Пад ветразем сям’і

Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” ужо даўно зарэкамендаваў сябе ў Мінску як месца сямейнага адпачынку. Цэлы комплекс адукацыйных, выхаваўчых, культурна-забаўляльных праграм і праектаў рыхтуецца тут і для дзяцей, і для іх бацькоў. Да таго ж таты і мамы дапамагаюць іх арганізоўваць. А нядаўна яны прынялі ўдзел у новым сямейным праекце “Сакрэт гасціннасці”, аўтарам якога стала загадчыца харэаграфічнага аддзялення Вольга Яраславаўна Прылюбка. Аб тым, што праект удаўся, гаворыць тое, што яго рэалізацыя прынесла яго аўтару дыплом лаўрэата конкурсу “100 ідэй для сталіцы”, зацікавіла многіх удзельнікаў педагагічнага форуму, а яго ідэю ўзяў на заметку адзін з беларускіх тэлеканалаў.

Шляхам найменшага супраціўлення

“У любой сумеснай справе галоўная і самая складаная задача — выдзеліць агульныя інтарэсы для абодвух пакаленняў, — гаворыць Вольга Яраславаўна. — І я пайшла па шляху найменшага супраціўлення. Сямейныя святы, бадай, як нішто іншае збліжаюць людзей, іх чакаюць усе: і дарослыя, і дзеці”.
Трэба сказаць, што для Вольгі Яраславаўны сямейнае свята — не вынік пакутлівых педагагічных роздумаў, як аб’яднаць выхаванцаў цэнтра і іх бацькоў. Любоў да сямейных свят у яе сям’і перадаецца на генетычным узроўні. І цяпер яна часта па выхадных прывозіць усю сваю сям’ю, у якой выхоўваюцца двое сыноў, да сваёй бабулі Яўгеніі Міхайлаўны. Хоць жанчыне ўжо дзявяты дзясятак, энергіі і бадзёрасці ёй не пазычаць. Яна спартсменка-аматарка, актыўна займаецца аквааэробікай, фітнесам, сама ладзіць сямейныя святы з танцамі, конкурсамі, пячэ пячэнне з запіскамі-пажаданнямі ўнутры. Пра тое, наколькі камфортна сям’і быць разам, гаворыць хаця б той факт, што ўнукі і праўнукі, адпраўляючыся адпачываць, скажам, у Егіпет, абавязкова бяруць з сабой бабулю.
Безумоўна, такі “энерджайзер” у сям’і — вялікая ўдача і, канечне, гарантыя таго, што свята ўдасца і госці будуць імкнуцца сабрацца яшчэ не раз. А каб сабраць разам незнаёмыя сем’і, тым трэба загадзя ведаць, што ім будзе цікава. Звычайна больш ахвотна людзі збіраюцца ў кампаніі ўжо вядомых ім людзей, з кім ім дакладна будзе камфортна. Мы ахвотна ідзём на канцэрт любімага спевака ці на спектакль з удзелам цікавых акцёраў. Вось гэта і стала фішкай праекта Вольгі Яраславаўны. Кожную нядзелю на працягу лета запальнічкамі сямейнага свята былі медыйныя асобы. Сярод іх — артыст і рэжысёр Яўген Крыжаноўскі, сцэнарыст і тэлевядучая Тамара Лісіцкая, спявак Іван Вабішчэвіч, дызайнер Наталля Поткіна, псіхолаг і кіраўнік сямейнага цэнтра Каця Каўрова, радыёвядучыя Жэня Задора і Андрэй Шумак, артыст цыркавой дынастыі клоўн Грук, шоўмен і харэограф Вадзім Ванюхаў і інш. Менавіта яны і іх блізкія аб’ядноўвалі сем’і выхаванцаў цэнтра на розных пляцоўках.

У творчых гаспадароў творчыя госці

Лета — час паправіць здароўе, таму, натуральна, месцам сустрэч не мог быць горад. Святы ладзіліся пераважна ў загарадных дзіцячых аздараўленчых лагерах і аграся-дзібах Мінскай вобласці. Да паўнавартаснай падрыхтоўкі самога мерапрыемства прыцягнуць сем’і ў сезон было нерэальна, таму яны ўключаліся ў яго ўжо ў дзень свята. А ідэя такая: зорная сям’я разам з Вольгай Яраславаўнай і калектывам цэнтра “Ветразь” рыхтавала праграму для сталічных сем’яў, а ўсе разам яны станавіліся адной камандай, якая спаборнічала за званне самай гасціннай з іншымі сямейнымі камандамі, якія разгортвалі сваё свята ў іншыя нядзелі.
Сутнасць назвы “Сакрэт гасціннасці” ў тым, што гэтымі сакрэтамі павінны былі падзяліцца зорныя сем’і з сем’ямі-гасцямі падчас падрыхтоўкі пачастунку і правядзення забаўляльнай праграмы, якая мела сваю тэматыку. Адпаведна падбіраліся і “гаспадары”, і “госці”.
Так, на базе адпачынку “Вяча” адпачывалі выхаванцы тэатральнай студыі “Месяц” і іх кіраўнік Мацвей Віктаравіч Лішын. Туды прыехалі іх бацькі і сям’я Яўгена Крыжаноўскага, і ўсе разам адсвяткавалі “Дзень нараджэння Смайліка”. Нядзеля стала днём гумару, прычым дзеці і бацькі не толькі самі акунуліся ў гэтую атмасферу, але і павучыліся яе ствараць. Майстар-клас па артыстычным майстэрстве, заняткі па развіцці дыкцыі, рэкамендацыі, як справіцца з хваляваннем на сцэне былі актуальныя і для юных акцёраў, і для іх татаў і мам — стаць душой кампаніі лягчэй за ўсё, маючы ў арсенале з дзясятак-другі трапных жартаў. Хоць усмешак нарадзілася шмат, іх сімвал — смайлік — свой у кожнай сям’і, з’явіўся (праўда, ненадоўга) падчас прыгатавання дэсерту. Усяго некалькі хвілін — і воблачкі сметанковай пены, зефір, мармелад, ягады, арэхі ператвараліся на талерках у салодкія смайлікі.
Тэма дзіцячай вакальнай творчасці стала галоўнай падчас сустрэчы “Рыцары сярэбранай гітары” з сям’ёй Івана Вабішчэвіча. Гэты спявак у многіх асацыіруецца з рухам, хуткасцю, матацыкламі і рок-н-ролам. Таму і сем’і былі драйвовыя, і нават месца свята стала характэрным — прыдарожная кавярня, дзе не спеў птушак, а рокат матораў стаў натуральным фонам. У яго камандзе былі дзве сям’і — Вязавых, у якой галава Сяргей — аматар аўтаралі з перашкодамі, і Сінкевіч, дзе тата Аляксандр — заўзяты байкер. Тэмай дня сталі не толькі агульныя інтарэсы, але і тэма магчымасцяў для дзяцей рэалізавацца, у прыватнасці тое, што вельмі мала дзіцячых фестываляў рок-музыкі (цэнтр “Ветразь” калі не адзіны, то адзін з нямногіх, у сценах якога ён стаў традыцыйным). Затое ў гэты дзень ідэя даць ім добры глыток драйва атрымалася: фірменныя песні пад гітару кшталту “Брэменскіх музыкантаў”, спаборніцтвы па дартсе асобна сярод дзяцей, мам і татаў, фаер-шоу і кулінарнае спаборніцтва на самы лепшы шашлык па фірменных сямейных рэцэптах.
“Для мяне значным у праекце стаў яшчэ адзін момант, — адзначае Вольга Яраславаўна. — Ні для каго не сакрэт, што рэдкае сямейнае свята абыходзіцца без алкаголю. За ўсё лета на нашых святах не было ні кроплі спіртнога. І для мяне было кампліментам, калі таты заяўлялі, што яны ніколі так не весяліліся. І, канечне, не можа не радаваць тое, што сумесныя святы аб’ядналі многія сем’і, іх дзеці сталі хадзіць у адны студыі, прычым, акрамя нашых выхаванцаў, у цэнтры я часта бачу і летніх гасцей. Таты Сінкевіч і Вязавых нават ездзяць разам на ралі, а сем’і аб’ядналіся ў адну групу падтрымкі, нават мяне запрашалі ў адну з такіх паездак. Прыемна і тое, што нам удаўся эксперымент спалучыць розныя віды дзейнасці. Мерапрыемствы кшталту “Мама, тата, я — спартыўная сям’я” ці “Самая творчая сям’я”, “Салодкі стол” сталі ўжо традыцыйнымі, а мы аб’ядналі іх разам і з дапамогай нашых гасцей і педагогаў дадалі ім новыя ноткі”.
Хоць першапачаткова праект задумваўся толькі для выхаванцаў цэнтра, але як толькі ён актыўна стаў абмяркоўвацца ў сацыяльных сетках, жадаючых прыняць удзел у ім было хоць адбаўляй. І ўжо ніхто не пытаў, хто ты і адкуль. Так было і падчас падрыхтоўкі свята з дырэктарам Дома моды Наташай Поткінай, прыняць удзел у якім захацела дзіцячае мадэльнае агенцтва Dolce vita з Гродна.
Улічваючы італьянскую назву агенцтва і міланскую прапіску моды, на Слонімшчыне мы наладзілі “Італьянскую вечарынку”. Заўсёды па афармленні месца нашых свят можна было зразумець іх тэматыку, а пляцоўку для гэтага нам прадаставілі гаспадары аграсядзібы ў тыповым беларускім стылі. Таму, каб надаць ёй італьянскіх нотак, мы навырывалі старонак з модных часопісаў і звычайнымі прышчэпкамі замацавалі іх накшталт навагодніх гірлянд на нацягнутыя ў альтанцы вяроўкі. І вось у нас ужо ўсё пра моду і стыль. Зрабілі некалькі гірлянд з паветраных шароў, дзе былі колеры сцягоў Беларусі і Італіі — зялёны, чырвоны і белы, — вось табе і сімвал сяброўства дзвюх краін. Мы нават гатавалі разам італьянскую піцу з беларускімі начынкамі: з бульбай, баравікамі”.
Творча прайшла і падрыхтоўка да паказу. Аснову для калекцыі ўдзельнікі прывезлі з сабой: па тры любімыя рэчы. Яны ўсе склалі іх на адным стале і навобмацак выбіралі па тры з завязанымі вачыма — гэта і станавілася асновай для будучага вобраза. Таты і мамы не проста ацэньвалі гэтыя вобразы сваіх дачок, але і прыклалі руку да іх стварэння. Адчулі дзяўчынкі сябе і прафесійнымі мадэлямі, калі дэманстравалі сумесную калекцыю “Беларускія матывы” ад іх кіраўніка Веранікі Браўн і Наташы Поткінай. Дапамагалі бацькі набраць дадатковыя балы сваім дочкам падчас віктарыны і “модных” конкурсаў.

Зарад ідэй і эмоцый

“Для дзяцей такая сустрэча была дадатковым стымулам для творчасці: няхай радзіма моды — Італія, мы ў Беларусі таксама можам ствараць такія калекцыі, якія маюць попыт у любой краіне, — гаворыць Вольга Яраславаўна. — Менавіта гэта было адной з галоўных ідэй праекта — сабраць творчых дзяцей у розных галінах разам і пазнаёміць іх бліжэй з паспяховымі ў гэтым кірунку людзьмі, якія могуць быць для іх прыкладам. А для бацькоў мы пастараліся паказаць новыя шляхі зносін з дзецьмі. Прычым неабавязкова чакаць, калі дзеці вырастуць, вызначацца з захапленнямі, каб далучыцца да іх. Як правесці творчую гадзінку з дзецьмі ўсіх узростаў, мы паказалі для ўдзельнікаў свята “Зарад эмоцый”, якое з намі праводзіла пад Барысавам сям’я маёй знаёмай Каці Каўровай, кіраўніка сямейнага цэнтра, і яе мужа Уладзіслава, які ўзначальвае грамадскае дабрачыннае аб’яднанне “Здаровы выбар”. На свята мы запрасілі ажно 11 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з Мінскай вобласці. У кожнай сям’і было ад 9 да 11 малалетніх прыёмных дзяцей, старэйшым з якіх споўнілася 13 гадоў. З сем’ямі працавала цэлая каманда педагогаў — майстроў па салодкай фларыстыцы, скрапбукінгу, дэкупажы, кітайскім роспісе, валенні з лямцу, роспісе па шкле, роспісе гіпсавых статуэтак. Праводзіліся для дзяцей і спартыўныя спаборніцтвы, была паласа перашкод, а для іх бацькоў праводзіў цікавыя мерапрыемствы псіхолаг — у большасці сваёй яны ўжо не зусім маладыя людзі, і новы зарад эмоцый, падтрымка і падказкі прыйшліся даспадобы”.
Адпачынак быў дарэчы і для пацыентаў дзіцячага анкалагічнага цэнтра і іх бацькоў. Нязнайка, у ролю якога ўвайшла Тамара Лісіцкая, і настаўніца Вольга Яраславаўна падчас святочнай праграмы “Добрыя літары” дапамаглі дзецям і іх бацькам, якія ўвесь час знаходзяцца каля іх ложкаў, акунуцца ў свет паэзіі, дзе, канечне, можна знайсці і падтрымку, і надзею. Хлопчыкі і дзяўчынкі з героямі свята і са сваімі бацькамі складалі гумарыстычныя вершы, гулялі ў бурымэ, разгадвалі крыжаванкі і нават пачаставаліся дамашнімі тартамі ў выглядзе адгорнутых кніг з каляровымі вершамі і “добрым” алфавітам.
Такім чынам, у свята ператварылася літаральна кожная летняя нядзеля. Выніковае святочнае мерапрыемства прайшло ў Тэатры маладзёжнай эстрады, на якім падводзіліся вынікі гэтага лета. Канечне, вызначыць пераможцаў было немагчыма, таму літаральна кожны прысутны ў зале стаў пераможцам у сваёй намінацыі. А зрабіць прыемную атмасферу вечара яшчэ больш насычанай, яркай і запамінальнай дапамаглі творчыя калектывы цэнтра “Ветразь”.

Прынцып дваццаці званкоў

Свой адпачынак кожная сям’я плануе зыходзячы з бюджэту. І многія лічаць, што пагуляць з размахам можна толькі пры поўных кішэнях. Удзел жа ў святочным праекце “Сакрэт гасціннасці” для яго ўдзельнікаў не каштаваў ім ні рубля!
“У мяне ёсць прынцып дваццаці званкоў, — адкрывае сакрэт Вольга Яраславаўна. — Калі ты хочаш нечага дабіцца, трэба зрабіць для гэтага дваццаць спроб: пастукаць у 20 дзвярэй, патэлефанаваць 20 людзям. І хоць адзін раз на тваю просьбу адкажуць “так”. Часам прыходзілася рабіць усе дваццаць спроб, а часам насустрач людзі ідуць адразу. І медыйныя асобы знаходзяць у сваіх графіках час і з ахвотай прымаюцца за справу. Нават гаспадары сядзіб, нягледзячы на попыт у сезон, прадастаўляюць свае ўтульныя сядзібы для нашых сем’яў бясплатна. Як бачыце, усе — за сямейнае яднанне. Часам дастаткова толькі кінуць кліч у сацыяльных сетках, скажам, спячы торт для дзяцей з анкацэнтра, — кандытары самі аб’яўляюцца, і размова пра аплату ледзь не крыўдзіць іх. Адзінае, за што нам трэба было заплаціць грошы, — арэнда зала, дзе праходзіў гала-канцэрт, а рэшту мы пералічылі на рахунак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Так што не трэба добры адпачынак ставіць у залежнасць ад паўнаты сваіх кішэняў. Галоўнае, як вядома, жаданне”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва ЦДАДіМ “Ветразь”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*