З кожным новым пакаленнем дзяцей расце і новае пакаленне бацькоў. Сучасныя мамы і таты прывыклі штодзень выкарыстоўваць інтэрнэт-тэхналогіі не толькі ў сваёй прафесійнай дзейнасці, але і ў штодзённых зносінах. Я задумалася пра тое, як з дапамогай камп’ютара і інтэрнэту зрабіць школу адкрытай для бацькоў.
Што такое вэбінар
На бацькоўскія сходы і індывідуальныя кансультацыі прыходзяць не ўсе бацькі. Так адбываецца не таму, што ў іх няма жадання займацца выхаваннем дзіцяці. Не ва ўсіх ёсць магчымасць у назначаны час прыйсці ў школу і сустрэцца з настаўнікамі.
З-за гэтага ў заняпадзе ў першую чаргу псіхолага-педагагічная асвета бацькоў. Каб больш мам і татаў удзельнічалі ў жыцці класа, развівалі свае педагагічныя здольнасці, каб фарміраваць партнёрскія адносіны з сям’ёй, я выкарыстоўваю нетрадыцыйныя формы супрацоўніцтва з бацькамі.
Педагогі актыўна выкарыстоўваюць бацькоўскія групы, суполкі, блогі, але іх цяжка прымяніць для глыбокага тлумачэння псіхолага-педагагічнай праблемы, для дыскусіі. Таму я паспрабавала арганізаваць вэб-кансультацыі для бацькоў, так званыя вэбінары.
Арганізоўваць трансляцыю дапамаглі старшакласнікі. Яны добра валодаюць праграмамі, прызначанымі для стрыму (перадачы відэа ў прамым эфіры), і з радасцю адгукнуліся на маю просьбу. На школьным сайце, на старонцы класа, убудаваны відэастрымінгавы сэрвіс Twitch, які дазваляе праглядаць відэатрансляцыі анлайн-семінараў як у рэжыме рэальнага часу, так і пасля таго, як трансляцыя скончылася.
На гэтай жа старонцы была арганізавана зваротная сувязь з бацькамі, якія хацелі б задаць пытанні ў час вэбінара. Мамы і таты рэгіструюцца ва ўбудаваным чаце, каб я магла бачыць, хто “прысутнічае” на вэбінары.
Пілотны вэбінар на тэму “Сіндром трэцяй чвэрці. Як з ім змагацца?” прайшоў у лютым мінулага года. 9 бацькоў з 23 адгукнуліся на прапанову пагутарыць анлайн. На першы семінар быў запрошаны педагог-псіхолаг школы, якая папярэдне правяла псіхалагічныя тэсты з навучэнцамі класа, а на самім вэбінары расказала бацькам пра вынікі і дала адпаведныя рэкамендацыі.
Такая форма работы спадабалася бацькам. Удзельнікі вэбінара былі актыўнымі, задавалі пытанні, абмяркоўвалі тэму ў чаце. Асабліва парадавала, што некаторыя мамы і таты рэкамендавалі яго іншым бацькам, таму многія паглядзелі відэаматэрыял у запісе. На наступным вэбінары “прысутнічала” ўжо 13 чалавек, што сведчыць пра актуальнасць такога супрацоўніцтва і пра магчымасці выкарыстання інтэрнэту ва ўзаемадзеянні з сем’ямі навучэнцаў.
Вэбінар — гэта аналаг жывога семінара, толькі ў рэжыме анлайн. Спікер выступае перад вэб-камерай, а ўдзельнікі з дапамогай камп’ютара ці тэлефона слухаюць даклад з любога пункта свету. Аўтар вэбінара можа не толькі расказваць, але і дэманстраваць слайды загадзя падрыхтаванай прэзентацыі ці экран свайго камп’ютара.
Пра што стрыміць класнаму кіраўніку
За другое паўгоддзе 2017/2018 навучальнага года я правяла 4 вэбінары, на якіх расказвала пра ролю сям’і ў арганізацыі грамадска карыснай працы і бяспечнага адпачынку падлетка летам, пра пакаранне і заахвочванне дзіцяці, пра важнасць ранняга вывучэння прафарыентацыйных намераў і схільнасцей навучэнцаў сярэдняга звяна. Практыка бацькам спадабалася, таму ў 2018/2019 годзе прайшлі яшчэ 4 вэбінары. Вось некалькі рэкамендацый па падрыхтоўцы і правядзенні такіх анлайн-сустрэч.
1. Далучайце іншых педагогаў.
Каб абмеркаваць вузкія тэмы, якія патрабуюць моцнага паглыблення, можна выкарыстоўваць вопыт калег. Для ўдзелу ў анлайн-семінарах я запрашала педагога-псіхолага, сакратара атрада БРСМ, сацыяльнага педагога, педагога-арганізатара. Так, каб абмеркаваць акцэнтуацыі характару ў падлеткаў, да вэбінара далучылася педагог-псіхолаг, якая падзялілася вынікамі анкетавання класа і растлумачыла іх значэнне, дала мамам і татам парады пра тое, як узаемадзейнічаць з дзецьмі, улічваючы асаблівасці іх асобы. Выступленне атрымалася наглядным і запамінальным дзякуючы загадзя падрыхтаванай прэзентацыі.
2. Правядзіце анкетаванне перад вэбінарамі.
Вэбінары — гэта не проста тэарэтычныя разважанні. Каб бацькам было цікава, мы разглядаем рэальныя праблемы, з якімі сутыкаюцца іх дзеці і яны самі. На кожным вэбінары я не проста выкладаю сухія факты тэорыі, а праводжу даследаванні, тэсціраванні, апытанні, анкеты з кожным дзіцем і расказваю пра вынікі (не канкрэтна пра кожнага, а ў цэлым па класе). Гэта дапамагае выявіць і на канкрэтных лічбах абмеркаваць актуальныя праблемы. Напрыклад, з анкетавання навучэнцаў пачыналася падрыхтоўка да вэбінара “Воля і шляхі яе фарміравання ў навучэнцаў”. І бацькі, і дзеці прайшлі тэсціраванне, каб ацаніць іх узровень трывожнасці напярэдадні трансляцыі на тэму “Як паспяхова рыхтавацца да экзамену”. Бацькам цікава, магчыма, таму даверу стала больш.
3. Прапануйце вучням паўдзельнічаць.
Да падрыхтоўкі вэбінараў я далучаю навучэнцаў. Усе вучні класа паўдзельнічалі ў здымках відэавіншаванняў для бацькоў да 23 лютага і 8 Сакавіка і роліка пад назвай “Чэлендж ад настаўніка”, якія былі прадэманстраваны ў час вэбінараў.
4. Расказвайце бацькам пра школьнае жыццё.
Яшчэ адзін стымул наведаць вэбінар — фотасправаздача аб школьным жыцці, аб мерапрыемствах, якія прайшлі ў класе. Кожнаму з бацькоў прыемна бачыць сваё дзіця ў кантэксце школьных мерапрыемстваў, бачыць, што яно запатрабавана і паспяхова, з задавальненнем удзельнічае ў класных і школьных справах. Дзякуючы гэтаму новаўвядзенню, чацвёрты вэбінар паглядзелі ўжо 18 чалавек! У чаце бацькі дзякавалі і выказваліся пра тое, што будуць чакаць не менш цікавых сустрэч у наступным навучальным годзе.
5. Спытайце, якія тэмы цікавы бацькам.
Здольнасць прапанаваць свае тэмы для абмеркавання — прымета таго, што бацькі цікавяцца выхаваннем, імкнуцца асэнсаваць складаныя сітуацыі і знайсці вырашэнне. Таму ў пачатку 2018/2019 навучальнага года, на першым бацькоўскім сходзе, бацькі самі прапанавалі тэмы будучых вэбінараў. Для мяне гэта гарантыя таго, што сустрэчы будуць цікавымі мамам і татам і дапамогуць справіцца з рэальнымі праблемамі выхавання.
6. Выкарыстоўвайце тэхнічныя магчымасці стрыму.
Прэзентацыі і дэманстрацыі экрана дапамагаюць больш поўна і наглядна выкласці тэму. Як класны кіраўнік 9 класа я правяла анлайн-сустрэчу, прысвечаную магчымасцям далейшага навучання дзяцей. У прамой трансляцыі я паказала ім тэматычныя сайты, дзе можна атрымаць усю інфармацыю пра паступленне і ўмовы навучання ў каледжах, вучылішчах, ліцэях Беларусі.
Як правіла, віртуальныя кантакты бацькоў з педагогам і бацькоў паміж сабой — гэта нефармальныя зносіны, больш комплексныя і ўзаемныя, чым бацькоўскі сход ці нават індывідуальная кансультацыя. Зразумела, што сеткавае ўзаемадзеянне не заменіць жывыя сустрэчы, але яно лагічна дапаўняе і ўзбагачае прывычныя формы работы з бацькамі.
Свой вопыт работы па стварэнні і правядзенні вэбінараў з бацькамі я абагульніла і прадставіла на абласны конкурс “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы”, дзе атрымала дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Сучасныя формы анлайн-мерапрыемстваў”.
Вольга КАРАСЕВІЧ,
настаўніца сярэдняй школы № 2 Шчучына, класны кіраўнік.