Усе адценні лета ў кропельцы “Крынічкі”

З 1 чэрвеня ў Віцебскай вобласці пачалі работу дзіцячыя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, а з 15 чэрвеня — загарадныя стацыянарныя з кругласутачным знаходжаннем дзяцей.

Першую змену прыняў 15 чэрвеня дзіцячы аздараўленчы лагер “Крынічка” ў філіяле “Івесь” Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна. Зараз тут адпачываюць 49 хлопчыкаў і дзяўчынак, у асноўным з райцэнтра і гарадскога пасёлка Падсвілле. Камфортныя і бяспечныя ўмовы пражывання, насычаная спартыўная і культурная праграма, смачнае і здаровае пяціразовае харчаванне, свежае паветра, настоенае на водары хваёвых бароў, актыўны адпачынак і купанне пад кіраўніцтвам вопытнага інструктара па фізкультурна-аздараўленчай рабоце  — “Крынічка” сапраўды становіцца крыніцай натхнення, пазітыву і выдатных уражанняў для кожнага, хто хоць раз там пабываў.

Цудоўны “Івесь”

Філіял “Івесь”, дзе працуе лагер, знаходзіцца на беразе возера Молена ў адным з самых маляўнічых куткоў беларускага Паазер’я. Амаль побач, на адлегласці 3—5 кіламетраў, — самае глыбокае ў Беларусі возера Доўгае, самае чыстае ў Беларусі возера Белае і далей цэлы блакітны ланцуг — азёры Івесь, Шо, Супонец, Каравайна… Увасобленая мара для аматараў прыроды, рыбалкі, грыбнікоў і ягаднікаў! Мясцовыя жыхары пры выпадку з гордасцю паведамяць у размове, што вам пашчасціла апынуцца ў цэнтры Еўропы: калі прыняць яе разам з марамі і астравамі за адзінае цэлае, то цэнтр прыпадае якраз на самае вялікае ў раёне возера Шо. Само слова “Івесь” — асобная гісторыя. Першыя здагадкі па асацыяцыі звычайна бываюць — ад старажытнага “весть” ці рускага “ива”, бо вербаў у ваколіцы расце нямала. Аднак, паводле падання, возера было названа рускімі салдатамі, якія гналі на захад напалеонаўскае войска. Спадабалася ім месца, і адзначылі: “Прыгожае возера, побач весь”. Так нарадзілася назва, што потым перайшла на вёску.

Для начальніка лагера Валянціны Папок “Івесь” — гэта яшчэ і справа жыцця, якой педагог прысвяціла амаль 40 гадоў: тут працавала ў школе, прайшла шлях ад настаўніцы гісторыі да дырэктара, а пасля закрыцця ўстановы адукацыі ў 2011 годзе прыняла запрашэнне ўзначаліць арганізаваны на яе базе філіял.   

— Мы круглы год займаемся з дзецьмі, пастаянна прымаем турыстычныя групы, сем’і, падчас канікул навучэнцы прыязджаюць на адпачынак цэлымі класамі, — расказала Валянціна Валянцінаўна. — Аплата за пражыванне з улікам таго шырокага спектра магчымасцей, якія філіял прапануе сваім гасцям, вельмі прывабная, для нас жа гэта асноўная і стабільная крыніца пазабюджэту. Сродкі са спецрахунку накіроўваем на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, пастаянна рухаемся наперад. Тое, што атрымалася дзякуючы нашай дзейнасці і бюджэтнай падтрымцы, на маю думку, — лепшая рэклама: выдатная база на 70 месцаў са сталовай, спартыўнымі пляцоўкай і залай, па-гаспадарску і прыгожа аформленай тэрыторыяй, яркімі кветнікамі, уласным абсталяваным пляжам, спецыяльным месцам для вогнішча, пляцоўкай для гульняў, лазняй. “Івесь” добра ведаюць, любяць прыяз­джаць менавіта сюды з усёй Глыбоччыны, іншых гарадоў, раёнаў Віцебскай вобласці і нават з-за яе меж. У нас распрацаваны турыстычна-экалагічны маршрут “Вакол цэнтра Еўропы” з наведваннем гістарычных славутасцей, заказніка “Возера Белае”, возера Шо, музея і магілы Ігната Буйніцкага, турыстычныя маршруты на радзіму Васіля Быкава і Язэпа Драздовіча, да мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, па партызанскіх мясцінах. З вёскі Івесь можна пачаць водны маршрут праз азёры Доўгае і Шо, раку Шоша, возера Пліса, па рэках Мнюта і Дзісна да Заходняй Дзвіны. Сабраны багаты краязнаўчы матэрыял мы актыўна выкарыстоўваем у выхаваўчай рабоце. Супрацоўнікі філіяла па заяўках праводзяць турыстычныя спаборніцтвы, арыент-шоу, майстар-класы па спартыўным арыентаванні і тэхніцы турызму. Непадалёк многа аграсядзіб, з якімі ў нас наладжана супрацоўніцтва: па жаданні гасцей, напрыклад, можам арганізаваць наведванне каняфермы з коннымі прагулкамі ці сядзібы, дзе гаспадары пакажуць, як разводзяць коз і робяць сыр, пачастуюць і прапануюць набыць экалагічную і смачную прадукцыю, згатаваную паводле старадаўніх рэцэптаў. На жаль, сёлета эпідэмічная сітуацыя не дазваляе задзейнічаць увесь наш патэнцыял. Разам з тым мы пастараліся, каб кожны дзень адпачынку ў “Крынічцы” быў для дзяцей адметным, карысным і пазнавальным, насычаным запамінальнымі падзеямі і цікавымі справамі.

Каб адпачынак быў бяспечным

Падрыхтоўка да работы стацыянарнага дзіцячага аздараўленчага лагера ў філіяле ішла з канца мінулага лета: паставілі агароджу, правялі неабходныя касметычныя рамонты, часткова змянілі дызайн пакояў, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Да лета-2020 наблізіліся ў поўнай гатоўнасці, што пацвердзілі праверкі ўсіх наглядных службаў. Адпаведна патрабаванням рэжыму самаізаляцыі ўсе работнікі лагера прыбылі за тыдзень да пачатку змены. 

— Мы заўсёды вельмі сур’ёзна ставіліся да пытанняў арганізацыі бяспечных умоў для пражываючых, асабліва дзяцей, — падкрэсліла старшы выхававльнік Валянціна Сівіцкая. — У цяперашняй эпідэмічнай сітуацыі прафілактычны, здароўезберагальны і санітарна-гігіенічны кампаненты былі максімальна ўзмоцнены згодна з зацверджанымі часовымі метадычнымі рэкамендацыямі міністэр­стваў аховы здароўя і адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні дзяцей па прафілактыцы заносу і распаўсюджвання COVID-19, а таксама распрацаваным да пачатку першай змены сумесна з медработнікамі планам арганізацыйных і санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Набор на змену зменшылі, каб строга размежаваць месцы пражывання па атрадах. Трэба сказаць, хаця і былі ў нас наконт гэтага напачатку сумненні: жадаючых адпа­чыць у лагеры аказалася дастаткова. Большасць працуючых бацькоў кіравалася простым разважаннем: лепш няхай дзіця знаходзіцца пад наглядам выхавальнікаў і медыкаў, купаецца ў возеры, займаецца разнастайнымі развіццёвымі гульнямі і карыснымі справамі на свежым паветры, чым будзе сядзець у кватэры ці прадастаўленае само сабе бадзяецца па дварах. З дзецьмі працуюць 6 вопытных выхавальнікаў з ліку педагогаў сярэдняй школы № 2 Глыбокага і Падсвільскай сярэдняй школы, музычны кіраўнік, інструктар па фізкультурна-аздараўленчай рабоце, дзве медсястры і ўрач-педыятр. Паколькі значная частка адпачываючых — 17 чалавек — непаўналетнія, якія знаходзяцца на розных формах уліку, мы цесна ўзаема­дзейнічаем з праваахоўнымі службамі, іх прадстаўнік кругласутачна прысутнічае ў лагеры. Па ўзростах (6—10, 11—13 і 14—16 гадоў) сфарміраваны тры атрады. Напрамак змены — экалагічны.

Будні і святы звонкай “Крынічкі”

Лагер абуджаецца ў 8 га­дзін раніцы. Адразу — зарадка, потым лінейка, дзе паведамляецца праграма на дзень (напэўна, адзіны момант, калі ўсе дзеці збіраюцца разам: на свежым паветры на адлегласці працягнутых рук, тэрыторыя гэта дазваляе) — і прывітанне, новыя адкрыцці “Экалагічнага падарожжа”! Менавіта так называецца змена, а назвы атрадам па традыцыі прыдумалі дзеці: “Апельсін” — малодшыя, “Адрэналін” — другі атрад. Старэйшыя вырашылі вылучыцца і спынілі выбар на гучным БЭМС — “баявыя, энергічныя, маладыя, сімпатычныя”.

Непараўнальная асалода ў спёку — купанне. Цікава праводзяць абавязковыя штодзённыя хвілінкі здароўя, якія педагогі распрацоўваюць і праводзяць разам з медыкамі. Карысная інфармацыя падаецца ў прывабнай для дзяцей форме ў адпаведнасці з асаблівасцямі ўзроставага ўспрымання. Тэмы разнастайныя — ад прафілактыкі вірусных інфекцый, шкодных звычак, сонечных апёкаў, цеплавых удараў, няшчасных выпадкаў на вадзе з вывучэннем прыёмаў аказання першай медыцынскай дапамогі да выкарыстання рэсурсаў “зялёнай аптэкі” пры ўкусах насякомых, асноў правільнага харчавання, зарадкі для вачэй, выпрацоўкі правільнай паставы.

Сваю назву мае кожны дзень у лагеры. Гэта арганізацыйныя дні “Знаёмства” з традыцыйнай аперацыяй “Дабрабыт”, інструктажам па правілах тэхнікі бяспекі, гульнямі на ўмацаванне калектыву і вечарам знаёмстваў, “Выбару” з вызначэннем атрадных лідараў і размеркаваннем даручэнняў, урачысты дзень адкрыцця лагернай змены з самадзейным канцэртам, музычнымі і харэаграфічнымі нумарамі, дэкламацыяй вершаў. Свае іскрынкі маюць дні “Чарадзейных казак”, “Рэкордаў”, “Турызму і краязнаўства”, “Фантазіі і гумару”, “Здароўя і спорту”, “Падарожніка”, “Талентаў”, “Майстроў”… Асаблівай эмацыянальнай атмасферай заўсёды вылучаецца 22 чэрвеня, цэнтральнай падзеяй якога стане ўскладанне вырабленай дзецьмі кветкавай гірлянды да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, што ў вёсцы Івесь. Сёлета ад імя ўсіх, хто знахо­дзіцца ў лагеры, на ўскладанне пойдуць выхавальнікі і па адным прадстаўніку ад атрада. У той жа дзень дзяцей чакаюць спартландыя “Айчыны верныя сыны”, конкурс калажаў і відэаролікаў “Памяць жывая”, знаёмства з кінастужкай “Салдацік”.

— Прагляды кіна- і мультыплікацыйных фільмаў у нас арганізуюцца рэгулярна, — далучылася да размовы музычны кіраўнік Таццяна Карашкова. —  Заўсёды сярод дзяцей папулярныя конкурсы “Містэр лагера” і “Міс лагера”, творчая гульня з элементамі навучання фінансавай дасведчанасці “Арбат”, ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, лазартаг, “Фабрыка зорак” з караоке і, безумоўна, наш Дзень анёла. Раніцай па жараб’ёўцы ўдзель­нік даведваецца пра імя другога ўдзель­ніка, якому на працягу дня непрыкметна дапамагае, дае парады, робіць прыемныя сюрпрызы — пра свайго “анёла” кожны даведваецца ўвечары падчас абмену ўражаннямі. Папярэдне планавалі штодня адно мерапрыемства для ўсіх і некалькі ўнутрыатрадных квестаў, майстар-класаў, конкурсаў, віктарын, развіццёвых і спартыўных гульняў на экалагічныя тэмы, але час унёс свае карэктывы. Выхавальнікі задзейнічаны выключна ў рабоце са сваімі атрадамі. Пражыванне ў іх асобнае — па пакоях на розных паверхах, старэйшыя — у другім крыле будынка. Зведзены да мінімуму кантакты паміж дзецьмі розных узростаў: тэматыка і фармат мерапрыемстваў засталіся агульнымі, аднак атрады захоўваюць сацыяльнае дыстанцыяванне — напрыклад, за кожным замацавана асобнае месца для гульняў на свежым паветры. Або гэта размежаванне ўдзель­нікаў у часе па графіку ці частковы пераход на дыстанцыйны фармат (калектыўная ацэнка ўнутрыатраднага мерапрыемства праводзіцца паводле знятага відэа). Тым не менш зараз, праз некалькі дзён работы, я па водгуках дзяцей, работнікаў лагера, уласных назіраннях магу з упэўненасцю сказаць: нам удалося захаваць унікальнае, звонкае, творчае і крэатыўнае, жыццярадаснае гучанне нашай “Крынічкі”. Усё часцей чуем ад выхаванцаў: “Чакайце наступным летам, мы абавязкова сюды вернемся!”.

У загарадных стацыянарных аздараўленчых лагерах Віцебшчыны ў першую змену аздараўліваюцца каля 3 тысяч чалавек, у лагерах з дзённым знаходжаннем (уключаючы спартыўныя, працы і адпачынку) — больш за 13 тысяч дзяцей і падлеткаў. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ДАЛ “Крынічка”.