Калі правесці сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак апытанне кшталту “Мая першая суполка”, то абсалютным лідарам стануць групы, прысвечаныя малой радзіме. “Баранавічы — родны горад”, “Моладзь Навагрудка”, “Тыповы Жлобін” — падобных суполак на прасторах інтэрнэту тысячы, тысячы і яшчэ раз тысячы. Яны не толькі аб’ядноўваюць людзей, якія нарадзіліся або жывуць у тым ці іншым куточку — ад Брэста да Віцебска, ад Гродна да Магілёва, ад Мінска да Гомеля, але і выконваюць у Год гасціннасці асаблівую ролю: папулярызуюць багацце і маляўнічасць беларускай зямлі.
Дабро ў квадраце
Свой родны кут, які табе мілы, куды ты ў думках залятаеш і дзе душою спачываеш, забыць, канечне, складана. Пра гэта класік гаварыў яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Сёння ж, у эпоху інтэрнэту, асабліва калі ты актыўны карыстальнік сацыяльных сетак, забыць вобразы роднага краю, мясціны, знаёмыя з дзяцінства, не тое што складана, проста немагчыма. Нават калі нешта і здарыцца з тваёй памяццю, на дапамогу прыйдуць Facebook, “УКантакце”, “Аднакласнікі”, Instagram. Некалькі клікаў — і з дапамогай фотаздымкаў ты зноў любуешся роднымі даляглядамі, прагульваешся па знаёмых з дзяцінства мясцінах. Кажуць, што машыну часу стварыць немагчыма. Магчыма, ды яшчэ як! І першымі яе вынаходнікамі былі піянеры фатаграфіі (Луі Дагер і кампанія). А вось удасканалілі гэтую незвычайную машыну, зрабілі яе больш функцыянальнай стваральнікі сацыяльных сетак, за што ім вялікі дзякуй ад соцень мільёнаў жыхароў планеты.
Сацыяльныя сеткі могуць многае: падкажуць, як прыгатаваць смачную вячэру, раскажуць апошнія навіны, нават праспяваюць калыханку. Папулярныя, рознатэматычныя, рознакаляровыя, яны яшчэ дапамогуць згуртаваць педагагічны і вучнёўскі калектыў, выхаваць любоў і павагу да роднага краю. А гэта ўжо сур’ёзны аргумент на карысць таго, што сацыяльныя сеткі — не зло, як лічаць некаторыя, а дабро, прычым дабро ў квадраце. У Здзітаўскай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці гэта зразумелі адразу пасля таго, як беларусы пачалі актыўна рэгістравацца ў Facebook. На прасторах гэтай сацыяльнай сеткі, дзякуючы дырэктару ўстановы адукацыі Віталю Паўлавічу Жуковічу, нарадзілася ўніверсальная група “Здзітаўская сярэдняя школа”, дзе можна пазнаёміцца не толькі са школьным жыццём, але і з асаблівасцямі гістарычнай, этнаграфічнай і прыроднай спадчыны вёскі Здзітава і ваколіц. Група не проста ўніверсальная, яна эталонная: прыкладна так у Год гасціннасці варта прадстаўляць у сацыяльных сетках сваю ўстанову адукацыі і малую радзіму.
Цэнтр Зямлі
Стварэнне групы, папулярызацыя багатай спадчыны роднага краю — усё гэта частка вялікай работы, якая праводзіцца здзітаўскімі педагогамі і навучэнцамі з мэтай устойлівага развіцця малой радзімы. Нездарма гэты вопыт быў прадстаўлены на заключнай канферэнцыі праекта “Партнёрская сетка школ устойлівага развіцця: міжрэгіянальнае супрацоўніцтва і ўстойлівыя змены”, што праходзіла ў Мінску на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
— У прэамбуле Хартыі Зямлі сказана: “Цэнтр Зямлі там, дзе жыве чалавек”. Для нас такім цэнтрам з’яўляецца вёска Здзітава з яе старажытнай гісторыяй, унікальнай прыродай, выдатнымі людзьмі. Пазнаёміцца з гэтымі асаблівасцямі дапамагае школьны курс “Здзітавазнаўства”, распрацаваны настаўніцай геаграфіі Нінай Данілаўнай Касевіч. Сёлета пачалася работа па рэалізацыі праекта “Здзітава — Радзіма мілая!”, у рамках якога плануецца правесці шэраг мерапрыемстваў і выдаць інфармацыйна-краязнаўчы даведнік, дзе будуць абагульнены ўсе звесткі пра вёску. Работа над ім ужо ідзе, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Сяргееўна Ажажа.
Быў змрочным дом, стаў каляровым
“Ні дня без даследавання, ні года без праекта” — прыкладна так гучыць дэвіз калектыву Здзітаўскай школы. Кожны праект — гэта даследчыя работы і мерапрыемствы, а таксама дзясяткі фотаздымкаў, каментарыяў, аб’яднання сцяне тэматычнай суполкі ў Facebook. Ужо згаданы праект “Здзітава — Радзіма мілая!” — не першы ў спісе школьных праектаў, ён пераняў эстафету ад праекта “Школьны этнаграфічны музей як складнік эколага-развіццёвага асяроддзя”. За гучнай і адмысловай назвай хаваецца карысная і актульная для сельскай мясцовасці справа.
Не сакрэт, што ў выніку імклівай урбанізацыі аблічча беларускай вёскі ўсё часцей становіцца змрочным, а прычына — у закінутых нежылых дамах. “Як надаць ім другое жыццё?” — гэтае пытанне хвалюе не толькі старшынь сельсаветаў. Здзітаўскія настаўнікі і вучні прапанавалі сваё вырашэнне праблемы. Арыгінальная ідэя, памножаная на руплівую працу, прывяла да таго, што непадалёк школы якраз у адным з такіх дамоў зноў загучалі дзіцячыя галасы — галасы юных экскурсаводаў. Падчас правядзення рамонтных работ максімальна захоўвалася аўтэнтычнасць традыцыйнай вясковай хаты. Экспанаты этнаграфічнага музея знаходзяцца, так бы мовіць, у рабочым стане, і кожны наведвальнік пры жаданні можа на практыцы пазнаёміцца з іх непасрэдным прызначэннем. Сёння ў музеі праводзяцца тэматычныя экскурсіі, абрады і мерапрыемствы ў адпаведнасці з адноўленым у школе цыклам “Карагод народных свят”. Як юныя і дарослыя здзітаўцы выкарыстоўваюць магчымасці музея, можна даведацца ўсё там жа, на “фэйсбучнай” старонцы Здзітаўскай сярэдняй школы. Адно з апошніх абнаўленняў — фотасправаздача са школьнага свята Масленіцы.
Рэалізацыя музейнага праекта пачалася ў 2007 годзе, калі дзецям было прапанавана перадаць з дапамогай аркуша паперы і каляровых алоўкаў сваё бачанне будучыні вёскі. Вясковыя супермаркеты, праспекты — гэта арыгінальна, цікава, аднак найбольш набліжаным да практычнай рэалізацыі быў малюнак, дзе на месцы закінутага змрочнага дома з’явілася выява каляровага будынка з шыльдай “Музей”. Дзіцячы малюнак, як зерне, што прарасло і стала рэальным планам пераўтварэння дома, актыўнай работай па зборы экспанатаў. У выніку пошукаў 26 чэрвеня 2009 года разам з прадстаўнікамі мясцовай улады, ПРААН у Рэспубліцы Беларусь, супрацоўнікамі аддзела адукацыі Бярозаўскага райвыканкама прайшло ўрачыстае адкрыццё музея “Здзітаўскі фальварак”. Сёння музей — адна са станцый на школьнай эколага-краязнаўчай сцежцы “Паміж трох азёр”.
Мілагучнае слова
У справе садзейнічання ўстойліваму развіццю малой радзімы школа супрацоўнічае з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханеса Рау, Спораўскім сельсаветам, асветніцкім грамадскім аб’яднаннем “Фонд імя Льва Сапегі”, адміністрацыяй рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Спораўскі”, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, спецыялістамі сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН “Падтрымка навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь”, нямецкімі эколагамі.
У выніку супрацоўніцтва ствараюцца даследчыя работы. Так, мясцовай гісторыі, гаворцы, традыцыям, абрадам прысвечаны работы “Зямля маіх продкаў”, “Здзітава — мая маленькая радзіма”, “Лінгвакраязнаўчая адметнасць вёскі Здзітава”, “Карагод народных свят вёскі Здзітава”. Пытанні экалогіі ўзнімаюцца ў работах “Зімуючыя птушкі вёскі Здзітава”, “Галоўны інжынер прыроды”, “Чырвоны сшытак біялагічнага заказніка “Спораўскі”, “Знаёмыя незнаёмкі”, “Уплыў Спораўскага балота на клімат”, “Спораўскае балота — асяроддзе пражывання рэдкіх відаў птушак”, “Параўнальная характарыстыка натуральных і асушаных балот і іх уплыў на клімат”. Работы паспяхова прадстаўляюцца на канферэнцыях, а іх стваральнікі атрымліваюць дыпломы. У 2011 годзе навучэнцы старшых класаў Здзітаўскай сярэдняй школы сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за даследаванне ўплыву стану мясцовых балот на еўрапейскае экалагічнае аздараўленне.
Актыўнымі даследаваннямізаймаюцца і малодшыя школьнікі. Так, у сакавіку 2012 года здзітаўскія трэцякласнікі прадстаўлялі на ІІІ Міжнароднай дзіцячай канферэнцыі даследчых работ у Гданьску (Польшча) работу “Засяленне гнёздаў белым буслом на тэрыторыі вёскі Здзітава”. А вось навучэнцы 4 класа сабралі багаты матэрыял аб мясцовых традыцыях, што стала вынікам стварэння работы “Карагод народных свят вёскі Здзітава”. Прадстаўлены матэрыял выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы свят на базе музея. Як бачым, назва вёскі сустракаецца амаль ва ўсіх даследчых работах. Цвёрдае “Здзітава” для мясцовых настаўнікаў і вучняў такое ж роднае, мілагучнае, як і звонкае “дзе”, і густое “чаго”.
Слушная парада
У Год гасціннасці заўважна актывізавалася работа ўстаноў адукацыі па папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу малой радзімы. Многія праекты, ідэі, задумы набылі новае дыханне, новае жыццё, як на рэгіянальным, так і на рэспубліканскім узроўні. Выдатнай пляцоўкай для рэалізацыі ўсяго наватарскага з’яўляюцца сацыяльныя сеткі. Каб падзяліцца з іншымі людзьмі маляўнічасцю родных мясцін, патрэбен усяго толькі камп’ютар, выхад у інтэрнэт і жаданне ствараць адпаведныя суполкі, размяшчаць у іх фота-здымкі, відэакліпы, чым і займаюцца педагогі Здзітаўскай сярэдняй школы, што яны і раяць рабіць усім сваім калегам.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва Здзітаўскай сярэдняй школы.