Штогадовая акцыя-сплаў у абарону самабытнасці Палесся “Прыпяць, дай пяць! 4.0” у самым разгары. Яна стартавала 1 ліпеня і працягнецца да канца жніўня. Грамадскія арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і “Багна” прапануюць усім жадаючым адправіцца ў водны паход па Прыпяці і яе прытоках і ўбачыць усю прыгажосць прыроды Палесся ў некранутым выглядзе.
Па старонках Чырвонай кнігі на байдарцы
Звычайна ўдзельнікі ладзілі цэнтралізаваныя сплавы, але ў сувязі з сёлетняй пандэміяй у мерапрыемства новы фармат: сплавы праходзяць у адзіночку ці невялікімі групамі. Арганізатары запусцілі інтэрактыўную карту з унікальнымі маршрутамі і заданнямі. Яе можна дапаўняць сваімі фотаздымкамі і тэкстамі. Па завяршэнні акцыі 31 жніўня карта з маршрутамі і нанесенымі ўспамінамі застанецца ў вольным доступе.
Аб актуальнасці акцыі і місіі ўдзельнікаў расказвае адзін з аўтараў ідэі каардынатар акцыі ад “Багны” Канстанцін Чыкалаў: “Мы праводзім гэтую акцыю разам з мясцовымі жыхарамі Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якія падзяляюць нашу пазіцыю, ужо чацвёрты год. Да яе далучаюцца людзі і з іншых рэгіёнаў Беларусі, якія даўно марылі наведаць палескія рэкі і ведаюць пра экалагічныя пагрозы для тутэйшай прыроды. Усіх нас аб’ядноўвае жаданне абараніць Палессе, якое валодае глабальнай прыроднай каштоўнасцю. Нам бы хацелася, каб турысты пра яго даведаліся і ставіліся да гэтага рэгіёна з такім жа хваляваннем і павагай, як да Нотр-Дама”.
Як даследаваць Прыпяць самастойна? Выберыце маршрут з упадабанымі заданнямі на інтэрактыўнай карце і выкладзіце фота ці відэа сплаву ў Instagram, Facebook, “УКантакце” з хэштэгам #savepolesia. Усё, вы ў камандзе: вашы вандроўныя нататкі стануць часткай кампаніі!
На карту нанесены 10 маршрутаў па самых маляўнічых участках Прыпяці і яе прытоках. Яны падзелены па складанасці і працягласці: падыходзячы маршрут знойдуць для сябе і навічкі, і бывалыя.
Калі вы ніколі раней не сплаўляліся, то падключайцеся да Telegram-канала t.me/savepolesia, дзе можна задаваць пытанні і атрымаць інструктаж ад вопытных байдарачнікаў.
Сяргей Зуёнак, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях, гаворыць:
— Рыхтуючы маршруты, мы хацелі даць людзям магчымасць убачыць векавыя дубровы па берагах Случы, легендарнае Тураўскае балонне і заліўныя лугі з нізіннымі балотамі ў пойме Ясельды. На карце таксама ёсць заданні. Яны вар’іруюцца ад простых, накшталт “сабраць смецце ўздоўж берага”, і забаўляльных у стылі “зрабіць сэлфі на фоне гарлачыкаў” да больш складаных і важных: “адзначыць пункты сустрэч з рэдкімі птушкамі і чырванакніжнымі раслінамі” або “замераць узровень вады на пэўным участку ракі”.
Тых, хто не зможа далучыцца да акцыі афлайн, АПБ і “Багна” запрашаюць разам палюбавацца захадам над Прыпяццю і пасядзець ля вогнішча з дапамогай анлайн-трансляцыі. Усе мерапрыемствы будуць анансавацца па хэштэгу #savepolesia.
Выберыце маршрут з упадабанымі заданнямі на інтэрактыўнай карце і выкладзіце фота, відэа сплаву ў Instagram, Facebook, “УКантакце“ з хэштэгам #savepolesia. Усе вашы вандроўныя нататкі стануць часткай кампаніі!
Раман Хлебін, сукаардынатар сплаву, кіраўнік “Клуба падарожжаў” Гомельскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства, загадчык інфармацыйна-метадычнага аддзела Гомельскага дзяржаўнага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, чатыры гады запар адпраўляецца ў водныя паходы па Прыпяці, далучаючы да іх усё больш і больш людзей.
“Першы раз я захапіўся плаваннем на байдарках яшчэ студэнтам. Я тады часта працаваў важатым у летніках, і ў адным з летнікаў была байдарка. Тое захапленне потым прывяло мяне ва ўкраінскую каманду, якая займалася сплавамі на байдарках прафесійна, а ў 2008 годзе я трапіў у водны паход па Днястры, пасля чаго захапіўся ўжо не на жарт. Калі гадоў восем назад я вярнуўся ў Гомель, мы вырашылі стварыць вакол геолага-геаграфічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны Гомельскі аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства і “Клуб падарожжаў”. Там мы ладзілі розныя паездкі і паходы, але якраз водны турызм стаў нашым асноўным кірункам.
Падключаем да яго і дзяцей. У прыватнасці, стараемся ва ўсе нашы аздараўленчыя праграмы ў экацэнтры ўключаць элементы водных паходаў. Напрыклад, у мінулым годзе, прыўрочаным да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, наш лагер “Экспедыцыя” праводзіўся ў месцы, дзе праходзіў Здудзіцкі дэсант падчас аперацыі “Баграціён”. І мы арганізавалі для дзяцей пераправу на лодках праз Бярэзіну роўна ў тым месцы, дзе некалі яе трасіравалі савецкія войскі. У адным з летнікаў у нас быў водны паход па Бярэзінскім запаведніку. Тады разам з навучэнцамі і інструктарамі запаведніка мы здзейснілі 2-дзённы паход на байдарках па Бярэзінскай воднай сістэме. На той момант гэта быў адзіны водны экалагічны маршрут у Беларусі, таму я захацеў паказаць яго выхаванцам нашага экацэнтра. На экасцежкі мы з імі часта выходзілі і выходзім, а вось водны экалагічны маршрут стаў для іх захапляючай прыгодай”, — расказвае Раман Хлебін.
Увагу сваіх паслядоўнікаў-турыстаў ён звяртае галоўным чынам на рэкі, найменш парушаныя чалавекам, каб можна было ў сплаў прыўнесці і карысную экалагічную нагрузку. Напрыклад, часта па заданнях вучоных Акадэміі навук ці арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” яны вядуць падлік гнёздаў ластаўкі-берагавушкі ці зімародка — вельмі яркай каляводнай птушкі, занесенай у Чырвоную кнігу. Яна сустракаецца на Гомельшчыне часцей, чым у іншых рэгіёнах.
“Усе нашы маршруты па Прыпяці пабудаваны так, каб людзі ўбачылі як мага больш рэдкіх птушак, раслін. І наш галоўны пасыл у межах акцыі “Прыпяць, дай пяць!” — паказваць людзям, што ў Беларусі яшчэ ёсць мясціны з некранутай прыродай і што назіранне за ёй — гэта вельмі цікава і не горш за паездкі ў нацыянальныя паркі і за адпачынак на моры.
Мы ўжо 4 гады запар пачынаем акцыю масавым сплавам: 30—40 байдарак адначасова выходзяць на ваду, а гэта 50—60 чалавек. Кожны раз выбіраем новы прыток Прыпяці і па ім накіроўваемся насустрач Прыпяці. Спадзяюся, што, нягледзячы на новы фармат, не менш людзей сёлета пяроймуць нашу эстафету”, — гаворыць Раман Хлебін.
Ён спадзяецца, што ўпэўненыя ў сваіх сілах аматары экстрыму могуць здзейсніць марш-кідок па пераадоленні пешшу водна-трыснягова-вербалозавых джунгляў і пераканацца, што тытул “Еўрапейскай Амазонкі” не пусты гук. “Не так шмат беларусаў за сваё жыццё хоць раз наведалі Палессе, і мы хочам, каб акцыя “Прыпяць, дай пяць!” стала тым самым штуршком, якога, магчыма, ім не хапала”, — расказвае Раман.
Медытацыя на хвалях
Аліна Бакашова, настаўніца геаграфіі гімназіі № 51 Гомеля, рэдка прапускае магчымасць павандраваць па рэках. Два гады назад хадзіла з калегамі ў 10-дзённы паход на палярны Урал, дзе сплаўлялася па рацэ Соб. У мінулым годзе сплаўлялася па Мсце, што ў Ніжагародскай і Цвярской абласцях. Сплаў па расійскіх рэках дазволіў Аліне атрымаць 2-ю кваліфікацыйную катэгорыю з 6-ці існуючых. Ёй як заўзятай турыстцы бударажаць кроў адны толькі згадванні пра водныя перашкоды, павароты, парогі, шыверы, ёй усё адно, на якой байдарцы плысці — на таймені, наліме ці на ладдзі. І хоць яна і дзеліць усе рэкі па ступенях складанасці, усё ж не можа не любіць беларускія ціхія рэкі. Сваімі вёсламі яна ўжо памерала Сож, Бесядзь, Пціч, Ольсу (у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці) і інш. Асаблівую асалоду атрымлівае ад Прыпяці, па якой сплаўляецца другі год запар у межах акцыі “Прыпяць, дай пяць!”.
Аліна тлумачыць: “Палескія рэкі спакойныя. На іх прывабліваюць не парогі, не рэзкія павароты, а спалох баклана, сілуэт белай чаплі, вывадак крыжанак… Усё сярэдняе цячэнне Прыпяці — гэта дубровы з векавых, нават 300-гадовых дрэў. І якраз гэтая ўнікальная прырода — галоўнае, чым захапляюць рэкі Беларусі”.
Толькі прасушыла вёслы пасля сплаву і Надзея Шымбалёва. Яна геолаг, нядаўна скончыла геафак БДУ, а цяпер заканчвае магістратуру ў Бельгіі якраз па водных сістэмах.
Раман Хлебін: “Прыпяць на сёння — адзіная буйная рака, якая не падверглася меліярацыі не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе, у адрозненне ад усіх астатніх буйных еўрапейскіх рэк, якія яшчэ ў ХІХ стагоддзі былі пераўтвораны ў суднаходныя каналы. Адпаведна, вакол Прыпяці захаваліся ўсе прыродныя экасістэмы. Менавіта на Прыпяці канцэнтруецца найбольшая відавая разнастайнасць раслін, птушак. Амаль усе адкрыцці новых для Беларусі відаў птушак фіксуюцца вучонымі і арнітолагамі якраз на беларускім Палессі — і ў даліне, і ў пойме Прыпяці. Тут пралягае галоўны міграцыйны шлях многіх відаў пералётных птушак. Асабліва шмат тут розных відаў кулікоў: турухтанаў, вераценнікаў і інш”.
“У такім падарожжы ў цябе можа быць некалькі ўзроўняў успрымання наваколля. Першы — цалкам пачуццёвы. Ён прамы і просты: ты плывеш і разумееш, што табе добра, калі ты сам-насам з прыродай, табе добра, калі засынаеш пад спевы птушак, табе добра нават тады, калі ты прамок да ніткі і рака сама цябе нясе. Яшчэ ёсць навуковы ўзровень — гэта калі ты глядзіш у глыб рэчаў і ўжо пачынаеш аналізаваць, шукаць узаемасувязі, калі ты разумееш, што нават знікненне вось гэтага віду птушкі можа паўплываць на цэлую экасістэму, а за ёй — на суседнія экасістэмы і гэтак далей. А што ж можа нарабіць знікненне самой экасістэмы? Вельмі мала людзей, напэўна, адкажуць, што праз цэлы ланцужок змен гэта можа нашкодзіць і самому чалавеку. А гэта сапраўды так. Для мяне гэты сплаў быў своеасаблівай медытацыяй, яшчэ адной магчымасцю адчуць сваю сувязь з ракой і асэнсаваць яе значэнне ў першую чаргу для мяне самой. Я думаю, што акцыя “Прыпяць, дай пяць!” ужо ўскалыхнула сэрцы многіх беларусаў (і не толькі беларусаў), а ў будучыні іх колькасць будзе толькі расці”, — дзеліцца Надзея.
Калі і вам надакучыў горад, яго спякота і шум, прыязджайце на Палессе, перасаджвайцеся на байдарку, паглядзіце, нарэшце, на прыгажосць славутай ракі з вады, адчуйце яе прахалоду, правядзіце рукой па свежых хвалях. Дайце ж Прыпяці пяць!
Святлана НІКІФАРАВА.