Вакол нас безліч рэчаў, якія здаюцца прывычнымі і незаменнымі. Складана ўявіць сваё жыццё без электрычных лямпачак і водаправода, тэлевізараў, мабільных тэлефонаў, камп’ютараў, аўтамабіляў, цягнікоў… Але калі задумацца, то ўсё гэта існавала не заўсёды, усё гэта трэба было вынайсці. Час ідзе наперад, перад чалавецтвам пастаянна ўзнікаюць новыя праблемы. Для іх вырашэння неабходны новыя адкрыцці, а значыць, і новыя вынаходнікі. Ужо сёмы год запар іх імёны мы даведваемся на Рэспубліканскім маладзёжным конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, фінал якога прайшоў днямі ў Мінску.
Папаўняючы рады вынаходнікаў
Два конкурсныя дні, тры рабочыя пляцоўкі, 16 намінацый… Мабыць, ніколі яшчэ фінал конкурсу “100 ідэй для Беларусі” не праходзіў з такім размахам. Па выніках сёмага сезона ў гранд-фінал увайшлі 120 аўтарскіх распрацовак. Праекты былі прадстаўлены ў 16 намінацыях у трох узроставых групах: 51 праект прэзентавалі школьнікі і навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і прафесійна-тэхнічных каледжаў і ліцэяў, 25 — студэнты і 43 — працуючая моладзь і маладыя навукоўцы. Усе яны пераможцы абласных (мінскага гарадскога) этапаў конкурсу.
Урачыстае адкрыццё свята маладзёжнай навукі і інавацый адбылося ў бізнес-цэнтры “Вікторыя Алімп”. Тут можна было пагутарыць з пераможцамі мінулых гадоў, якія сталі героямі кнігі “100 ідэй для Беларусі”, фіналістамі конкурсу і прадстаўнікамі Рэспубліканскага экспертнага савета, пазнаёміцца з новымі распрацоўкамі “стаідэйшчыкаў”, фактычна гатовымі да камерцыялізацыі.
Цэнтральнай падзеяй першага дня была фарсайт-дыскусія “IT і моладзь — беларускі прарыў”. Яе ўдзельнікамі сталі каля 200 чалавек — маладых вучоных, прадстаўнікоў найбуйнейшых УВА краіны, навукова-даследчых інстытутаў, навуковых цэнтраў, школ. Сумесна з вядомымі экспертамі моладзь абмеркавала шэраг актуальных тэм — ад агульных трэндаў лічбавай трансфармацыі да пабудовы лічбавай эканомікі ў Беларусі і відазмянення сістэмы падрыхтоўкі IT-спецыялістаў. Галоўным спікерам дыскусіі выступіў Сяргей Енін, эксперт савета Парка высокіх тэхналогій па распрацоўцы стратэгіі лічбавай трансфармацыі (канцэпцыі IT-краіны), намеснік дырэктара ЗАТ “Тэхніка і камунікацыі”.
У гэты ж дзень адначасова на трох пляцоўках (бізнес-цэнтр “Вікторыя Алімп”, тэхнапарк БНТУ “Палітэхнік”, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі) праходзіла абарона праектаў. Членам Рэспубліканскага экспертнага савета трэба было ацаніць не толькі актуальнасць і навізну ідэі, практычную значнасць работы, але і магчымасць яе рэалізацыі.
Азнаёмілася з экспазіцыяй распрацовак маладых вынаходнікаў і рацыяналізатараў і Марыяна Шчоткіна, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яна адзначыла высокую цікавасць моладзі да інавацый і добры ўзровень падрыхтоўкі прадстаўленых праектаў, а таксама дадала: “Гэтая выстава пацвярджае вядомую аксіёму: самае галоўнае багацце дзяржавы — гэта чалавечы капітал. Сёння, як ніколі, актуальныя прыярытэты, што былі агучаны на V Усебеларускім народным сходзе. Сярод іх інфарматызацыя і маладзёжная палітыка. Развіццё грамадства заснавана на крэатыўных асобах. І задача дзяржавы — зрабіць так, каб кожны змог рэалізаваць сябе”.
Андрэй Белякоў, першы сакратар ЦК БРСМ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, адзначыў: “Сёння патрэбны ідэі, якія будуць служыць развіццю нашай краіны. Вельмі прыемна, што моладзь іх генерыруе. Калі гаварыць пра асаблівасці гэтага сезона, то большасць ідэй звязана з інфармацыйнымі тэхналогіямі, з IT-сферай. Беларусь развівае лічбавую дзяржаву, лічбавую эканоміку, і моладзь — у гэтым трэндзе, яна гатова прыўносіць свае ідэі. Вельмі важна, што маладыя людзі хочуць зрабіць так, каб краіна імкліва развівалася”.
“Важна, што сярод удзельнікаў выставы ёсць маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі. “Так рэалізоўваецца прынцып “Нікога не пакінуць убаку”. Гэта і ёсць сацыяльная адказнасць грамадства і сацыяльная згуртаванасць. Гэта адпавядае мэтам устойлівага развіцця, над рэалізацыяй якіх мы працуем”, — дадала Марыяна Шчоткіна.
Інтэрактыўная выстава Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” разгарнулася ў выставачным комплексе “БелЭкспа”. Тут жа праходзіла ІІ Міжнародная выстава “100 ідэй для СНД”.
Немалаважна, што лепшыя інавацыйныя ідэі ў розных сферах сацыяльнага і эканамічнага развіцця маюць падтрымку ў бізнес-супольнасці, грамадскіх арганізацыях, дзяржорганах.
Павітаць удзельнікаў выставы “100 ідэяй для СНГ”, якія сталі пераможцамі нацыянальных конкурсаў інавацыйных ідэй, і фіналістаў маладзёжнага конкурсу праехаў В.І.Жарко, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.
“Галоўная стратэгічная мэта такіх праектаў супадае з адной з задач дзяржавы — актывізацыяй інавацыйнай дзейнасці моладзі, раскрыццём яе інтэлектуальнага патэнцыялу і энтузіязму, стварэннем умоў для імкнення маладых людзей да ўвасаблення самых смелых ідэй. Таму такія конкурсы і выставы — стартавая пляцоўка для раскрыцця патэнцыялу і энтузіязму, магчымасць заявіць пра сябе і сваю ідэю на самую шырокую аўдыторыю і быць пачутым”, — заявіў Васіль Іванавіч і звярнуў увагу, што ўдзельнікі праекта для рэалізацыі сваіх ідэй выбралі найбольш значныя сферы — інжынерыю, медыцыну, хімію, біялогію, экалогію, робататэхніку, сацыяльную сферу. “Гэта менавіта тыя сферы, якія вызначаюць тэхналагічны працэс, эканоміку будучыні і накіраваны на забеспячэнне высокай якасці жыцця. Упэўнены, што маштабныя задачы, якія ста яць перад Садружнасцю, будуць вырашаны ў тым ліку пра дапамозе ідэй моладзі”, — дадаў ён.
В.І.Жарко адзначыў і тое, што, дзякуючы грантавай падтрымцы, найбольш паспяховыя конкурсныя праекты набываюць прыкладное значэнне: “Калі работа добрая, грошы на падтрымку і заахвочванне заўсёды знойдуцца. Самыя смелыя ідэі ўжо сёння знаходзяць практычнае прымяненне і заслугоўваюць увагі не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой”.
Асаблівую ўвагу заслужылі сёлетнія пераможцы. Так, пераможцам у намінацыі “Прыродазнаўчанавуковы напрамак” стаў дзевяцікласнік сярэдняй школы № 15 Віцебска, які стварыў гібрыдны генератар энергіі з прывадам ад ветрака. Яго галоўная перавага — у пераўтварэнні механічнай энергіі ветрака напрамую ў цяпло ці холад.
Перамогу ў гэтай жа намінацыі атрымала і Дар’я Чапрасава, дзевяцікласніца сярэдняй школы № 101 Мінска. Яна вызначыла і вывучыла якасны і колькасны склад эфірнага масла кропу еўрапейскага.
“Эфірныя маслы запатрабаваны ў медыцыне, парфумерыі, хімічнай прамысловасці, — абгрунтоўвае актуальнасць сваёй працы дзяўчына, дэманструючы першыя бутэлечкі з уласна здабытым эфірным маслам кропу. — Але, нягледзячы на велізарную сыравінную базу і навуковыя напрацоўкі, у Беларусі практычна не развіваюць тэхналогію атрымання эфірных масел, айчынныя вытворцы карыстаюцца імпартнымі таварамі. Пасля аналізу эфірных масел ад розных пастаўшчыкоў, адабраных на розных прадпрыемствах, спецыялісты выявілі, што з-за мяжы замест сапраўднай прадукцыі ў Беларусь усё часцей паступае фальсіфікаваная — сумесі прыродных і сінтэтычных прадуктаў. Кампаненты эфірных масел ма юць унікальныя ўласцівасці, яны самі па сабе з’яўляюцца каштоўнай сыравінай, могуць прымяняцца і самастойна. І мы хацелі б паспрыяць таму, каб у Беларусі была наладжана вытворчасць эфірных масел з мясцовай эфірамаслічнай сыравіны — мяты, мелісы, каляндры, мацярдушкі, аеру, арэгана і іншых”.
Навучэнцам Мінскага радыётэхнічнага каледжа БДУІР Кірылу Шчэрбу і Даніілу Кузьмінаву перамогу ў намінацыі “Сацыяльна-гуманітарны кірунак” прынесла іх развіццёвая электронная гульня SmartyCount. Яна дапамагае за мінімальны час фарміраваць у дзяцей уважлівасць, кемлівасць, уседлівасць, памяць, засяроджанасць, хуткасць рэакцыі, уменне добра і хутка лічыць.
Раздзяліў з хлопцамі перамогу Уладзіслаў Аніскавец, адзінаццацікласнік ліцэя № 1 Мінска, са сваім мабільным дадаткам “Вучы-гуляй”. “Сёння амаль кожнае дзіця ўмее карыстацца тэлефонам або планшэтам, але, на жаль, дзеці гуляюць у іх і не падазраваюць, што пры іх дапамозе можна вучыцца, — гаворыць Уладзіслаў. — Таму мы стварылі мабільны дадатак “Вучы-гуляй”, які дазваляе і гуляць, і вучыцца адначасова. Дадатак змяшчае элементы стратэгіі для большай цікавасці і складанасці гульні, а таксама элементы віктарыны, якія дапамагаюць атрымліваць і правяраць свае веды ў гульнявой форме”.
А пад увагу Алёны Пашкевіч і Дзяніса Глебава, студэнтаў БДУіР, трапілі дзеці з дыягназам ДЦП, а таксама тыя цяжкасці ў навучанні і напісанні, якія ў гэтых дзяцёй ёсць. Праект Алены і Дзяніса Scrawlless стаў зручным інструментам для работы і цалкам звязаны з вучэбнымі матэрыяламі асобна ўзятай адукацыйнай праграмы. Па сутнасці, гэта інтэрнэт-партал, які з’яўляецца альтэрнатывай рукапіснаму выкананню заданняў па вучэбных прадметах (цяпер у распрацоўцы знаходзіцца “Матэматыка” і “Фізіка”), цэлая адукацыйная платформа, якая дазваляе перанесці хатняе навучанне дзяцей у інтэрнэт. Навучэнцы могуць мець зносіны з настаўнікамі, атрымліваць ад іх заданні, а таксама адсылаць на праверку выкананыя работы. Праект прынёс аўтарам перамогу ў намінацыі “Медыцына, фарм- і біятэхналогіі”.
Мэтай Эдуарда Туманскага, студэнта ГДУ імя Францыска Скарыны, і яго праекта “Разумны дом” стала наладжванне больш бяспечнага быту людзей з абмежаваннямі апорна-рухальнага апарату. Папярэджваць магчымыя надзвычайныя сітуацыі, па задумцы аўтара, дапамагаюць прывычныя ўжо гаджэты.
Бяспека лягла і ў аснову праекта “Праграмнае забеспячэнне “Маланка” Дзмітрыя Варахобкі, маладога інжынера з РУП “Віцебскэнерга”, які стаў лепшым у намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі”. Дзмітрый стварыў мультымедыйны вучэбны вэб-сайт http://molniya.of.by/ для дыстанцыйнага навучання персаналу прадпрыемстваў пытанням аховы працы і тэхнікі бяспекі. Гэта адзіны падобны рэсурс у Беларусі, які не мае аналагаў, бо ў яго аснове — тэарэтычнае і практычнае прымяненне перадавых тэхналогій дыстанцыйнага навучання персаналу прамысловых прадпрыемстваў.
Марк Жураў з Універсітэта грамадзянскай абароны МУС Рэспублікі Беларусь перамог у намінацыі “Энергетыка і энергаэфектыўнасць, атамная энергетыка”, стварыўшы “Кампазіцыйны адсарбент для ліквідацыі аварыйных разліваў нафты і нафтапрадуктаў” на аснове мадыфікаванай бентанітавай гліны.
Марына Шлемен з РУП “Інстытут мяса-малочнай прамысловасці” вывучыла тэхналагічныя ўласцівасці авечага малака і распрацавала тэхналогіі вытворчасці новых ферментаваных прадуктаў на аснове такога малака. Улічваючы перамогу Марыны ў намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць”, будзем чакаць новай лінейкі прадуктаў у малочных аддзелах магазінаў.
У намінацыі “Медыцына, фармацыя і медыцынская тэхніка” перамога дасталася Аляксандру Глуткіну, асістэнту кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, распрацоўкі якога былі прэзентаваны на гэтым конкурсе летась і якія паспяхова прымяняюцца ў бальніцах Гродна. На гэты раз Аляксандр прадставіў унікальнае для Беларусі атраўматычнае пакрыццё з іонамі серабра для лячэння ран рознага паходжання. Перавага гэтай распрацоўкі ў тым, што яна дапамагае ранам хутчэй загойвацца, прычым не выклікае алергіі, што часта бывае пры прымяненні фармакалагічных прэпаратаў.
Сёлета ў конкурсе было шмат новага, і гэта тычыцца не толькі ідэй і распрацовак, але і арганізацыйных момантаў. Да традыцыйных намінацый дабавіліся яшчэ дзве — “Інклюзіўная прастора” і “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі для людзей з інваліднасцю”. Акрамя таго, у фінале ўпершыню ўзялі ўдзел канкурсанты з інваліднасцю. Так, навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну Пётр Івановіч, які мае праблемы са зрокам, прадставіў на суд журы ўнікальнае праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе вучыць невідушчых і людзей са слабым зрокам рабоце за камп’ютарам. Распрацоўка прынесла аўтару перамогу ў намінацыі “Сацыяльная сфера”.
А ў намінацыі “Інклюзіўная прастора” лепшым стаў праект “Allinclusive. Усе ўключаны” Святланы Наджафавай, студэнткі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Яна распрацавала рэспубліканскі рэгістр людзей на калясках, а потым стварыла ўмовы для ўзаемнай інтэграцыі людзей на калясках і ўмоўна здаровага насельніцтва.
Пераможцам-школьнікам былі ўручаны рэкамендацыі Цэнтральнага камітэта БРСМ для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі на спецыяльнасці, што адпавядаюць профілю іх конкурснага праекта.
Пераможцы другой групы, у якую ўвайшлі навучэнцы і студэнты, атрымалі запрашэнне прайсці школу “Малады вучоны пад ключ” пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама прызы ад партнёра праекта — Мінскага гадзіннікавага завода. Усім пераможцам у намінацыях прадастаўляецца магчымасць прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. Дзесяць лепшых аўтарскіх праектаў атрымалі грашовыя сродкі ў памеры да 40 тарыфных ставак для распрацоўкі бізнес-планаў для далейшага ўдзелу ў конкурсе ў парадку і на ўмовах, вызначаных Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Былі для пераможцаў і іншыя бонусы: адукацыйная падтрымка і магчымасць прайсці вучэбны курс для пачаткоўцаў у бізнесе, аўтарам праектаў у сацыяльнай сферы сярод студэнцкай моладзі — магчымасць прайсці практыку і атрымаць у 2019 годзе афіцыйнае працоўнае месца па размеркаванні ў Мінску, сертыфікаты на бясплатнае навучанне ў стартап-акселератарах і на прасоўванне праекта і абарону інтэлектуальнага прадукту.
Распрацоўкі для Садружнасці
Акрамя беларускіх навінак, выставачны комплекс “БелЭкспа” аб’яднаў і вынаходнікаў з Садружнасці. У Міжнароднай выставе-прэзентацыі “100 ідэй для СНД” прынялі ўд зел 45 праектаў з шасці краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі. Работы прадстаўлены ў 13 намінацыях, сярод якіх “Прамысловыя тэхналогіі і прамысловая інфраструктура”, “Жывыя сістэмы (тэхналогіі біяінжынерыі)”, “Медыцына і ахова здароўя”, “Інфармацыйныя тэхналогіі (IT-сфера)”. Свае распрацоўкі прадставілі 60 маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў. Іх работы былі рэкамендаваны на выставу па выніках нацыянальных конкурсаў інавацыйных ідэй.
Так, праект Сяргея Бордака з Універсітэта грамадзянскай абароны МУС Рэспублікі Беларусь стаў адным з 10 праектаў, прэзентаваных на гэтай выставе Беларуссю. Яго “Трэнажор для тактычнай падрыхтоўкі членаў камісіі па надзвычайных сітуацыях” забяспечыў Сяргею перамогу ў намінацыі “Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць, абарона ад надзвычайных сітуацый”.
“Абарона насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару з’яўляецца адной з найважнейшых задач дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне нацыянальнай бяспекі, забеспячэння ўстойлівага развіцця краіны, — гаворыць Сяргей Бордак. — Найбольшай небяспекай і цяжкімі наступствамі характарызуюцца надзвычайныя сітуацыі, звязаныя з выкідам хімічна небяспечных, радыеактыўных і бактэрыялагічных рэчываў. Пры ліквідацыі падобных НС асноўным каардынуючым органам з’яўляецца камісія па наздзвычайных сітуацыях. Ад таго, як арганізавана яе работа, якое яна мае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, наколькі падрыхтаваны і навучаны яе ўдзельнікі, як хутка і якое рашэнне можа прыняць кіраўнік гэтай камісіі, шмат у чым залежыць ход і канчатковы вынік ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі, жыццё і здароўе людзей. І мы распрацавалі праграмнае забеспячэнне, якое дазволіць выпрацаваць у навучэнцаў навыкі прыняцця правільных кіраўніцкіх рашэнняў ва ўмовах надзвычайных сітуацый, павысіць узровень работы членаў камісіі і, як вынік, знізіць паказчыкі гібелі, траўматызму і матэрыяльнага ўрону”.
Альберт Амербекян з Арменіі прапанаваў свой варыянт барацьбы з высечкай лесу — праблемай, якая сёння на яго радзіме вельмі актуальная. Хлопец прадставіў сістэму маніторынгу лесу, якая дапамагае папярэдзіць незаконную высечку. “Лес мы раздзяляем на рэгіёны плошчай 1 га, і ў кожным рэгіёне на дрэва прымацоўваем сэнсар, замаскіраваны пад кару, які піша гукі лесу і адпраўляе іх на сервер. На серверы ў рэжыме рэальнага часу праходзіць апрацоўка, і калі ў гэтых гуках ідэнтыфікуюцца звон бензапілы, сякеры, то гэты рэгіён на нашай карце загараецца чырвоным святлом, і ўжо да барацьбы з браканьерамі падключаюцца адпаведныя службы”, — тлумачыць Альберт і дадае, што гэтай навінкай ужо зацікавіліся ў міністэрствах экалогіі і абароны прыроды Арменіі, а таксама Эстоніі і ЗША.
Эліна Паулі, старшыня Каардынацыйнага савета маладзёжных аб’яднанняў асамблеі народа Казахстана, прэзентавала свой праект “Міжнародны этнакультурны форум прыгранічнага супрацоўніцтва “БІРЛІК — АДЗІНСТВА. KZ”. Ён ужо стаў традыцыйным, і яго ідэя — падтрымка этнапрадпрымальніцтва сярод моладзі. Эліна прадставіла работы прадпрымальнікаў, якія працуюць у казахскім нацыянальным стылі: скураныя і сярэбраныя вырабы ручной работы, уручную распісаныя хусцінкі, мяккія кубікі для дзяцей для вывучэння казахскай мовы, юрты, што складваюцца адна ў другую, як матрошкі, і г.д. Усе гэтыя і многія іншыя вырабы маладыя казахі прадаюць у сацсетках, для іх прадукцыі адкрыты аддзелы ў магазінах.
“Мы ў Казахстане не дзелім людзей па нацыянальнасцях, этнічных прыметах, таму наш форум і накіраваны на міжкультурнае, міжнацыянальнае ўзаемадзеянне розных народаў, — гаворыць Эліна. — Моладзі цікава інтэрактыўна пазнаваць культуру адно аднаго. Напрыклад, мы не расказваем пра юрты, а праводзім дыскусійныя пляцоўкі ў іх. Мы гатуем нацыянальныя стравы і расказваем пра іх. Напрыклад, прывезлі да вас нацыянальную страву курт — кіславатыя казахскія цукеркі з сушанага варанага тварагу. Знешне ён падобны на каменьчыкі, і ў часы Вялікай Айчыннай вайны казахі закідвалі палонных у канцлагерах гэтымі “каменьчыкамі” нават пры вартавых — і, дзякуючы гэтым цукеркам-каменьчыкам, людзі не паміралі з голаду. У нас у гасцях былі маладыя людзі з Арменіі, Кыргызстана, Паўднёвай Карэі, Польшчы, Расійскай Федэрацыі. Вельмі хочам пасябраваць і з беларусамі”.
Санат Сеітаў, магістрант першага курса казахстанскага філіяла Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава, прадставіў вулічны ліхтар, які працуе на святлодыёдах і сонечных батарэях. Па словах хлопца, гэтая распрацоўка будзе актуальнай для сельскай мясцовасці, прыгарада, дзе няма электразабеспячэння ці бываюць з ім перабоі. У Казахстане такіх населеных пунктаў вельмі многа, як і ў многіх іншых краінах СНД.
Айжан Джумабаева з Казахстана прадставіла сваю сістэму бяспекі для пешаходных пераходаў у цёмны час сутак. Задача такой сістэмы — апавясціць вадзіцеля, калі пешаход набліжаецца да перахода. “У нас шмат ДТЗ, бо дарогі мала дзе асвятляюцца. Мая ўстаноўка заўважае пешахода, які набліжаецца да дарогі, пры дапамозе датчыкаў руху і ўключае святло”, — тлумачыць аўтар.
Яе зямляк Іван Крапак прэзентаваў антытэрарыстычную антэну. Сёння тэрарысты вельмі падкаваныя ў сферы IT і ўмела іх выкарыстоўваюць, ствараючы зброю, якую актывізуе радыёсігнал. Юнак стварыў антэну, якая перашкаджае актывізацыі: яна знаходзіць тэрарыстычную зброю, адключае яе, садзіць у ёй батарэю і паказвае, дзе гэтая зброя знаходзіцца. Акрамя таго, антэна можа спыняць СМС-рассылку ў сацсетках з непажаданым кантэнтам, які, напрыклад, запужвае ці з’яўляецца надта дарослым.
Дамір Тагнбаеў прадставіў сваю тэхналогію экакорму. Пад уздзеяннем тэмпературы, вільгаці і асвятлення ў пэўных прапорцыях злакавыя культуры вырастаюць да 30 см вышыні зялёнай масы. З 1 кг ячменю можна атрымаць да 10 кг зялёнай масы ўсяго за 7—10 дзён. “Перад пасевам зерне на суткі замочваецца ў вадзе ў цёмным памяшканні, на наступны дзень яно прарастае. Так, не сеючы, мы яго выстаўляем на святло на спецыяльныя стэлажы. Вырошчванне адбываецца без глебы (карані, пераплятаючыся, утвараюць рулон), таму жывёлам скормліваецца ўсё без адходаў. Прычым у каранях знаходзіцца нават больш пажыўных элементаў, чым у зеляніне. Гэта асабліва карысна ў вясновы перыяд пры стойлавым утрыманні, калі жывёлы аслаблены пасля зімы. Па прататыпе Даміра адзін з сельскагаспадарчых універсітэтаў ужо стварыў устаноўкі і паспяхова вырошчвае корм для жывёл.
Джэні Халікава, супрацоўнік кафедры сацыяльнай работы псіхолага-педагагічнай адукацыі Магнітагорскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Р.І.Носава, прадставіла сацыяльна-арыентаваны праект “Дарога ў жыццё”, які разам з камандай псіхолагаў, педагогаў і класных кіраўнікоў рэалізоўвае на базе школы-інтэрната для дзяцей-сірот і тых, якія засталіся без апекі бацькоў. Праект накіраваны на сацыялізацыю, псіхакарэкцыю і адаптацыю дзяцей з моцнай разумовай затрымкай.
“Мы працуем з дзецьмі ў галіне арт-тэрапіі, прывіваючы ім элементарныя сацыяльна-бытавыя навыкі самаабслугоўвання, якія ў такіх дзяцей, на жаль, адсутнічаюць, — гаворыць Джэні. — Праводзім заняткі па псіха- і працатэрапіі, наладжваем прафарыентацыю, суправаджаем выпускнікоў пасля іх выхаду з інтэрната. Нашы дзеці ездзяць на сплавы па рацэ Белай, гуляюць у боўлінг, вучацца гатаваць сабе ежу, займаюцца разьбой па дрэве, бісерапляценнем, выдаюць уласныя часопісы”.
Мікіта Асееў, студэнт Кемераўскага дзяржаўнага інстытута культуры, сам мае інваліднасць і не па чутках ведае, як цяжка ста ць паўнапраўным членам грамадства і прыносіць яму карысць. Пры дапамозе партала хлопец аб’ядноўвае вакол сябе людзей з абмежаваннямі ў Кемераўскай вобласці і ўцягвае іх у актыўнае жыццё рэгіёна, імкнецца насыціць яго рознымі мерапрыемствамі.
Настасся Віктарэнкава, студэнтка педагагічнага інстытута Уладзімірскага дзяржуніверсітэта, прадставіла праект “Рэгіянальная сямейная алімпіяда”, разлічаны на дашкольнікаў і малодшых школьнікаў з мнагадзетных сем’яў, а таксама іх бацькоў, дзядуляў і бабуль. Праект праводзіцца раз у год. За кожнай сям’ёй замацоўваецца цьютар, які суправаджае сям’ю на працягу аднаго дня і дапамагае праходзіць квесты па горадзе, рашаць сумесныя заданні, бліц-апытанні, задачы на канструяванне, ТРВЗ-задачы, наладжвае тэатральную дзейнасць і г.д. Праект рэалізоўваецца 5 гадоў.
Алена Сафіна, намеснік дырэктара — кіраўнік Рэсурснага цэнтра “Падтрымка дзіцячых і маладзёжных сацыяльных ініцыятыў” Палаца навучэнскай моладзі Санкт-Пецярбурга прэзентавала свой праект “Азбука грамадзянскасці: сімвалы расійскага патрыятызму” ў выглядзе дзіцячых кубікаў.
Аляксандр Лунёў, аспірант Сібірскага дзяржаўнага аўтамабільна-дарожнага ўніверсітэта (Омск), прадставіў новыя тэхналогіі дарогабудаўніцтва. “У нас, у Расіі, а таксама ў Казахстане, Украіне і іншых краінах пры спальванні вугалю для вытворчасці цепла- і электраэнергіі ўтвараецца шмат адходаў — попелашлакавых сумесей. Іх практычна не ўтылізуюць, але мы прыдумалі ім прымяненне — будаваць з іх дарогі. Мэтазгоднасць гэтага даказала і наша даследаванне на доследным участку. Нашы тэхналогіі ўжо прыменены: былі пабудаваны 2 аб’екты ў Маскоўскай вобласці. Цяпер праводзяцца дадатковыя навуковыя даследаванні, назіранне за аб’ектамі ў розных умовах. Наш доследны ўчастак не мяняецца ўжо 7 гадоў, наадварот, з часам і пад уздзеяннем вады толькі набывае трываласць”, — патлумачыў Аляксандр.
Армянскія школьніцы прадставілі адсарбент з вапняку. Пры яго дапамозе дзяўчаты ачышчаюць паветра ў класах, што можа лёгка замяніць праветрыванне на перапынках. Яны проста адкрываюць скрынку з вапняком, і паветра адразу пачынае ачышчацца.
Студэнтка з Кузбаса Кацярына Квашавая ва ўнісон з нашым суайчыннікам Маркам Журавым прадставіла нафтасарбент, які здольны збіраць нафту з воднай паверхні. “У нас вельмі шмат нафтаразліваў у выніку танкерных аварый і на нафтаправодах, і каб мінімізаваць урон ад разліваў, нам трэба хутка сабраць нафту, — тлумачыць сутнасць сваёй распрацоўкі Кацярына. — Сарбент, які ўяўляе сабой сухія гранулы, рассыпаецца з верталёта па вадзе і ўбірае ў сябе нафту. Потым у работу павінны ўключацца судны з магнітнымі шайбамі, якія сёння ёсць у многіх партах, і гэты сарбент прыцягваецца магнітам. Сабраны нафтасарбент спальваецца, як паліва, а можна выпарыць нафту пры 300 градусах, а сарбент зноў выкарыстоўваць па прызначэнні”.
Падводзячы вынікі двухдзённай прэзентацыі інаватараў і вынаходнікаў з розных краін, прыемна адзначыць, што паміж імі не існавала канкурэнцыі, а наадварот, у ходзе былі нататнікі, куды запісваліся сумежныя ідэі, каб потым аб’яднаць намаганні і развіваць свае ідэі ўжо ў новых маштабах.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.