Ведаеце, што такое гнейс, эклагіт, карунд, брэкчыя? Упэўнена, калі вы і здагадаліся, што гэта мінералы і горныя пароды, то наўрад ці ведаеце, як яны выглядаюць, якімі ўласцівасцямі валодаюць і якую карысць чалавеку могуць прынесці. А вось удзельнікі II Рэспубліканскага геалагічнага конкурсу, вынікі якога былі падведзены днямі ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, пра іх і яшчэ пра сотні іншых мінералаў і парод ведаюць усё да дробязей. Суарганізатарамі геалагічнага спаборніцтва выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сёлета конкурс праходзіў у дыстанцыйным рэжыме.
Маштабнае прадстаўніцтва
Сёння ўсё больш старшакласнікаў захапляюцца навукай аб Зямлі і ў будучыні мараць стаць прафесійнымі палеантолагамі, геаэколагамі, даследчыкамі горных парод і знаходзіць у зямлі сапраўдныя скарбы: карысныя выкапні, разнастайныя старажытныя рэшткі, мінералы. Каб не марнаваць час і канчаткова вызначыцца з прафесіяй, многія з іх ужо цяпер імкнуцца адчуць рамантыку геалогіі.
У першым адборачным туры конкурсу прынялі ўдзел навучэнцы ажно 254 устаноў адукацыі краіны, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах геалагічнай і геаграфічнай накіраванасці. Ім неабходна было выканаць тэставыя заданні, якія ўключалі пытанні па мінералогіі, петраграфіі, стратыграфіі, структурнай геалогіі і геатэктоніцы, геамарфалогіі, палеанталогіі, гістарычнай геалогіі, геалогіі нафты і газу, гідрагеалогіі, геалогіі карысных выкапняў і асновах тэхнікі бяспекі.
Хрысціна Аляксандраўна Борбут, загадчык кабінета патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, разважаючы пра ролю конкурсу і перспектывы дзіцячай геалогіі, гаворыць: “На рэспубліканскім узроўні конкурс геолагаў толькі адраджаецца. Упершыню пасля 10-гадовага перапынку мы правялі спаборніцтва для юных геолагаў краіны ў 2018 годзе (тады мы яго назвалі алімпіядай), а сёлета яно ўжо другое па ліку. Але трэба адзначыць, што ў розных кутках нашай краіны астраўкі геалогіі ўвесь час працягвалі развівацца, як, напрыклад, у сярэдняй школе № 16 Гродна, Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска і інш. Больш за 250 устаноў адукацыі — гэта вельмі шмат, улічваючы, што кірунак геалогіі няпросты і трэба валодаць асаблівымі, спецыфічнымі ведамі”.
Другі тур — ён важны самы
Другі тур, у якім прынялі ўдзел 43 самыя дасведчаныя навучэнцы з усіх рэгіёнаў краіны, праходзіў таксама ў дыстанцыйным рэжыме і ўключаў заданні трох спаборніцтваў — “Палеанталогія, “Мінералогія і петраграфія” і кантрольнае тэсціраванне з 50 пытанняў. Напрыклад, сярод заданняў па мінералогіі было такое: даследаваць па фотаздымках узоры мінералаў, вызначыць іх назвы, характарыстыкі, геахраналагічны ўзрост і асяроддзе знаходжання. Дзеці спаборнічалі ў веданні формул мінералаў, іх характэрных разнавіднасцей, асаблівых уласцівасцей, практычнага прымянення мінералаў і горных парод, адказвалі на пытанні па сістэматыцы, геахраналогіі, першым з’яўленні і знікненні прадстаўнікоў розных царстваў, методыцы палеанталагічных даследаванняў і інш.
“Такія мерапрыемствы не толькі паказваюць інтарэс і захапленні нашых дзяцей і падлеткаў, але і вызначаюць узровень іх ведаў. Калі мінулы раз адчувалася розніца ў ведах удзельнікаў, то сёлета відавочнага адрыву ўжо не было і яўных лідараў было значна больш. Гэта і ўдзельнікі нашых мінулых конкурсаў, і навічкі. Мы і не ведалі, што столькі захопленых і падрыхтаваных дзяцей ёсць на Брэстчыне, Міншчыне, у Гродне. Нават навічкі склалі дастойную канкурэнцыю тым дзецям, якія ўжо некалькі гадоў займаюцца геалогіяй. Але самыя актыўныя ўдзельнікі конкурсу — навічкі з Магілёўскай вобласці. З 43 удзельнікаў ІІ тура — 15 з гэтага рэгіёна. Прычым у І туры іх было менш за ўсіх у працэнтных суадносінах, але менавіта яны паказалі найлепшы вынік. Гэта прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і Магілёва, і Чавусаў, і іншых раёнаў гэтай вобласці. Усе яны занялі найвышэйшыя пазіцыі”, — гаворыць Хрысціна Аляксандраўна Борбут.
Па выніках усіх тураў конкурсу супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта вызначылі пераможцаў і прызёраў конкурсу.
Так, абсалютную перамогу заваявалі Ірына Крывёнак, навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1, і Павел Літошык, навучэнец гімназіі № 37 Мінска.
Дыпломы II ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь павезлі дадому Дзмітрый Сарачынскі з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3, Ванда Вульвач з сярэдняй школы № 8 Магілёва і Валерыя Бурая з сярэдняй школы № 23 Барысава.
Дыпломы III ступені заваявалі навучэнец Купяціцкай сярэдняй школы Пінскага раёна Аляксандр Кірылка, навучэнец сярэдняй школы № 23 Барысава Арсеній Апет, навучэнец сярэдняй школы № 37 Магілёва Аляксей Шувалаў і навучэнец Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Аляксандр Шунько.
Магілёўскія самародкі
Трох пераможцаў з Магілёва падрыхтаваў Дзмітрый Уладзіміравіч Паджыгераў, настаўнік геаграфіі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1. З ім я пазнаёмілася ў мінулым годзе падчас злёту юных эколагаў, але, прызнаюся, апантанага геалогіяй кіраўніка я ў ім тады не ўбачыла.
“Я даўно рыхтую дзяцей нашай вобласці да алімпіяд па геаграфіі, і традыцыйна самымі складанымі былі заданні менавіта па геалогіі, дзе трэба па знешнім выглядзе вызначыць мінералы, ведаць іх формулы, розныя геафаналагічныя рэчы. І я паставіў перад сабой мэту — даведацца пра ўсё гэта больш. І зрабіў цыкл прэзентацый, рыхтуючы якія шмат чаго новага для сябе даведаўся. А ў мінулым годзе незадоўга да злёту эколагаў мяне папрасілі сабраць каманду дзяцей для ўдзелу ў ім. Я ехаў нехаця і павёз туды тых, хто займаўся ў мяне геаграфіяй і каго я змог угаварыць. Па выніках мы атрымалі тады 2-е месца, саступіўшы толькі Мінску. Той злёт стаў для мяне пераломным. Якраз з таго дня ўсё і закруцілася-завярцелася, і зваротнай дарогі ўжо не было, — успамінае Дзмітрый Уладзіміравіч. — На злёце педагог з Гродна, якая прывезла каманду дзяцей, расказала пра народны мінералагічны музей “Карат” пры сярэдняй школе № 16 Гродна і пра яго кіраўніка вопытнага геолага Уладзіміра Анатольевіча Жданюка, які шукае аднадумцаў. Я паехаў да яго пазнаёміцца і ўбачыў, як ён апрацоўвае камяні, якія вырабы з іх робіць. Дарэчы, тады я прывёз ад яго першыя 70 кілаграмаў узораў. Другім гуру для мяне стаў ганаровы грамадзянін Бабруйска Віталь Мікалаевіч Сакалоў, які падарыў свайму гораду музей камянёў, што па ўнікальнасці калекцыі саступае толькі музею геалогіі БДУ. Да яго я паехаў адразу пасля Гродна, некалькі дзён у яго вучыўся. Я адчуў, што мне гэта падабаецца і што я буду імкнуцца захапляць гэтым і дзяцей”.
І Дзмітрый Уладзіміравіч захапляе. Ён сабраў каманду дзяцей і пачаў весці заняткі аб’яднання па інтарэсах геалагічнага кірунку для юных магіляўчан. Збірае камяні, шмат іх заказаў з Кітая, Расіі (з Чэлябінска, Магнітагорска і інш.), купіў станок для апрацоўкі камянёў і цяпер ламае галаву, дзе знайсці месца для новых камянёў і вольны час для чарговага вырабу. У кабінеце Дзмітрыя Уладзіміравіча ні на адным перапынку не бывае пуста, пастаянна заходзяць вучні: “А можна яшчэ што-небудзь вызначыць? А ёсць новыя камяні?” І гэтая цікавасць старшакласнікаў, прызнаецца педагог, матывуе яго самога развівацца далей.
“Я прыношу дзецям новыя камяні, расказваю пра кожны з іх, і ў іх загараюцца вочы. У кожнага ж каменя свая гісторыя, сваё паходжанне. На кітайскіх сайтах я ўжо скупіў усе самыя лепшыя камяні, якія там толькі былі. Праўда, часта бываюць падробкі, але іх адбракоўванне — гэта таксама ўрок. Аднойчы мая знаёмая, даведаўшыся пра маё захапленне, падарыла мне сваю калекцыю караляў. Адны з іх былі, па яе словах, з гематыту, але мы з дзецьмі высветлілі, што гэта спалучэнне шкла і пластмасы. Пасля гэтага ўсе педагогі пачалі насіць мне “на экспертызу” свае ўпрыгажэнні з бірузы, бурштыну і г.д. Гэта цяпер мне лёгка вызначыць сапраўднасць любога каменя, хаця пачыналася ўсё літаральна з нуля. У самым пачатку, гаворачы пра мяне і мае веды, геолагі жартавалі: “Стэрыльны, як медыцынскі спірт”. Так, я ў тэорыі ведаў шмат, але на практыцы не мог адрозніць два мінералы”, — успамінае педагог.
Ірына Крывёнак, пераможца конкурсу геолагаў: “Я з самага дзяцінства любіла гісторыі пра дыназаўраў, глядзець пра іх мультфільмы, потым пераключылася на дакументальныя фільмы, у мяне было мора энцыклапедый. Калі мне іх дарылі, я адразу шукала ў іх раздзелы пра развіццё планет, пра старыжытных жывёл і інш. Таму я з такім задавальненнем займаюся ў Дзмітрыя Уладзіміравіча. Мы можам не па карцінках вывучаць мінералы і горныя пароды, а ўбачыць іх у жывую, пакруціць у руках, панюхаць ці нават паспрабаваць на смак, калі гэта, напрыклад, калійная соль. У яго ёсць усе ўзоры мінералаў і горных парод, пра якія толькі можна пачуць. Гэта таксама гісторыя, толькі ў камені, і яна расказвае не пра правіцеляў і людзей, а пра сам свет. І яго вывучэнне захапляе”.
Цяпер Дзмітрый Уладзіміравіч як ніколі чакае лета, каб адправіцца ў экспедыцыю па Беларусі: “У нас шмат недаследаваных мелавых кар’ераў, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці. Кампанію мне складзе мой калега, настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 1 Чавусаў Павел Аляксеевіч Кніга, які дапамагае мне рыхтаваць каманду да алімпіяд. Ён як мясцовы правядзе мяне спачатку па кар’ерах Чавускага раёна, а потым мы плануем выбрацца ў Касцюковіцкі ці Крычаўскі раён. Думаю, што возьмем з сабой і пару-тройку самых моцных у геалогіі дзяцей. Нам жа трэба рыхтавацца да наступнага злёту юных геолагаў. На жаль, мае выхаванцы Ірына Крывёнак і Дзмітрый Сарачынскі ўжо будуць выпускацца і паступаць, думаю, ім будзе не да злёту, таму стаўку раблю на Ванду Вульвач, якая заканчвае толькі 10 клас”.
Гледзячы на такіх апантаных дзяцей і педагогаў, я ўпэўнена, што ў беларускай дзіцячай геалогіі пачынаецца новы, поўны адкрыццяў віток развіцця.
Святлана НІКІФАРАВА.