Сямейны клуб

Сям’я — галоўны фактар у выхаванні сем’яніна. Але яе выхаваўчы ўплыў паслабляецца. Усё радзей можна ўбачыць самую простую форму супрацоўніцтва бацькоў і дзяцей — сумеснае выкананне дамашніх работ. Што можа зрабіць педагог, каб змяніць сітуацыю?

У сярэдняй школе № 1 Скідзеля мы правялі апытанне сярод бацькоў. Вялікую актыўнасць праявілі мамы дзяцей (79% ад колькасці апытаных). Вынікі сведчаць пра тое, што яны гатовы да супрацоўніцтва і даверлівасці. Аўтарытэт класнага кіраўніка ў пытаннях выхавання вельмі высокі: 86% апытаных бацькоў лічаць яго найбольш важнай крыніцай інфармацыі па выхаванні дзіцяці, класнаму кіраўніку яны больш за ўсё давяраюць.

Апрацоўка анкет дазволіла атрымаць звесткі пра тое, што чакаюць бацькі ад школы, акрэсліць кола пытанняў, убачыць цяжкасці і праблемы бацькоў у выхаванні і развіцці дзяцей. Лічу, каб павялічыць цікавасць бацькоў да школьнага жыцця, іх неабходна прыцягваць да планавання і арганізацыі сумеснай дзейнасці, у якой бацькі выступаюць не пасіўнымі назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі працэсу. Таму я як класны кіраўнік ужо чацвёртага выпуску дзяцей заўсёды выбіраю галоўным напрамкам свайго супрацоўніцтва з бацькамі асветніцкую дзейнасць па хвалюючых пытаннях выхавання. І тут найбольш даступны спосаб — стварэнне сямейнага клуба.

Практыка паказала, што мамы і таты часцей наведваюць сумесныя пасяджэнні бацькоў і дзяцей. Распрацоўка сцэнарыяў такіх сустрэч патрабуе стараннай падрыхтоўкі і творчага падыходу, таму што неабходна даць тэарэтычную і практычную інфармацыю бацькам і адначасова падтрымліваць зацікаўленасць дзяцей, улічваць іх узроставыя асаблівасці. Бацькі не толькі прыходзяць на сходы, але і ўдзельнічаюць у распрацоўцы сцэнарыяў. У час сходаў яны разам з дзецьмі разыгрываюць спектаклі, ладзяць канцэрты, рухавыя гульні, праводзяць спаборніцтвы і конкурсы, чытаюць уголас вершы, спяваюць, арганізоўваюць чаяванні з нагоды дзён нараджэння і г.д.

Дзеці, удзельнічаючы ў рабоце клуба, вучацца гуляць і мець зносіны адно з адным і з дарослымі ў свабоднай атмасферы. У іх развіваюцца імкненне да самастойнасці і творчасці, пашыраецца кругагляд, выхоўваюцца добры тон і дружалюбныя паводзіны, выпрацоўваюцца арганізатарскія здольнасці.

Калі свята было ўмела арганізавана і прайшло цікава, то ў дзяцей фарміруецца правільнае разуменне свята ўвогуле, гэта вучыць іх ставіцца да яго як да духоўна багатага рытуалу. Такі стыль правядзення свят дзеці могуць перанесці і ў сваю будучую сям’ю.

Самі бацькі набываюць у сямейным клубе ўменні і навыкі жыцця ў грамадстве, здольнасць прымаць на сябе адказнасць не толькі за свой дом і сваю сям’ю, але і за дзяцей з іншых сем’яў, за развіццё вучэбнага і выхаваўчага асяроддзя для ўсіх дзетак, у тым ліку з малазабяспечаных і нядобранадзейных сем’яў.

Стварэнне сямейнага клуба дае свае вынікі. Дзіцячы калектыў становіцца больш згуртаваным, паляпшаюцца ўзаемаадносіны паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, павышаецца працэнт наведвальнасці бацькамі класных сходаў. Удзел у рабоце клуба спрыяе гарманізацыі адносін паміж навучэнцамі, паміж дзецьмі і бацькамі.

Марына ШЫШКО,
класны кіраўнік 8 “Б” класа, настаўніца рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Скідзеля.