На ўрок да матулі

“Калі б мая мама была настаўніцай, то “дзявяткі” і “дзясяткі” мне б дакладна былі гарантаваны”, — скажа адзін вучань. “Як добра, што мая мама не настаўніца: няма пастаяннага кантролю”, — адкажа іншы. Мама-настаўніца: у гэтай з’яве больш плюсоў ці ўсё ж мінусаў? Як асаблівы статус мамы ўплывае на выхаванне яе дзяцей, іх узаемаадносіны з аднакласнікамі? Адказы знойдзем разам з мамамі-настаўніцамі і іх сынамі-вучнямі з сярэдняй школы № 2 Асіповіч.

Асабістае пытанне

Мама, матуля, маці або проста мам — так мы звяртаемся да самага блізкага чалавека. А каб афіцыйна, па імені і імені па бацьку? Прыходзіш, напрыклад, са школы дадому і замест таго, каб сказаць: “Мама, пайшлі вячэраць”, гаворыш: “Ала Валер’еўна, хадземце вячэраць”. Дзіўна, праўда. Хаця ёсць вучні, для якіх такі зварот не з’яўляецца неардынарным. Гэта настаўніцкія дзеці, а дакладней дзеці, у якіх мамы выкладаюць вучэбны прадмет або нават з’яўляюцца класным кіраўніком. У школе Алу Валер’еўну яны могуць выпадкова назваць мамай, а дома да мамы звярнуцца Ала Валер’еўна. Гэтая блытаніна, напэўна, адзіны мінус таго, што іх мама — настаўніца. А можа не адзіны?


Тэма ўзаемаадносін мамы-настаўніцы і сына-вучня для мяне не чужая, таму, падыходзячы да будынка 2-й асіповіцкай школы, добра ведаў, пра што распытваць маіх суразмоўцаў, на якіх акалічнасцях іх сямейна-школьных узаемаадносін засяродзіць увагу, адным словам, быў цалкам узброены неабходнымі пытаннямі. Сярод гэтых пытанняў было і адно асабістае, адказ на якое спадзяваўся атрымаць па выніках размовы з асіповіцкімі педагогамі. Гучыць яно прыкладна так: “Ці правільным было рашэнне бацькоў аддаць мяне ў школу пад маміна настаўніцкае крыло?”

Першы раз да сына ў клас

Сумненні — гэта добра. Калі сумняваешся, тады аналізуеш, спрабуеш і толькі потым прымаеш выверанае рашэнне. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры класны кіраўнік 8 “А” класа Таццяна Уладзіміраўна Казачонак таксама сумнявалася, ці правільна зрабіла, што ўзяла ў 5 класе сына Ілью пад сваю апеку. “Я разумела, што пастаўлю яго ў нязвыклае становішча, бо буду не толькі мамай, але і настаўніцай, ды яшчэ класным кіраўніком. Рызыкнула і праз пэўны час зразумела, што зрабіла правільна. Хлопчык ёсць хлопчык, за ім трэба глядзець ды глядзець. А калі за ім сочаць мае вочы як мамы, а таксама як настаўніцы, класнага кіраўніка, то гэта вельмі добра. Вобразна кажучы, за ім сочаць адразу тры пары вачэй.


У тры разы павялічылася і мая адказнасць, бо я стала не проста мамай, а мамай-настаўніцай, мамай-класным кіраўніком. Ілья тады заканчваў 4 клас, пераходзіў ад адной класнай мамы да іншай, таму лічу, што для яго было вельмі добра прыйсці ў клас да роднай мамы”, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. Настаўніца цудоўна памятае той момант, калі першы раз заходзіла на ўрок да сына. Хваляванне было нават большым, чым падчас студэнцкай практыкі. Аднак Ілья зрабіў вельмі правільна, ён адразу назваў маму па імені і імені па бацьку, тым самым надаў ёй упэўненасці, успрыняў маму не толькі як маму, але і як настаўніцу.

Занізіць адзнаку, павысіць самаацэнку

Ці ўспрыняла Таццяна Уладзіміраўна сына не проста як сына, а як вучня? Наколькі складана быць у адносінах да роднай крывіначкі староннім назіральнікам і стрымацца ад спакусы завысіць сыну адзнаку па вучэбным прадмеце? “Ільі я, наадварот, бывае, што заніжаю адзнакі, даю яму магчымасць пра нешта падумаць, дапрацаваць, самастойна выправіць памылкі і тым самым павысіць самаацэнку, — дзеліцца настаўніца. — Калі на маіх уроках ён атрымлівае не вельмі добрую адзнаку, то аднакласнікі адразу прыціхаюць і назіраюць за яго рэакцыяй. Аднак калі заслужыў, то што тут зробіш. Заслужыў “10”, пастаўлю і “10”, не заслужыў, пастаўлю і значна горшую адзнаку. Трэба быць справядлівым у адносінах да ўсяго класа, тым больш я класны кіраўнік, мой сын — член не толькі нашай сям’і, але і класнага калектыву, і мне важна, каб у ім бачылі сябра, таварыша”. А што наконт адзнакі, то, як лічыць Таццяна Уладзіміраўна, гэта ўсяго толькі часовы поспех. Ды і сын нашай гераіні ўжо ў тым узросце, калі цудоўна разумее, што поспехі ў вучобе патрэбны не бацькам, а яму самому.

Выпрабаванне адказнасцю

Выпрацаваць гэтае разуменне, на думку калегі Таццяны Уладзіміраўны, яшчэ адной мамы-настаўніцы, якая выкладае ў свайго сына-сямікласніка Сяргея англійскую мову, Алены Віктараўны Міхалап, можна дзякуючы кантролю. Кантроль — залог поспеху не толькі ў вучобе, але і ў выхаваўчай рабоце. І пацвярджаюць гэтую думку шматлікія граматы, якія Сяргей заваёўвае як на алімпіядах па вучэбных прадметах, так і на творчых конкурсах. “У тым, што я настаўніца ў майго сына, больш плюсоў, чым мінусаў. Самым вялікім плюсам з’яўляецца мая магчымасць кантраляваць Сяргея. Гэта разам з яго поспехамі ў вучобе і паводзінах цягне за сабой яшчэ адзін плюс: фарміруе адказнасць. Хлопец разумее, што сваімі дрэннымі адзнакамі можа сапсаваць не толькі сваю, але і маю рэпутацыю”, — дзеліцца Алена Віктараўна.


На жаль, не кожнае настаўніцкае дзіця вытрымлівае выпрабаванне адказнасцю. Дзе адказнасць, там заўсёды ёсць спакусы. “Мая мама — настаўніца, значыць, усё дазволена”. Ёсць і такія дзеці. Аднак гэта не тычыцца нашых герояў. Сяргей ужо з першага класа ведае, што мама з’яўляецца мамай толькі дома, а ў школе яна Алена Віктараўна. Хаця… Мама заўсёды застаецца мамай. Нават у патрабавальнай Алены Віктараўны знаходзіцца хвілінка для нефармальных адносін з сынам у школе. Пасля ўрокаў Сяргей можа прыйсці ў кабінет англійскай мовы і пачаставацца смачным бутэрбродам, які мама абавязкова бярэ ў школу для любімага сыночка. Аднак кожная такая сямейная хвілінка заканчваецца паўтарэннем пройдзенага матэрыялу па англійскай мове, бо кантроль у школе, на думку Алены Віктараўны, не павінен паслабляцца.

Не стаць мамчыным сынком

Што можа абмяркоўваць мама-настаўніца з сынам-вучнем пасля ўрокаў? Ці толькі ўрокі? А можа, яшчэ і праблемы ўзаемаадносін хлопчыка з калектывам? Хаця лепш сфармуляваць пытанне па-іншаму: “Ці трэба абмяркоўваць маме-настаўніцы, маме-класнаму кіраўніку праблемы ўзаемаадносін сына з класным калектывам?” Або нават так: “Чаму не трэба абмяркоўваць маме-педагогу з сынам-вучнем яго праблемы ўзаемаадносін з класным калектывам?” “Аб праблемах сваіх дзяцей мы, на жаль, даведваемся ўжо ад калег або ад іншых аднакласнікаў. Гэта не вельмі добра. Аднак мой сын разумее, што ён у першую чаргу член калектыву, таму не хоча скардзіцца на сваіх аднакласнікаў, каб не стаць мамчыным сынком. Хоць ён далёка не лідар, аднак яму ў класе камфортна, ён сярод тых дзяцей, з якімі сябруюць, і мне гэта падабаецца, для мяне гэта важна. Гэта сведчыць пра тое, што выхаваўчая работа вядзецца мной у правільным кірунку”, — адзначае Таццяна Уладзіміраўна.

У настаўніка-дэфектолага Алы Валер’еўны Каліты ў адрозненне ад калег, якія выкладаюць у сваіх сыноў, крыху іншая роля. У сына Ягора яна не настаўніца і нават не класны кіраўнік, яна так бы мовіць старонні назіральнік. І сустракаецца яна з Ягорам не ў вучэбным кабінеце, а пераважна на школьных калідорах падчас перапынкаў. “Можа, і няправільна, што ён са мной у адной школе. Сын у мяне самастойны і часта выказвае незадавальненне, што я кантралюю яго, паводжу сябе так, нібыта ён мамчын сынок. Хаця я рада, што маё дзіця побач, тым больш цяпер такі час, калі за дзецьмі, асабліва ў падлеткавым узросце, трэба сачыць і сачыць. Мае перавагі як мамы-настаўніцы ў тым, што дзіця заўсёды пад наглядам. Канечне, Ягору з маральнага пункту гледжання цяжэй вучыцца, чым іншым дзецям. Усведамляю, што мой кантроль часам з’яўляецца залішнім, не трэба часта паказвацца сыну на вочы, таму намагаюся сябе стрымліваць. Гэта, дарэчы, загартоўвае і мой характар”, — разважае педагог Ала Валер’еўна.

Не менш дарослымі развагамі падзяліўся і яе сын сямікласнік Ягор Каліта (для Алы Валер’еўны думкі хлопца сталі неспадзяванымі): “Кантроль заўсёды патрэбен, таму добра, што мая мама працуе ў школе, дзе я вучуся. Толькі дзякуючы яе кантролю ў мяне добрыя поспехі ў вучобе. Тое, што мама са мной у школе, лічу, фарміруе і самастойнасць. Калі ўзнікаюць праблемы ў адносінах з сябрамі, то намагаюся вырашыць іх самастойна, а не ісці да мамы скардзіцца. Я ж не хачу, каб мяне называлі мамчыным сынком”. Ягор далёка не мамчын сынок. Яго сур’ёзнасць і адказнасць праяўлялася нават у манеры размаўляць. Спакойна, без хвалявання ён адказваў на пытанні. Нядзіўна, што выдатніку Ягору, аднаму з самых адказных у класе вучняў, дазволілі праводзіць у дзень школьнага самакіравання ўрок гісторыі. “Быць настаўнікам — вялікая адказнасць, бо ад тваёй працы залежыць не толькі паспяховасць іншых дзяцей, але і іх настрой”, — так ахарактарызаваў прафесію сваёй мамы сямікласнік. Можа, настаўніцтва — гэта жыццёвае прызванне Ягора. Магчыма. Цалкам верагодна, што некалі ў сярэдняй школе № 2 Асіповіч будуць не толькі мамы-настаўніцы і сыны-вучні, але мамы-настаўніцы і сыны-настаўнікі.

Пытанне вырашана

Ці былі б сфарміраваны станоўчыя рысы характару ў Ільі, Сяр гея, Ягора, калі б яны займаліся ў іншай школе, вучыліся не пад настаўніцкім крылом сваіх мам? Магчыма. Аднак тое, што яны растуць сур’ёзнымі, адказнымі, самастойнымі, дакладна заслуга мам-настаўніц. Канечне, фарміруюцца такія рысы характару няпроста, хлопцам многім даводзіцца ахвяраваць. Хочацца пасвавольнічаць з сябрамі на перапынках, але яны не свавольнічаюць, бо не жадаюць, каб пра іх маці калегі гаварылі, што ў яе непаслухмяны сын. Хочацца паскардзіцца на складаныя ўзаемаадносіны з некаторымі аднакласнікамі, аднак падлеткі не скардзяцца, бо не жадаюць, каб іх называлі мамчынымі сынкамі. І ўсё ж мама-настаўніца — гэта больш “добра”, чым “дрэнна”. Мама-настаўніца — гэта велізарны плюс у тваім жыцці.

Дзякуй вам, дарагая Ніна Яўгенаўна! З Днём маці, любімая мама-настаўніца! Дзякуй і вам, асіповіцкія педагогі, за грунтоўны адказ на асабістае, вельмі важнае для мяне пытанне!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.