам адлюстроўвае запатрабаванне сучаснага маладога гараджаніна ў руху, — расказвае адзін з аўтараў ідэі Уладзімір Архіпцаў. — Скейтбордзінг — эмацыянальна напружаны від спорту, ён выпрацоўвае выдатны спрыт і адвагу, уменне валодаць сваім целам. Нягледзячы на тое, што моладзі, якая выбірае скейтбордзінг, становіцца ўсё больш, многае ў гэтым відзе спорту застаецца нявырашаным. Неарганізаваныя групы моладзі, якая катаецца, ствараюць небяспеку для аўтамабіляў і пешаходаў, тады ўхвальнае з пунк­ту гледжання актыўнага адпачынку захапленне пераходзіць у парушэнне элементарных норм і правілаў. Па правілах дарожнага руху забараняецца катацца на дошках па праезных частках вуліц і плошчаў, шашы і ў месцах, дзе шмат пешаходаў. Дзе ж займацца падлеткам?

У нашым горадзе няма спецыялізаваных месцаў для гэтага віду спорту, а дарожкі стадыёнаў і дваровыя пляцоўкі, на жаль, вельмі рэдка маюць роўнае і гладкае пакрыццё. У сваёй гімназіі мы правялі апытанне сярод навучэнцаў 5—11 класаў на прадмет наяўнасці скейтаў і ролікаў. 65% апытаных, галоўным чынам навучэнцы 5—9 класаў, маюць ролікі. 43,5% навучэнцаў 8—11 класаў маюць скейт. На пытанне “Дзе вы катаецеся на скейтах і роліках?” большасць адказалі, што гэта праезная частка вуліцы ці тратуар, менш трэцяй часткі — плошча горада, крыху больш за дзесяць працэнтаў — школьны стадыён.

Такім чынам, дзе ж навучыцца майстэрству катання на скейце і роліках, сустрэць аднадумцаў і не рызыкаваць сваім жыццём і здароўем? Аўтары ідэі катэгарычныя — толькі на спецыялізаванай пляцоўцы!

— Побач з нашай гімназіяй знаходзіцца здзірванелы ўчастак зямлі. Штогод гімназісты наводзяць на ім парадак, збіраючы смецце, зграбаючы сухі бур’ян. Гэтае месца ідэальна падыдзе для рэалізацыі нашай ідэі — пляцоўкі для заняткаў скейт­бордзінгам і катаннем на ролікавых каньках. Перш за ўсё яго неабходна ачысціць ад хмызняку і травы. Зрабіць падсыпку з пяску і шчэбеню, пакласці роўны асфальт. Абавязковая ўмова — абнясенне пляцоўкі агароджай. Гэтыя віды работы самыя дарагія, і без фінансавай падтрымкі па-за межамі гімназіі, на жаль, не абысціся. Другі этап — будаўніцтва пляцоўкі, узвядзенне адмысловых элементаў для выканання трукаў. Гэта невялікія бардзюры, прыступкі, згібы, рампы і інш. Большасць такіх прыстасаванняў можа быць выканана з дошак і фанеры. Паколькі пляцоўка будзе прызначана і для катання на роліках, неабходна зрабіць разметку, у тым ліку і фігурную (для ўдасканалення майстэрства катання). Абавязкова на пляцоўцы павінны быць лаўкі і невялікі навес для захоўвання рэчаў, — расказвае суаўтар ідэі Яўген Раманаў. — Падчас далейшай рэалізацыі праекта плануецца прадастаўляць платныя паслугі па пракаце скейтаў і ролікаў, пачаткоўцаў змогуць вучыць больш падрыхтаваныя падлеткі. Для падтрымання пляцоўкі ў чысціні і парадку, абнаўлення абсталявання неабходны грашовыя сродкі, таму ўваход на пляцоўку можа быць платным, а абслугоўванне пляцоўкі можа ажыццяўляцца самімі навучэнцамі гімназіі.

Валерыя САНТЭРСКАЯ.
Фота БелТА.