Хакей на падлозе

Для чаго патрэбны клюшкі? Правільна, каб гуляць у хакей з шайбай. А калі шайбу замяніць на мячык? Атрымаецца ўсім вядомы хакей на траве. А калі гульцоў з клюшкамі і мячыкам адправіць з травянога пакрыцця пад адкрытым небам у спартыўную залу? Тады хакей на траве ператворыцца… Правільна, у хакей на падлозе, а дакладней, у фларбол. Не чулі пра такі від спорту? Вы не адзіныя. На жаль, пра дынамічную гульню спецыяльнымі клюшкамі з пластыкавым мячыкам у закрытых памяшканнях ведае ў нашай краіне толькі невялікая колькасць энтузіястаў. Між тым гэты від спорту мог бы лёгка набыць папулярнасць сярод дзяцей і падлеткаў, а ўстановы дадатковай адукацыі спартыўнага профілю маглі б адыграць тут вырашальную ролю.

У 1968 годзе некалькі шведскіх студэнтаў, знаходзячыся на канікулах у Нідэрландах, убачылі ў вітрынах пластмасавыя клюшкі і вырашылі некалькі з іх прывезці дадому. Так фларбол пачаў набываць папулярнасць сярод шведскай моладзі. Менавіта Швецыя лічыцца радзімай гэтага віду спорту. Часам з’яўленне фларбола ў нашай краіне прынята лічыць восень 2005 года, калі на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры сабралася група энтузіястаў і пачала рэгулярныя трэніроўкі. Вясной 2009 года была зарэгістравана Федэрацыя фларбола Беларусі.

Кожны дырэктар установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі марыць, каб новае аб’яднанне па інтарэсах адразу ж заваявала папулярнасць, каб ад жадаючых запісацца ў гурток або секцыю не было адбою. Аднак адразу здараецца нячаста. Каб той ці іншы напрамак набыў папулярнасць, патрэбен не адзін год працы. З фларболам усё можа быць значна хутчэй. Відовішчнасць, дынаміка, навізна — гэта і ёсць фларбол, гэта і прыцягвае моладзь. Ды і назва якая гучная! Пра тое, што прыхоўваецца за спалучэннем англійскіх слоў floor (падлога) і ball (мяч), нам паведаміў сузаснавальнік Федэрацыі фларбола Беларусі, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 9 Мінска (адміністрацыя ўстановы ўсяляк падтрымлівае развіццё гэтага цікавага віду спорту), па сумяшчальніцтве педагог дадатковай адукацыі, які папулярызуе гэты від спорту акрамя школы і на базе Фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Маскоўскага раёна Мінска, Сяргей Георгіевіч Ерачын.

— Асноўны мой профіль — гэта трэнер па хакеі з шайбай. Добра, калі ў цябе ёсць магчымасць рэгулярна трэніраваць хакейную каманду на пляцоўцы лядовага палаца. А калі такая магчымасць выпадае толькі зімой, і тое не вядома на які перыяд (можа, на тры месяцы, можа, на месяц, а можа, толькі на тыдзень-другі ў залежнасці ад капрызаў надвор’я), тады даводзіцца ісці на розныя эксперыменты. Быў час, калі да “Залатой шайбы” ў цёплы перыяд года мы рыхтаваліся на вуліцы. Рассцілалі на асфальце лінолеум і адпрацоўвалі пэўныя элементы гульні. Аднак асабліва хакейнымі клюшкамі на асфальце не памахаеш, яны ламаюцца. Таму змянілі тактыку і з вуліцы перабраліся ў спартыўную залу. Гулялі і ў міні-футбол па правілах хакея з шайбай, а дзякуючы баскетболу і рэгбі адпрацоўвалі сілавыя элементы. Але гэта не тое. Хацелася б з клюшкамі, аднак на драўлянай падлозе яны пакідалі сляды. У гэты час мне патэлефанаваў сённяшні кіраўнік Федэрацыі фларбола Мікалай Васільевіч Карповіч і прапанаваў паспрабаваць правесці трэніроўку хакейнай каманды зусім іншымі клюшкамі, спецыяльнымі, фларбольнымі. Я гавару: “Мы ж падлогу сапсуём, дырэктар за такое пазбавіць нас права займацца ў спартыўнай зале”. Ён адказвае: “Не бойцеся”. Раздалі клюшкі дзецям, паспрабавалі іх у дзеянні, папасавалі, паглядзелі, што слядоў яны не пакідаюць (спецыяльная добрая пластмаса і лёгкая карбонавая палка) і вырашылі: чаму б не працягнуць? — падзяліўся Сяргей Георгіевіч.

Спачатку гульня, як кажуць, не клеілася, бо пасля цяжкай шайбы перайсці на лёгкі пластыкавы мячык было няпроста. Шайба плоская, яна слізгае па лёдзе. З мячыкам іншая сітуацыя: ён, нібыта шалёны, скача і скача. Крыху няправільна падставіў клюшку, не размеркаваў сілу — і мячык падскоквае вышэй за тваю галаву. Утаймаваць яго было няпроста, а першы час здавалася амаль немагчыма. Было шмат мітусні, аднак дзецям і педагогу новая гульня спадабалася. Пра міні-футбол, баскетбол і рэгбі як летнюю альтэрнатыву хакею з шайбай забылі. Цяпер у лідарах былі спецыяльныя клюшкі і гарэза мячык.

Справа паступова наладжвалася, дзякуючы сарафаннаму радыё на трэніроўкі пачала прыходзіць большая колькасць вучняў. Аднак Сяргея Георгіевіча па-ранейшаму хвалявала толькі адно пытанне: як ён будзе навучаць дзяцей сакрэтам фларбола, калі сам ніяк не можа ўтаймаваць мячык? Той усё скача ды скача, ну не хоча сябраваць з клюшкай і ўсё тут. Настаўнік пайшоў наступным шляхам: клюшку ўзяў дадому і ў вольны час (гэта было яго своеасаблівым дамашнім заданнем) адпрацоўваў кантроль мяча. Праз месяц ужо цалкам упэўнена кантраляваў мячык, пасы сталі больш дакладныя. Калі кантроль мяча стаў наладжвацца і ў дзяцей, перайшлі да адпрацоўкі тактыкі гульні ў зале.

— На працягу 10 гадоў мы праводзім чэмпіянат адкрытай фларбольнай лігі Беларусі. Шкада, што каманды амаль усе з Мінска, у рэгіёнах пра гэты від спорту амаль не ведаюць, хаця ёсць каманды ў Маладзечне, Лідзе, нядаўна створана ў Магілёве. Хацелася б, каб фларбол знайшоў падтрымку на дзяржаўным узроўні. Пакуль што ўсё развіваецца выключна на нашым энтузіязме і фінансавай падтрымцы зацікаўленых людзей. Некаторыя мае першыя выхаванцы таксама спрабуюць сябе ў якасці трэнераў. Аднак у нас ёсць праблема з працаўладкаваннем. Напрыклад, каб працаваць з дзецьмі ў ФАЦах, неабходна мець спецыяльную фізкультурную адукацыю, а мае былыя вучні ў асноўным усе тэхнары. У цэнтрах дадатковай адукацыі больш лаяльна ў гэтым плане: у чалавека патрабуюць сертыфікат аб праходжанні адпаведных курсаў. Найбольш цесныя стасункі ў плане правядзення такіх курсаў наладжаны з латышамі. Мы два разы выязджалі ў Латвію, два разы да нас прыязджалі і латышскія трэнеры. Наша федэрацыя выспела да таго, каб самім праводзіць падобныя курсы. Калі нехта ў рэгіёнах зацікавіцца фларболам, то нашы дастаткова кваліфікаваныя трэнеры гатовы правесці зборы, курсы, семінары па навучанні правілам фларбола, па судзействе, па тэхніцы гульні, — паведаміў Сяргей Георгіевіч.

Папулярнасць фларбола ўнашых суседзяў знаходзіцца на значна больш высокім узроўні. Што і гаварыць, калі ў Расіі, Украіне, Латвіі заняткі па фларболе афіцыйна ўваходзяць у вучэбную праграму. Гэта нядзіўна, паколькі фларбол — дынамічны від спорту і дастаткова дэмакратычны ў фінансавым плане. Кеды, шорты і майка знойдуцца ў любога дзіцяці, адзіныя выдаткі — гэта якасная клюшка, аднак 60—70 рублёў, на думку Сяргея Георгіевіча, пры жаданні можна знайсці.

Практыкаванні на тактыку, што ў хакеі з шайбай, што ў фларболе вельмі падобныя. Дарэчы, гэты від спорту і ўзнік як падрыхтоўчы ў міжсезонне да гульні па хакеі з шайбай. Акрамя тактыкі, тут можна адпрацоўваць тэхніку валодання клюшкай, працу кісцямі рук. Як і любы гульнявы від спорту, фларбол дапамагае дзіцяці развіваць тактычнае мысленне. Як член каманды яно павінна разумець, як дзейнічаюць партнёры, што яму рабіць у пэўнай сітуацыі. Адбываецца і агульнафізічная падрыхтоўка. Шмат бегавой работы, аэробнай нагрузкі, паскарэнні, элементы чаўночнага бегу. У фларболе ўвесь час паміж сапернікамі ідзе барацьба плячо ў плячо, таму гулец павінен мець добры торс, каб змагацца за мяч.

— Я сваім выхаванцам даю нагрузку на ўсе мышцы: і ногі, і рукі, і тым больш спіну, бо не сакрэт, што пры трыманні клюшкі адно плячо знаходзіцца вышэй за другое (гэта таксама хвароба хакеістаў з шайбай). Каб пазбегнуць праблем з пазваночнікам, даюцца практыкаванні на мышцы спіны. Вялікая ўвага ўдзяляецца прэсу. Будзе прэс — будзе і добрая пастава. У аднаго майго выхаванца быў скаліёз, і ўрачы не далі даведкі на заняткі фларболам, аднак бацькі напісалі заяву, што ўсю адказнасць у выпадку чаго бяруць на сябе. Пачалі працаваць з гэтым хлопчыкам, і цяпер скаліёз у яго прапаў. Магчыма, ён проста сядзеў дома за камп’ютарам, а тут пачаў бегаць, займацца фізкультурай. На трэніроўках прапампоўваюцца грудныя мышцы, мышцы спіны, прэс.


У мяне калі нехта не выконвае патрабаванні, дрэнна паводзіць, часта парушае правілы гульні, то адразу выконвае каманду “ўпаў — адціснуўся”. 15, 20 разоў, магчыма, і больш, у залежнасці ад цяжкасці правіннасці. На самай справе, гэтае пакаранне не зусім пакаранне, бо яно ідзе толькі на карысць дзецям. Быў у мяне адзін гіперактыўны вучань. Яму было цяжка. За трэніроўку ён мог каля сотні разоў адціснуцца ад падлогі. Затое пачаў слухацца, менш правілы парушаць, але самае галоўнае — стаў больш здаровым, моцным. Калі б мяне можна было кланіраваць, а ў суткі дадаць яшчэ гадзін 5—6, то я трэніраваў бы яшчэ і каманду дзяўчынак, — усміхаючыся, гаворыць настаўнік.

Фларбол лічыцца практычна бяспечным у плане атрымання траўм відам спорту. Аднак пластыкавы мячык пры моцным кідку можа пакінуць на целе сіняк. Часцей за ўсё гэта здараецца, калі гуляюць дарослыя. У дзяцей больш слабыя кідкі. З тэхнікі бяспекі ў першую чаргу тлумачацца правілы карыстання клюшкамі. Іх нельга падымаць вышэй за калена. Бывае, што дзеці забываюцца ў працэсе гульні і могуць добра замахнуцца клюшкай. Калі яна патрапіць у брыво, то можа быць рассячэнне. Задача трэнера — сачыць за тым, каб дзеці прытрымліваліся правіл. Клюшка — самае небяспечнае ў фларболе, не ўлічваючы падзенні, удары. Але ў любым відзе спорту ад іх ніхто не застрахаваны.

Гэта асноўныя сакрэты фларбола. Каб стаць фларбалістам высокага класа, варта не толькі дасканала ведаць правілы гульні, тэхніку карыстання клюшкай, але і некаторыя хітрыкі. Тое, што засталося па-за старонкамі “Настаўніцкай газеты”, можа быць адкрыта для вас падчас спецыяльных курсаў, семінараў, якія прадстаўнікі Федэрацыі фларбола Беларусі гатовы правесці ў любой установе адукацыі, тым больш установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі спартыўнага профілю. Секцыі па відах спорту — гэта асноўны напрамак дзейнасці фізкультурна-спартыўных цэнтраў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.