За акном кавярні, дзе я познім вечарам чакала на інтэрв’ю двух, мяркуючы па часе сустрэчы, вельмі занятых людзей, барабаніў дождж. А я, трэба прызнацца, смакавала гэтае чаканне. Справа ў тым, што маімі гасцямі і суразмоўцамі павінны былі стаць члены лігі вольных лучнікаў Дар’я Барташэвіч і Віктар Калач. Дар’я — кіраўнік клуба стралкоў з лука Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” Партызанскага раёна Мінска, Віктар — яе сябар, трэнер і настаўнік для кожнага, хто прыходзіць у клуб далучыцца да аднаго з самых прыгожых майстэрстваў. Яны з’явіліся ў палове адзінаццатай. Цікава, што без лукаў і стрэл Дар’я і Віктар выглядалі самымі сапраўднымі вольнымі лучнікамі.
Яны называюць сваю справу мастацтвам і прапануюць людзям стральбу з лука ў якасці шляху да саміх сябе. Яны жывуць імгненнем і вучаць гэтаму іншых. Яны ўпэўнены, што кожны сам сабе настаўнік, трэба толькі захацець.
Калі назіраеш за працэсам збоку, то стральба з лука вельмі падобная на танец: прыгожа выгнутыя постаці лучнікаў здаюцца пругкімі і звонкімі, як сама цеціва. Такая пластычнасць і ўяўная лёгкасць дасягаюцца гадзінамі карпатлівых трэніровак. Аднак ні фізічная падрыхтоўка, ні меткасць стралка не з’яўляюцца канчатковай мэтай трэнераў.
“Тое, што мы прапануем, і простае, і складанае адначасова, — тлумачыць Віктар. — Вучні атрымліваюць заданне, сфармулюем яго так: трэба трапіць “палачкай” у кружочак. Не паспрабаваўшы, чалавек нават не ўяўляе, якога глыбокага пагружэння ў працэс яно патрабуе.
Мы ўсе прывыклі карыстацца сваёй увагай кропкава. Як правіла, асэнсавана бачым адзін, два, максімум тры аб’екты. Адзін парасон, адну машыну на дарозе, адзін паток машын. І тут раптам новая мэта, для дасягнення якой трэба скіраваць увагу ўнутр сябе, інакш нічога не атрымаецца. Вы заўважаеце, што рукі баляць, што страла ляціць не туды. Каб трапіць у мішэнь, неабходна сваё цела і сваю свядомасць аб’яднаць у адно цэлае, не проста бачыць карцінку, а супастаўляць тое, што бачым з рэальнасцю. Самі па сабе лук і стрэлы не маюць мэты, гэта проста прадметы, якія, аднак, могуць стаць інструментамі для пошуку чалавекам уласных унутраных рэсурсаў”.
Дар’я ўспамінае, што ад пачатку яе ўласнага захаплення стральбой да педагагічнай дзейнасці прайшло нямала часу. Шлях да сябе быў доўгім і складаным. Як паверыць у свае сілы, калі цела падманвае цябе? І ўвогуле, што мы ведаем пра сваё цела? Ці ўмеем ім карыстацца? Што мы ведаем пра сябе саміх? Перш чым адказваць на падобныя пытанні людзям, усё трэба спазнаць на ўласным вопыце.
Увогуле цікавы факт, што такая зброя, як лук і стрэлы, дайшла да нашага часу практычна без змяненняў. Сёння многія ўсходнія краіны, у прыватнасці Кітай, Японія, Карэя, выкарыстоўваюць гэты від стральбы ў якасці духоўнай практыкі. Новае дыханне набывае стральба з лука ў Венгрыі.
“Мяжы для дасканаласці тут няма, — усміхаецца Віктар. — Спачатку чалавек спрабуе проста трапіць у мішэнь, потым зрабіць гэта з 10 крокаў, са 100 крокаў. А што калі пры гэтым бегчы ці сесці на каня?
Што такое лук? Гэта, па сутнасці, палка з вяроўкай. Складана нават уявіць, як у старажытнасці людзі вынайшлі сам прынцып. Я сам вырабляю лукі і стрэлы, таму ў поўнай меры магу ацаніць, якія глыбокія веды трэба мець. Неабходна ведаць матэрыялы і тое, як з імі працаваць, падабраць валокны, якія будуць правільна трымаць нацяжэнне. Лук вынайшаў не пітэкантрап, дакладна! Дарэчы, Аўстралія — адзіная краіна, дзе прынцып лука, ну і, зразумела, ён сам, не быў вядомы. Гэтая зброя на кантынент была завезена. Магчыма, проста абарыгены былі не здольныя прыдумаць нешта падобнае самі.
Самае галоўнае ў нашай рабоце, як я ўжо адзначаў, работа з увагай. Паназірайце, як яна працуе, як фіксуе нешта, ці рассейваецца, як стамляецца… Чалавек, здольны ўсведамляць сваю ўвагу, усведамляе сябе. Менавіта гэтае самаўсведамленне на Усходзе і называецца духам. Жыццё ў нас адно, і мы вучымся самі і вучым іншых цаніць кожнае імгненне, жыць не ўчора і не заўтра, а цяпер. Кожны стрэл як апошні, бо пасля яго ты ўжо не будзеш ранейшым, пасля кожнага стрэлу ты іншы, ты маеш новы вопыт. Кожны стрэл мы ўспрымаем не як яго вынік, а як працэс”.
У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” стральбой з лука прапануюць займацца з 9 гадоў. Нярэдка хлопцаў і дзяўчат сюды прыводзіць рамантычная мара быць як Робін Гуд. Затрымліваюцца, як і ў любым аб’яднанні па інтарэсах, далёка не ўсе. Трэнеры ўпэўнены, тыя, хто застаўся, — людзі, якія гатовы вучыцца спраўляцца з цяжкасцямі. І Дар’я, і Віктар прапануюць пачаткоўцам разглядаць свае дзеянні не з пазіцыі “атрымаецца — не атрымаецца”, а з пазіцыі “як гэта зрабіць?”.
“На жаль, нярэдка даводзіцца чуць, як бацькі кажуць сваім дзецям: пакладзі, не трэба, у цябе не атрымаецца, — падкрэсліваюць мае суразмоўцы. — Іх уласны страх у дадзены момант важнейшы за магчымасць для развіцця іх дзяцей”.
“Прааналізуйце, з якімі думкамі мы прыступаем да любой справы, — акцэнтуе ўвагу Дар’я. — Абавязкова ствараем у галаве план, як будзем выконваць дзеянні, пры гэтым маем нешта накшталт праекцыі выніку і мноства сумненняў адносна таго, ці ўдасца яго дасягнуць. На самай справе патрэбна толькі адно: дзейнічаць! Для мяне разуменне гэтага прыйшло праз стральбу з лука. Сумненні? Тысяча! Адчай? Быў! Уявіце сабе, наколькі няпроста звязаць паміж сабой тое, што адчуваюць твае рукі, і тое, што бачаць вочы.
З дзецьмі нашмат лягчэй працаваць, чым з дарослымі. У гэтым узросце прасцей зразумець многія рэчы. Свядомасць дзяцей яшчэ не заштампаваная, а дарослых цяжка перайначыць, яны жывуць сфарміраванымі стэрэатыпамі”.
Адным з самых важных момантаў работы клуба з’яўляецца разуменне кожнага яго члена, што лук і стрэлы — зброя, якая можа не проста пашкодзіць здароўе, а забраць у чалавека жыццё. Клас баявых лукаў пачынаецца з такой сілы нацяжэння цецівы, якая сёння з’яўляецца паказчыкам паляўнічай зброі. Пачаткоўцы змогуць страляць з падобнай зброі толькі праз год-два пастаяннай практыкі, таму, зразумела, у аб’яднанні па інтарэсах прапануецца больш просты варыянт лука. Педагогі адзначаюць: калі вучань любога ўзросту настолькі моцны, каб зрабіць дзірку ў мішэні, ён павінен быць настолькі ж разумным і падрыхтаваным, каб правільна выбраць цэль. Павага да жыцця — аснова тэхнікі бяспекі і першы этап работы ў клубе стралкоў. Ужо пасля гэтага члены клуба пераходзяць да работы з увагай і толькі потым працуюць на пападанне ў цэль. Пры гэтым апошні этап яны з гумарам называюць “мішурой”, маўляў, гэта не што іншае, як наступства карпатлівай духоўнай практыкі.
“Самая вялікая складанасць для тых, хто толькі пачынае займацца стральбой з лука, — гэта ілюзія, — адзначае Віктар. — Чалавек прыходзіць са сфарміраваным уяўленнем, як гэта павінна быць. Уяўленне і рэальнасць часцей за ўсё не супадаюць. Што датычыцца эстэтыкі, якая прыцягвае многіх, то плаўнасць нараджаецца з кантролю, з умення кіраваць сваімі рухамі, а для гэтага трэба працаваць над сабой.
Ліга вольных стралкоў, у якую мы з Дар’яй уваходзім, уяўляе сабой закрыты клуб ужо пераважна для дарослых людзей. Яго аснову складаюць чатыры чалавекі, якія займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй. Сама ліга складаецца чалавек з дваццаці, прыкладна столькі ж юных лучнікаў займаецца на базе Цэнтра дадатковай адукацыі “Вікторыя”. Зразумела, што прыйсці да нас могуць многія, але нямногія застаюцца”.
Мае суразмоўцы падкрэсліваюць, што нават спартыўная стральба з лука рана ці позна прыводзіць чалавека да пошукаў сябе. Пераважна гэта адбываецца ўжо на высокім узроўні спартыўнага майстэрства. Першыя пяць гадоў лучнікі робяць настрэл, яны выстройваць тэхніку і даводзяць свае дзеянні да аўтаматызму. І толькі з часам праводзяць паралелі паміж уласнымі адчуваннямі, думкамі і іх прычынамі.
Што датычыцца штампаў ва ўспрыманні, то нават мне, чалавеку, які не першы год працуе са словам, не ўдалося прайсці просты эксперымент, які трэнеры традыцыйна прапануюць пачаткоўцам. На стол кладуць любы прадмет і вучню прапануюць паспрабаваць падняць яго. Канечне, я з лёгкасцю падняла звязку ключоў, не задумаўшыся над тым, што мне прапанавалі асэнсаваць саму спробу, а не атрымаць канчатковы вынік. У словазлучэнні “паспрабуйце падняць”, натуральна, галоўным з’яўляецца слова “паспрабуйце”.
“Калі чалавек вырашыў, што неба блакітнае, пераключыць яго на тое, што яно можа быць самых розных колераў, дастаткова складана, — усміхаецца Віктар. — А яно можа быць сінім, чырвоным на досвітку і калі сонца заходзіць, белае ад аблокаў, а ноччу ўвогуле чорнае і ў зорачкі. Дзеці? Яны іншыя. Ім можна растлумачыць, што такое паважаць жыццё, як з чалавечнасцю адносіцца да любога, хто побач, як цаніць кожны момант і пражываць яго ярка, як дзяліцца шчасцем з іншымі. Думаецца, тады ўсім нам будзе жыць лягчэй!”
Наталля АЛЁХІНА.
Фота з архіва лігі вольных лучнікаў.