У кургане дрыгавіцкім

У старадарожскіх бацькоў, сыны і дочкі якіх цікавяцца гісторыяй, ніколі не выклікае цяжкасці традыцыйнае пытанне “Чым заняць дзяцей падчас самых доўгіх канікул?”. Восьмы год запар у Старадарожскім раёне ладзіцца археалагічны летнік, куды імкнуцца трапіць не толькі мясцовыя школьнікі, але і дзеці з іншых мясцін Беларусі. А паўдзельнічаць, ці хаця б паглядзець на тое, як тут ідуць даследаванні, не супраць і некаторыя дарослыя. Сёлета археалагічныя раскопкі, як і папярэднія тры гады, праводзіліся ў маляўнічых ваколіцах вёскі Пасекі.


Шмат гадоў навуковым кіраўніком археалагічных даследаванняў старадарожскіх помнікаў гісторыі з’яўляецца старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Іоў. Ён спецыялізуецца на вывучэнні славянскага племяннога саюза дрыгавічоў, якія засялялі цэнтральную і паўднёвую частку Беларусі на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў. Дрыгавічамі была заселена і сучасная Старадарожчына, а дзякуючы лясам яна захавала на сваёй тэрыторыі помнікі тых часоў.

Падчас папярэдніх археалагічных летнікаў школьнікамі на чале з навукоўцам было сабрана шмат цікавай інфармацыі пра мясцовых жыхароў Х—ХІІІ стагоддзяў, знойдзены розныя рэчы тых часоў: ад пахавальных гаршкоў — да ўпрыгажэнняў і старажытнай зброі. Таму і пры даследаваннях 2017 года планавалася атрымаць багата новай гістарычнай інфармацыі. Алегам Іовам была пастаўлена задача даследаваць адзін курган, пахаванне старажытных дрыгавічоў і знайсці селішча, якое павінна было існаваць паблізу могільніка.


Школьнікі, большасць з якіх ужо не першы раз удзельнічала ў археалагічных раскопках, пад кіраўніцтвам навукоўца ачысцілі паўтараметровы курган ад хмызняку і галін, разбілі яго па сектарах у адпаведнасці з бакамі свету, як таго патрабуе тэхналогія даследавання, знялі дзёран і паступова пачалі ўглыбляцца ў насып. Пачатак раскопак з’яўляецца фізічна цяжкім і не самым натхняльным этапам працы, але досвед тых, хто не першы раз удзельнічае ў дадзеным мерапрыемстве, падказвае, што, каб бліжэй падысці да моманту навуковага даследавання, яго трэба адолець хутчэй.

Наступныя этапы даследавання старажытнаславянскага пахавання далі свае вынікі. Пры дапамозе невялікіх рыдлёвачак капальнікі дабраліся да глыбіні ўзроўню гарызонту, на якім і былі знойдзены сляды пахавання. Гэта шкілет чалавека, рост якога складаў крыху больш за 170 сантыметраў. Каля галавы і ў нагах памерлага былі знойдзены два пахавальныя гаршкі, што выклікала ў Алега Іова некаторыя пытанні. Справа ў тым, што для дрыгавіцкіх традыцый характэрна ўскладанне каля нябожчыка толькі па адным экзэмпляры посуду. Тут жа была знойдзена шкляная пацерка замежнага паходжання. Галава дрыгавіча ці дрыгавічанкі была, згодна з тагачасным абрадам, накіравана на захад, туды, дзе памірае Сонца. Нязначнае адхіленне яе на поўдзень дало падставу меркаваць, што пахаванне было здзейснена ў зімовы час. Наяўнасць попелу пад касцяком і вакол яго падштурхоўвае да высновы, што, перад тым як пакласці цела на зямлю, на гэтым месцы дзеля яго ачышчэння было распалена рытуальнае вогнішча. Памерлы, хутчэй за ўсё, быў пахаваны ў труне — даўбёнцы. Знаходкі з кургана, няхай сабе і не такія багатыя, як у папярэднія гады, нясуць цікавую інфармацыю, якой археолаг падзяліўся з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Само пахаванне, як адзначыў Алег Іоў, датуецца ХІ—ХІІ стагоддзямі, часам, калі ўжо пачало распаўсюджвацца хрысціянства, але даволі моцным яшчэ было і язычніцтва.


Зразумела, што месца пахавання звязана з месцам пражывання людзей, таму недзе паблізу павінна было існаваць і селішча продкаў. Тут яны жылі і потым траплялі ў іншы свет, а іх рэшткі — у родавы могільнік, які даследуецца ў апошнія гады. Наяўнасць невялікай лагчыны, магчыма, былога рэчышча маленькай рачулкі, якая ўжо высахла, падказвала, што селішча павінна было быць паблізу. Акрамя таго, на карце 1910 года ў гэтай мясціне пазначаны хутар з красамоўнай назвай Курганы. Ён мог быць нейкім пераемнікам папярэдніх паселішчаў. Зараз на гэтым месцы ўзаранае поле.

Стаўшы ў ланцужок, выхаванцы археалагічнага летніка пачынаюць прачэсваць вялікую тэрыторыю ўзаранага поля, збіраць з паверхні глебы фрагменты рэчаў, якія маглі быць выраблены рукамі нашых продкаў, што жылі на гэтым месцы ў розныя часы, у тым ліку дрыгавіцкія. У рукі траплялі дэталі трактара, сучасныя рэчы побыту і шмат рознага смецця. Толькі пасля некалькіх гадзін марудных пошукаў мы пачалі знаходзіць фрагменты таўстасценнай керамікі, якая, па сцвярджэнні Алега Іова, якраз і магла быць выраблена недзе ў Х—ХІІІ стагоддзях. І амаль адразу адным з юных даследчыкаў быў знойдзены жалезны наканечнік стралы гнёздаўскага тыпу, выкарыстанне якога было характэрна для ўсіх усходніх славян.


Ну вось, нарэшце, старажытнае селішча знойдзена і зафіксавана на карце навукоўца. Пачынаецца больш руплівае вывучэнне вызначанай тэрыторыі з дапамогай металадэтэктара, выкарыстанне якога дазволена толькі ў вельмі абмежаваных заканадаўствам мэтах. У выніку быў знойдзены яшчэ адзін наканечнік стралы, лязы трох нажоў, вядзёрнае вушка, некалькі металічных кольцаў, якія маглі быць як скроневымі ўпрыгажэннямі, так і пярсцёнкамі, і шэраг іншых рэчаў, якія, па меркаванні Алега Іова, маглі належаць жыхарам старажытнай вёскі. А самай вялікай і нечаканай знаходкай стала цясла. З яе дапамогай нашы продкі апрацоўвалі дрэва, рабілі даўбёнкі. Ёй маглі высекчы і труну для нябожчыка. Наяўнасць цяслы сведчыць аб даволі высокім узроўні цяслярскага рамяства, што больш характэрна для гарадоў, чым для невялікіх селішчаў.

Да навукоўца з боку юных археолагаў узнікла пытанне: “Чаму і пры якіх абставінах дрыгавіцкае селішча знікла?” Алег Іоў патлумачыў, што людзі маглі пакінуць наседжанае месца з прычыны з’яўлення чужынцаў і пачатку ўзброеных канфліктаў, а таксама таму, што бліжэйшая рачулка высахла, трэба было шукаць лепшае месца.

Здавалася, што галоўныя адкрыцці гэтага года ўжо скончыліся. Аднак не… Пры больш дасканалым вывучэнні мясціны ў лесе былі знойдзены два новыя незафіксаваныя курганы. Адзін з іх даволі вялікі, другі — маленькі. Яны знаходзяцца на адлегласці ў некалькі соцень метраў ад асноўнага могільніка. На думку Алега Іова, гэта магілы чужынцаў, якім не знайшлося месца ў родавым некропалі мясцовых дрыгавічоў. А магчыма, фанабэрыстыя іншаземцы самі пагрэбавалі тутэйшай тэрыторыяй пахавання, таму перанеслі рэшткі супляменнікаў у іншае месца. У вялікім кургане мог быць пахаваны правадыр нейкага вайсковага злучэння, а ў малым — яго наложніца, што адпавядала рытуалам ваяроў некаторых народаў таго часу, нягледзячы нават на распаўсюджанне хрысціянства.


У канцы даследчай працы выхаванцаў летніка і гасцей чакаў яшчэ адзін запамінальны сюрпрыз. Для ўсіх удзельнікаў раскопак была арганізавана экскурсія ў суседнюю вёску Сінягова, дзе, па словах мясцовых жыхароў, на могілках стаіць самы сапраўдны каменны ідал паганскіх часоў, чымсьці падобны на хрысціянскі крыж. З даўніх часоў ён служыць у якасці помніка. Пасля некаторага вывучэння Алег Іоў адзначыў, што, магчыма, так яно і ёсць. Гэта калі не помнік часоў паганства, дык адзін з першых хрысціянскіх каменных крыжоў, якія былі характэрны для тэрыторыі Паўднёвай Беларусі ў часы Тураўскага княства.

Такім чынам, археалагічны летнік, у якім прымалі ўдзел 15 выхаванцаў і шэраг валанцёраў як са Старадарожчыны, так і з іншых мясцін Беларусі, скончыўся пазітыўна. Акрамя сабранай карыснай інфармацыі і цікавых гістарычных артэфактаў, удзельнікі раскопак бліжэй пазнаёміліся з загадкавым мінулым далёкіх продкаў, больш даведаліся пра традыцыі і побыт славян-дрыгавічоў, атрымалі шмат новай інфармацыі падчас шматлікіх гутарак з навукоўцам Алегам Іовам, пазнаёміліся з асаблівасцямі сапраўднай навуковай дзейнасці і далучыліся да яе.

Акрамя таго, вучні прымалі ўдзел і ў іншых цікавых мерапрыемствах. Так, у адзін з вольных дзён хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі мемарыяльны комплекс, прысвечаны камандзірам і салдатам 121-й стралковай дывізіі, якая ў жніўні 1941 года ў гэтых мясцінах трапіла ў акружэнне і больш за тыдзень вяла жорсткія баі супраць фашыстаў. Для выхаванцаў з мясцовага школьнага летніка з дзённым знаходжаннем была праведзена экскурсія да вывучаемых аб’ектаў, ім расказалі аб выніках раскопак каля іх вёскі.

Дзецям надоўга запомняцца спартыўныя спаборніцтвы, інтэлектуальныя віктарыны, экскурсіі да мясцовых славутасцей, арганізаваныя выхавальнікамі Міхаілам Ляўшэнем, Лідзіяй Сцепановіч, Віталем Юрэвічам. Надоўга застануцца ў памяці размовы, жарты, песні каля вогнішча. Адзін з удзельнікаў археалагічных мерапрыемстваў — валанцёр з Брэста, прафесійны музыкант і спявак Аляксандр Крываносаў, натхнёны вынікамі даследаванняў і сяброўскай атмасферай, на працягу двух вечароў ладзіў канцэрты з песнямі са свайго рэпертуару. Пісьменнік Уладзімір Арлоў, якога таксама запрасілі ў археалагічны летнік, пажадаў усім удзельнікам поспехаў у справе вывучэння гісторыі Беларусі.

Дзевяць дзён у археалагічным летніку на Старадарожчыне праляцелі вельмі хутка, таму яго ўдзельнікі выказалі жаданне сустрэцца ў наступным годзе, каб працягнуць сваю карысную і цікавую справу.

Віталь ЮРЭВІЧ,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 Старых Дарог.
Фота аўтара.