Дарагі горад

На чым дабіраліся ў сталіцу на фінал Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 19 Баранавіч, гісторыя ўзнікнення і развіцця якіх непарыўна звязана з чыгункай? Канечне, на цягніку. Пад размераны грукат колаў развітваліся аўтары праекта “Город — дорог” з роднымі Баранавічамі. Пад такі ж размераны грукат колаў сустракалі Баранавічы настаўнікаў і вучняў 19-й школы, якія вярталіся са сталіцы з дыпломам І ступені, атрыманым у намінацыі “Лепшая творчая ідэя арганізацыі шостага школьнага дня”.

Кожны горад адметны не толькі сваім знешнім выглядам (планіроўкай вуліц, архітэктурай будынкаў), але і ўнутраным светам, асаблівай атмасферай, якую ствараюць гараджане. Баранавічы адносна малады горад, заснаваны ў канцы ХІХ стагоддзя як чыгуначны вузел, да таго ж гэта першая маладзёжная сталіца Беларусі, плюс у Баранавічах знаходзіцца ўніверсітэт. Нядзіўна, што Баранавічы можна смела назваць горадам чыгуначнікаў, горадам маладосці. А там, дзе маладосць, там і прыгажосць, мары, спадзяванні. Пра што марылі педагогі і навучэнцы сярэдняй школы № 19, калі адпраўляліся ў Мінск на фінал конкурсу? Годна выступіць? Так. Эмацыянальна, цікава расказаць усёй краіне пра родныя Баранавічы? Так. Стаць пераможцамі? Дзесьці ў глыбіні душы, канечне, спадзяваліся, аднак галоўным было годна прэзентаваць праект і родны горад. З гэтымі задачамі яны справіліся на выдатна, таму нядзіўна, што збылася і патаемная мара.

“У кожнага з нас ёсць дарагія сэрцу мясціны, дзе мы нарадзіліся, вучымся і пачынаем свой жыццёвы шлях. Гэта малая радзіма, якая заўсёды застаецца ў нашай душы. Няма нічога, што можа замяніць месца, дзе ты нарадзіўся, зрабіў першыя крокі, сказаў першае слова. Гэта тое месца, любоў да якога застаецца ў сэрцы назаўсёды. Многія людзі праводзяць усё жыццё ў адным і тым жа месцы, ходзяць па адных і тых жа вуліцах, бачаць знаёмыя будынкі, прыроду, маюць зносіны з аднымі і тымі ж людзьмі, не задумваючыся пра тое, наколькі яны прызвычаіліся да свайго горада, парадніліся з ім, сталі сябрамі. У кожнага горада, як і ў чалавека, ёсць свая гісторыя, свой індывідуальны характар, свае асновы і традыцыі”, — дзяліліся хлопцы і дзяўчаты сваімі думкамі пра родныя Баранавічы з удзельнікамі конкурсу і членамі журы.


Аднак ці ведаюць іх равеснікі гісторыю горада? Што могуць паведаміць пра адметнасці Баранавіч? Ці ведаюць паходжанне назвы вуліцы, на якой жывуць? Ці правядуць экскурсію па гэтых вуліцах? З пошукаў адказаў на гэтыя пытанні і пачалося стварэнне праекта. “Анкетаванне, праведзенае сярод вучняў 3—10 класаў, і падштурхнула нас да стварэння праекта. Вынікі анкетавання паказалі, што 24 працэнты апытаных маюць уяўленне аб гісторыі паходжання Баранавіч, усяго толькі 32 працэнты былі пасажырамі чыгуначнага транспарту, у 95 працэнтаў ёсць цікавасць да гісторыі чыгункі, жаданне ўбачыць чыгуначны транспарт мінулых эпох, сустрэцца з работнікамі чыгункі і ганаровымі чыгуначнікамі. 42 працэнты гатовы актыўна ўдзельнічаць у сацыяльна значнай дзейнасці, накіраванай на захаванне і прымнажэнне гісторыка-культурнай спадчыны горада, 7 працэнтаў звязваюць сваю прафесійную будучыню з Баранавічамі. Вынікі анкетавання дазволілі вылучыць краязнаўчы, турыстычны, дабратворчы, прыродаахоўны, прафарыентацыйны напрамкі. Напрамак “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” быў вызначаны ў выніку апытання бацькоў, якія выказалі заклапочанасць, паколькі ўстанова адукацыі знаходзіцца на скрыжаванні чыгуначных шляхоў, побач размешчаны пешаходны мост, праз які многім вучням даводзіцца дабірацца ў школу”, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Уладзіміраўна Мікушка.

Ідэя праекта заключаецца ў тым, каб названыя напрамкі выхаваўчай работы былі максімальна раскрыты праз рэалізацыю ў рамках праекта ў шосты школьны дзень двух тэматычных модуляў: “Горад — дарог” і “Горад — дарагі” (па-руску “Город — дорОг” і “Город — дОрог”). У залежнасці ад таго, як расстаўлены акцэнты ў назве модуляў праекта, мяняецца іх змястоўнае напаўненне. “Кожны модуль — гэта цэлы комплекс выхаваўчых мерапрыемстваў, аб’яднаных у некалькі тэматычных напрамкаў. Першы модуль уключае мерапрыемствы па тэматыцы дарог: па асновах бяспекі жыццядзейнасці “Увага! Дарога!” (мерапрыемствы, звязаныя з фарміраваннем навыкаў бяспечных і адказных паводзін на дарогах, накіраваныя на прафілактыку дзіцячага траўматызму на дарогах горада), прафарыентацыйны “Дарога, якую мы выбіраем” (паколькі Баранавічы з’яўляюцца пераважна горадам чыгуначнікаў, то гэта, перш за ўсё, мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду чыгуначных спецыяльнасцей), турыстычны “Дарогамі малой радзімы” (мерапрыемствы, звязаныя з пазнаннем свайго горада і вобласці з дапамогай актыўных форм адпачынку)”, — паведаміла педагог-арганізатар Таццяна Мікалаеўна Тукай.

Паспяховая рэалізацыя праекта залежыць ад цеснага супрацоўніцтва школы з іншымі ўстановамі і арганізацыямі. Памочнікамі калектыву 19-й школы ў гэтай справе сталі Баранавіцкі краязнаўчы музей і Музей чыгуначнай тэхнікі, Дом культуры чыгуначнікаў, Баранавіцкая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Баранавіцкі аддзел унутраных спраў на транспарце, Цэнтр турызму і краязнаўства Баранавіч, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, установы прафтэхадукацыі.

Дзякуючы праекту, кожны вучань сярэдняй школы № 19 Баранавіч з гордасцю скажа: “Я люблю свой горад! Я ганаруся родным горадам! Я хачу звязаць з ім сваё жыццё!” А вашы вучні скажуць гэтыя словы? Азнаёмцеся з вопытам баранавіцкіх калег, ён таго варты.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.