Вучні і настаўнікі ў сацыяльных сетках

Не сакрэт, што сацыяльныя сеткі сталі месцам “пастаяннай прапіскі” большасці сучасных падлеткаў. Часта менавіта там можна даведацца, чым на самай справе жывуць нашы дзеці, хто яны, што патрэбна ім у жыцці…
А вам ужо даводзілася вырашаць гамлетаўскае “быць ці не быць”? Размова нават не пра тое, ці маюць падлеткі права на прыватнасць. У рэшце рэшт уся інфармацыя адкрыта для агульнага доступу і размяшчаецца ў інтэрнэце з адной мэтай: падзяліцца ёй, паказаць сябе. Быць ці не быць, калі вашы вучні спрабуюць вас “зафрэндзіць”? А калі вы і сталі сябрамі ў сацыяльных сетках, то што далей? Як паводзіць сябе на прасторы, дзе паняцце дыстанцыі такое ж віртуальнае, як і сам інтэрнэт? І, самае галоўнае, як рэагаваць на тыя ці іншыя паводзіны?

Час змяніўся, і, як бы многім ні хацелася, але выраз “ды я ўжо дваццаць гадоў у школе працую, і, дзякуй Богу, усё выдатна” сёння проста не актуальны. Дзеці не тыя, што былі дваццаць і нават дзесяць гадоў назад. Яны іншыя. Дваровыя гульні, захапленне футболам, песні пад гітару, пацалункі ў пад’ездах — усё гэта перамясцілася ў сацыяльныя сеткі. Іх песні пад гітару вы знойдзеце на Youtube, іх захапленні і гульні вам падкажуць групы па інтарэсах, а пацалункі будуць адлюстраваны ў вашай жа стужцы навін, калі “дзеткі” ў вас у сябрах. Яны расказваюць пра сябе іншым чынам. Вы вялі дзённік? Яны перадаюць свой настрой выкарыстоўваючы статусы! Вы рабілі кампліменты? Яны ставяць “лайкі”! Вы да хрыпення ў горле абмяркоўвалі з сябрамі тыя ці іншыя рэчы? Яны пішуць каментарыі!
Яны дадаюць вас у сябры і справядліва разлічваюць бачыць у педагогу проста чалавека, бо тут не школа, не клас, тут працуюць іншыя законы. Сацыяльная сетка, быццам вагі, на якіх адначасова можна ўзважваць obliko morale дзяцей і педагогаў.
Сёння ва ўсім свеце адносіны да ўзнятай праблемы неадназначныя. Напрыклад, у штаце Місуры (ЗША) яшчэ ў 2011 годзе ўступіў у сілу закон, які забараняе настаўнікам мець зносіны з іх вучнямі ў інтэрнэце, а таксама дадаваць іх у сябры да наступлення паўналецця. Такія абмежаванні былі выкліканы даследаваннем, якое высветліла, што 87 педагогаў мелі перапіску сексуальнага характару з вучнямі ў сацыяльных сетках. Падобны закон дзейнічае і ў некалькіх іншых штатах краіны.
У Вялікабрытаніі Нацыянальны саюз настаўнікаў рэкамендуе не дадаваць падлеткаў у сябры зусім па іншых прычынах. У аснове рашэння ляжыць небяспека быць зняважаным дзецьмі ў сацыяльных сетках, паколькі колькасць такіх выпадкаў у гэтай краіне значна вырасла.

Ці ёсць неабходнасць у падобных забаронах у Беларусі і што пра гэта думаюць самі педагогі? За адказам на гэтыя пытанні я звярнулася не куды-небудзь, а ўсё ў тое ж сацыяльнае сеціва.
Як аказалася, пакуль што відавочных прычын для “амерыканскіх” ці “брытанскіх” высноў няма. Многія з педагогаў кіруюцца думкай: калі ты маеш аўтарытэт у школе, табе няма чаго баяцца і ў інтэрнэце. Аднак адкрыта пазіцыяніраваць сябе ў сеціве гатовы не ўсе.
“У мяне некалькі акаўнтаў у сацыяльных сетках. У “Аднакласніках” — сябры, з якімі звяло жыццё, сям’я, калегі. “УКантакце” — у сябрах вучні, іх бацькі. Розныя старонкі і, канечне, розны стыль зносін”.
“Для мяне асабіста мець дзяцей у сябрах зручна, гэта вельмі дапамагае ў рабоце класнага кіраўніка. Паведамленні, заданні, асабістыя просьбы — і можна быць упэўненай, што ўсе прачытаюць”.
“Трэба прызнацца, у такога сяброўства ёсць і іншы бок. Трэба ўвесь час думаць, як ты будзеш выглядаць у вачах дзяцей. Не магу я падзяліць сябе на дзве паловы: вось тут я настаўніца, а тут магу дазволіць сабе фотаздымкі з адпачынку на прыродзе з усімі адпаведнымі атрыбутамі. Настаўнік выхоўвае заўсёды, хоча ён таго ці не…”
“Усе гэтыя забароны — штучная робатызацыя педагогаў. Мне цяжка ўявіць, як можна вучыць дзяцей і не ўспрымаць іх як сяброў. Такое абмежаванне сацыяльнай актыўнасці толькі знішчае матывацыю і зніжае якасць маёй работы як настаўніка”.
“Давайце ўспрымаць жыццё такім, якое яно ёсць. Магчыма, для некага гэта будзе адкрыццём, але я дазволю сабе вольнасць заявіць, што педагогі — гэта людзі, якія маюць такое ж права, як і ўсе іншыя, сфатаграфавацца на пляжы і выставіць фота ў “Аднакласніках” ці на Facebook. Яны ж робяць гэта не ў рабочы час”.
“У мяне і думкі не ўзнікала дадаваць сваіх вучняў у сябры. Навошта? Мая старонка — асабістая тэрыторыя. У рэшце рэшт зносін з дзецьмі мне хапае на рабоце”.
І зноў “быць ці не быць?” У дачыненні да гэтага мне ўспомнілася адно з маіх нядаўніх інтэрв’ю. Настаўнік, які адпрацаваў у сістэме адукацыі амаль 40 гадоў і многія з вучняў якога сталі паспяховымі навукоўцамі, прызнаваўся, што ў свой час яму не давала спакою думка, ці мае ён права “трансліраваць” сябе на дзяцей. Аказваецца, калі не было камп’ютараў, інтэрнэту, сацыяльных сетак, а былі проста чалавечыя адносіны, праблемы былі ўсё тымі ж. Магчыма, толькі адказнасці больш. Не прэтэндуючы на правільнасць свайго рашэння, мой суразмоўца адзначаў, што ён так і не змог, заходзячы ў клас ці выходзячы з яго, “апранаць” і “знімаць” з сябе прафесію. Зразумеў, што не можа “не трансліраваць”, а значыць, ён — “педагог у любы час сутак і ў любой сітуацыі”.
І ўсё ж кожны выбірае сам, а значыць, фільтрам любога ўзаемадзеяння з вучнямі могуць быць толькі нормы маралі кожнага канкрэтнага настаўніка.

***

Развіццё інтэрнэту і той факт, што нашы дзеці адчуваюць сябе на яго прасторах як рыба ў вадзе, гучаць для педагогаў бадзёрай камандай “Не адставаць!”. Больш за тое, прафесіяналы сваёй справы лічаць неабходным быць на крок наперадзе. Быць на крок наперадзе ў сацыяльных сетках, дзе, прабачце за дзеяслоў, але менавіта “завісаюць” нашы дзеці, не значыць з’яўляцца тымі суперактыўнымі карыстальнікамі, якія штораніцы выкладваюць фотаздымкі свайго снедання і ўвогуле фіксуюць кожны свой крок.
У мінулым годзе ў СМІ прайшла інфармацыя, быццам беларускіх настаўнікаў будуць прыцягваць да маніторынгу сацыяльных сетак. Аднак ва ўпраўленні адукацыі Мінаблвыканкама, якому належала аўтарства ідэі, паведамілі, што ніхто не будзе прымушаць настаўнікаў гэтым займацца, іх асноўная задача — вучыць дзяцей. Разам з тым абмеркаванне тэмы, якое хваляй прайшло па педагагічнай грамадскасці, падкрэсліла і так відавочныя рэчы. Перагружанасць педагогаў, пытанні аплаты падобнага маніторынгу ў любым выпадку не дазволілі б рэалізаваць ідэю.
Яшчэ адзін момант, які выклікаў дыскусію, гэта адключэнне школ ад сацыяльных сетак. Значыць настаўнік павінен праводзіць маніторынг за кошт свайго ўласнага часу? І калі для педагогаў сельскіх школ, у якіх не так шмат вучняў, гэта задача больш-менш магчымая, то для настаўнікаў гарадскіх — амаль нерэальная.
Быць ці не быць у сеціве — уласны выбар педагога.
“Я ёсць “УКантакце”. Для мяне гэта яшчэ адна магчымасць адчуць настрой маіх вучняў. Там яны адкрытыя як на далоні. Пра іх думкі і эмоцыі раскажуць статусы, фотаздымкі, выказванні, каментарыі. Я супраць таго, каб гэта навязвалі педагогам у якасці дадатковых абавязкаў, мы ж не наглядчыкі. Ды і ў душу без неабходнасці не лезу. Аднак гэта дапамагае мне лепш зразумець кожнага асобнага вучня і адпаведна будаваць работу з ім у рэальным жыцці”.
А вось вам іншая пазіцыя:
“Мне не хочацца трапіць у становішча страуса. Што рабіць, калі дзеці выкладваюць фота з бутэлькай ці цыгарэтай у руках? А калі гэта дастаткова інтымныя фотаздымкі? Калі статус майго вучня змяшчае ненарматыўную лексіку? Рабіць выгляд, што нічога не адбываецца? Разумею, што пазбягаць сацыяльных сетак з той прычыны, што там можна ўбачыць нямала непрыемных рэчаў, таксама не выйсце”.
Сапраўды, як рэагаваць на такія факты? Не будзеш жа пад фотаздымкамі пісаць выхаваўчыя каментарыі. Хаця іншым разам клавіятура, можа, так і кліча набраць радок-другі. Але…
“Канечне, пра такія рэчы з дзецьмі трэба гаварыць. Не будзем забывацца, што бацькі таксама нясуць адказнасць за падобныя паводзіны. Бывае, што яны проста не маюць часу ці не цікавяцца тым, што адбываецца на старонках іх дзяцей. У любым выпадку ў педагога не можа быць пазіцыі “мая хата з краю”.
Класныя гадзіны, прысвечаныя нормам паводзін на віртуальнай прасторы, сёння сталі патрабаваннем жыцця. І расказваць дзецям пра тое, што можна, а што нельга ў сацыяльных сетках, трэба з таго самага ўзросту, як яны становяцца іх карыстальнікамі.
Цікавы ў гэтым плане вопыт расійскай сістэмы адукацыі. Так, напрыклад, Міністэрства адукацыі Сярэдняга Урала рэкамендуе педагогам падтрымліваць зносіны з дзецьмі з дапамогай інтэрнэту. Такое рашэнне, на думку спецыялістаў, дапаможа зберагчы дзяцей ад патоку негатыўнай інфармацыі, паспець своечасова адрэагаваць на праяўленні насілля, папярэдзіць жорсткасць сярод падлеткаў. Аднак усім і кожнаму зразумела: толькі ад асобы настаўніка залежыць, стане ён анлайн-сябрам для вучня ці проста паліцэйскім інтэрнэт-прасторы.

***

Быць ці не быць? Дабавіць ці адмовіць? Абмяркоўваючы розныя аспекты ўзнятай тэмы, можна раскачваць вагі ў розныя бакі. Аднак правільнае рашэнне, як заўсёды, недзе пасярэдзіне. Ураўнаважыць усе “за” і “супраць” кожны павінен для сябе сам. І толькі сам расставіць знакі прыпынку ў выразе “дабавіць нельга адмовіць”.

Наталля АЛЁХІНА.