Прыказка “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца” ў дачыненні да летніка актуальная асабліва. Якімі б прыгожымі ні былі навакольныя краявіды, якімі б утульнымі ні былі спальныя карпусы і гульнявыя пакоі, дзіцячыя пляцоўкі, усё ж галоўным вызначальнікам якасці і паўнаты адпачынку хлопчыкаў і дзяўчынак быў і застаецца педагог. Гэта добра разумеюць у Палацы дзіцячай творчасці Баранавічаў (Брэсцкая вобласць). Тут ужо два гады дзейнічае комплексная школа актыву “Кантакт”, галоўным кірункам якой стала падрыхтоўка важатых для работы ў летніках.
Каб атрымаць асалоду ад важацкіх будняў, нават не патрэбна педагагічная адукацыя — майстэрству вучацца старшакласнікі са школ горада, якія займаюцца ў палацы ў “Акадэміі піянерскіх навук”. Сёлета членамі валанцёрскага атрада сталі 19 дзяўчат і 2 юнакі з 21 школы горада.
Навучальны год і праект Lider of camp для іх пачынаецца ў лістападзе і завяршаецца напрыканцы вясны. А вось тое, чаму яны навучыліся за год, паказваюць летам ужо сваім выхаванцам, як правіла, у аздараўленчых лагерах пры школах.
“Навучэнцы нашай важацкай школы вывучаюць асаблівасці жыцця ў лагеры, узроставыя асаблівасці дзяцей, праходзяць анкетаванне па лідарскіх якасцях, атрымліваюць прафесійныя парады, вучацца планаваць работу атрада, афармляць прэс-цэнтр і “атрадку”, знаёмяцца з формамі работы з дзецьмі, асаблівасцямі супрацоўніцтва з актывам, вучацца арганізоўваць самакіраванне ў летніку, будзіць фантазію і творчыя сілы і ў сабе, і ў сваіх выхаванцах, — гаворыць Таццяна Акуліч, метадыст Палаца дзіцячай творчасці. — А пасля юныя важатыя арганізоўваюць у сваіх школах навучанне па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. У нашым важацкім атрадзе займаецца 21 чалавек, а валанцёраў, якіх яны вучаць, больш за 200. Таму на лета ў нас шмат жадаючых адтачыць свае ўменні ў тандэме з вопытным педагогам у летніках”.
Акрамя таго, веды, якія атрымліваюць старшакласнікі, могуць спатрэбіцца і за межамі летніка. Напрыклад, блок “Псіхалогія чалавека і калектыву” дае магчымасць не толькі знаёміць з узроставай псіхалогіяй, вучыць адчуваць настрой выхаванцаў, але і дапамагае спазнаць і ўдасканаліць самога сябе. Тым больш што ў навучанні прымае ўдзел і педагог-псіхолаг Таццяна Кароль. Для Наталлі Мушкевіч, Ксеніі Назаравай, Настассі Грыгаровіч асабліва карыснымі былі трэнінгі, дзе Таццяна Аркадзеўна вучыла правільна будаваць размову, умець слухаць, супрацоўнічаць з калектывам, адстойваць сваё меркаванне. Шмат карыснага валанцёры ўзялі для сябе і падчас сітуацыйнага практыкуму па вырашэнні канфліктаў.
Не менш важным было і супрацоўніцтва з педагогамі-арганізатарамі і выхавальнікамі летнікаў. Непасрэдна заняткі па методыцы арганізацыі масавых мерапрыемстваў праводзяць культарганізатары палаца і педагогі школ горада. Да канца навучання школьнікі склалі свае скарбонкі метадычных матэрыялаў: гульняў, сцэнарыяў мерапрыемстваў, рачовак, дэвізаў, загадак, галаваломак. Прычым значная частка з іх стала аўтарскімі напрацоўкамі.
Сёлета ў трэндзе профільныя лагеры, таму юныя важатыя пастараліся стварыць умовы для рэалізацыі дзяцей з рознымі талентамі ў сваіх прышкольных лагерах. Але самым паказальным, плануецца, стане для іх жнівень у палацы. Тут на працягу цэлага месяца ўсё, на што здольны, будуць паказваць разам з удзельнікамі 8 атрадаў — спартыўнага, тэатральнага, інтэлектуальнага, мастацкага, харэаграфічнага і інш.
На працягу лета юныя важатыя будуць збіраць відэа і фота, каб пасля зманціраваць для сваіх выкладчыкаў, калег і, безумоўна, для саміх сябе невялічкі фільм-прэзентацыю — своеасаблівую дыпломную работу. Пасля гэтага старшакласнікі пройдуць пасвячэнне ў важатыя, і лепшыя з іх атрымаюць сертыфікаты важатага. Арганізатары школы спадзяюцца, што гэты дакумент будзе не проста напамінам пра вясёлыя важацкія будні, але і бонусам для іх будучай педагагічнай дзейнасці: 7 дзяўчат з атрада мараць стаць студэнткамі педагагічнага ўніверсітэта.
Святлана НІКІФАРАВА.