Учора ў Беларусі стартавала рэспубліканская акцыя “Футбольныя канікулы-2012”, арганізатарамі якой з’яўляюцца асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”, Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў. Першым футбольны марафон прыняў аздараўленчы лагер “Рамонак”, што каля вёскі Шчаткова Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці.
Дарэчы, удзельнікамі фестывалю сталі не толькі тыя хлопцы і дзяўчаты, якія адпачываюць у “Рамонку”, але і зборныя каманды аздараўленчых лагераў “Мара”, “Арляня”, “Бабраня-2010”. Футбольныя сустрэчы прайшлі ў трох узроставых катэгорыях.
“Акцыю “Футбольныя канікулы” мы праводзім ужо другі год запар, — пракаменціравала падзею напярэдадні яе пачатку дырэктар РЦФВС Валянціна Віктараўна Баляба. — Сёлета яе правядзенне запланавана ў магілёўскім, брэсцкім і гродзенскім рэгіёнах, усяго ў самых розных мерапрыемствах прымуць удзел 12 аздараўленчых лагераў.
Мэта “Футбольных канікул” — не толькі папулярызацыя футбола сярод дзяцей і падлеткаў, але і магчымасць развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Нам вельмі хочацца, каб футбольныя пляцоўкі былі ў кожным аздараўленчым лагеры. Сёння ў нас ёсць плоскасныя збудаванні, але для валейбола, баскетбола, упарадкаваных футбольных палёў, на жаль, не хапае. Увогуле, сама ідэя правядзення “Футбольных канікулаў” належыць Беларускай федэрацыі футбола, і ў выпадку, калі нам удасца ўзняць акцыю на вельмі высокі ўзровень, у нашых сумесных планах — прэтэндаваць на грант Міжнарожнай федэрацыі футбола”.
Акрамя таго, у рамках акцыі запланавана правядзенне навучання для супрацоўнікаў лагераў, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца фізічная культура. У праграму навучання ўвайшлі напісанне сцэнарыяў для спартыўных мерапрыемстваў, работа з балельшчыкамі і інш.
Не так даўно ў Беларусі прайшла яшчэ адна акцыя “Падары дзіцяці футбольны мяч”. 18 тысяч першакласнікаў атрымалі запаветныя падарункі. Не абыдуцца без прыемных сюрпрызаў і “Футбольныя канікулы”, юныя аматары самага папулярнага на планеце віду спорту атрымаюць памятныя жэтоны і футбольныя мячы. Пераможцаў спаборніцтваў чакаюць дыпломы, а аздараўленчыя лагеры атрымаюць футбольны інвентар.
Наступная сустрэча адбудзецца ў Брэсцкай вобласці.
Наталля АЛЁХІНА.
aliohina@ng-press.by