Напярэдадні Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі навучэнцы сярэдняй школы № 2 Скідзеля наведалі музей авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам на базе Цэнтральнага аэраклуба ДТСААФ каля Мінска.
Экспанатамі музея з’яўляюцца ўзоры савецкай авіятэхнікі (самалёты і верталёты) — ад Ан-2 да Су-27 і МіГ-29. Дзеці былі ў захапленні ад магчымасці пабываць у кабінах самалёта і верталёта, адчуць сябе сапраўднымі пілотамі. Побач размешчаны аэрадром аэраклуба, на якім узляталі то верталёты, то кукурузнікі, то рабілі скачкі парашутысты. Цікавасць у дзяцей выклікаў павільён “Космас”, дзе вучні ўбачылі спускальны апарат карабля “Космас”, у сярэдзіне якога размешчаны тры манекены ў скафандрах і скафандр Пятра Ільіча Клімука, у якім ён здзейсніў палёт у космас на борце карабля “Саюз” у 1973 годзе, крэсла “Казбек” і ўзоры бартавога харчавання касманаўтаў. Дзеці зацікавіліся дзвярамі з нумарам 305 — копіяй дзвярэй з нумара ў гасцініцы на касмадроме “Байканур”, дзе жылі нашы касманаўты перад стартам. У дзень адкрыцця павільёна “Космас” на гэтых дзвярах пакінулі свае аўтографы трое касманаўтаў — ураджэнцаў Беларусі: Пётр Ільіч Клімук, Уладзімір Васільевіч Кавалёнак, Алег Віктаравіч Навіцкі.
Наступным прыпынкам нашага касмічнага падарожжа будзе музей касманаўтыкі ў вёсцы Тамашоўцы, якая з’яўляецца малой радзімай Пятра Клімука.
Алена МУЗЫКА,
класны кіраўнік 7 “А” класа сярэдняй школы № 2 Скідзеля Гродзенскага раёна.