Заўсёды, калі я бываю на конкурсах, заўважаю, што для ўстановы адукацыі вялікае значэнне мае прыналежнасць да іх пераможцаў. Школы і ўстановы дадатковай адукацыі, у якіх дзіця займаецца, імкнуцца прыпісаць іх узнагароды сабе, думаючы толькі пра тое, як павысіць свой рэйтынг. Каб зняць гэтую канкурэнцыю, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі стварыў навуковае таварыства навучэнцаў, якое расстаўляе іншыя акцэнты ў арганізацыі даследчай дзейнасці школьнікаў, наладжвае больш цеснае ўзаемадзеянне настаўнікаў-прадметнікаў, педагогаў дадатковай адукацыі і вучоных Нацыянальнай акадэміі навук.
Каб не дзяліць дзяцей
Часта ўстановы скардзяцца, што не маю ць рэсурсаў для правядзення дзіцячых даследаванняў і не могуць атрымаць кансультацыю вопытных вучоных. Таму мэтай дзейнасці гэтага навуковага таварыства стала работа менавіта ў гэтым кірунку. Саветам маладых вучоных акадэміі навук Беларусі праводзіцца вялікая асветніцкая работа па інфармаванні аб дасягненнях у розных галінах навукі як для школьнікаў, так і для педагогаў, канферэнцыі для навучэнцаў не конкурснага характару.
Курыруе праграму Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі “Першы крок у навуку” на базе інстытутаў НАН Беларусі біялагічнага профілю Ірына Альбертаўна Максімава, якая больш за 40 год працавала ў акадэміі навук, а апошнія гады з’яўляецца педагогам дадатковай адукацыі. Яна зазначае: “Адна з нашых мэт — прымірыць інтарэсы педагогаў школ і ўстаноў дадатковай адукацыі, бо часта ідзе дзяльба дзяцей. А яны павінны быць агульнымі. І мы павінны вучыць і выхоўваць іх сумесна, дапамагаючы адно аднаму. Вы, настаўнікі, даяце дзецям адукацыйную базу, мы дапамагаем ім сарыентавацца ў прафесійным плане, развіць творчыя здольнасці. І калі ў вас, педагогаў школы, пры вашай каласальнай занятасці ёсць жаданне і магчымасць арганізоўваць з дзецьмі навукова-даследчую дзейнасць, то мы можам вам у гэтым дапамагчы, стаўшы мостам паміж школай і самай высокай навуковай інстанцыяй — Нацыянальнай акадэміяй навук, дзе навуковыя супрацоўнікі з’яўляюцца нашымі педагогамі дадатковай адукацыі. Мы аб’ядноўваем вакол нашых дзяцей сілы і базавай адукацыі, і сярэдняй, і дадатковай, і навуковай, даём дзецям магчымасць прыняць удзел у даследчых работах нашых інстытутаў, прадастаўляем ім базу, умовы і абсталяванне лабараторый акадэміі навук. І на выніку ў нас атрымліваюцца вельмі цікавыя сумесныя работы”.
Акрамя таго, гэта ўнікальная магчымасць для дзяцей яшчэ ў школьныя гады стаць сваімі для НАН, яны могуць нават уладкоўвацца туды на працу на канікулах. Напрыклад, гэтым летам трое адзінаццацікласнікаў з сярэдняй школы № 126 сталіцы будуць працаваць у сектары экалагічнага маніторынгу Інстытута эксперыментальнай батанікі — будуць выконваць абавязкі лабарантаў і збіраць матэрыялы па маніторынгу дарог і ахоўных насаджэнняў, што з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў у экалагічным маніторынгу краіны. Працавалі тут і навучэнкі з сярэдняй школы № 61 Мінска — займаліся пытаннямі біяіндыкацыі прыроднага асяроддзя. Часта школьнікі, даведаўшыся пра цікавыя маштабныя работы вучоных, далучаюцца, дапамагаюць.
Зялёным горад зробім разам
У пачатку мая Мінск пачаў пераходзіць да статусу “Зялёны горад”. Пры падтрымцы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця для сталіцы будзе распрацавана дарожная карта па стварэнні “зялёнага горада”, якая дапаможа паменшыць уздзеянне на навакольнае асяроддзе, створыць больш камфортныя і спрыяльныя ўмовы для жыццядзейнасці жыхароў горада. Праманітораць якас ць паветра, чысціню і даступнасць зямельных і водных рэсурсаў, зялёных зон. Канкрэтныя дзеянні будуць накіраваны на захаванне біяразнастайнасці, скарачэнне выкідаў парніковых газаў і адаптацыю да змены клімату.
Немалую работу правядуць у гэтым кірунку і члены таварыства — педагогі школ, навуковыя супрацоўнікі — у прыватнасці па вывучэнні глеб і расліннасці горада. Напрыклад, сумесна з гімназіяй № 19 будзе рэалізавана праграма па летнім зборы матэрыялаў. Гімназісты будуць працаваць па праекце “Ліпы Мінска” і вывучаць негатыўны ўплыў антыгалалёдных рэагентаў на гэтыя дрэвы.
Вынікі года і планы на лета
Планы на лета па вывучэнні наваколля Мінска і больш далёкіх рэгіёнаў былі абмеркаваны нядаўна ў акадэміі навук падчас біяфоруму “Новыя ідэі”, прысвечанага Году малой радзімы ў Беларусі. Удзельнікамі сталі 18 школ і гімназій Мінска, якія задзейнічаны ў сумесным праекце “Першы крок у навуку”.
“На канферэнцыі абмяркоўваліся ідэі будучых даследчых работ, іх тэматыка. І паколькі ў нашай краіне зараз Год малой радзімы, мы прапанавалі нашым педагогам арганізаваць летнюю работу навучэнцаў у кірунку даследавання сваёй малой радзімы, вывучаць родны край з заалагічнага, батанічнага, экалагічнага боку, — гаворыць Ірына Альбертаўна. — Мы прапанавалі дзецям, пакуль яны будуць адпачываць у вёсках у сваякоў, сабраць матэрыялы па пашырэнні рэестра помнікаў прыроды Беларусі: валуноў, дрэў-волатаў, крыніц. Гэта вучыць дзяцей звяртаць увагу на навакольнае асяроддзе, разумець асаблівасці нашай прыроды, бо ў нас захавалася тое, чаго ўжо даўно няма ў Заходняй Еўропе. Напрыклад, у Беларусі яшчэ ёсць чыстыя насаджэнні бука, піхты, дубоў, сустракаюцца і асобныя дубы-волаты. Мы прапанавалі методыкі абмераў і расказалі, як зафіксаваць і сфатаграфаваць гэтыя аб’екты. Калі ж ёсць малыя рэкі, крынічкі, іх антрапагенныя забруджванні, то высветліць, кім і як яны забруджваюцца, па магчымасці іх ачысціць. Гістарычную даведку зрабіць пасля гутаркі з мясцовымі старажыламі пра мясцовыя крынічкі, можа, сабраць звязаныя з імі мясцовыя легенды”.
Вось нядаўні прыклад з практыкі вучоных. Некалі ўзнікла сумненне, што насамрэч славутых віцебскіх дубоў ніколі не было. А вучоныя даказалі, што яны ў нас былі, толькі… сплылі. Прымяняючы цікавы метад — дэндрахраналогію (вывучэнне гадавых кольцаў, толькі не на спіле, а на жывым дрэве), адбіраецца керн — тонкая стужка са ствала. І, вывучаючы керн, сумяшчаючы даныя з гістарычнымі даведкамі, з работамі лінгвістаў, аналізуючы глебы па спадарожнікавых картах, супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі даказалі, што дубы на Віцебшчыне былі. Але ў сярэдневякоўі дрэвы волакам цягнулі ў Еўропу, а потым, калі ўжо існаваў водны канал паміж Беразіной і Заходняй Дзвіной, іх сплаўлялі па вадзе. Дрэвы, якія раслі ў адзін час і ў адным месцы, маюць аднолькавыя шкалы. Звязаўшыся з дэндрахранолагамі Заходняй Еўропы, параўнаўшы шкалы тых дрэў, якія яшчэ захаваліся, з даследаваннямі, што праводзілі ў сябе палякі, англічане, французы і інш., айчынныя спецыялісты высветлілі: асновы для ікон, мэбля, драўляныя перакрыцці ў старажытных храмах і сядзібах зроблены з віцебскіх дубоў. Цяпер дзеці дапамагаюць праводзіць вучоным работу ў гэтым кірунку і працягваюць яе ў рамках праграмы аднаўлення і аховы беларускай флоры.
Сярод іх і навучэнцы сярэдняй школы № 126 Мінска, якая ў гэтым навучальным годзе стала базавай для МДПДіМ. Вельмі шмат яе навучэнцаў распачалі свае даследаванні з супрацоўнікамі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН. Яны наведваюць 5 гурткоў на базе акадэміі навук. Самым папулярным стаў гурток “Біяразнастайнасць флоры Рэспублікі Беларусь” пад кіраўніцтвам У.М.Лябедзькі.
“Заняткі Уладзіміра Мікалаевіча праходзяць настолькі цікава, што вучням цяжка дачакацца наступных, — гаворыць Ірына Міхайлаўна Новік, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 126 Мінска. — Яны ўжо даведаліся шмат цікавых фактаў. Напрыклад, тое, што ёсць адзін від архідэй, які расце і нават зацвітае пад зямлёй, а над паверхняй глебы з’яўляецца толькі адзін раз у 7 гадоў; што сярод раслін сустракаецца вялікая колькасць відаў-двайнікоў. Удзельнікі гурткоў замацуюць тэарэтычны матэрыял практычнымі навыкамі падчас наведвання на канікулах летняга аздараўленчага лагера для адораных дзяцей пры Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, папоўняць калекцыю нацыянальнага гербарыя. Усе тыя веды, якія атрымліваюць нашы дзеці на занятках, дапамогуць навучэнцам якасна выканаць практычную частку сваёй навуковай работы”.
Ірына Міхайлаўна адзначыла, што для любога педагога работа па падрыхтоўцы да навукова-практычных канферэнцый цяжкая, таму прапанавала на базе НАН Рэспублікі Беларусь стварыць кансультацыйны цэнтр для дапамогі ў напісанні вучнёўскіх навуковых работ.
Абгрунтоўваючы свой інтарэс да дзейнасці таварыства, Ірына Мікалаеўна Кулеўская, настаўніца сярэдняй школы № 104 Мінска, гаворыць: “Каб захаваць дзікую прыроду на зямлі, нам трэба своечасова зразумець, як трэба дзейнічаць. А гэта немагчыма без эфектыўнага экалагічнага навучання і выхавання. Правядзенне нават простых экалагічных даследаванняў можа стаць доўгатэрміновай ролевай гульнёй. А вось для доўгатэрміновых маніторынгаў, для вырашэння большасці канфліктных экалагічных сітуацый неабходна работа менавіта калектыву, каманды. І такая каманда павінна складацца з прадстаўнікоў усіх зацікаўленых бакоў. У нашым выпадку гэта настаўнікі, дзеці (у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у прыватнасці 8 дзяцей з аўтызмам), бацькі і вучоныя. Апошнія гады мы больш супрацоўнічалі з Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насенняводчым цэнтрам, і ў нас шмат сумесных навуковых работ. Напрыклад, нядаўна мы праводзілі даследаванне “Вывучаем свой край у вадасховішчы Вяча” разам з нашымі навучэнцамі з вёсак Пільніца, Паперня і інш., “Інавацыйныя тэхналогіі размнажэння буякоў высакарослых” і інш. Цяпер наладжваем супрацоўніцтва і з акадэміяй навук”.
Педагогі гімназіі № 19 Мінска К.В.Гваздоўская і Н.М.Роўбель таксама наладзілі сур’ёзную работу са сваім навучэнцамі, у прыватнасці па вывучэнні ядомых грыбоў. Так, навукова-даследчая работа “Асаблівасці звязвання іонаў цяжкіх металаў структурнымі біяпалімерамі клеткавых сценак грыба Pleurotus ostreatus (вешанка звычайная)” прынесла іх аўтарам дыплом I ступені на гарадской канферэнцыі навучэнцаў у секцыі “Біялогія” і дыплом I ступені на ХIV Рэспубліканскай канферэнцыі навучэнцаў у секцыі “Біялогія”, а навукова-даследчая работа “Энтэрасарбцыйная актыўнасць структурных кампанентаў клетачнай сценкі грыба шампіньёна садовага” стала лаўрэатам XX Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага. Шэраг работ, прысвечаных даследаванню кампанентаў торфу, былі сярод пераможцаў на рэспубліканскіх конкурсах, а навукова-даследчая работа па вывучэнні гумінавай кіслаты торфу была адзначана дыпломам І ступені XXVI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі адукацыйнага таварыства “Шукальнік” у сакавіку 2018 года.
У акадэміі навук і ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі спадзяюцца, што да іх праекта далучыцца яшчэ шмат школ, а гэта паспрыяе паглыбленай даследчай рабоце дзяцей і ў выніку росквіту беларускай навукі.
Святлана НІКІФАРАВА.