Прынада для азартных

Галоўная рухаючая сіла спартыўнай рыбнай лоўлі — азарт. Здаецца, калі аднойчы прыкіпеў да гэтага спорту душой, ужо не здрадзіш яму. Такой думкі прытрымліваюцца выхаванцы адзінай у сталіцы і адной з нямногіх у краіне секцыі спартыўнай рыбалкі пад кіраўніцтвам педагога Юрыя Яўгенавіча Юрчанкі, якая дзейнічае на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Мінска.

Рыбалоўнае хобі педагога, якое перайшло ў прафесію, родам з дзяцінства. Пачыналася яно вудамі з арэшніку, паплаўкамі з гусінага пер’я і днямі, праведзенымі на найбліжэйшай рэчцы ў кампаніі брата. Пасля Юрый Яўгенавіч захапіўся спортам, доўгі час працаваў з цяжкаатлетамі, а рыбалоўства прысутнічала ў жыцці хутчэй у якасці хобі. Калі прыйшла ідэя стварыць у цэнтры дадатковай адукацыі секцыю спартыўнай рыбалкі, многім прамудрасцям прыйшлося вучыцца разам са сваімі выхаванцамі.

Спартыўнае рыбалоўства — традыцыйна мужчынскі від спорту. Але ў першыя гады работы секцыі тут з’явілася і дзяўчына — Настасся Пракапенка. Адна з самых апантаных спартыўным рыбалоўствам выпускніц секцыі, якая пасля стала бронзавым прызёрам чэмпіянату свету па паплаўковай лоўлі.

“Дзякуючы таму, што маю задуму адкрыць такую рэдкую секцыю падтрымалі на высокім узроўні — у Беларускім грамадскім аб’яднанні “Федэрацыя рыбалоўнага спорту”, з’явілася магчымасць запрашаць на заняткі спартсменаў-рыбаловаў, вытворцаў прыкорму і спартыўных снасцей, экспертаў, — расказвае Юрый Яўгенавіч. — Часам немагчыма было скончыць майстар-клас прафесіянала з-за пытанняў, якія сыпаліся ад захопленых новымі ведамі дзяцей. Але такі ўзровень цікавасці ад выхаванцаў пастаянна падштурхоўваў наперад”.

Педагог Ю.Я.Юрчанка з вучнем.

У секцыю спартыўнага рыбалоўства Юрый Яўгенавіч прымае навучэнцаў 14—18 гадоў. Лічбы, зразумела, адносныя, бываюць і выключэнні для крыху меншых па ўзросце, але зацікаўленых такім відам спорту дзяцей. Але багаты педагагічны вопыт Юрыя Яўгенавіча падказвае, што ўсвядомленасць і сур’ёзнае стаўленне да справы, якой займаешся, пачынаюцца бліжэй да ўсталяваных узроставых рамак.

Заняткі ў секцыі праходзяць два разы на тыдзень: у аўторак —тэарэтычныя, а ў суботу — практычныя, “на вадзе”. Дадаткова ў нядзелю з педагогам займаюцца падлеткі, якія рыхтуюцца да спаборніцтваў. Для тых, хто толькі прыйшоў, уводзіны ў спартыўную дысцыпліну Юрый Яўгенавіч пачынае з тэорыі: расказвае пра гісторыю рыбалоўнага спорту, бяспечныя паводзіны на вадаёмах, прынцыпы спартыўнай рыбалкі. Максімальную колькасць часу, асабліва летам, педагог стараецца выдзеліць на практыку на мінскіх ці размешчаных паблізу сталіцы вадаёмах, дзе адпрацоўваюць тэхніку і тактыку лоўлі, абмяркоўваюць спаборніцтвы, у якіх прынялі ўдзел, або тыя, да якіх рыхтуюцца. Падлеткі пастаянна дзеляцца адно з адным ведамі, больш вопытныя дапамагаюць навічкам.

“На практычных занятках раблю стаўку на калектыўную дапамогу. На маю думку, толькі такім чынам прадукцыйней за ўсё падштурхоўваць моладзь да новых ведаў. Уявім сабе сітуацыю, калі падлетак, які захапляецца рыбалкай, але не мае аднадумцаў у гэтай справе, прыйшоў на бераг вадаёма адзін, пасядзеў гадзіну-дзве — дрэнна бярэцца. Сабраў свае прылады і пайшоў дадому, у выніку час змарнаваў і новых уменняў не набыў. Іншая справа, калі збіраецца калектыўны розум. Той жа бераг рэчкі, нашы практычныя заняткі… У дзевяці чалавек з дзесяці рыба “не ідзе”. Дзеці ўжо ведаюць мой падыход, таму кіруюць працэсам самі: самы паспяховы з рыбакоў расказвае як мага падрабязней, як ён правёў падрыхтоўку і выбраў месца для лоўлі, дае парады сябрам. Я, калі трэба, падказваю, як падабраць неабходную прынаду або снасці. Вынік зусім іншы для ўсіх: у аднаго — сітуацыя поспеху, іншыя атрымалі веды і прыменяць іх на практыцы. Такім чынам дзеці хутка растуць і ў майстэрстве, і ў ведах”, — дзеліцца метадамі сваёй работы педагог.

“Юрый Яўгенавіч вучыць нас, што кожны вадаём мае месцы, дзе дакладна будзе добра брацца рыба, трэба толькі правільна выбраць яго і не менш правільна падрыхтаваць да рыбалкі. У гэтым і заключаецца задача рыбака-спартсмена”, — расказваюць пра практычныя выезды секцыі выхаванцы педагога Аляксей Краўчанка і Серафім Ахрэмчык.

Кожны з падлеткаў трапіў у секцыю Юрыя Яўгенавіча сваім шляхам. Хтосьці шукаў такі клуб па інтарэсах мэтанакіравана, камусьці педагога параілі іншыя спарстмены. Аб’ядноўвае ўсіх адно — апантанасць рыбнай лоўляй.

Так, Аляксей Краўчанка прыйшоў займацца ў секцыю некалькі гадоў назад. “Цікавасць да рыбалоўства прачнулася гадоў у пяць, бацькі пастаянна садзейнічалі таму, каб яна не згасала: шмат вандравалі са мной па розных маляўнічых кутках Беларусі, выязджалі на рыбалку. У 14 гадоў даведаўся пра секцыю Юрыя Яўгенавіча і прыйшоў да аднадумцаў, каб падтрымаць сваё хобі на больш высокім узроўні і пачаць удзельнічаць у спаборніцтвах”.

Серафім Ахрэмчык і Ягор Дулуб, напрыклад, самавучкі, яны яшчэ да прыходу ў секцыю спрабавалі прымаць удзел у разнастайных фестывалях і чэмпіянатах ці рыхтаваліся да іх. У секцыю яны прышлі ўжо вопытнымі, работа з трэнерам дала неабходны для перамог на юніёрскіх чэмпіянатах штуршок.

Данііла Руткоўскага прывяла ў секцыю маці. Ёй вельмі хацелася, каб дзіцячае захапленне сына набыло больш трывалы падмурак. “У секцыю я трапіў у няпоўныя 14 гадоў, зусім юным і самым малавопытным з усіх. Так склалася, што астатнія выхаванцы Юрыя Яўгенавіча былі старэйшымі за мяне, ужо ўдзельнічалі ў спаборніцтвах. Яны пастаянна дзяліліся сваімі фішкамі. Дзякуючы гэтаму, я вельмі хутка пачаў браць удзел у першых спаборніцтвах. Традыцыю ўзаемадапамогі я пераняў і пасля сам дзяліўся вопытам з новенькімі”, — расказвае хлопец.

“На спартыўнай рыбалцы выйграе той, хто шмат практыкуецца і хутка думае”, — перакананы Юрый Яўгенавіч. Таму самы багаты вопыт юным спартсменам прыносяць спаборніцтвы. Ужо з першага года навучання падлеткі пачынаюць выступаць у іх камандна, прывозяць і адзіночныя ўзнагароды. Зімой гэта звычайна спаборніцтвы па лоўлі на мармышку з лёду. У гэтым годзе сярод іншых перамог выхаванцы педагога камандна ўзялі сярэбраныя медалі ў першым этапе чэмпіянату Беларусі ў гэтай дысцыпліне. Нядаўна ў скарбонку перамог дадаліся сярэбраныя медалі на чэмпіянаце Беларусі па берагавым спінінгу. На Кубку Urbanfishing юніёры забралі ўсе прызавыя месцы.

“У спорце мы практыкуем беражлівае стаўленне да прыроды, і асноўны прынцып, якім кіруемся падчас лоўлі, — “злавіў — адпусці”. Выкарыстоўваем менш траўматычныя снасці, больш трывалыя лёскі і пасля фіксацыі замераў суддзёй (калі гэта спаборніцтва) заўсёды адпускаем улоў у вадаём. Вялікую рыбу нават здымаем на відэа ў такія моманты. Напэўна, сабралася ўжо цэлая відэабаза адпушчаных трафеяў. Зразумела, Юрый Яўгенавіч сваім прыкладам дэманструе нам такія адносіны да прыроды”, — расказвае Аляксей Краўчанка.

Хоць у юных аматараў спартыўнай рыбнай лоўлі хапае спаборніцтваў увесь год, лета дорыць куды больш уражанняў. Галоўная падзея, якую штогод чакаюць падлеткі, — выяздны лагер на Прыпяці. Дзевяць дзён дзеці жывуць у палатках, адпачываюць і адточваюць сваё майстэрства ў спорце. Штодня з імі працуюць запрошаныя эксперты, якія даюць майстар-класы, праводзяць міні-турніры па розных відах лоўлі: дзень спінінга, дзень лоўлі на паплавок, начная лоўля на фідар і г.д. Асобныя намінацыі — за самую буйную рыбу, злоўленую падчас работы лагера. Бездакорнае дзяжурства па лагеры і добрая дысцыпліна таксама ўзнагароджваюцца: лепшым Юрый Яўгенавіч дае майстар-клас па лоўлі рыбы з катара. Такім чынам, ніхто падчас адпачынку не застаецца без прыза і ўвагі педагога.

“Прырода нібы пераключае чалавека ў запаволены рэжым, таму я прыязджаю ў летні лагер па спартыўнай рыбалцы ў пошуках адпачынку ад усіх праблем. Гэта і магчымасць займацца любімым спортам колькі заўгодна, выходзіць з трэнерам на рыбалку на лодцы, што, зразумела, больш цікава, чым лоўля з берага. Яшчэ я вельмі люблю менавіта палатачны адпачынак. У гэтым годзе ў сувязі з падрыхтоўкай да паступлення ва ўніверсітэт секцыю не атрымліваецца наведваць пастаянна, таму ўдвая чакаю адпачынку, каб усіх пабачыць, абмяняцца вопытам і спартыўнымі навінамі, пазмагацца з роўнымі мне ў спартыўнай лоўлі”, — расказвае выхаванец секцыі Ягор Дулуб.

Дарэчы, усе падлеткі, якія займаюцца ў секцыі спартыўнага рыбалоўства, пазбаўлены дрэнных звычак. “Спартыўная рыбалка даволі затратная фінансава, таму падлеткі не могуць дазволіць сабе траціць грошы на цыгарэты. Усё, што ў іх ёсць, пакідаюць у рыбалоўных магазінах, купляючы ўсё новыя і новыя прынады, паплаўкі, вуды, спецыяльную атрыбутыку”, — смяецца педагог.

Выпадковых людзей у гэтым відзе спорту не бывае. Усе выхаванцы і выпускнікі Юрыя Яўгенавіча жывуць рыбалкай, нават пасля развітання з секцыяй падтрымліваюць сувязь з педагогам і паміж сабой. Але вось выпадковасці здараюцца. “Лічыцца, што спартыўная рыбалка — шансавы від спорту, — рэзюмуе Юрый Яўгенавіч. — Хацелася б, каб маіх падапечных добрыя шансы суправаджалі заўсёды”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.