Адной з цэнтральных падзей выставы стаў фінал Рэспубліканскага конкурсу “Традыцыйная беларуская лялька”, які праходзіў у межах рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Пад купалам выставачнага комплексу творы юных майстроў нараджаліся на вачах журы і гасцей. У фінале за творчую справу ўзяліся 22 навучэнцы ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў з усёй Беларусі, што займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў адукацыі. На суд журы хлопчыкі і дзяўчынкі прадставілі традыцыйных лялек-абярэгаў, гульнявых, абрадавых, стылізаваных народных лялек, а таксама лялек у этнаграфічных строях.
Конкурс сабраў сапраўдных майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, захопленых гісторыяй роднага краю і малой радзімы, дзяўчынак і хлопчыкаў, якія пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў дадатковай адукацыі ствараюць традыцыйных народных лялек. Дарэчы, усе ўдзельнікі загадзя распрацоўвалі канцэпцыю конкурснай работы, рыхтавалі эскізы і неабходныя дэталі для абароны свайго праекта.
Валянціна Мікалаеўна Лёгкая, кіраўнік узорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка” Цэнтра дзіцячай творчасці Століна, адзначае:
— Тое, што сёння вызначыла тэматыку конкурсу, лялька ў рэгіянальным строі — гэта аснова нашай штодзённай працы. Менавіта матэрыялы, заснаваныя на рэгіянальных традыцыях, мы і шукаем з дзецьмі падчас экспедыцый, экскурсій у мясцовыя музеі. Навучэнцы адшукваюць аўтэнтычныя рэчы, адзенне, якое насілі некалі іх прабабулі, прыносяць гэтыя рэчы на заняткі. На іх аснове мы робім адноўленыя касцюмы і кашулі для нашых дзяўчат, а іх паменшаныя аўтэнтычныя копіі — для лялек. У такіх кашулях дзяўчаты прымаюць удзел у фестывалях, майстар-класах. На паказах мадэлей яны дэманструюць аўтэнтычныя кашулі, а таксама адноўленыя і, канечне, уласна вырабленыя лялькі ў адзенні на аснове адноўленай кашулі. У нас створана ўжо вялікая калекцыя як жаночага, так і мужчынскага адзення. Акрамя таго, нашы кашулі, сукенкі даўно выйшлі на вуліцы: дзяўчаты з задавальненнем апранаюць іх у штодзённым жыцці, асабліва летам. Набірае ход мода на наміткі і хустачкі.
Вельмі цікавы для дзяцей і наш новы кірунак — стварэнне лялечных кампазіцый. На апошнім конкурсе “Добры дзень, свет” мы ўзялі адразу два першыя месцы: і за калекцыю аўтэнтычных і адноўленых касцюмаў, і за велікодную кампазіцыю “Валачобнікі”. Мы апранаем лялек у рэгіянальнае адзенне і з іх складаем абрадавыя кампазіцыі: “Дажынкі”, дзе жанчыны водзяць карагод вакол “барады” — некалькіх каласкоў, звязаных каляровымі стужкамі і з увязаным у сярэдзіну хлебам-соллю; “Гуканне вясны”; вясельна-каравайны абрад “Міравое дрэва” і шмат іншых. Так мы з дапамогай лялек вывучаем мясцовыя абрады, вышываем ручнікі, сурвэткі, робім пано, народныя касцюмы, асвойваем ткацтва паясоў — усё гэта неабходна для стварэння лялек і іх адзення.
Лялька Таццяны Малышавай, навучэнкі Параф’янаўскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна, сабрала вакол сябе найбольшае кола цікаўных. Гэтая лялька адзіная зроблена не з тканіны, а з прыроднага матэрыялу — кары лазы, кукурузы, чароту, саломы і інш.
І, як ні дзіўна, гэта таксама традыцыі.
— Свайго строю, ва ўсялякім выпадку тэкстыльнага, у нашым раёне няма, і пасля праведзенага даследавання мы спыніліся на такім варыянце, — тлумачыць педагог Вольга Антонаўна Сазановіч. — Нашы бабулі расказваюць, што здаўна ў нашых краях ляльку рабілі з таго, што было пад рукой, — саломы, лазы, травы. Нават на кірмашах прадавалі лазовых лялек. І мы вырашылі гэта паўтарыць. У 1796 годзе Кацярына II падарыла Докшыцам герб. На ім размешчаны два збанкі. І Таццяна паспрабавала адлюстраваць герб: дала ў рукі сваёй ляльцы два збанкі, з якіх выцякае вада — рэкі Вілія і Бярэзіна, што бяруць пачатак на Докшыччыне. Ваду яна стварыла з ільну — сімвала дабрабыту, а аўтарскую нотку рабоце пастаралася надаць, уключыўшы ў вобраз лялькі кукурузу, збожжа, валошкі з параф’янаўскіх палёў, драўніну з мясцовага лесу.
— Гэта браслаўчанка, на ёй строй канца XIX — пачатку XX стагоддзя, — знаёміць са сваёй лялькай Дар’я Агапотава з Браслава. — Каб усё да дробязей было ў ёй правільным, я шмат вывучала традыцыйныя для нашай вышыўкі ўзоры, іх спалучэнне, колеры. Напрыклад, у нашых краях на жаночым адзенні была толькі палоска, зрэдку — клетка і ніяк іначай. Шмат даведалася я пра жаночыя хітрыкі. Напрыклад, традыцыйная намітка была каля 3 метраў, і каб не траціць час на яе апрананне (для кожнай справы і нават рознага часу дня жанчыны пераапраналіся), намітку скручвалі, а канцы запрасоўвалі, каб можна было хутка зняць і апрануць рэч.
Члены журы дасканала вывучалі лялечныя экспанаты, углядваліся ў іх твары, у арнаменты на ўборах, знаёміліся з эскізамі. Пасля падвядзення вынікаў старшыня журы Яўген Міхайлавіч Сахута, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад убачанага:
— Вельмі годна выглядаюць работы, заснаваныя на матэрыяле беларускага народнага касцюма, апранутыя ў традыцыйныя строі. Відаць, таму што якраз на гэты конт у нас матэрыялу хапае: якасна даследаваны рэгіёны, скрупулёзна вывучаны касцюмы, якія там бытавалі, у тым ліку мясцовы матэрыял. Ды і самі дзеці актыўна вядуць работу ў гэтым кірунку. Таму да лялек у народным строі ў нас практычна няма заўваг. Мы нават пашкадавалі, што мала прызавых месцаў — іх варты амаль усе работы, бо зроблены якасна, з любоўю, з веданнем матэрыялу.
Калі гаварыць пра сучасных лялек гуль-
нявога характару, забаўляльнага ці абрадавага, тут якраз ёсць прыкметныя праблемы. Так, у вырабе гэтых лялек за аснову для матэрыялу бярэцца інтэрнэт. І калі гэтая аснова была хаця б агульнаславянскай, то ўжо добра, але часта яна ўвогуле не мае дачынення да нашай культуры. Гэта не віна дзяцей. Справа ў тым, што мы пакуль не маем дастатковага матэрыялу, каб рабіць на яго аснове традыцыйную беларускую ляльку. Даследаванні ў гэтым кірунку толькі пачынаюцца. Думаю, пасля нашага конкурсу будзе ўзяты правільны курс і дзеці зразумеюць, што трэба павярнуцца тварам да традыцый свайго рэгіёна, абапірацца на тыя нешматлікія даследаванні, якія ўжо ёсць.
Што да вынікаў, то ў намінацыі “Традыцыйная народная лялька” безагаворачную перамогу атрымала Дар’я Агапотава, навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Краіна майстроў” Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі (педагог А.М.Багдановіч). 2-е месца было прысуджана 10-гадовай Віялеце Трубiцынай, навучэнцы творчай майстэрні “Вясёлка” ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (педагог В.М.Кашкурэвіч). Дыплом ІІІ ступені павезла дадому Таццяна Малышава, навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Мастацтва рукадзелля” Параф’янаўскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна (педагог В.А.Сазановіч).
У намінацыі “Лялька ў народным рэгіянальным строі” перамогу атрымала Хрысціна Кудравец, навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Майстрыхі” сярэдняй школы № 2 Петрыкава (педагог Т.М.Лазовік). 2-е месца заслужыла Аліса Калавур, навучэнка ўзорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка” Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці (педагог В.М.Лёгкая). Тройку пераможцаў замкнула лялька-пухаўчанка, аўтарам якой стаў
16-гадовы Данііл Дземух, навучэнец народнай студыі “Мар’інка” з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Світанак” Пухавіцкага раёна (педагог Л.М.Гняўчынская).
— Наш адбор — гэта адбор таго, што павінна застацца і ў якім выглядзе, — адзначыла Любоў Еўдакімаўна Раманенка, сустаршыня журы конкурсу, член праўлення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і адказная за яго адукацыйныя праекты. І, пераключыўшыся на тое, якая роля лялькі ў выхаванні, дадала: — Лялька — гэта не толькі мастацкі конкурс, а ў першую чаргу культурны сэнс. Яна не проста так стваралася. Гэта педагагічны сродак навучання дзіцяці і выхавання яго ў сям’і, бо калі дзіця круціла сваю ляльку з матчынай хусткі, то такая лялька адразу станавілася ў гульні мамай. Калі дзяўчынка брала галінку і рабіла з яе жаніха і нявесту, то ў яе адразу паўставаў вобраз сям’і, а там — дабрабыт. Маленькая дзяўчынка прыціскала да грудзей ляльку — мяккую, цёплую, быццам жывую — і такім чынам шкадавал яе. Менавіта для гэтага існуе лялька, каб прывіваць дзіцяці праз гульню мацярынскія пачуцці.
Кульмінацыяй падвядзення вынікаў конкурсу стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.
Плануецца, што ў рамках гэтага супрацоўніцтва будуць арганізаваны творчыя сустрэчы з майстрамі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мэтавыя, тэматычныя і аглядныя экскурсіі ў мастацкія майстэрні, конкурсы, канферэнцыі, святы, а таксама сумесныя мерапрыемствы.
Дырэктар НЦМТДіМ Надзея Васільчанка адзначыла:
— Мы і раней супрацоўнічалі, але падпісанне пагаднення дазволіць на больш устойлівай аснове арганізоўваць гэтае ўзаемадзеянне, шырэй выкарыстоўваць магчымасці саюза майстроў. Нават цяпер, падчас выставы, пакуль дзеці выконвалі свае конкурсныя работы, майстры праводзілі для нашых педагогаў майстар-класы па традыцыйнай ляльцы. Спадзяюся, цяпер гэта будзе адбывацца часцей. Плануем, што і на дзіцячых выставах будуць экспанавацца творы майстроў, каб дзеці бачылі, да чаго варта імкнуцца, і ў той жа час лепшыя дзіцячыя работы будуць прадстаўлены сярод работ прафесіяналаў на выставах майстроў. Упэўнена, мы знойдзем шмат граней супрацоўніцтва.
Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута выказаў меркаванне:
— Думаю, што гэтае пагадненне дасць штуршок для больш актыўнага супрацоўніцтва саюза майстроў народнай творчасці і тых устаноў адукацыі, якія ставяць сваёй задачай выхаванне моладзі на нацыянальных традыцыях. Мы хоць і сутыкаемся, але рэдка і выпадкова. Часта прадстаўнікі саюза майстроў выступаюць на заключным этапе, калі нам даецца права ацаніць ужо створанае. А лепш, каб гэта рабілася разам, паралельна, з самага пачатку, каб нашы спецыялісты яшчэ на этапе задумы
маглі паглядзець, ці ўсё юныя творцы робяць правільна. Толькі так, сумесна, мы будзем рабіць тую важную справу, якая называецца адраджэннем, развіццём і зберажэннем нацыянальных традыцый.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.